https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


«Зроблена ў Беларусі» становіцца нацыянальным брэндам


Штогод у другі чацвер лістапада адзначаецца Сусветны дзень якасці, які падкрэслівае стратэгічную важнасць пытанняў якасці і яе ўдасканалення для ўстойлівага развіцця эканомікі і грамадства. У 2023 годзе гэты дзень у Беларусі праводзіцца пад дэвізам «Якасць для будучыні».

«У гэтым дэвізе акцэнтуецца ўвага на тым, што якасцю трэба займацца пастаянна. Якасць нашай прадукцыі — гэта ўжо брэнд Беларусі. Выпуск толькі якасных тавараў, якія карыстаюцца попытам і адказваюць чаканням спажыўцоў. Такая прадукцыя дазваляе кампаніям-вытворцам быць упэўненымі ў сваёй будучыні, стварае іміджавую аснову для дасягнення яшчэ лепшай якасці», — адзначае першы намеснік старшыні Дзяржстандарту Алена Маргунова.

У лічбавым фармаце

Паводле яе слоў, у нашай краіне якасць — гэта эканамічная задача, важнасць якой разумеюць на самым высокім узроўні. У канцы верасня гэтага года Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка падчас рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць прапанаваў абвясціць наступны год Годам якасці.

Кірункі гэтай работы таксама пазначаныя ў прынятай на ўзроўні ўрада праграме «Якасць 2021—2025», нацэленай на пераўтварэнне айчыннай вытворчасці ў канкурэнтаздольны комплекс, які аператыўна і гнутка рэагуе на знешнюю кан'юнктуру і патрэбы ўнутранага рынку. Праграма ахоплівае як развіццё нацыянальнай інфраструктуры якасці, павышэнне кампетэнтнасці ў галіне якасці і эфектыўнага менеджменту, матывацыю і прапаганду ідэй якасці і дзелавой дасканаласці, так і праграмы павышэння якасці ў галінах.

Сёлета Дзяржстандартам і Беларускім Дзяржаўным цэнтрам акрэдытацыі праведзена вялікая работа па падрыхтоўцы новага законапраекта «Аб акрэдытацыі ў Нацыянальнай сістэме акрэдытацыі». У ім, у прыватнасці, пашыраецца суб'ектны склад заяўнікаў на акрэдытацыю, замацоўваюцца крокі, накіраваныя на лічбавізацыю акрэдытацыі.

Акрамя таго, у Беларусі распрацоўваецца лічбавая платформа стандартызацыі. Пра гэта паведаміў журналістам дырэктар Беларускага дзяржаўнага інстытута стандартызацыі і сертыфікацыі Аляксандр Скуратаў. Ён адзначыў, што такая платформа цалкам перавядзе жыццёвы цыкл стандарту ў электронную форму. «У гэтым кірунку ў нас плануецца ўвядзенне ў эксплуатацыю першых чэргаў на працягу 2024 года. Таксама я адзначыў бы лічбавую ініцыятыву ЕЭК, якая комплексна займаецца пытаннямі лічбавізацыі».

Аляксандр Скуратаў лічыць, што гаворка ідзе аб лічбавым тэхнічным рэгуляванні. І гэта сапраўды амбіцыйны праект. Па словах дырэктара ведамаснага інстытута, у рамках гэтага праекта ўжо ідзе практычная работа па адпрацоўцы канцэпцыі машыначытальнага лічбавага патрабавання. Сённяшняя задача — зрабіць гэтыя патрабаванні карыснымі для рэальнага сектара эканомікі і для аптымізацыі дзейнасці рэгулятараў у частцы ўпарадкавання працэсаў тэхнічнага рэгулявання.

На «перадавой» — вытворчыя гіганты

Галоўны спецыяліст упраўлення аховы працы і прамысловай бяспекі канцэрна «Белнафтахім» Аляксандр Шумілаў расказаў, што на іх прадпрыемстве, Гомельскім хімічным заводзе, упершыню ў нашай краіне была ўкаранёна і сертыфікавана сістэма кіравання энергетычнымі рэсурсамі. Гэта досыць складаны механізм, што сведчыць аб выдатнай якасці выпускаемай прадукцыі.

На прадпрыемстве «Крыён» ўкаранёна фармацэўтычная сістэма якасці. Гэта дазволіла заводу атрымліваць прадукцыю максімальнай чысціні, у ёй выкарыстоўваецца вадкі-медыцынскі кісларод.

А галоўны спецыяліст упраўлення знешнеэканамічных сувязяў і каардынацыі паставак на ўнутраны рынак канцэрна «Беллеспаперапрам» Алеся Валковіч адзначыла, што на іх прадпрыемстве паляпшэнне якасці прадукцыі ідзе паралельна з імпартазамяшчэннем. Напрыклад, на Добрушскай папяровай фабрыцы «Герой працы» выпусцілі цэлюлознае палатно, з якога можна рабіць прадукцыю санітарна-гігіенічнага прызначэння, а таксама цвёрды кардон для вытворчасці аднаразовага посуду. А раней такія тавары закупляліся за мяжой.

Найлепшыя на рынку Расіі

У наступным годзе будзе праведзены конкурс «Найлепшыя тавары Рэспублікі Беларусь на рынку Расійскай Федэрацыі», паведаміла Алена Маргунова.

«Для стымулявання дзейнасці арганізацый па павышэнні якасці і канкурэнтаздольнасці прадукцыі, работ і паслуг, укараненні сучасных метадаў кіравання якасцю развіваецца рэспубліканскі конкурсны рух у галіне якасці. Экспертныя камісіі ўжо праводзяць ацэнку дзейнасці арганізацый-прэтэндэнтаў на званне лаўрэата конкурсу на саісканне Прэміі Урада Беларусі за дасягненні ў галіне якасці ў гэтым годзе. Ацэнка праводзіцца па абноўленай мадэлі, якая з'яўляецца цяпер найбольш прасунутай і інавацыйнай сярод краін СНД», — сказала Алена Маргунова.

«У наступным годзе будзе дадзены старт новаму конкурсу «Найлепшыя тавары Рэспублікі Беларусь на рынку Расійскай Федэрацыі». Ён будзе праводзіцца Дзяржстандартам і Акадэміяй праблем якасці РФ у рамках праграмы «100 найлепшых тавараў Расіі». Лічым, што гэта ініцыятыва таксама сыграе станоўчую ролю як ва ўмацаванні нашых сумесных з Расстандартам намаганняў па павышэнні якасці прадукцыі і асваенні новых яе відаў, так і ў імпартазамяшчэнні і прадстаўленні нашай прадукцыі на рынку Расіі, узмацненні развіцця інтэграцыйных, кааперацыйных сувязяў», — сказала Алена Маргунова.

Аўтар: Сяргей Куркач
Звязда, 9 лістапада 2023


 

Кoличество переходов на страницу: 166