https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Турызм насуперак крызісу


Для міжнароднага турызму 2012 год стаў знамянальным: упершыню ў сусветнай гісторыі колькасць турыстаў склала больш за мільярд чалавек, а менавіта — 1 мільярд 35 мільёнаў. Для параўнання: у 1995 годзе колькасць турыстаў была амаль у два разы меншай — 530 мільёнаў чалавек.

Цікава, што сусветны фінансавы крызіс зрабіў негатыўны ўплыў на турызм толькі ў 2009 годзе, калі колькасць турыстаў зменшылася на 3,8%. Ужо ў 2010 годзе рост склаў 6,5%, а па выніках 2012 года — 3,8%. Гэта сведчыць аб тым, што турызм з'яўляецца сферай, здольнай і ва ўмовах сусветнага крызісу дэманстраваць рост, а значыць, эканамічны патэнцыял турызму нельга недаацэньваць.

Пры гэтым у 2011 годзе адзначаўся яшчэ адзін знамянальны паказчык: паступленні ад міжнароднага турызму ўпершыню перавысілі суму ў 1 трыльён долараў. "Такія вынікі абнадзейваюць, — заявіў Генеральны сакратар Сусветнай турысцкай арганізацыі (UNWTО) Талеб Рыфаі. — Мы спадзяёмся, што ўрады ва ўсім свеце будуць паступова прызнаваць гэта і прымаць меры ў падтрымку турызму, уключаючы правядзенне больш справядлівай падатковай палітыкі і аблягчэнне працэдур атрымання віз і перамяшчэння турыстаў, таму што яны даказалі сваю здольнасць стымуляваць эканамічны рост і ствараць працоўныя месцы".

Цікава таксама, што Еўропа па-ранейшаму з'яўляецца лідарам па колькасці турыстаў — па выніках 2012 года, гэта 535 млн чалавек. Але вялікімі тэмпамі развіваецца турызм у Азіі і ціхаакіянскім рэгіёне: па выніках 2012 года тут пабывалі 233 млн чалавек. Для параўнання — краіны, размешчаныя на двух амерыканскіх кантынентах, наведалі толькі 162 млн турыстаў.

У 2012 годзе быў зафіксаваны яшчэ адзін цікавы факт: на першае месца па выдатках на турызм упершыню выйшлі турысты з КНР. Іх расходы ўзраслі на 40% у параўнанні з 2011 годам і перавысілі 102 мільярды долараў. Рост расходаў турыстаў з Кітая за мяжой павялічыўся з 2000 года ў восем разоў — прыкладна ў той жа прапорцыі, як узрасла і колькасць турыстаў (з 10 да 83 млн). Для параўнання, турысты краіны з найбуйнейшай эканомікай у свеце — ЗША — патрацілі ў 2012 годзе 82 мільярды. Шчодрыя траты кітайскіх турыстаў сведчаць аб тым, што эканамічнае і фінансавае становішча КНР у глабальнай эканоміцы пастаянна паляпшаецца, а сітуацыя ў амерыканскай эканоміцы не такая бліскучая.

Для далейшага развіцця турызму ў Кітаі нядаўна быў прыняты "План нацыянальнага турызму і адпачынку" да 2020 года, які закліканы садзейнічаць не толькі турызму ў цэлым, але і таму, каб рэальная эканамічная выгада стала адчувальнай ва ўсёй краіне. Адзін з важных крокаў — прымусіць арганізацыі даваць кітайскім работнікам штогадовы адпачынак, які аплачваецца. Справа ў тым, што цяпер многія работнікі ў Кітаі адмаўляюцца ад яго, паколькі ісці ў водпуск лічыцца непатрыятычным. Прамы прымус з боку ўрада дазволіць з цягам часу пераадолець гэтую практыку.

Паказальны таксама і прырост выдаткаў на турыстычныя паслугі з боку грамадзян Расійскай Федэрацыі. Так, расходы расійскіх турыстаў па выніках 2012 года ўзраслі на 32% і склалі 43 мільярды, што дазволіла Расіі выйсці на 5 месца ў свеце.

Прычым частка гэтай сумы расходаў з боку грамадзян Расіі ўжо трапіла ў бюджэт Рэспублікі Беларусь: сотні тысяч расійскіх грамадзян сталі лічыць Беларусь цудоўным месцам для адпачынку, перш за ўсё аздараўленчага. Можна разлічваць на тое, што гэтая тэндэнцыя будзе развівацца і ў наступныя гады дзякуючы ў тым ліку працэсам еўразійскай інтэграцыі. У той жа час і нам неабходна рабіць сур'ёзныя крокі па далейшым прыцягненні расіян на беларускі рынак.

Калі разглядаць у цэлым стан беларускай турысцкай галіны, то яна развіваецца ў адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай на 2011—2015 гады. Асноўныя поспехі і праблемы галіны асвятліў міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко на пасяджэнні калегіі Мінспорту, якое прайшло ў гарналыжным комплексе "Лагойск" 5 красавіка 2013 года. Ён адзначыў, у прыватнасці, што колькасць арганізаваных турыстаў, якія наведалі Рэспубліку Беларусь у 2012 годзе, склала 118 749 чалавек пры прагнозе 145 000. Пры гэтым рост колькасці турыстаў склаў 106,5%
(4 299 589 чалавек).

Міністр адзначыў, што неабходна развіваць такія формы турызму, як ваенна-гістарычны, а таксама караванінг (падарожжа з пражываннем у аўтадамах і аўтапрычэпах). Асабліва вялікія недапрацоўкі назіраюцца па апошнім з іх. Паводле слоў міністра, "парк кемпінгкараў у Заходняй Еўропе ацэньваецца ў 600—700 тысяч адзінак. І ўсюды, дзе ёсць аўтатурызм, прадугледжаны спецыяльныя стаянкі. У нас жа пакуль у наяўнасці толькі адна стаянка. Гэта цалкам няправільна".

Гаворачы пра перспектыўныя кірункі развіцця турызму ў нашай краіне, Аляксандр Шамко адзначыў, што сярод прыярытэтных застаецца медыцынскі, культурна-пазнавальны і падзейны турызм. Для развіцця галіны плануецца стварыць пры Дэпартаменце па турызме Мінспорту грамадска-кансультатыўныя саветы па ўсіх відах турызму.

Сяргей Кізіма,
загадчык кафедры міжнародных адносін Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь,
доктар палітычных навук.

Звязда, 11 красавіка 2013



 

Кoличество переходов на страницу: 858


Комментарии