https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Аўтамабілізацыя: этап трэці


Сітуацыю на аўтамабільным рынку краіны карэспандэнт Звязды абмяркоўвае з вядомым беларускім эканамістам і экспертам Л.Ф. Заікам.

— Леанід Фёдаравіч, з пачатку года, відаць па ўсім, масавая беларуская аўтамабілізацыя насельніцтва нарэшце спынілася?

— Дакладней, істотна прыпынілася. Хуткая, нават імклівая аўтамабілізацыя апошніх гадоў — адна з важных прыкмет часу. Я б вылучыў некалькі этапаў гэтай з'явы. Першы этап — пасляваенны, які павольна перайшоў у так званы "застой". Сёння цяжка паверыць, што яшчэ адносна нядаўна ў СССР аўтамабільны рынак быў сціплы, шэры, даволі аднастайны і строга рэгламентаваны: адных, пераважна дзяржаўных дзеячаў і набліжаных да іх, вазілі на "ЗІЛах" і "Чайках"; іншыя салідныя людзі спачатку рухаліся на "Перамогах", затым на "Волгах"; людзі сярэдняга дастатку — "Масквічах". Потым з'явіліся "Жыгулі" — мара многіх савецкіх людзей. Гэтую машыну ўжо 40 гадоў у розных мадыфікацыях штампуюць у Тальяці і без асаблівага поспеху імкнуцца нам прадаваць. Але аб гэтым ніжэй.

Раней новы ўласны аўтамабіль набывалі людзі салідныя і дастойныя: касманаўты, Героі Сацыялістычнай Працы, прафесары, вядомыя спартсмены і артысты, перадавікі вытворчасці, адказныя работнікі гандлю, сферы паслуг, начальнікі рознага калібру, прадстаўнікі некаторых іншых катэгорый насельніцтва. Сёння сацыяльная база аўтааматараў пашырылася амаль да бясконцасці. Сціплы беспрацоўны ліхачыць на шыкоўным новым BMV коштам больш за 50 тысяч долараў. І гэтая прыкмета другога цяперашняга этапу аўтамабілізацыі ўжо мала каго здзіўляе. Аўтамабільны бум на постсавецкай прасторы прывёў да таго, што на Захадзе рынак патрыманых легкавых машын замежных марак развіваўся хутчэй, чым рынак новых машын. Многія сотні тысяч іншамарак рознага ўзросту былі паспяхова перапрададзены краінам з пераходнай эканомікай.

— Нягледзячы на цяперашнія высокія мытныя пошліны на машыны з Захаду, гэты працэс працягваецца. Чаму?


— Але якімі тэмпамі і ў якіх аб'ёмах. Давайце паглядзім на экспарт легкавых аўтамабіляў у Беларусь у першым квартале гэтага года. Іх агульная колькасць — новых і патрыманых — склала 13 400 на суму 157,7 мільёна долараў. Лічбы вельмі сціплыя: у параўнанні з адпаведным леташнім перыядам — усяго 16,4%. Амаль у шэсць разоў знізіўся аўтамабільны экспарт. Шчыра кажучы, ненармальная з'ява, якая сведчыць, што аўтамабільны рынак у пэўным сэнсе падае нам сігнал "SОS".

— Аднак, згодна з інфармацыяй Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі, экспарт расійскіх легкавых аўтамабіляў за першы квартал вырас у тры разы. Ці не рэкорд?

— А чаму вы, уласна кажучы, здзіўляецеся. Гэты рост — вынік адпаведных мытных пагадненняў з Расіяй. За першы квартал беларусы набылі амаль 1700 расійскіх машын. Так, Расія быццам бы рэкордна павялічыла экспарт легкавых аўтамабіляў у Беларусь. Але гэта ў цэлым мізэрная лічба. Бо іншамарак з краін па-за межамі СНД было ўвезена 11700 адзінак, нягледзячы на тое, што ўзраслі мытныя плацяжы. У 10 разоў больш, чым машын расійскай вытворчасці. Такая вялікая розніцца гаворыць аб тым, што беларускія спажыўцы пакуль не маюць намеру, я б нават сказаў, не хочуць пакуль падтрымліваць расійскі аўтапрам. Хаця статыстыка, на першы погляд, быццам бы радасная: утрая выраслі продажы легкавых аўтамабіляў з Расіі. Але, з іншага боку, беларусы па-ранейшаму купляюць машыны еўрапейскай і амерыканскай зборкі. Аднак, што праўда то праўда, і набываць іх сталі ў разы менш, чым раней. Але густы і сімпатыі беларусаў на баку заходніх іншамарак, якім сёння перавагу аддаюць 87% нашых суайчыннікаў. Летась — 95%. Зніжэнне спажывецкіх пераваг пакуль нязначнае — усяго некалькі працэнтаў. Так што рана пакуль казаць аб заваяванні расійскімі вытворцамі аўтамабільнага рынку Беларусі. Ім для гэтага прыйдзецца вельмі пастарацца.

— І гэта нягледзячы на тое, што мы з Расіяй і Казахстанам з 1 студзеня 2012 года жывём у Адзінай эканамічнай прасторы. Ці перасядуць калі-небудзь беларусы на расійскія машыны?

— Новыя абставіны функцыянавання аўтамабільнага рынку краіны адмоўна паўплывалі на пакупніцкую здольнасць беларусаў. Да ўваходжання ў Адзіную эканамічную прастору сярэдняя цана аўтамабіля (новага ці патрыманага) была крыху больш за 7000 долараў. Увядзенне мытных пошлін выклікала рост цэн на замежныя аўтамабілі на 58,2%. Сёння яго сярэдняя цана складае 11763 долара. Гэта, так бы мовіць, паказчык магчымасцяў сярэднестатыстычнага жыхара Беларусі выкласці максімальную суму за аўтамабіль. Сёння, дарэчы, сярэдняя цана расійскага аўтамабіля складае 11549 долараў. Прыкладна на 200 долараў ніжэй, чым за іншамарку. Цэны на расійскія машыны апошнім часам таксама павысіліся на 20% і ўшчыльную падышлі да цэн на, скажам, еўрапейскія аўтамабілі. Такі вось цікавы расклад на айчынным аўтарынку. Я сумняваюся ў тым, што пры амаль аднолькавых цэнах, з аднаго боку, на заходнееўрапейскія, амерыканскія, японскія аўтамабілі і, з другога боку, на расійскія аўтамабілі, нашы суайчыннікі хутка перасядуць на іх. Няма на гэта пакуль пакупніцкага настрою. Можа здарыцца, што выберуць кітайскія, якія абяцаюць быць вельмі прывабнымі па суадносінах цаны і якасці.

— Кажуць, калі ў Генры Форда спыталі, якая марка машыны лепшая, то ён адказаў: "Новая". Яно так, але для многіх беларусаў сёння новая машына — недасягальная мара.

— А што Форд мог сказаць іншае? Ён жа вытворца, яму хацелася, каб яго прадукцыя як мага хутчэй прадавалася. Так і расійскія лабісты свайго аўтапрама ўсяляк прасоўваюць яго аўтамабілі на рынак нашай краіны. А набываць расійскі аўтамабіль прыкладна за 11000 долараў — для нас гэта раскоша. Таму мая наступная прапанова такая. Паколькі ў Расіі зарплата істотна вышэй, чым у нашай краіне, то чаму б не прапанаваць увесці ў Мытным саюзе такое правіла — дазволіць беларускім грамадзянам набываць патрыманыя іншамаркі без новых мытных плацяжоў да таго часу, пакуль зарплаты расіян і беларусаў не стануць аднолькавымі?

— У Расіі ініцыююць увядзенне падатку на ўтылізацыю легкавых аўтамабіляў. Што гэта?

— Гэтая мера, накіраваная на далейшае ўскладненне набыцця патрыманых іншамарак расіянамі, іх штучна лабісцкімі метадамі (у тым ліку і экалагічным падаткам) падштурхоўвае ў абдымкі айчыннага аўтапрама. Каб іншамаркі маглі набываць толькі заможныя расіяне.

— А чаму не даць усім замежным вытворцам наш адпаведны і рашучы "адказ Чэмберлену" — пабудаваць уласны аўтазавод па выпуску легкавушак і прадаваць суайчыннікам па прымальных цэнах? Размовы на гэты конт даўно ідуць.

— І не толькі размовы. Беларусь, як вядома, ужо заключыла з кітайскай кампаніяй дагавор аб зборцы аўтамабіляў у Мінскай вобласці. Праўда, расійскі бок на гэта адрэагаваў адмоўна. Што ж, гэта яго пункт погляду. Наша пазіцыя заключаецца ў тым, каб нашы людзі маглі набываць адносна недарагія новыя машыны з мінімумам электроннага абсталявання. Бо сёння яно складае 30% ад агульнага кошту новай машыны. І тэндэнцыя такая, што электронны складнік будзе і надалей уплываць на рост цэн. Некаторыя эксперты прадказваюць, што аж да 70%. Хаця без многіх электронных "прыбамбасаў" радавому аўтааматару можна абысціся, напрыклад, абмежавання хуткасці вышэй за 200 км у гадзіну, аўтаматычнага кіравання падвескай, круіз-кантролю і г. д. Дадам, што рамонт электронікі вельмі дорага каштуе — ад некалькіх сотняў да некалькіх тысяч долараў.

На мой погляд, мы здольныя і самі выпусціць уласны недарагі аўтамабіль коштам ад 3 да 5 тысяч долараў. Толькі трэба мабілізаваць наш інтэлектуальны патэнцыял, рэсурсы, калі трэба, прыцягнуць замежных канструктараў і дызайнераў.

— Якія яшчэ ёсць аргументы на карысць выпуску ўласнага легкавога аўтамабіля?

— Давайце паглядзім, з якіх краін СНД у першым квартале ў Беларусь завезлі легкавушкі. З Украіны толькі сем аўтамабіляў. Як ні дзіўна, але ўтрая больш з Узбекістана — 22 машыны. Завезлі машыны з Мексікі, Рэспублікі Карэя, Кітая. Індыя паспяхова наладзіла выпуск сваіх танных аўтамабіляў. А мы што, менш разумнейшыя ці горшыя за азіятаў? Не паверу. Здолелі ж МАЗы і БелАЗы вырабляць і па ўсім свеце прадаваць іх. Айчынная легкавушка была б заканамерным трэцім этапам аўтамабілізацыі Беларусі.

Гутарыў Леанід Лахманенка
Звязда, 9 чэрвеня 2012


 

Кoличество переходов на страницу: 1298


Комментарии