https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Гісторыка-культурныя каштоўнасці: цана пытання


Тэма гісторыка-культурнай спадчыны - дыскусійная. Часам спецыялісты вядуць такія дэбаты, што і эмацыянальна ўстойлівыя паддаюцца запалу, выступаючы за прапанову, якая ім бачыцца правільнай. Не дзіва - у гэтых пытаннях кожны нюанс важны, кожны мае значэнне. Але эмоцыі пры абмеркаванні такіх тэм толькі перашкаджаюць справе, адзначыў у інтэрв'ю намеснік міністра культуры Беларусі Аляксандр Яцко, які курыруе праблематыку гісторыка-культурнай спадчыны.
_________________________________________

"Пры рэстаўрацыі аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны дзяржаўная пазіцыя дакладная: знесці нельга, захаваць. Але часам з-за нязладжанасці дзеянняў розных структур упускаецца час і адбываюцца страты натуральным чынам. Узяць хоць нядаўні прыклад з будынкам 1850 года пабудовы на вуліцы Рэвалюцыйнай у сталіцы, сцяна якога абвалілася пры пачатку рэстаўрацыйных работ.

У абарону ТАА "Олдхаўз", якое набыло ў 2012 годзе гэты аб'ект, можна сказаць, што будынак першапачаткова знаходзіўся ў вельмі нездавальняючым стане і ў 2013 годзе прызнаны аварыйным. Але амаль тры гады на аб'екце работы не вяліся. Калі ж пасля штрафных санкцый да ўладальніка рух пачаўся, адбылося тое, што адбылося.

Сёння нельга адназначна сказаць, па якой прычыне абвалілася сцяна: з-за пачатку рэстаўрацыі або справа да гэтага ішла і так. Але, зыходзячы з прадстаўленай дакументацыі, з самага пачатку было дрэнна ўсё: ад фундамента, які самаразбураецца, да сцен, цэгла якіх рассыпаецца ў пыл", - расказаў Аляксандр Яцко.

Сёння праектная арганізацыя "Мінскграмадзянпраект" вядзе абследаванні, сумесна са спецыялістамі Мінкультуры будзе вырашана, якія меры трэба прыняць для захавання гісторыка-культурнай каштоўнасці ў старой частцы сталіцы.

Папярэдне варыянтаў выйсця агучвалася два: разабраць аб'ект поўнасцю, выкарыстоўваючы затым пры мураванні прыдатныя элементы, або ж узяць гістарычныя сцены ў бетонную абалонку. Але і тое і другое выйсце неідэальныя. У першым выпадку аб'ект страціць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, з-за выкарыстання арыгінальных будматэрыялаў муроўка не стане менш сучаснай. Другое рашэнне дае магчымасць захаваць статус - старыя сцены не крануты, хоць і закрытыя новым слоем. Аднак даўгавечнасць іх застаецца пад пытаннем: у такіх умовах старая абпаленая цэгла пачынае разбурацца яшчэ больш. І калі для будаўніцтва гэты прыём прыдатны, то для рэстаўрацыі ён непрымальны. Без частковага дэмантажу, напэўна, не абысціся, але разбіраць поўнасцю будынак нельга, адзначыў намеснік міністра.

Тэма рэстаўрацыі мае шэраг прабелаў, і ў першую чаргу размова ідзе аб падрыхтоўцы спецыялістаў. Адносна гэтага выпадку трэба гаварыць аб узроўні праектавання, інакш кажучы аб прафесіяналізме праекціроўшчыкаў-архітэктараў, сказаў Аляксандр Яцко.

Калі падрыхтоўка музейных рэстаўратараў у краіне вядзецца і ёсць разуменне, якім чынам зрабіць яе яшчэ лепш, то спецыялісты, якія займаюцца архітэктурнай рэстаўрацыяй, маючы базавую будаўнічую спецыяльнасць, тонкасцям справы вучацца пераважна на ўласным вопыце.

"У Беларусі нядрэнная школа падрыхтоўкі музейных рэстаўратараў, і галоўнае сёння - зрабіць сістэмнай практыку стажыровак спецыялістаў, пастаяннага павышэння іх кваліфікацыі. Цяпер метадычную і практычную дапамогу ў некаторым аб'ёме майстры атрымліваюць у Інстытуце культуры Беларусі.

Пасля завяршэння рэканструкцыі Нацыянальнага мастацкага музея на яго базе будзе створаны Рэспубліканскі цэнтр рэстаўрацыі, дзе спецыялісты з усіх музейных устаноў краіны змогуць замацоўваць свае веды і атрымліваць новыя.

Так з'явіцца сістэма цэнтралізаванай і, што асабліва важна, пастаяннай падрыхтоўкі кадраў. У дадатак мы плануем арганізацыю стажыровак рэстаўратараў не толькі пасля завяршэння навучання, але і на далейшых этапах станаўлення іх як спецыялістаў.

Напрыклад, беларускія рэстаўратары атрымалі запрашэнне на стажыроўку ў будучым годзе ў Ватыкан, дзе толькі што завяршылася выстаўка твораў беларускага сакральнага мастацтва", - расказаў намеснік міністра культуры.

Прафесія рэстаўратара заўсёды актуальная і запатрабаваная. Але, будучы спецыфічнай, не ва ўсіх выпадках прыцягвае тых, хто плануе ёю займацца, аднак пазней ідзе ў іншыя сферы дзейнасці. Колькасць выпускнікоў гэтага профілю невялікая, тым не менш у цэлым пакрывае патрэбнасці ў кадрах музейных рэстаўратараў, і аб'яўляць дадатковыя наборы на гэту спецыяльнасць у ВНУ неабходнасці няма. Галоўнае пытанне ў гэтай тэме - пераемнасць пакаленняў, перадача вопыту маладым ад масцітых майстроў.

"З кадрамі рэстаўратараў у архітэктуры справа ідзе значна горш, - прадоўжыў Аляксандр Яцко. - Архітэктар-рэстаўратар наогул, так сказаць, штучны тавар. Хоць асновы рэстаўрацыі выкладаюцца будучым архітэктарам. Будаўнікі ў першую чаргу павінны быць рэстаўратарамі, бо яны прыходзяць на гістарычныя аб'екты і ад іх дзеянняў залежыць шмат. Была спроба выпусціць менавіта архітэктараў-рэстаўратараў у 2011 годзе. Але выпуск стаў першым і апошнім, запатрабаванасць спецыялістаў была вельмі нізкая, паколькі спецыялізацыя іх вельмі спецыфічная.

Касцяк рэстаўратараў у рэспубліцы сфарміраваны. "Белрэстаўрацыя" - асноўны цэнтр, які аб'яднаў усе рэстаўрацыйныя сілы Беларусі. Менавіта тут лагічна сфарміраваць базу па перадачы вопыту моладзі. У першую чаргу гэта датычыцца праекціроўшчыкаў праектных работ: архітэктараў, канструктараў, мастацтвазнаўцаў. Менавіта яны ствараюць базіс, менавіта ад іх ведаў і вопыту залежыць, як гэта будзе. Спецыяльная падрыхтоўка архітэктараў у тым аб'ёме, у якім яна выкладаецца ў інстытутах у якасці пачатковых ведаў, мае месца, і яе дастаткова. Іншая справа, што важна спецыялізацыя і неабходна практыка. Але і ў гэтым складанасцей няма: у Беларусі дастаткова аб'ектаў, дзе патрабуецца прыкладанне сіл і ведаў такога парадку".

Аляксандр Яцко прадстаўляе спіс аб'ектаў, рэканструкцыя якіх вядзецца па падпраграме "Спадчына" дзяржаўнай праграмы "Культура Беларусі" на 2016-2020 гады.

Як вядома, асобная праграма "Замкі Беларусі", разлічаная да 2018 года, згорнута, але незавершаныя аб'екты перайшлі ў дзяржпраграму "Культура Беларусі", работа на іх прадаўжаецца. Так, у бягучым годзе плануецца завяршэнне работ па Лідскім замку, прадаўжэнне праектных работ па кансервацыі руін асобных збудаванняў у Навагрудскім замку. Будуць прадоўжаны рэстаўрацыйныя работы на замках у Гальшанах і Крэве і праектныя па Старым замку ў Гродне.

Выдзяляюцца сродкі на правядзенне работы на касцёле Божага Цела ў Нясвіжы, Косаўскім палацава-паркавым ансамблі, палацавым комплексе ў Ружанах, Спаса-Праабражэнскай царкве ў Полацку, жаночым манастыры ў Талачыне, калегіуме езуітаў у Юравічах, палацава-паркавым комплексе ў Жылічах Кіраўскага раёна, Успенскім манастыры ў вёсцы Пустынкі.

Рэстаўрацыйныя работы вядуцца за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў. Пералік будзе шырэйшы, калі прыгадаць аб'екты, якія рэстаўрыруюцца сіламі рэгіёнаў. Схема фінансавання рэстаўрацыйных работ на аб'ектах гісторыка-культурнай спадчыны наступная: увесь аб'ём сродкаў, прадугледжаны на рэалізацыю мерапрыемстваў па падпраграме "Спадчына" з 2016 па 2020 год (а гэта больш як Br930 млн з улікам дэнамінацыі), будзе размяркоўвацца на мэты падпраграмы штогод.

Акрамя вядзення рэстаўрацыі на помніках архітэктуры і горадабудаўніцтва "Спадчынай" прадугледжана падтрымка помнікаў гісторыі, археалогіі, мастацтва і нематэрыяльных праяў творчасці чалавека - фальклору, традыцый, звычаяў, абрадаў, мастацкіх промыслаў і іншых аб'ектаў, развіццё музейнай і бібліятэчнай справы. Таму колькасць сродкаў на рэстаўрацыю, як і на іншыя напрамкі, будзе выдзяляцца зыходзячы з існуючых сум, у залежнасці ад штогадовай патрэбнасці. Ужо цяпер ёсць папярэднія разлікі, якія грошы неабходны для працягу пачатых рэстаўрацыйных работ.

Дарэчы, дзяржпраграма "Замкі Беларусі" на 2012-2018 гады прадугледжвала выкананне комплексных мерапрыемстваў на 38 аб'ектах гісторыка-культурнай спадчыны краіны.

З 2012 года па 2015-ы па ёй вяліся работы на 26 аб'ектах гісторыка-культурнай спадчыны. Фінансаванне праводзілася за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, пазабюджэтных крыніц і ўласных сродкаў выканаўцаў праграмы. З пачатку рэалізацыі праграмы было асвоена Br13 млрд (недэнамінаваных).

Вядома, гаварыць аб дастатковай колькасці сродкаў на рэстаўрацыю не даводзіцца, адзначыў намеснік міністра. І ёсць нямала аб'ектаў, тэмпы работ на якіх далёкія ад жаданых. Але ў кожным выпадку важна не нашкодзіць, імкнучыся забегчы наперад, таму што нельга забываць пра самае галоўнае - захаванасць помніка. Спешка часам вядзе да таго, што пачатае няма магчымасці завяршыць, а адкрыты аб'ект пачынае разбурацца яшчэ хутчэй.

"Напрыклад, Гальшанскі замак выклікае найбольшую трывогу. Гады тры-чатыры таму Гальшаны ўяўлялі сабой узгорак, праз які фрагментарна былі відаць руіны. Мясцовыя ўлады праявілі ініцыятыву, там зроблена вялікая работа па раскопцы канструкцый, якія былі засыпаны зямлёй. Цяпер турысты могуць убачыць нейкі абрыс замка: сцены, аркі, галерэі.

Гэта больш цікава, безумоўна. Але яшчэ ў мінулым годзе Міністэрства культуры забараніла актыўныя работы па раскопцы. Бо імкненне да перфекцыянізму, жаданне паказаць, як у нас багата і прыгожа, у гэтым выпадку да добрага не вядзе. Адкрытыя часткі помніка разбураюцца, знаходзячыся ж у зямлі, яны застаюцца некранутымі.

Таму спыніліся на тым, што агульнае раскопванне рабіць не трэба, толькі паэтапнае. Прычым раскапаны ўчастак падлягае кансервацыі, проста кажучы, яго трэба зноў засыпаць пяском. Іншага эфектыўнага спосабу захаваць гісторыка-культурную каштоўнасць пакуль няма, і ў гэтым выпадку інтарэс турыстаў не можа прэваліраваць. А тое можа здарыцца, што з цягам часу і рэканструяваць не будзе чаго", - растлумачыў Аляксандр Яцко.

У Беларусі ёсць нямала адрэстаўраваных гістарычных помнікаў, якія якраз чакаюць турыстаў. Але гэта таксама асобная тэма - уключэнне рэканструяваных аб'ектаў у турыстычны абарот, сказаў намеснік міністра.

Гэта шматфункцыянальная задача, для вырашэння якой Міністэрства культуры Беларусі і Міністэрства спорту і турызму, а таксама мясцовыя выканаўчыя органы ўлады павінны цесна ўзаемадзейнічаць. Тут важны дасканала прадуманы комплексны план па развіцці інфраструктуры гістарычных помнікаў. Бо мала прывезці турыстаў, паказаць і расказаць ім пра замак або іншы аб'ект. Трэба яшчэ, каб прыезджы меў магчымасць камфортна тут правесці час, адпачыць, паесці.

Гэта пытанне, якое вырашаецца толькі з цягам часу, але сёння рух у гэтым напрамку зроблены. Размова ідзе пра пералік гістарычных гарадоў, інфраструктура якіх блізкая да ідэалу. Задума такая, што гэта гарады, дзе культурныя каштоўнасці не патрабуюць вялікіх укладанняў, паколькі асноўныя ўжо зроблены, а ёсць толькі неабходнасць нейкіх паляпшэнняў інфраструктуры.

Гэта дасць магчымасць з мінімальнымі ўкладаннямі атрымліваць добрыя дывідэнды - як іміджавыя, так і фінансавыя, перакананы намеснік міністра культуры.

Спіс гарадоў немалы: у ім значацца Мсціслаў, Полацк, Навагрудак, Крэва, Быхаў, Нясвіж, Магілёў, Брэст. Ёсць план па ўключэнні Полацка ў актыўны турыстычны абарот, гэтаму нямала пасадзейнічае правядзенне Дня беларускага пісьменства ў 2017 годзе, хоць у Полацку і так зроблена шмат. А Мсціслаў у бягучым годзе прымае "Дажынкi", населены пункт абновіцца.

Дарэчы, гэты гістарычны горад Магілёўшчыны стаў пілотным у сумесным праекце Еўрапейскага саюза і Савета Еўропы "Удзел грамадства ў аднаўленні гістарычных гарадоў" (COMUS), да якога Беларусь далучылася ў мінулым годзе. Праект цікавы тым, што дае магчымасць азнаёміцца з перадавымі сусветнымі практыкамі па кіраванні гістарычнымі гарадамі і ўкараніць іх у паўсядзённай дзейнасці на месцах.

Комплекснае кіраванне малымі гістарычнымі гарадамі ў першую чаргу дае магчымасць раскрыць патэнцыял, які існуе ў іх і, можа, не ў поўнай меры ўсведамляецца кіраўніцтвам мясцовых выканаўчых органаў улады або з-за адсутнасці пэўнага аналага не ў поўнай меры выкарыстоўваецца. Вопыт, атрыманы ў праекце COMUS, будзе інтэграваны ва ўласныя праекты, дасць магчымасць прымяніць лепшыя сусветныя практыкі ў ахоўнай дзейнасці, адзначыў Аляксандр Яцко.

Магчыма, гэты вопыт спатрэбіцца ў тым ліку і ў так званым пытанні лёсу комплекснай забудовы раёнаў Трактарнага завода, Асмолаўкі і іншых, існаванне якіх трапіла пад пагрозу пры распрацоўцы генеральнага плана беларускай сталіцы. Гэтыя раёны, хоць і не маюць статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, паколькі спроба яго атрымаць не была сур'ёзна падрыхтавана, абгрунтавана і не падмацоўвалася неабходнымі архіўнымі матэрыяламі, могуць і павінны быць не толькі адноўлены, але і ўключаны ў выкарыстанне, упэўнены намеснік міністра.

Будзе распрацоўвацца праект рэгенерацыі, забудовы з максімальным захаваннем гістарычнага аблічча Трактаразаводскага пасёлка, пасёлка МАЗ і іншых, уключаючы і раён у цэнтры Мінска, у праектаванні якога ў свой час прымаў удзел вядомы на той перыяд архітэктар Міхаіл Асмалоўскі. Участкі комплекснай забудовы будуць захаваны, і трэба прадумаць, як найбольш эфектыўна выкарыстоўваць іх, зрабіць больш прывабнымі для турыстаў.

Цэнтр беларускай сталіцы карыстаецца нязменным поспехам у турыстаў, і развіццё гістарычнай часткі Мінска ідзе ў планавым рэжыме. У IV квартале бягучага года "Мінская спадчына" мае намер арганізаваць аўкцыёны па прыцягненні інвестараў для рэалізацыі праекта па забудове тэрыторыі Ракаўскага прадмесця.

Распрацоўваецца праект рэгенерацыі, актыўная фаза работ прыпадзе на 2018 год, да 2020-а плануецца ўвесь аб'ём іх завяршыць. Тэма Мінскага замчышча цікавая, але пакуль непад'ёмная, і падысці да рэалізацыі гэтага праекта магчыма не сёння і нават не заўтра.

Пакуль Мінскае замчышча закансервавана, добра, што знаходзіцца ў зямлі, пры іншых умовах можна будзе вярнуцца да гэтага праекта і экспанаваць яго. Хоць праект спрэчны, ёсць меркаванне, што раскопваць яго і не трэба. У гэтым жа раёне - будынак былой бальніцы, на тэрыторыі яе ёсць гісторыка-культурныя каштоўнасці, там плануюцца актыўныя будаўнічыя работы, расказаў Аляксандр Яцко.

Сёння Беларусь (і Мінск у прыватнасці) становіцца ўсё больш папулярным напрамкам у турыстаў з розных краін. Цяпер няма такога статыстычнага механізма, які даў бы магчымасць дакладна падлічыць колькасць прыезджых, падлік вядзецца ў асноўным толькі тых, хто размяшчаецца ў гасцініцах або атрымлівае лячэбныя працэдуры ў санаторыях. Тым не менш ідзе работа па ўкараненні ў бягучым годзе больш дакладнага метаду падліку гасцей Беларусі. І ёсць абгрунтаваныя чаканні, што лічбы будуць дэманстраваць пастаянны рост, лічыць намеснік міністра культуры.

Жанна Катлярова
БЕЛТА, 10 жніўня 2016


 

Кoличество переходов на страницу: 825