https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Калі рублі будуць ўмацоўвацца і далей, дэпазіты па іх будуць звышпрыбытковымі


Пытанне, куды ўкласці грошы, актуальнае і ў спакойныя, і ў крызісныя перыяды. Мы падабралі самыя значныя змены, якія адбываліся на банкаўскім рынку апошнім часам

Для пачатку нагадаем правілы выгаднага інвеставання: ніколі не ўкладвайце крэдытныя сродкі; распараджайцеся свабоднымі грашыма (фінансы, неабходныя для аплаты навучання, лячэння і іншых абавязковых выдаткаў чапаць нельга); ацэньвайце не толькі даходнасць, але і рызыкі (не варта спадзявацца, што менавіта вы станеце тым шчасліўцам, які пры 90 % рызыцы страціць укладанні ўсё-ткі сарве куш); падзяляйце рызыкі (па-навуковаму гэта называецца «дыверсіфікацыя», а па-простаму «не захоўваць усе яйкі ў адным кошыку»). Нават самыя надзейныя інструменты маюць мізэрную, але верагоднасць правалу. Крыўдна будзе страціць усё, калі вам радыкальна не пашанцуе.

На ўкладах у беларускіх рублях сёння можна рэальна зарабіць: многія нашы банкі прапанавалі ўражлівыя працэнтныя стаўкі гадавых. Цяпер, калі наш і расійскі рубель працягвае ўмацоўвацца, некаторыя фінансавыя інстытуты нават спецыяльна зніжаюць даходнасць рублёвых укладаў.

Але ўсё роўна на дадзеным этапе дэпазіты ў нацыянальнай валюце лічацца самымі выгаднымі ўкладаннямі.

Не ўсё, што вельмі прывабна, — рэальна

Найбольш прывабная на сёння прапанова ў аднаго сярэдняга камерцыйнага банка. Там прапануюць кліентам рабіць уклады ў беларускіх рублях пад 28 % гадавых, і гэта сапраўды адна з самых высокіх працэнтных ставак па ўкладах на рынку Беларусі.

Праўда, уклад будзе безадзыўны і тэрмін яго размяшчэння — 13 месяцаў. Мінімальная сума — 100 рублёў. Як сцвярджаюць у банку, уклад карыстаецца павышаным попытам, і гэта нядзіўна: працэнты па ім уражваюць.

Але ёсць нюансы: працэнтная стаўка 28 % будзе дзейнічаць толькі першыя паўгода, а на астатні тэрмін (з 7 да 13 месяца) будзе толькі 16 %. Калі прыплюсаваць два перыяды з рознымі даходамі і падлічыць сярэднюю планку — атрымаецца крыху больш за 20 % гадавых. А гэтым сёння нікога не здзівіш.

А самымі рэальнымі выгаднымі дэпазітамі з'яўляюцца безадзыўныя ўклады на тэрмін ад 7 да 13 месяцаў. Некаторыя невялікія банкі Беларусі абяцаюць па такіх укладах фіксаваныя 22 % гадавых з «хвосцікам». Сёння на рынку існуюць і безадзыўныя ўклады з адносна кароткім тэрмінам інвеставання. Максімальная стаўка дэпазіту на 3 месяцы роўная 20 %, а на тэрмін 33—45 дзён яна значна меншая — 14—16 %.

Адзыўныя ўклады маюць іншы ўзровень прыбытковасці. Такі лаяльны да кліента дэпазіт на тэрмін ад 7 месяцаў да 3 гадоў мае стаўку даходнасці 15—18 %. За сам факт — забраць грошы ў любы час — кліенту не даплачваюць 4—9 % гадавых. Адзыўныя дэпазіты з тэрмінам ад 35 дзён да 2 месяцаў прадугледжваюць даходнасць 12—14 % гадавых.

Калі рубель расце, банкі пачынаюць зніжаць працэнты
«Белаграпрамбанк» з 10 чэрвеня знізіў працэнтныя стаўкі па тэрміновых безадзыўных дэпазітах «Плюс да стабільнасці». Новыя стаўкі ў залежнасці ад тэрміну размяшчэння грошай цяпер складаюць: беларускія рублі — да 22,2 % гадавых, долары і еўра — да 7 %, расійскія рублі — да 16,4 %.

Таксама з другой дэкады чэрвеня «Альфа-Банк» знізіў стаўкі па адзыўных рублёвых укладах «Альфа-ўклад». Так, стаўка па дэпазіце тэрмінам размяшчэння на 33 дні — 12,5 %, 60 дзён — 13,5 %. Таксама банк знізіў стаўку па безадзыўным рублёвым дэпазіце «Альфа-ўклад» на 60 дзён — да 15 %.

У цяперашніх умовах больш за ўсё прыцягваюць увагу ўклады ў расійскіх рублях са стаўкамі ад 15 % да 16 % гадавых. Калі ўявіць, што расійскі рубель умацуецца яшчэ раз, як гэта было вясной, то ўклад акажацца суперпрыбытковым, нават з улікам падаходнага падатку. Паколькі тэрмін укладу 3 месяцы, з працэнтнага даходу спаганяецца падатак у 13 %.

Адзін дынамічны камерцыйны банк паведамляе, што зніжае працэнтныя стаўкі па адзыўных і безадзыўных дэпазітах фізічных асоб у доларах. Гаворка пра ўклады з тэрмінамі ад размяшчэння 95 дзён да 5 гадоў. «Зніжэнне памеру працэнтных ставак у залежнасці ад тэрміну размяшчэння складае ад 1,2 % пры размяшчэнні дэпазітаў на 95 дзён да 0,4 % пры размяшчэнні дэпазітаў на тэрмін 3 гады і 5 гадоў», — удакладняе банк. Рашэнне знізіць працэнтныя стаўкі фінансавая ўстанова тлумачыць «дынамікай рынкавых працэнтных ставак».

Новаўвядзенні па валюце

«МТБанк» з 3 чэрвеня павялічыў ліміты на зняцце наяўных долараў і еўра. На працягу каляндарнага месяца зараз можна з бягучых рахункаў (у тым ліку тых, да якіх прывязаная картка) зняць да 30 тысяч долараў і 15 тысяч еўра. «На працягу каляндарнага месяца ў аддзяленні можна заказаць усю суму цалкам або часткамі ў межах указанага ліміту», — удакладняе банк.

«Беларусбанк» з 7 чэрвеня адмяніў абмежаванне на зняцце наяўных грошай у банкаматах з карт UnіonPay Іnternatіonal, якія выпушчаныя замежнымі банкамі. Раней ліміт на такія аперацыі складаў 200 рублёў на тыдзень на адну картку.

«Банк БелВЭБ» з 3 чэрвеня перагледзеў сумы наяўных грошай, на зняцце якіх трэба папярэдне падаць заяўку: 5000 рублёў, 1000 долараў ці еўра, 50 тысяч расійскіх рублёў. Заяўку на выдачу наяўных павінны падаць максімум за 5 банкаўскіх дзён. Падаваць такую заяўку можна раз на 30 каляндарных дзён.

З 8 чэрвеня «Белгазпрамбанк» падняў ліміты на зняцце наяўнай валюты з картак у сваіх касах і банкаматах да 5000 долараў у суткі, у месяц — да 20 тысяч долараў. Цяпер сутачны ліміт дзейнічае на:

*зняцце наяўнай валюты за мяжой з картак у беларускіх рублях;
*папаўненне валютнай карткі беларускімі рублямі праз сэрвісы р2р-пераводаў;
*спісанне валюты з рублёвай карткі праз сэрвісы р2р-пераводаў;
*безнаяўную аплату ў валюце рублёвай картай на тэрыторыі Беларусі.

Банкі пачалі мяняць умовы адтэрміновак па крэдытах
Цяпер сярод уважлівых прычын для атрымання адтэрміноўкі некаторымі банкамі прапісана такая акалічнасць, як скасаванне працоўнага дагавора (кантракта) з крэдытаатрымальнікам (пасля заканчэння тэрміну дзеяння тэрміновага працоўнага дагавора або пры ліквідацыі прадпрыемства).

Таксама банк лаяльна паставіцца да сітуацыі атрымання крэдытаатрымальнікам сацыяльнага адпачынку з частковым захаваннем зарплаты, устанаўлення няпоўнага працоўнага часу, аб'явы прастою на тэрмін больш чым адзін месяц.

У ліку іншых падстаў для атрымання адтэрміноўкі па крэдыце:

— знаходжанне крэдытаатрымальніка ў адпачынку па доглядзе дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў;

— хвароба крэдытаатрымальніка альбо мужа (жонкі) крэдытаатрымальніка, якая пацягнула непрацаздольнасць крэдытаатрымальніка (або жонка) на тэрмін больш чым адзін месяц;

— меркаваныя ашуканскія дзеянні трэціх асоб пры афармленні альбо атрыманні крэдыту (пры наяўнасці афіцыйнага дакумента, які пацвярджае зварот крэдытаатрымальніка ў праваахоўныя органы і ўзбуджэнне крымінальнай справы).

Дае адтэрміноўку банк індывідуальна на падставе пісьмовай заявы крэдытаатрымальніка і прадстаўленых дакументаў.

Рашэнне прымаецца з улікам комплекснай ацэнкі параметраў крэдытнага дагавора, якая ўключае ў сябе інфармацыю аб пратэрмінаванай запазычанасці, праграме крэдытавання, астатку запазычанасці па крэдыце.

Як паведамляюць прэс-службы банкаўскіх устаноў, звароты кліентаў з просьбай даць адтэрміноўку па крэдытных выплатах паступаюць рэгулярна. Для падтрымкі кліентаў, якія трапілі ў складаную фінансавую сітуацыю, у банках ужо шмат гадоў дзейнічае праграма рэструктурызацыі запазычанасці. Яна прадугледжвае як адтэрміноўку пагашэння крэдыту на тэрмін да 1 года, так і падаўжэнне тэрміну яго пагашэння.

Умовы адтэрміноўкі банк падбірае індывідуальна, зыходзячы з кожнай канкрэтнай сітуацыі. Каб скарыстацца гэтай паслугай, крэдытаатрымальніку неабходна звярнуцца ў банк і падаць дакумент, які сведчыць яго асобу, а таксама дакументы, на падставе якіх можна зрабіць выснову аб пагаршэнні фінансавага становішча. Напрыклад, падыдзе даведка аб даходах, дакументы аб знаходжанні ў доўгатэрміновым адпачынку за свой кошт, дакументы аб страце месца працы або іншыя падставы.

Пра крэдыты

«Белінвестбанк» вярнуў крэдытныя прапановы па ўсіх крэдытных напрамках. Зноў крэдытуюць нерухомасць, у тым ліку куплю другаснага жылля. Пашыраецца партнёрская праграма, працягваецца льготнае фінансаванне па 240-м указе. Вяртаюцца спажывецкія крэдыты са стаўкамі 22,91—24,9 % і крэдыты на рэфінансаванне пад 24 % гадавых.

Падапечны Нацбанка — банк «Дабрабыт» вярнуў спажывецкі крэдыт «На асабістае» са стаўкай 35,99 % у год (34,99 % у анлайн-сэрвісе), але з афармленнем на працягу 1 гадзіны. Спажывецкі крэдыт выдаецца на тэрмін ад 6 да 60 месяцаў. Для афармлення крэдыту неабходны толькі мінімальны аб'ём дакументаў, а пры запыце сумы да 10 000 рублёў не патрабуецца даведка аб даходах. Максімальны памер сумы неабмежаваны. Адзін мінус — гэта памер кошту гэтых грошай. Кусаюцца. Год-два таму такую стаўку палічылі б залімітава высокай. Зараз крэдытныя прапановы ў дэфіцыце.

Адзін камерцыйны банк паведаміў аб новым крэдыце з паніжанай працэнтнай стаўкай. Крэдыт называецца «Лёгка плаціць», а стаўка — 29,9 % гадавых. Сапраўды ніжэйшая, чым па папярэднім крэдыце, але стаўка 29,9 % дзейнічае толькі ў першыя чатыры месяцы, а потым павышаецца да 39,9 %. Афармленне за гадзіну банк не абяцае, але фармальнасцяў няшмат.

«Белгазпрамбанк» вяртае «Карту пакупак». Партнёрская сетка гэтай карты растэрміноўкі — больш за 30 тысяч крам.

У тэму

Віртуальны «кашалёк» у айчынным выкананні

У многіх беларускіх банках кліенты зараз могуць атрымаць віртуальную картку плацежнай сістэмы БЕЛКАРТ.

Галоўнай перавагай віртуальнай карткі «БЕЛКАРТ-прэміум» з'яўляецца магчымасць аплаты ў сетцы інтэрнэт на сайтах беларускіх рытэйлераў і ў сетцы абслугоўвання плацежнай сістэмы «Мір» і яе плацежных сістэм-партнёраў у Расійскай Федэрацыі, Арменіі, Узбекістане, Казахстане, Кыргызстане, Таджыкістане, Турцыі і В'етнаме, а таксама магчымасць ажыццяўляць безнаяўныя пераводы на карткі беларускіх банкаў і карткі плацежнай сістэмы «Мір».

Віртуальная картка «БЕЛКАРТ-прэміум» — гэта, як правіла, картка ў беларускіх рублях тэрмінам на 1 год, анлайн-выпуск і доступ да ўсіх банкаўскіх аперацый у сістэмах дыстанцыйнага абслугоўвання — інтэрнэт-банк і мабільным дадатку сістэмы Mobіle. Характэрна, што абслугоўванне карткі робіцца без спагнання ўзнагароджання, а даход на рэшту сродкаў на рахунку — 0,01 % гадавых са штомесячнай капіталізацыяй.

Праўда, не заўсёды гэтая картка будзе абсалютна бясплатная для кліентаў. Як правіла (але ёсць і выключэнне), за паслугі банкаў па афармленні карткі спажыўцу прыйдзецца заплаціць. У гэтым выпадку трэба загадзя пацікавіцца пра такія тарыфы на дадзеныя паслугі непасрэдна ў вашым банку.

Папаўненне карткі магчыма наяўнымі грашовымі сродкамі ва ўстановах банка і ў інфакіёсках банка, а таксама шляхам безнаяўнага пералічэння грашовых сродкаў на рахунак праз сістэму АРІП.

Афармленне віртуальнай карткі «БЕЛКАРТ-прэміум» ажыццяўляецца імгненна без наведвання банка ў зручны для кліентаў час.

Аўтар: Сяргей Куркач
Звязда, 15 чэрвеня 2022


 

Кoличество переходов на страницу: 285