https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


«Зялёныя» ўжо не ў трэндзе. Чаму долар імкліва губляе пазіцыі?


Гегемонія амерыканскага долара разбураецца, заўважаюць кітайскія аналітыкі. Пра гэта паведаміла выданне «Хуацю шыбаа». «Кітай і Бразілія дасягнулі пагаднення аб вядзенні гандлю ў сваіх уласных валютах, адмовіўшыся ад долара ЗША ў якасці пасрэдніка», — нагадваюць аўтары кітайскага выдання. Аглядальнікі «Хуацю шыбаа» канстатавалі, што нават Індыя, якую амерыканскія палітыкі лічаць сваім партнёрам, таксама астыла да долара ЗША.

Прадстаўнікі Нью-Дэлі расказалі аб планах выкарыстоўваць рупіі ў гандлёвых здзелках з Малайзіяй. Не адстае і Кітай, які завяршыў сваю першую закупку за юані звадкаванага прыроднага газу ў французскай Total Energіes. Многія эксперты прагназуюць, што ідэя адмовы ад амерыканскай валюты будзе прыцягваць прыхільнікаў. Чаму долар губляе пазіцыі?

Стаўка на юань

Усё больш краін адмаўляюцца ад долара ў міжнародных плацяжах на карысць нацыянальных валют або, прынамсі, дэкларуюць такое жаданне. Справа не толькі ў апасенні санкцый: эканоміка ЗША больш не выглядае надзейнай, а цяперашняя глабальная фінансавая сістэма — справядлівай, адзначае еxpert.ru. Бразілія і Кітай, дзве краіны з узаемным тавараабаротам 150 мільярдаў долараў, заключылі пагадненне аб гандлі ў юанях. Адначасова юань абагнаў еўра і стаў другой валютай па аб'ёме ў рэзервах Бразіліі (пасля пакуль яшчэ не зрынутага долара). Яшчэ да 2018 года юаня не было ў рэзервах бразільскага ЦБ. Цяпер жа яго доля перавышае 5,3 працэнта. Гэта звязана з ростам эканамічных сувязяў паміж дзвюма краінамі.

Рашэнне аб пераходзе на гандаль юанямі Кітая і Бразіліі было ўспрынята як небяспечны для долара і ўсёй Амерыкі прэцэдэнт. Амерыканскі сенатар-рэспубліканец ад Фларыды Марка Рубіё з жахам заявіў, што Бразілія і Кітай ствараюць паралельную эканоміку, незалежную ад ЗША. «Усяго праз пяць гадоў мы ўжо не зможам нікому нічога дыктаваць санкцыямі. Таму што да таго часу будзе столькі краін, якія гандлююць сваімі грашыма, а не доларам, што мы проста не зможам накласці на ўсіх іх санкцыі», — заявіў ён.

Гісторыя з Бразіліяй, Кітаем і юанямі не адзінкавы выпадак. Кітай вядзе такі ж гандаль за юані з Расіяй, Пакістанам, Турцыяй і іншымі краінамі. Так, Паднябесная пачала купляць звадкаваны газ з ААЭ за юані. Здзелка прайшла на Шанхайскай біржы нафты і прыроднага газу: кітайскі нафтагазавы гігант CNOOC заключыў кантракт з французскім трэйдарам ЗПГ Total Energіes, і ў выніку КНР атрымала 65 тысяч тон звадкаванага прыроднага газу, закупленыя гэтым трэйдарам у ААЭ. Яшчэ ў снежні мінулага года старшыня КНР Сі Цзіньпін заклікаў узмацніць ролю Шанхайскай біржы нафты і прыроднага газу, і здзелка з Total Energіes стала першай ластаўкай. Акрамя таго, Кітай дамовіўся з Саудаўскай Аравіяй аб тым, каб плаціць за нафту ў юанях.

Уплыў юаня расце яшчэ дзякуючы таму, што Кітай актыўна крэдытуе ў юанях іншыя краіны: з 2000 да 2021 года Кітай выдаў экстранныя крэдыты 22 краінам, якія развіваюцца, прыкладна на 240 мільярдаў долараў. Агульны аб'ём кітайскіх крэдытаў ужо супастаўны з сумамі, што выдзяляюцца Міжнародным валютным фондам. У 2021 годзе МВФ выдзеліў на экстраннае крэдытаванне краін 60 млрд долараў, Кітай — 40 млрд.

Fіnancіal Tіmes піша, што пазіцыі юаня працягваюць умацоўвацца, афшорны рынак гэтай валюты складае ўжо 200 млрд долараў. Кітай паэтапна выбудоўвае глабальную сетку клірынгу і плацяжоў. У выніку ў найбліжэйшыя гады, паводле прагнозу СЕПР (Цэнтр даследаванняў эканамічнай палітыкі), можа сфарміравацца шматпалярны валютны свет.

Рупіі, рынгіты і дырхамы

На карысць такога прагнозу гаворыць і тое, што ад долара адмаўляюцца не толькі партнёры Кітая. Так, пазбавіцца ад долара ва ўзаемных гандлёвых разліках жадаюць Індыя і Малайзія: яны збіраюцца гандляваць за індыйскія рупіі. Двухбаковы гандаль паміж Індыяй і Малайзіяй складае 19,4 млрд долараў. Індыя ўжо расплачваецца рупіямі з Расіяй, Маўрыкіем, Іранам і Шры-Ланкай.

Акрамя таго, яна вядзе перагаворы з ААЭ аб частковым пераводзе гандлю на рупію і дырхам. У маі прадстаўнікі дзвюх краін правядуць сустрэчу на гэтую тэму. Гэта можа прывесці да таго, што ў хуткім часе доля рупіі ў міжнародных разліках вырасце. Праўда, рупія не можа звяртацца па-за межамі Індыі, і таму для разлікаў у ёй выкарыстоўваюцца рахункі, адкрытыя контрагентамі ўнутры краіны. Але гэтае пытанне, відаць, неўзабаве будзе вырашана.

Прэм'ер-міністр Малайзіі Анвар Ібрагім нядаўна заявіў, што вядзе перагаворы з Кітаем аб гандлі за малайзійскія рынгіты і юані. Анвар Ібрагім падкрэсліў, што ў Малайзіі «больш няма прычын працягваць спадзявацца на долар ЗША». Ён прапанаваў стварыць Азіяцкі валютны фонд — канкурэнта МВФ, які адказвае за забеспячэнне стабільнасці фінансавай сістэмы. Аб пераходзе на гандаль у юанях з Кітаем і ў рупіях з Індыяй задумаўся Егіпет. У гэтай краіне таксама абмяркоўваецца магчымасць выпуску юаневых аблігацый.

Спрабуюць заслупаваць месца для сваіх валют у міжнародным гандлі і іншыя краіны: Кенія вырашыла купляць нафту ў Саудаўскай Аравіі ў кенійскіх шылінгах. Прэзідэнт Кеніі Уільям Руто заявіў, што такія дзеянні знізяць попыт на долар ЗША і ў выніку долар стане больш даступным. Раней гэтая афрыканская краіна разлічвалася за паліва з Саудаўскай Аравіі і ААЭ толькі ў доларах.

Расія, якая апынулася пад санкцыямі, вядома ж, не засталася ўбаку ад гэтага трэнду. Яна перавяла гандаль на нацвалюты з Кітаем (тут у ход ідуць юані), а ўслед за ім — і з іншымі дружалюбнымі краінамі. У выніку, паводле даных Банка Расіі, доля «недружалюбных» валют у разліках па экспарце ўпала з 87 % у пачатку мінулага года да 48 % у яго канцы.

Зніжэнне долі долара ў міжнародных разліках стала сусветным трэндам пасля таго, як Расія пазбавілася вялікага аб'ёму сваіх валютных рэзерваў. Лідары краін па ўсім свеце выразна зразумелі: «Калі мы раптам акажамся непажаданымі Вашынгтону, у яго будзе магутны рычаг ціску на нас — ён можа пазбавіць нас большай часткі валютных рэзерваў».

Цяперашняя фінансавая сістэма, дзе ў цэнтры знаходзіцца дамінантны ва ўсіх разліках долар, пачала фармавацца яшчэ пасля Першай сусветнай вайны, а Другая сусветная толькі замацавала вяршэнства «зялёнага». У 1944 годзе прадстаўнікі 44 краін сустрэліся на амерыканскім горным курорце Брэтан-Вудсе. Там яны абмяркоўвалі, як аднаўляць сусветную эканоміку пасля вайны. Было вырашана, што Штаты як самая буйная эканоміка з вялізнымі залатымі запасамі зафіксуе кошт долара да золата. А іншыя краіны прывяжуць свае валюты да амерыканскай. Пасля гэтага краіны абавязаны былі трымаць долары ў рэзерве, каб падтрымліваць свой абменны курс.

У 1970-я гады ЗША адвязалі долар ад каштоўнага металу. Аднак «амерыканец» да таго часу глыбока ўкараніўся ў якасці рэзервовай валюты, і адмаўляцца ад яго ніхто не стаў. Але жаданне ЗША выкарыстоўваць сваю валюту як зброю здольнае зрынуць палітычных сапернікаў, аказалася мінай запаволенага дзеяння. Усё больш краін сёння прама гавораць аб сваім жаданні адысці ад цяперашняй глабальнай фінансавай сістэмы. «Кароль долар сутыкнуўся з паўстаннем», — піша індыйская газета The Hіndu Busіnesslіne.

Праклён для ўсіх

Яшчэ ў сакавіку мінулага года МВФ прагназаваў, што санкцыі могуць справакаваць паступовую адмову ад долара ў знешнім гандлі. Так, віцэ-прэзідэнт МВФ Гіта Гапінат казала, што яны могуць прывесці да з'яўлення дробных гандлёвых блокаў, якія выкарыстоўваюць іншыя валюты замест «зялёнага».

«Адміністрацыя Байдэна дапусціла памылку, выкарыстоўваючы як зброю долар ЗША і глабальную плацежную сістэму», — заявіў у канцы мінулага года інвестыцыйны стратэг і прэзідэнт Mіllennіum Wave Advіsors Джон Молдзін. Гэта прымусіць неамерыканскіх інвестараў і краіны дыверсіфікаваць свае актывы, дадаў ён.

«Звышсіла Амерыкі заключаецца ў долары. Менавіта ён дае Вашынгтону непераўзыдзеную эканамічную і палітычную моц. Злучаныя Штаты могуць увесці санкцыі супраць краін у аднабаковым парадку, выштурхнуць іх са значнай часткі сусветнай эканомікі... Уведзеныя супраць Расіі санкцыі і нарастанне супрацьстаяння з Кітаем прымушае гэтыя краіны адмаўляцца ад долара... І яны плануюць прыкласці максімальныя намаганні, каб і іншыя краіны рушылі ўслед іх прыкладу», — піша калумніст Washіngton Post Фарыд Закарыя. Амерыканскі «доларавы кароль» асуджаны, і вінаватыя ў гэтым самі ЗША, піша аглядальнік Le Fіgaro Рэно Жырар. Долар аказаўся па вушы замяшаны ў палітыку. Яшчэ ў 2014 годзе банк BNP заплаціў ЗША дзевяцімільярдны доларавы штраф за фінансаванне экспарту з Кубы, Судана і Ірана — краін, якія знаходзіліся пад эмбарга ЗША. Такім чынам, Штаты навязваюць свае правілы гульні іншым краінам і камерцыйным структурам.

Усе гэтыя заявы ўжо ніяк не могуць паўплываць на распачатыя тэктанічныя працэсы. Дэдаларызацыя паскараецца, падабаецца гэта Вашынгтону ці не падабаецца. Але ў першую чаргу гэты рух быў бы немагчымы без зніжэння эканамічнай моцы ўсяго блока развітых краін. За апошнія 30 гадоў доля краін БРІКС у сусветным ВУП павялічылася ўдвая, з 15 да 31 %, а доля краін G7 скарацілася амаль у паўтара раза, з 44 да 31 %. Пераломным стаў 2019 год, калі аб'яднанне абышло «сямёрку», і цяпер на яго прыпадае 31,5 % сусветнага ВУП, а на G7 — 30,7 %. І БРІКС працягвае расці: чакаецца, што да 2030-га яго доля можа дасягнуць 50 працэнтаў.

Паступова расце вага краін АСЕАН — яна пакуль невялікая, але сярод іх ёсць хуткарослыя дзяржавы з вялікім насельніцтвам накшталт В'етнама або Інданезіі. На форуме, арганізаваным сінгапурскім Інстытутам даследаванняў Паўднёва-Усходняй Азіі, экс-міністр замежных спраў Сінгапура Джордж Еа заявіў: «Долар — гэта праклён для нас усіх. Калі вы ператвараеце міжнародную фінансавую сістэму ў зброю, з'явіцца больш альтэрнатыў для яе замены і долар страціць сваю перавагу».

Міжнародныя аб'яднанні краін таксама ўсё часцей выступаюць з заявамі аб планаванай дэдаларызацыі. Так, летась краіны ЕАЭС дамовіліся аб паэтапным пераходзе ў разліках на нацыянальныя валюты. У сярэдзіне мінулага года заяўлялася, што аб'ём здзелак у нацвалютах ва ўзаемных нацыянальных разліках краін з гэтай арганізацыі павялічыўся да 75 працэнтаў.

Нядаўна інвестыцыйны банк ЗША Goldman Sachs заявіў у даследчай справаздачы для кліентаў, што рост папулярнасці крыптавалют заахвоціў цэнтральныя банкі па ўсім свеце ўкараніць лічбавыя валюты для дасягнення дэцэнтралізацыі долара. Як адзначыў «Жэньмінь жыбаа» анлайн» прафесар Інстытута эканомікі і фінансаў Сіаньскага ўніверсітэта Цзяатун (Сіаньскі транспартны ўніверсітэт) Цуй Цзяньцзюнь, будучая дыверсіфікацыя міжнароднай валютнай сістэмы залежыць ад збалансаванага развіцця сусветнай эканомікі.

Выдатна разумеючы, да чаго ўсё ідзе, экс-прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што долар «знішчаецца». Тое, што было немагчыма сабе ўявіць яшчэ некалькі гадоў таму, сёння, адзначыў Трамп, адбываецца «ў нас на вачах». Наступствы ад дэдаларызацыі 45-ы прэзідэнт ЗША ацэньвае як «найцяжэйшую паразу за 200 гадоў».

Тым часам стала вядома, што ў Тэхасе прапануюць увесці забяспечаную золатам лічбавую валюту. Адпаведныя законапраекты ўжо ўнесены ў мясцовы Кангрэс. Аб гэтым паведамляе Yahoo Fіnance.

Як піша ў сваім тэлеграм-канале палітолаг-амерыканіст Малек Дудакоў, дэдаларызацыя дабралася і да Штатаў. Эксперт лічыць, што «ў далейшым, калі больш штатаў рушаць услед прыкладу Тэхаса, гэта пагражае паслабіць пазіцыі долара і ўнутры Амерыкі».

Захар Бурак
Звязда, 23 красавіка 2023


 

Кoличество переходов на страницу: 206