https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Дзяржава даплаціць за доўгажыхарства


Як вядома, паводле Указа № 35 "Аб павышэнні пенсій", у Беларусі з 1 студзеня 2012 года ўстанаўліваюцца даплаты да пенсій асобам, старэйшым за 75 гадоў.

У прыватнасці, для асоб, якія дасягнулі 75 гадоў, яны складуць 107,8 тыс. руб., а для тых, хто дасягнуў 80 гадоў, — 143,7 тыс. руб. Па тлумачэнні мы звярнуліся да начальніка аддзела развіцця пенсійнай сістэмы Галоўнага ўпраўлення пенсійнага забеспячэння і сацыяльнага страхавання Мінпрацы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Таццяны Пагонышавай.

— Чаму даплаты ўсталёўваюцца менавіта з 75 гадоў?

— Менавіта ў гэтым ўзросце пераважная большасць людзей страчвае працаздольнасць і не можа разлічваць на іншыя (акрамя пенсіі) крыніцы сродкаў існавання, нават на падмогу з прысядзібнага ўчастка. Многія страчваюць спадарожніка жыцця, а дзеці, якія, у адпаведнасці з законам, павінны аказваць падтрымку сваім непрацаздольным бацькам, часта самі ўжо пенсіянеры. Таму гэтай катэгорыі людзей дзяржава ў меру сваіх сіл вырашыла дапамагчы.

Рашэнне аб увядзенні мэтавых даплат з 75 гадоў засноўвалася і на тым, што гэтую пенсійную прыбаўку атрымаюць беларусы, якія перажылі Вялікую Айчынную вайну, а затым пасля развалу СССР страцілі ўклады, якія збіралі на старасць.

— Ці многа людзей змогуць атрымаць гэтыя даплаты да пенсіі? Бо, па статыстыцы, цяпер у нашай краіне кожны чацвёрты памерлы — працаздольнага ўзросту, г.зн. чвэрць элементарна не дажывае нават да пенсіі...

— У Беларусі людзі не толькі дажываюць да пенсіі, але і дзясяткі гадоў жывуць у так званым трэцім узросце: атрымальнікамі пенсій з'яўляюцца каля 27% насельніцтва — амаль трэць краіны! Так, рэаліі такія, што ў цэлым сярэдняя працягласць жыцця беларусаў яшчэ далёкая ад еўрапейскіх паказчыкаў — і прычынай гэтага з'яўляецца адносна высокая смяротнасць, як вы адзначылі, менавіта ў працаздольным узросце. Але калі чалавек дажывае да пенсіі, то, паводле той жа статыстыкі, тэрмін жыцця ад выхаду на пенсію ў сярэднім у нашай краіне не такі ўжо кароткі і цалкам супастаўны з развітымі краінамі. Ён складае 24,6 года для жанчын і 14,2 года — для мужчын. Адзначу, што пенсійны перыяд жыцця ў нашых жанчын значна вышэйшы, чым у краінах Еўрасаюза.

Сярод 2,5 млн беларускіх пенсіянераў — 450,6 тыс. жанчын і 200,7 тыс. мужчын ва ўзросце ад 70 да 80 гадоў, 234,6 тыс. жанчын і 67,5 тыс. мужчын — ва ўзросце 80 гадоў і старэй . У цэлым пенсійны "бонус" за даўгалецце атрымаюць 600 тыс. жыхароў Беларусі.

— Вядома, што далёка не ўсе беларусы (асабліва мужчыны) адказна ставяцца да свайго здароўя. Ці могуць гэтыя выплаты стаць своеасаблівым стымулам для падтрымання здаровага ладу жыцця? Бо яны паказваюць, што дзяржава па меры магчымасцяў стараецца дапамагчы доўгажыхарам, зацікаўлена ў павелічэнні іх колькасці.

— У прынцыпе, хацелася б стварыць такія стымулы, хоць на моладзь гэта не акажа істотнага ўплыву, бо людзі пачынаюць задумвацца аб пенсіі, як правіла, калі яна ўжо на парозе. Што тычыцца здароўя, то берагчы яго варта ўсё жыццё, бо гэта асноўны фактар, які павышае якасць жыцця ў любым узросце. Дзяржава ў меру сваіх сіл дапамагае тады, калі ўласных намаганняў чалавека ўжо не хапае. Жыццё ўладкавана так, што з узростам аб'ектыўна здароўе пагаршаецца і для яго падтрымання патрабуюцца значныя рэсурсы. Дзяржава была б рада і больш дапамагчы пажылым грамадзянам, але ў сілу таго, што крыніцы пенсійных сродкаў вельмі абмежаваны, яна зыходзіць са сваіх магчымасцяў. Тым не менш, думаецца, што гэтыя прыбаўкі будуць падмогай для людзей, якія дасягнулі такога паважанага ўзросту.

— Калі ласка, некалькі слоў аб далейшых перспектывах пенсійнай сістэмы ...


— Вы ведаеце пазіцыю кіраўніцтва краіны. Неаднаразова агучвалася, што неабходнасці ў павышэнні пенсійнага ўзросту пакуль няма. Пенсійная сістэма пакуль спраўляецца са сваімі абавязкамі. Але, тым не менш, усё ж хацелася б арыентаваць людзей на больш позні зварот па пенсію, не ў прымусовым парадку, а добраахвотна. З гэтай мэтай мы рыхтуем прапанову аб павышэнні так званай прэміі за больш позні зварот.

Хацелася б таксама адзначыць толькі што прынятае новаўвядзенне, якое датычыцца ўрэгулявання пераразлікаў пенсій. Калі раней людзі ўвесь час задаваліся пытаннем, калі павысіцца пенсія, то цяпер атрыманы канкрэтны адказ. У гэтым годзе мы ўжо дакладна ведаем, калі і ў якім тэмпе яна будзе павышацца. Людзі могуць планаваць свае выдаткі.
_______________________
ДАРЭЧЫ

Аб'ём фінансавання на выплату пенсійнай даплаты людзям старэй за 75 гадоў да канца 2012 года складзе 876 млрд руб.

Даплата да пенсій не будзе выплачвацца асобам, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, на дзяржаўным забеспячэнні і якія пражываюць у дзяржаўных стацыянарных арганізацыях сацыяльнага абслугоўвання.

_______________________

Святлана Бусько
Звязда, 19 студзеня 2012


 

Кoличество переходов на страницу: 1117


Комментарии