Хтосьці з дзяцей сёлета пойдзе ў першы клас, а нехта выходзіць на фінішную прамую. У кожнага дзіцячага ўзросту — свае асаблівасці. Аднак агульным для ўсіх школьнікаў застаюцца правільныя стасункі паміж самімі дзецьмі, бацькамі і настаўнікамі, рэжым дня, асаблівасці харчавання, неабходнасць пазбягаць перанапружання, зацікаўленасць у працэсе пазнавання новага...
Як высвятляецца, школа сёння робіць па ўсіх гэтых накірунках нямала, а бацькі думаюць, дастаткова толькі касцюм з алоўкамі прыдбаць. Дарэчы, і гэта трэба зрабіць з розумам.
Аб тым, што вы, магчыма, упусцілі з віду, але хацелі б даведацца (каб не прывесці сваё дзіця да фінішу вучобы хворым і няшчасным), разважалі падчас «круглага стала» намеснік начальніка аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Таццяна Харужая, галоўны пазаштатны спецыяліст па медыцынскім забеспячэнні дзяцей у арганізаваных калектывах камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Аксана Пяцэвіч, намеснік дырэктара гімназіі №6 г. Мінска Таццяна Бялт, педагог-псіхолаг яслей-садка №408 г. Мінска Ілона Еўціхевіч, псіхолаг Мінскага гарадскога цэнтра сацыяльнага абслугоўвання сям'і і дзяцей Юлія Еўлаш.
Як высвятляецца, школа сёння робіць па ўсіх гэтых накірунках нямала, а бацькі думаюць, дастаткова толькі касцюм з алоўкамі прыдбаць. Дарэчы, і гэта трэба зрабіць з розумам.
Аб тым, што вы, магчыма, упусцілі з віду, але хацелі б даведацца (каб не прывесці сваё дзіця да фінішу вучобы хворым і няшчасным), разважалі падчас «круглага стала» намеснік начальніка аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Таццяна Харужая, галоўны пазаштатны спецыяліст па медыцынскім забеспячэнні дзяцей у арганізаваных калектывах камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Аксана Пяцэвіч, намеснік дырэктара гімназіі №6 г. Мінска Таццяна Бялт, педагог-псіхолаг яслей-садка №408 г. Мінска Ілона Еўціхевіч, псіхолаг Мінскага гарадскога цэнтра сацыяльнага абслугоўвання сям'і і дзяцей Юлія Еўлаш.
____________________________________________
Вось які ты, адпачынак
— Чым павінны былі займацца нашы дзеці летам?
Таццяна Харужая: — Адпачываць і аздараўляцца. На гэта скіраваныя нават дашкольныя ўстановы і школы, якія распрацоўваюць спецыяльныя праграмы. Дашкольнікам, напрыклад, павялічваюць норму харчавання. Калі дзеці адпачываюць з бацькамі, значыць, распрацаваць «праграму аздараўлення і адпачынку» — задача бацькоў.
Ілона Еўціхевіч: — Трэба прадумваць экскурсійную праграму, пастаянна заахвочваць і задавальняць дзіцячую цікаўнасць. Нават ідучы па Мінску, можна расказаць пра паходжанне назвы вуліцы, пра з'яўленне першага тралейбуса, пра ўсё, што мы бачым навокал. Час адпачынку выдатна падыходзіць для даследаванняў. У дашкольным узросце трэба закласці падмурак для далейшага развіцця інтэлекту.
Юлія Еўлаш: — Дзіця ўвесь гэты час павінна было як мага больш кантактаваць з равеснікамі. Рэальная камунікацыя — праблема для падрастаючага пакалення. Выдатна, калі была магчымасць паездкі да бабулі на вёску, у лагер адпачынку. Пры гэтым і самі бацькі павінны былі як мага больш часу прысвяціць дзіцяці (гэта цягам года ім пастаянна не хапала часу!)... І дашкалятам, і малодшым школьнікам на карысць будуць гульні ўсёй сям'ёй. Дарэчы, і цяпер, калі пачынаецца школа, перш чым пасадзіць дзіця за ўрокі, не забывайцеся пагуляць з ім, адарваць ад камп'ютара.
Таццяна Бялт: — Самае важнае летам — эмацыянальна і фізічна адпачыць ад работы ў школе. Для малодшага школьніка вучоба — менавіта цяжкая праца... Не варта было забывацца пра спіс літаратуры. Ён невялікі, асіліць можна. Ідэальны варыянт — друкаваная кніга, чытанне якой спрыяе моўнаму, фанетычнаму развіццю. Вялікіх перапынкаў тут быць не павінна. Адсутнасць чытання цягам нейкага часу спрыяе таму, што дзіця страчвае навык — зніжаецца хуткасць. Неабходна прысвячаць такому занятку хоць бы 15 хвілін штодня. Звычайна таго, хто чытае бегла, і прымушаць да такога занятку не трэба — яго не адарваць ад кнігі, але ёсць і такія, хто катэгарычна не жадае. У такім выпадку трэба кантраляваць і заахвочваць чытаць услых рэгулярна, а пасля яшчэ абавязкова прасіць расказаць аб прачытаным.
Аксана Пяцэвіч: — Аздараўленне ў нас добра арганізаванае ў загарадных і школьных лагерах, дзе можна было атрымаць рэабілітацыю — кіслародныя кактэйлі, жамчужныя ванны, сонечныя ванны, там і плаванне, і ўжыванне вітамінаў... Калі ў дзіцяці не было магчымасці аздараўлення сёлета, прадумайце план налета.
Зразумела, лета — гэта іншы рэжым, дзеці могуць класціся спаць і прачынацца крыху пазней, але перад пачаткам навучальнага года трэба вярнуцца да ранейшага рэжыму, і тады адаптацыя пройдзе лягчэй.
Дарослыя, а не ведаюць
— Дарэчы, ці на карысць і дзецям, і дарослым такі працяглы адпачынак? І што яшчэ трэба зрабіць сям'і, каб лягчэй адаптавацца да новага навучальнага года?
Таццяна Харужая: — Адпачынак патрабуецца і дзецям, і дарослым, але дзецям асабліва, бо яны хутка растуць, хутчэй стамляюцца і перагружаюцца. Так што працяглы адпачынак — гэта выдатна, але ён скончыўся, і бацькі павінны падумаць, як хутчэй настроіцца на новы лад. Наогул рэзкіх хістанняў тут быць не павінна. Не варта дапускаць, каб дзіця клалася спаць глыбокай ноччу, суткамі сядзела за камп'ютарам, аднак калі пачынаецца школа, то не варта дапускаць яшчэ і перагрузак з падрыхтоўкай урокаў, не караць за невысокія адзнакі.
Таццяна Бялт: — Сёння дзяцей жорстка не караюць, хутчэй, усё дазваляюць і балуюць.
Ілона Еўціхевіч: — Сапраўды, у новага пакалення парушана нават субардынацыя. Ёсць дзеці, якія ў адказ на просьбу выхавацелькі нешта выканаць могуць сказаць: я не буду з табой сябраваць! Маладыя бацькі сёння імкнуцца адасобіцца ад старэйшага пакалення, не жадаюць прыслухоўвацца да іх парад... Усе хочуць жыць толькі сваім розумам, аднак ведаў, навыкаў часам катастрафічна не хапае. Здаецца, элементарная рэч: усталявалася дажджлівае надвор'е, сонца стала менш, у дзіцяці можа з'явіцца сумны настрой, значыць, не трэба яго лішні раз нерваваць і тузаць! А вось калі прыпякае сонца, значыць, трэба паклапаціцца пра галаўны ўбор, бо малыя вельмі хутка пераграваюцца. Некаторым жа мамачкам здаецца, што дзіцяці дастаткова толькі шмат вадкасці. Патрэбна і адно, і другое! І такіх «дробязяў» безліч...
Дзецям сапраўды патрэбна вельмі шмат увагі, да кожнага свой падыход. Не для таго, каб празмерна апякаць ці муштраваць, а для таго, каб паспрыяць правільнаму інтэлектуальнаму і фізічнаму развіццю. Я працую ў садку для дзяцей з асаблівасцямі моўнага развіцця. З імі трэба займацца штодня, і намаганняў аднаго толькі лагапеда недастаткова. Дома трэба працягваць размаўляць і займацца... А бацькі з першага дня агарошваюць: «Калі ён пачне размаўляць?»... Вось аб чым павінны яны падумаць, да чаго падрыхтавацца. Любая адаптацыя пройдзе лёгка, калі прыкладаць нейкія намаганні.
Прасцей не значыць лепей
— Няўжо ў сучасных бацькоў няма патрэбы ў навучанні... бацькоўству, яны не цікавяцца, як і што лепш для іх дзіцяці, не просяць дапамогі псіхолага?
Юлія Еўлаш: — Па-рознаму. Галоўным чынам, звяртаюцца бацькі падлеткаў і тых, хто набліжаецца да гэтага складанага перыяду — пачынаючы гадоў з адзінаццаці. У гэты час у дзіцяці абуджаецца самастойнасць, жаданне выйсці з-пад татальнай апекі. А бацькам жа хочацца па-ранейшаму дыктаваць свае ўмовы, яны прыходзяць да псіхолага і кажуць: «Зрабіце з ім што-небудзь!»
Сёлета, праўда, мы абвясцілі спецыяльны праект па падрыхтоўцы да школы, і бацькі пайшлі досыць актыўна. Праблема ў тым, што сёння мы бачым велізарную колькасць шасці-, сямігодак, дый дзяцей старэйшага ўзросту, не матываваных на вучобу. Матывацыю павінны стварыць бацькі, але матывуюць яны не на працэс навучання, а толькі на высокія адзнакі. Наогул бацькі надта захапіліся рознымі «школамі развіцця», фарміруюць завышаную самаацэнку ў дзяцей, а звычайная школа — гэта зусім іншы падыход.
Ілона Еўціхевіч: — Дзяцей сапраўды шмат апякаюць і шмат ім дазваляюць. Дома ў іх няма ніякіх абавязкаў — нават цацкі не збіраюць самі...
Таццяна Харужая: — Самастойнасць і працавітасць трэба выпрацоўваць.
— Можа быць, у нас вырасла колькасць дзяцей з захворваннямі, і таму бацькі імкнуцца не перагружаць, шкадаваць?
Аксана Пяцэвіч: — У нас сёння павялічваецца колькасць дзяцей з 2-й групай здароўя. Мы палепшылі дыягностыку і своечасовую карэкцыю, а таму аб'ектыўнага росту захваральнасці няма.
Ілона Еўціхевіч: — Нашы дзеці з асаблівасцямі развіцця і ядуць, і апранаюцца — усё робяць самастойна. Проста ёсць матулі, якія спрабуюць нас пераконваць, што іх 3-гадовае дзіця без соскі не засне. Цікава, чаму ў садку без яе засынае? Проста маме не хочацца перанапружвацца, так прасцей.
Юлія Еўлаш: — Сёння многае бацькамі робіцца як прасцей, а пасля... У нас немалая колькасць дзяцей пакутуе ад энурэзу, а ўсё таму, што бацькі не адвучваюць дзіця ад памперсаў.
Таццяна Харужая: — Мамы могуць аддаваць дзіця ў садок і спакойна пры гэтым сядзець дома. Яны хатнія гаспадыні, нічым не загружаныя, але не жадаюць нагрузіць сябе і ўласным дзіцем. Такія мамы і патрабаванні да работнікаў установы прад'яўляюць большыя...
Пачынаем з кашы
— За што сучасным бацькам можна паставіць «двойку»?
Юлія Еўлаш: — За памылковую зацыкленасць на адзнаках. Прычым успрымаюцца гэтыя дрэнныя адзнакі як адзнакі ім самім. Адсюль і пастаянная муштра.
Таццяна Харужая: — Некаторыя нават прыходзяць пад дзверы кабінета і прыслухоўваюцца, як там адказвае іх дзіця... А кантраляваць трэба не школу, а саміх сябе: які я выхавацель свайго дзіцяці? Школа дапамагае адаптацыі да соцыуму, яна адчыняе дзверы ў іншыя навучальныя ўстановы, у працоўную дзейнасць, навучае нормам паводзінаў у вялікім калектыве, перадае вопыт і веды. Але ўсё гэта павінны перадаваць і бацькі, дапаўняць працэс, а не змагацца са школай і перашкаджаць ёй выконваць сваю функцыю.
Таццяна Бялт: — Калі бацькі не будуць удзельнікамі гэтага працэсу, то і матывацыі ў дзіцяці не будзе. Завышаныя патрабаванні трэба адкінуць, і ўважліва слухаць рэкамендацыі спецыялістаў — настаўнікаў, псіхолагаў.
— Ці не атрымліваецца так, што сваімі няправільнымі паводзінамі бацькі і матывацыю забіваюць, і дзіцячае здароўе нежартоўна падрываюць?
Аксана Пяцэвіч: — Так і ёсць. У падлеткавым узросце з-за гэтага можа ўзнікнуць загадкавая вегетасасудзістая дыстанія... Перш за ўсё бацькі павінны слухаць дзяцей і рэагаваць на іх скаргі. Не прапусціце пагаршэнне іх самаадчування! На жаль, часам замест таго, каб распытаць дзіця, памераць тэмпературу, бацькі спакойна адпраўляюць у школу, маўляў, калі што, пакажашся там доктару. Яшчэ адзін важны момант — дзеці нярэдка звяртаюцца ў школьны медкабінет з болем у жываце, а прычынай такога болю з'яўляецца, як правіла, адсутнасць сняданку. Між тым інтэрвалы паміж прыёмамі ежы павінны быць не больш за 3-4 гадзіны. Калі за гэтым не сачыць, то спачатку будуць функцыянальныя расстройствы, той жа боль, а пасля і хранічныя — эрозіі, гастрыт... Лепшы сняданак для дзіцяці — каша, тварожная запяканка або сырнікі, пажадана штосьці гарачае.
Таццяна Харужая: — І абавязкова пры гэтым трэба падключыць дзіця да харчавання ў школе, каб яно ўжывала першае, другое, трэцяе, а не трымалася на булачцы. Харчаванне ў дашкольных і школьных установах сёння наладжана на добрым узроўні.
Аксана Пяцэвіч: — Праблема ў тым, што калі дзіця прывучана дома да фаст-фуду, то і ў школе яно будзе выбіраць звыклы для яго смак.
Ілона Еўціхевіч: — Можна не даваць дзецям грошы на рукі, а прапаноўваць здаровае харчаванне, і даволі хутка яны прывыкнуць да новага смаку. Калі адзін-два разы адмовяцца ад нечага, не трэба адмаўляцца ад спробы прапанаваць зноў. Аднойчы пачне есці і прывыкне.
Тры любімыя заняткі
— Здаецца, усе бацькі пастаянна толькі і пытаюцца «Што ты еў?», але здаравейшым ад гэтага харчаванне сям'і чамусьці не становіцца. Напэўна, праблема глыбей...
Юлія Еўлаш: — Так, бацькоў хвалюе два пытанні: «Што ты еў?» і «Што атрымаў у школе?». Але гэта штосьці кшталту рытарычных пытанняў... Нават з той жа двойкай... Я пытаюся ў дзіцяці: чаму ты атрымаў двойку? Ён кажа: мне нецікава. Для мяне гэта нагода для разбору — чаму нецікава? А бацькам нецікава разбірацца, чаму іх дзіцяці нецікава штосьці рабіць. Самая распаўсюджаная праблема дарослых у тым, што яны шмат увагі ўдзяляюць знешняму боку, а ўнутраны — дзіцячыя перажыванні, жаданні, памкненні — застаецца «па-за кадрам». Безумоўна, для ўсіх бацькоў свае дзеці — самыя таленавітыя, але нацэльваюцца яны пры гэтым не на развіццё рэальных здольнасцяў, а на дасягненне нейкай міфічнай паспяховасці. Мамы бачаць дачок спявачкамі, таты сыноў — хакеістамі... А пачынаеш размаўляць з самімі дзецьмі, і аказваецца, што яны ненавідзяць тое, да чаго іх схіляюць бацькі! Аб чым тут гаварыць далей?
Звычайна да наступлення падлеткавага ўзросту бацькам удаецца націскаць, прымушаць, падпарадкоўваць. Аднак пасля 11-12 гадоў так рабіць усё цяжэй. Вось гэта і бывае нагодай для візіту да псіхолага.
Таццяна Харужая: — Любая праблема дзіцяці родам абавязкова з сям'і. Калі нехта старонні сцвярджае, што сям'я такая ўладкаваная, а дзіця там расце няправільнае, не слухайце. Так не бывае.
Ілона Еўціхевіч: — Гэта праўда, праблема не ў дзецях. Вось мы ў садку робім усё, каб падцягнуць і выцягнуць дзіця з асаблівасцямі, дапамагчы яго ўсебаковаму развіццю. Перад тым, як пайсці ў школу, бацькам трэба звярнуцца ў раённы цэнтр развіваючага навучання і рэабілітацыі, спецыялісты якога даюць рэкамендацыі адносна наведвання інтэграванай школы. У такой школе навучанне будзе ажыццяўляцца з улікам рэальных магчымасцяў і здольнасцяў дзіцяці. Аднак бацькі не лічацца з яго інтарэсамі, а робяць выгляд, што ніякай праблемы не існуе, аддаюць малое ў звычайную школу, дзе, вядома, нікому не паведамляюць аб дыягназе. Першыя год-два настаўнік можа нічога асаблівага і не заўважыць. Аднак паступова дзіцяці будзе станавіцца ўсё цяжэй, і асаблівасці абавязкова праявяцца. Бо ў садку дзяцей значна менш, да кожнага — індывідуальны падыход, тут і дэфектолагі, і педагогі, і псіхолагі, якія пастаянна штосьці выпраўляюць, выбачайце за такое слова, дрэсіруюць. А бацькі не жадаюць разумець, наколькі гэта цяжкая праца, ім лягчэй займацца самападманам, а калі ў дзіцяці пачнуцца цяжкасці, і яно не вытрымае нагрузкі, то вінаватымі акажуцца ўсе — школа, медыкі, настаўнікі... Вось такое бывае непрыняцце ўласнага дзіцяці.
Таццяна Харужая: — Бацькі могуць не прыслухоўвацца да рэкамендацый цэнтра рэабілітацыі, іх сапраўды ніхто не абавязвае паведамляць школе пра асаблівасці псіхафізічнага развіцця дзіцяці, але ж хіба яны самі не павінны думаць аб тым, што і як будзе лепш?
Аксана Пяцэвіч: — Наогул неабходна штогод прадастаўляць медыцынскую даведку з паліклінікі, але там не пазначаюцца асаблівасці развіцця. Нейкі сур'ёзны дыягназ можа быць зашыфраваны, але гэта інфармацыя не будзе распаўсюджвацца.
Юлія Еўлаш: — Бацькі нярэдка «закрываюцца» ад школы: хаваюць дыягназы, праблемы... А гэта толькі шкодзіць.
Таццяна Харужая: — Усім бацькам трэба нагадаць: цеснае супрацоўніцтва з той жа школай толькі дапамагае дзіцяці атрымліваць і веды, і своечасовую педагагічную і медыцынскую дапамогу.
Таццяна Бялт: — Мы ў гімназіі абавязкова праводзім апытанні бацькоў дзяцей першакласнікаў — збіраем агульныя звесткі аб сям'і. Уся гэта інфармацыя нікому не раскрываецца, але яна вельмі важная якраз для лепшага ўзаемадзеяння ўсіх бакоў. Мы цікавімся, ці наведвала дзіця садок, як сябе паводзіла падчас развітання з мамай, якія любімыя заняткі ў дзіцяці? Бацькам не варта непакоіцца, што мы даведаемся пра штосьці і выкарыстаем гэта супраць дзіцяці. Наадварот! Якім чынам мы можам нашкодзіць, калі сваім пытаннем упершыню прымушаем мам і татаў задумацца над тым, чым іх дзіця больш за ўсё любіць займацца? Паверце, ёсць бацькі, якія не могуць назваць тры любімыя заняткі сваіх дзяцей.
Са старэйшымі няпроста
— Да чаго трэба падрыхтавацца бацькам школьнікаў старэйшага ўзросту?
Таццяна Харужая: — Сапраўды, у малодшай школе працэс вельмі добра адладжаны, можна нават сказаць, што тут крыху прасцей. Калі ж дзіця сёлета ідзе ў пяты клас, то гэта ўжо іншая рэч. Больш прадметаў, больш настаўнікаў, а значыць, новых стасункаў. Праграма значна складанейшая, чым у пачатковай школе. Патрабуецца новая адаптацыя. А тут яшчэ і пераходны ўзрост, іншы ўзровень самастойнасці. Словам, дарослым трэба быць вельмі пільнымі, асцярожнымі, а не думаць, што самы складаны час мінаваў — есці і апранацца навучылі...
Аксана Пяцэвіч: — Змяненне гарманальнага статусу — само па сабе цяжкае выпрабаванне. Нездарма менавіта ў гэтым узросце пры перагрузках развіваецца і вегетасасудзістая дыстанія — нервовая сістэма няўстойлівая. Таму знаходжанне за камп'ютарам трэба дазіраваць, прадухіляць зрокавыя нагрузкі, пазбягаць гіпадынаміі, стымуляваць фізічную актыўнасць.
Дзеці абавязкова павінны ведаць, што пры любым раскладзе атрымаюць дапамогу, што яны могуць разлічваць на бацькоў. Што да медыцынскай дапамогі, то сёння ва ўсіх агульнаадукацыйных школах ёсць медработнік. Усё неабходнае, у тым ліку медыкаментозныя сродкі, ёсць на месцы, аднак калі па рэкамендацыі ўрача дзіця павінна прымаць нейкі прэпарат, значыць, неабходна прадаставіць даведку. Важна, каб бацькі былі на сувязі, каб мы маглі хутка паведаміць аб любых зменах са здароўем.
Ілона Еўціхевіч: — Бацькам наогул трэба быць «на сувязі» са школай. Дапусцім, псіхолаг, педыятр западозрылі, што дзіця ўжывае наркотыкі... Яны абавязаны паведаміць аб сваім падазрэнні бацькам, не ўцягваючы пакуль у размову само дзіця. Своечасовы зварот да спецыяліста, таго ж неўролага, можа выратаваць дзіця ад цяжкай наркатычнай залежнасці.
Юлія Еўлаш: — Бацькі звычайна не абмяркоўваюць такія праблемы са школай, а адразу звяртаюцца ў псіханеўралагічны дыспансер. Калі падчас кансультацый у нашым цэнтры мы выяўляем такую сітуацыю, то прапануем варыянты звароту да тых ці іншых спецыялістаў, а далей бацькі самі вырашаюць, каму даверыцца.
Не трэба палохаць!
— Дайце, калі ласка, кароткія парады сем'ям па тым, як сустрэць 1 верасня...
Ілона Еўціхевіч: — Гэта свята, і гэта галоўнае! Дазвольце дзіцяці самому выбраць і сшыткі, і партфель. Калі гэта першакласнік, паўтарайце яму: мы табе дапаможам, ты будзеш шмат ведаць!.. Толькі пазітыў. Школай нельга палохаць. Дарэчы, не сакрэт, што калі ў сям'і ёсць старэйшыя дзеці, то малодшыя абсалютна не жадаюць ісці ў школу. Таму што яны наглядзеліся, як старэйшых муштравалі. Малыя тады кажуць, што ім і без школы добра. «Я атрымаю двойку, бацькі будуць сварыцца...», — вось так разважаюць.
Таццяна Харужая: — У мяне была сітуацыя, калі тата занепакоіўся малодшым сынам. А там — двое дарослых дзяцей, усе занятыя сваёй дарослай вучобай ды работай. Увечары яны ўсе збіраюцца і... пачынаюць выхоўваць адзінае малое. Давялі дзіця да таго, што яно цалкам цікавасць да вучобы страціла. Трэба не ціснуць, а зацікаўліваць, і абавязкова прадаставіць дзіцяці асабістую прастору.
Юлія Еўлаш: — Прычым і ў прамым сэнсе таксама. Нават калі ў вас адзін пакой на дваіх дзяцей, пастаўце ў адным куце адзін стол, у другім — другі. І дазваляйце ім час ад часу пабыць у поўнай адзіноце...
Таццяна Бялт: — Скажыце дзіцяці, што баяцца школы не трэба. Яго там чакаюць, хвалююцца. Усе ўстановы ўжо гатовыя да гэтай святочнай сустрэчы. І самі бацькі павінны прадэманстраваць добры настрой! Мне здаецца, верасня ўсе чакаюць, многія нават ужо і засумавалі без школы.
Аксана Пяцэвіч: — Калі дзіця ідзе першы раз у першы клас, значыць, трэба паклапаціцца аб тым, каб яго здароўе адпавядала новым нагрузкам. Для гэтага і трэба прайсці агляд у педыятра і іншых спецыялістаў-медыкаў. Не трэба выступаць супраць медыцынскіх даведак. Яны збіраюцца для таго, каб вызначыцца з нагрузкай на фізкультуры, з тым, за якую парту пасадзіць, якім чынам харчавацца.
У школах сёння для захавання здароўя праводзяцца гімнастыка, дынамічныя перапынкі, укараняюцца тэхналогіі аховы здароўя па прафілактыцы захворванняў апорна-рухальнага апарату, органаў зроку. Ствараюцца зоны для зрокавай гімнастыкі. На ўроках фізкультуры ў некалькіх школах прыярытэт аддаецца карэгіруючай гімнастыцы для дыспансернай групы дзяцей з парушэннем паставы (хоць і дома трэба сачыць за правільным становішчам за сталом). Штомесяц за ўрокамі фізкультуры праводзіцца педагагічны маніторынг, ацэньваецца адэкватнасць фізічнай нагрузкі. У любым выпадку, школьныя фізічныя нагрузкі — гэта не ўся фізічная нагрузка, якая патрэбна дзіцяці. Павінны быць і веласіпед, і плаванне, і рухавыя гульні, прагулкі. Пасля ўрокаў кожны дзень абавязкова спачатку трэба пагуляць на свежым паветры: 3,5 гадзіны — дзецям пачатковай школы, каля 2-х гадзін — сярэдняй і як мінімум 1,5 гадзіны — старшакласнікам.
Таццяна Харужая: — Майце на ўвазе, што зусім не абавязкова перад пачатковай школай навучаць дзіця і пісьму, і чытанню — не выключана, што дзіця наогул хутка страціць цікаўнасць. Прагрэс у гэтым выпадку адбываецца скачкамі, і калі адбудзецца чарговы скачок, невядома. Таму ніколі не навешвайце на дзіця ярлык: сёння дзесьці адстаў, затое заўтра можа абагнаць!
Юлія Еўлаш: — Скажыце дзіцяці, што калі яно пойдзе ў школу, то будзе вучыцца, а калі будзе вучыцца, то гэта дапаможа яму здзейсніць сваю мару. А калі ў вас ёсць нейкія пытанні, то звяртайцеся па дапамогу да спецыялістаў нашага гарадскога цэнтра сацыяльнага абслугоўвання сям'і і дзяцей. Сёлета ў нас з'явілася магчымасць прадаставіць паслугі трох псіхолагаў, якія будуць займацца сем'ямі, дзе выхоўваюцца малодшыя школьнікі і дашкольнікі. Псіхалагічная дапамога аказваецца бясплатна.
Кoличество переходов на страницу: 1247
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |