https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Аляксандр Лукашэнка: «Харчовая бяспека — краевугольны камень незалежнасці»


15-ы фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі "Дажынкі-2011" у Маладзечне стаў не толькі юбілейным, але і першым, што быў праведзены ў новым фармаце. Аб'ектыўныя працэсы, якія адбываюцца на сусветным рынку прадуктаў харчавання, ператварылі іх у сапраўды стратэгічны рэсурс.

dazhynki

А сельская гаспадарка з колішняй "папялушкі" ператварылася ў экспартаарыентаваную галіну з велізарным патэнцыялам. У Беларусі яго своечасова заўважылі і развілі.

Міншчына ўлічыла гэтыя тэндэнцыі, нават рыхтуючыся да свята хлебаробаў: пераўтварылася, памаладзела і папрыгажэла не толькі сталіца "Дажынак", але абнавіўся і ўвесь раён. Значная частка сродкаў, выдаткаваная на падрыхтоўку да свята, была накіравана на рэканструкцыю і будаўніцтва сельскагаспадарчых аб'ектаў. Што, дарэчы, атрымала высокую ацэнку Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. З борта верталёта кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на новае будаўніцтва ў гаспадарках і нават змяніў праграму ўдзелу ў свяце, нечакана наведаўшы адну з іх — аграфірму "Лебедзева". Сярод негатыўных момантаў Прэзідэнт адзначыў будаўніцтва жылля на сельскагаспадарчых землях і запатрабаваў больш рацыянальна выкарыстоўваць свабодныя ўчасткі ў самім Маладзечне.

Падарункам да свята жыхарам горада сталі амфітэатр і спартыўна-відовішчны комплекс, адрамантаваная і мадэрнізаваная дзіцячая бальніца, добраўпарадкаваныя вуліцы і адрамантаваныя дамы... І нават новы мікрараён! Таксама змяніўся знешні выгляд цэнтральнай плошчы Маладзечна. Аляксандр Лукашэнка асабіста азнаёміўся з самай буйной спартыўнай пляцоўкай горада, якая аб'яднала пад адным дахам лядовую арэну, залы для гульнявых відаў спорту, басейн. Галоўнае патрабаванне — максімальна эфектыўна выкарыстоўваць кожны квадратны метр будынка і ў самы бліжэйшы час выйсці на поўную самаакупляльнасць.

Падчас наведвання рэканструяванай дзіцячай бальніцы Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, што ўжо ў кастрычніку заробкі бюджэтнікаў істотна падрастуць. У прыватнасці, зарплаты ўрачоў павінны павысіцца на 25 працэнтаў.

Кіраўнік дзяржавы пасадзіў малады клён на алеі гісторыі "Дажынак" у добраўпарадкаваным парку Перамогі і азнаёміўся з фотавыставай, прысвечанай гісторыі свята.

"Будзе хлеб — будзе і песня"

Свежым, духмяным караваем на сцэне амфітэатра Прэзідэнта Беларусі сустрэў кіраўнік СВК "Агракамбінат "Сноў" Мікалай Радаман.

Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, адкрываючы фестываль, гэтае свята для нас і даніна павагі нашым продкам, і магчымасць выказаць шчырыя словы падзякі ўсім, хто працаваў у полі не пакладаючы рук. Яшчэ адна адметная ўласцівасць "Дажынак" — маштабнае добраўпарадкаванне і сапраўднае адраджэнне тых райцэнтраў, што заваявалі права прымаць у сябе рэспубліканскі фестываль-кірмаш.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што харчовая бяспека — краевугольны камень незалежнасці. Ад забяспечанасці прадуктамі харчавання залежаць стабільнасць дзяржавы і дабрабыт народа. "Ні адна дзяржава не можа лічыцца паспяховай пры адсталай аграрнай сферы", — перакананы Прэзідэнт Беларусі. Таму важнейшым дзяржаўным прыярытэтам у нас вызначана харчаванне.

Беларусь адрадзіла вёску, узняла на новы ўзровень аграрную вытворчасць і цяпер не толькі цалкам забяспечвае ўласнае насельніцтва высакаякаснымі прадуктамі, але і пастаянна нарошчвае экспарт. Не забыліся тыя часы, калі краіна закупляла за валюту зерне і іншую прадукцыю. А сёлета наш экспарт павінен скласці 4 млрд долараў! У выніку стварэння паўтары тысячы аграгарадкоў змянілася беларуская вёска. У іх сацыяльны пакет мала чым адрозніваецца ад гарадскога. Больш за 80 тысяч вясковых сем'яў справілі наваселле. Гэтыя станоўчыя эфекты ў вытворчай і сацыяльнай сферах проста немагчыма ігнараваць.

"Усё больш слабыя галасы так званых "экспертаў", якія крытыкуюць нашу палітыку ў галіне сельскай гаспадаркі, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — За кароткі час нам удалося стварыць магутны аграпрамысловы комплекс. Усе часцей замежныя госці, у тым ліку і суседзі, захапляюцца нашымі дасягненнямі. І ўжо едуць пераймаць наш вопыт".

Нехта скажа, што яны не толькі па вопыт едуць, але і вывозяць розныя тавары. "Значыць, эканоміка працуе, склады незатавараныя, прадукцыя якасная і карыстаецца попытам", — даў сваю ацэнку Прэзідэнт. І заявіў, што закрываць свае межы Беларусь не збіраецца. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, паступова з дапамогай эканамічных, а не адміністрацыйных захадаў праблема неарганізаванага вывазу прадуктаў харчавання будзе вырашана. "Ніякага абвалу на харчовым рынку Беларусі не дапусцім!" — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Высока ацэньваючы сёлетнія вынікі сялянскай працы, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што валавы збор збожжавых і зернебабовых склаў 8,1 млн тон. Гэта на мільён больш, чым летась. Акрамя таго, яшчэ будзе сабрана больш за мільён тон кукурузы. Ураджайнасць павялічылася больш як на 4 цэнтнеры і склала 34 цэнтнеры з гектара.

Аб'явіў Прэзідэнт і пераможцу рэспубліканскага спаборніцтва сярод абласцей. Улічваючы ўвесь комплекс паказчыкаў, ім стала Магілёўская вобласць. Гаспадары сёлетніх "Дажынак" — Мінская вобласць — сабрала самы вялікі ўраджай у краіне: больш за два мільёны тон.

Нават за такімі велізарнымі лічбамі стаяць канкрэтныя людзі. Лепшыя з іх былі ўшанаваны на галоўнай сцэне фестывалю. Аляксандр Лукашэнка выказаў захапленне вынікамі працы экіпажа старшага камбайнера Уладзіміра Корсака з агракамбіната "Зара" Магілёўскага раёна, які намалаціў больш за пяць тысяч тон збожжа. Не адстае і моладзь: экіпаж Сяргея Шалуха з агракамбіната "Ждановічы" Мінскага раёна намалаціў амаль 3050 тон збожжа.

Свой важкі ўнёсак у народны каравай зрабілі машынабудаўнікі, хімікі, транспартнікі, работнікі сферы абслугоўвання, адукацыі, вайскоўцы...

Нягледзячы на свята, Аляксандр Лукашэнка закрануў і болевыя кропкі аграрнай галіны, а таксама паставіў задачы на бліжэйшую перспектыву. Так, Прэзідэнт адзначыў, што важныя не толькі аб'ёмныя паказчыкі, а рэнтабельнасць вытворчасці. Эфектыўнасці будзе надавацца асаблівая ўвага. А праблем тут шмат. Не выкаранены разгільдзяйства, парушэнні працоўнай дысцыпліны. Не заўсёды выконваюцца тэхналогіі вырошчвання культур. "Нам патрэбна жалезная дысцыпліна! Калі хочаце — дыктатура тэхналогій!" — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Дагэтуль няма аптымальнай структуры пасеваў, не заўсёды сістэмна вядзецца перааснашчэнне машынна-трактарнага парка. Пакуль яшчэ дрэнна мы захоўваем ураджай.

Не выкаранена і інертнасць старога мыслення. "Многія чакаюць дапамогі дзяржавы, — адзначыў Прэзідэнт. — Такія ўтрымальніцкія падыходы непрымальныя!" — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Дзяржпадтрымка вёскі застанецца. Але, па-першае, у меншых памерах. А па-другое, з улікам сусветнага вопыту стане больш мэтавай. На бягучую дзейнасць гаспадаркі павінны мець уласныя сродкі. "Таму важнейшая задача — навучыцца зарабляць, лічыць не толькі выручку, але і прыбытак ад продажу", — падкрэсліў Прэзідэнт.

Невыпадкова асноўнай ацэнкай работы сельскай гаспадаркі ў новай Дзяржаўнай праграме ўстойлівага развіцця вёскі на 2011—2015 гады вызначана рэнтабельнасць продажаў на ўзроўні 10-11 працэнтаў. Не менш важнай задачай для галіны з'яўляецца рост прадукцыйнасці працы да 167 працэнтаў. Трэба пабудаваць 875 малочнатаварных сучасных фермаў, 72 комплексы па вырошчванні свіней з закончаным цыклам вытворчасці, амаль 800 новых зернесушыльных комплексаў, а таксама сучасныя збожжасховішчы ёмістасцю каля 2 млн тон.

І гэтага трэба дабіцца нават ва ўмовах абмежаваных фінансавых магчымасцяў, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Закрануў кіраўнік дзяржавы і пытанні кадравай палітыкі. Сёння на вёсцы патрэбны адукаваныя і кваліфікаваныя спецыялісты, якія валодаюць сучаснымі тэхналогіямі. Настаў час унесці карэкціроўкі ў праграмы іх падрыхтоўкі, перакананы Прэзідэнт. Да наступных "Дажынак" у Горках гэтыя пераўтварэнні навучальнага працэсу павінны быць зроблены не толькі ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, але і ў іншых аграрных, ды і ў астатніх ВНУ.

Выканаўшы ўсе гэтыя задачы, рэальна дасягнуць мэт, пастаўленых Усебеларускім народным сходам: да 2015 года — 12 млн тон зерня, 10,7 млн тон малака, 2 млн тон мяса жывёлы і птушкі. Экспартныя пастаўкі павінны скласці 7,2 мільярда долараў ЗША. Гэтыя перспектывы трэба бачыць ужо сёння. Пакуль жа Аляксандр Лукашэнка заклікаў завяршыць уборку ўраджаю і выканаць увесь комплекс восеньскіх палявых работ.

Па завяршэнні святочнага канцэрта кіраўнік дзяржавы адказаў на пытанні журналістаў.

Распродажу лепшых прадпрыемстваў не будзе

Аляксандр Лукашэнка абвергнуў інфармацыю, якая з'явілася ў асобных СМІ, пра быццам бы маючы адбыцца распродаж лепшых беларускіх прадпрыемстваў. Сапраўды, Беларусь готовая прадаць "Газпраму" свой пакет акцый "Белтрансгаза" за 2,5 млрд долараў пры выкананні шэрагу ўмоў.

"Вы ведаеце, што "Газпрам" перш за ўсё цікавяць 50% акцый "Белтрансгаза", якія знаходзяцца ва ўласнасці Беларусі. Яны гатовыя іх набыць па тых жа цэнах, што і папярэднія, — за 2,5 млрд долараў. Мы абсалютна не супраць", — заявіў Прэзідэнт. Разам з тым Беларусь вылучае шэраг умоў. Першая з іх — па гэтай трубе заўсёды ў поўным аб'ёме павінен пракачвацца газ на Захад. Для таго, каб Беларусь мела плату за транзіт, каб "Белтрансгаз", калі ён будзе расійскім, плаціў тут падаткі.

Другое патрабаванне, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, заключаецца ў выхадзе на роўнадаходныя цэны на газ у Расіі і Беларусі. Да гэтага падштурхоўвае адзіная эканамічная прастора.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што не толькі ў ходзе перамоў з кіраўніком "Газпрама" Аляксеем Мілерам, але і падчас сустрэчы з прэзідэнтам Расіі Дзмітрыем Мядзведзевым абмяркоўвалася пытанне аб роўных умовах гаспадарання суб'ектаў у дзвюх краінах. "У адваротным выпадку, які быў нам сэнс уступаць у АЭП? Павінны быць роўныя ўмовы", — лічыць Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, з гэтым згодзен і прэзідэнт Расіі. У гэтым жа ключы ішла размова і з Мілерам. "Ён мне прама сказаў, што гэта ўзгоднена з кіраўніцтвам Расіі, што ў будучым годзе Беларусь мае права і атрымае цэны на газ значна ніжэйшыя, чым сёння", падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што падчас перамоў прапаноўваў Аляксею Мілеру ўзяць удзел у мадэрнізацыі прадпрыемства "Гродна Азот" ці ў будаўніцтве аналагічнага прадпрыемства. Пра продаж нейкіх іншых беларускіх актываў гутарка не ішла.

Прэзідэнт Беларусі шчыра падзякаваў сваім калегам — кіраўнікам пяці дзяржаў "Усходняга партнёрства" за падтрымку Беларусі.

"Хачу публічна падзякаваць маім сябрам, партнёрам, калегам за тую каласальную падтрымку, якую яны нам аказалі нават без нас. Гэта дарагога каштуе. Беларусь у даўгу не застанецца", — заявіў беларускі лідар. Ён таксама выказаў велізарную ўдзячнасць асабіста прэзідэнтам Грузіі і Азербайджана, якія былі самымі актыўнымі і падтрымалі Беларусь у Еўропе. Дзякуючы такой зладжанай пазіцыі антыбеларуская частка рэзалюцыі саміта не была прынята.

Аляксандр Лукашэнка задаецца пытаннем, калі "Усходняе партнёрства" з нейкай школы навучання палітыцы і дыпламатыі Беларусі ператворыцца ў нармальнае партнёрства з канкрэтнымі справамі і эканамічнымі праектамі.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што з боку Еўрасаюза была спроба прымяніць да Беларусі "нейкія павучальныя санкцыі". "Вось усіх мы запрашаем на такім узроўні, а Беларусь будзем запрашаць на іншым узроўні. Ну што ж, дзякуй. Мы не жадаем тарпедаваць працу "Усходняга партнёрства", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Па словах Прэзідэнта, узначаліць беларускую дэлегацыю на саміце "Усходняга партнёрства" было даручана паслу Беларусі ў Польшчы Віктару Гайсёнку. "Не чакалі. Думалі, што мы будзем галавой стукацца ў дзверы, плакаць ці прасіць", — сказаў беларускі лідар.

"Не жадаеце — не трэба. Мы паслалі пасла. Не той узровень. Паспрабавалі яшчэ раз яго зняважыць — мы наогул адмовіліся ўдзельнічаць, — адзначыў Прэзідэнт. — Што яны робяць? Яны фармулююць нейкую заяву ад імя партнёраў, іншых дзяржаў. Натуральна, ніводная дзяржава: ні Украіна, ні Малдова, ні Грузія, ні Азербайджан, ні Арменія, дзякуй ім, не падтрымалі гэту рэзалюцыю. Тады ўначы Еўрасаюз пачаў заломліваць рукі нашым партнёрам па "Усходнім партнёрстве", каб прынялі нейкую іншую рэзалюцыю. Вядома, ніводная з краін, ніводны кіраўнік дзяржавы не падтрымалі падобную рэзалюцыю. Больш за тое, вельмі актыўна выступілі ў падтрымку Беларусі, заявілі, што еўрапейцы няправільна паводзяць сябе ў стаўленні да Беларусі".

Аляксандр Лукашэнка выказаў таксама падзяку балтыйскім дзяржавам, Балгарыі, іншым краінам, якія і ў душы, і адкрыта падтрымліваюць Беларусь. "Яны суседзі, яны гэта бачаць", — сказаў ён.

"Думаю, многія задумаліся пасля гэтага і зразумелі, што да Беларусі так ставіцца нельга — прычын няма", — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

"Ну карціць палякам, гэта для вас не сакрэт, — вось заходняя мяжа павінна праходзіць пад Мінскам — не менш не больш, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Дык вось на конт гэтага хачу сказаць: іх спроба не кіем, то паленам адсекчы ў нас частку Заходняй Беларусі — пакуль я жыву і існую тут як Прэзідэнт краіны — ім гэтага не відаць як уласных вушэй. Наша краіна адзіная, цэласная і непадзельная. І душыць нас праз пятую калону, праз сваіх тут асобных правадыроў — нічога не атрымаецца".

"Спрабаваць нас нахіліць бесперспектыўна. З намі так размаўляць нельга. Хочаце — давайце будзем працаваць па-партнёрску", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі высмеяў чуткі пра тое, што ён нібыта збіраецца пакінуць краіну.

"Калі б я рыхтаваўся бегчы з краіны, то я не "вылізваў" бы, напэўна, так краіну, як раблю гэта ў апошні час. Я тут нарадзіўся, вырас і памру тут", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Тых, хто сумняваецца ў стане яго здароўя, Аляксандр Лукашэнка запрасіў на суботнюю хакейную трэніроўку. Нядобразычліўцам прэзідэнт з іроніяй папрасіў перадаць, "што Прэзідэнт смяротна хворы. Таму няхай выбудоўваюцца ў чаргу, заўтра трон вызваляецца, і хто першым ускочыць туды, той і будзе Прэзідэнтам".

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз падкрэсліў, што цалкам нармальна сябе адчувае. Разам з тым ён адзначыў, "вядома, калі адкрыта казаць, гэты год для мяне быў вельмі цяжкім". Прэзідэнт растлумачыў, што мае на ўвазе перадвыбарную кампанію, падзеі, якія рушылі пасля яе, ажыятаж на валютным і спажывецкім рынку, тэракт у метро і шэраг іншых праблем. "Вы разумееце, што ўсё гэта клалася на маё сэрца, і рубцоў там ужо дастаткова", — сказаў ён.

Сяргей Протас
Звязда, 1 кастрычніка 2011


 

Кoличество переходов на страницу: 1354


Комментарии