https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Курс рубля: крутое піке


Бездань паміж рынкавым і афіцыйным курсамі рубля працягвае пашырацца — ужо больш за 50%. Па выніках сёньняшніх таргоў на дадатковай сэсіі Беларускай валютна-фондавай біржы рубель рэкордна патаньнеў адразу на паўтысячы пунктаў, перасягнуўшы нават паказьнік першых таргоў 14 верасьня.

Тады, нагадаем, курс рубля на падставе попыту і прапановы склаў 8600 за даляр, сёньня ён зафіксаваўся на адзнацы 8710. Між тым выйсьці на адзіны раўнаважны курс улады Беларусі абяцалі да 20 кастрычніка.

Пасьля першага тыдня біржавых таргоў Аляксандар Лукашэнка заяўляў літаральна наступнае: ураду і кіраўніцтву Нацыянальнага банку трэба яшчэ працаваць, каб даляр не абваліўся ніжэй за 5000. Аднак, намацаўшы дно беларускай фінансавай сыстэмы, даляр скочыў так шпарка, што паставіў пад пытаньне хуткі выхад на раўнаважны курс.

Фінансавы аналітык Кацярына Сьмірнова ў тэндэнцыях на валютным рынку ня бачыць чагосьці дзіўнага і кажа, што цяпер усё будзе залежаць ад таго, якую пазыцыю зойме Нацбанк — пакіне сытуацыю на волю рынку альбо вернецца да дырэктыўнага ўмяшаньня ў аб'ектыўныя працэсы:

"У прынцыпе, такая сытуацыя досыць заканамерная і чаканая, бо рост даляра мусіць быць з усіх аб'ектыўных прычын. Тое падзеньне, якое мы назіралі да гэтага, было яўна часовым. Шчыра кажучы, даляр два тыдні падаў з нармальных унутраных прычын. Па-першае, пэўным чынам стрымліваўся попыт на даляры, па-другое, рублі былі неабходныя прадпрыемствам у зьвязку з падатковым пэрыядам. Таму збольшага ўсё лягічна".

Карэспандэнт: "Сёньняшні абвал — за тыдзень да абвешчанага ўрадам тэрміну выхаду на раўнаважны курс. Слаба верыцца, што пры такім раскладзе курсы нават да канца месяца рэальна зблізіць…".

"Не, у рамках плаўнага збліжэньня гэта будзе, канечне, немагчыма. У рамках нейкіх дырэктыўных захадаў гэта таксама ня вельмі рэальна, таму што ў дадзенай сытуацыі Нацбанк зьвязаны пэўнымі абавязаньнямі і ня можа зараз праводзіць ні глыбокіх інтэрвэнцыяў, ні нейкага там абвальнага падзеньня. Таму пытаньне збольшага застаецца адкрытым".

Нацыянальны банк апынуўся перад дылемай. Ад часу травеньскай дэвальвацыі кошык валют (даляр, эўра, расейскі рубель) падаражэў на 11,98% — пры тым, што заканадаўча дазволены ліміт не павінен перавышаць 12%. Такім чынам, афіцыйнаму курсу замежных валют папросту няма куды расьці і Нацбанк мусіць альбо дабівацца пашырэньня вызначанага калідора, альбо замарозіць афіцыйны курс.

Прадказальнасьць нацыянальнай валюты — адно з патрабаваньняў крэдытораў, да якіх па пазыкі зьвяртаюцца беларускія ўлады. Але пакуль ня будзе адзінага курсу, пэрспэктыва атрымаць пазыку застаецца туманнай. Зь іншага боку, ураўнаважыць паралельныя курсы ўлады ня могуць бязь зьнешняга ўліваньня. У выніку, канстатуе эканаміст Сяргей Балыкін, кола замкнулася.

​​"Што далей? Натуральна, што беларускі рубель будзе падаць і падаць. Таму што для ўзмацненьня яго вартасьці няма аніякіх аб'ектыўных падставаў: і грошы друкуюцца, і інфляцыя раскручваецца, і кошты растуць. Так што, натуральна, беларускі рубель будзе падаць. Іншая справа — як ён будзе падаць? Ці ён абваліцца ў адначасьсе, ці ён будзе валіцца павольна? Калі дзяржава будзе прытрымлівацца палітыкі адміністрацыйнага стрымліваньня, то ён упадзе ў адначасьсе — трэба сказаць, што ў нейкі момант рухне вельмі-вельмі моцна. Калі ж дзяржава ня будзе такімі рэчамі займацца, калі ўлады будуць весьці больш-менш пісьменную эканамічную палітыку, то рубель будзе зьніжацца павольна і гэта ня так істотна адаб'ецца на жыхарах Беларусі".

Экс-кіраўнік банку "Эўрапейскі" Валеры Кругавы кажа, што кіраўніцтва Беларусі ня хоча рабіць высноваў з ранейшага досьведу. Па яго словах, з-за бескантрольнай эмісіі рубель скаланае ня першы раз, аднак дзеля падтрыманьня міту аб пабудове сацыяльнай дзяржавы ўлады зноў гатовыя ахвяраваць законамі рынку:

"Усё гэта ўрэшце скончыцца тым, што будуць рабіць разумныя твары, урэшце вернуцца да таго, што і было... зноў нешта абяцаць, карачыцца, але пры гэтым ламаць усіх — сябе ў тым ліку. А ўрэшце вернуцца да таго, што і было. Мы ж гэта ўсё ўжо праходзілі, калі рубель на працягу году 5—6 разоў зьмяняўся, абвальваўся. Дый што я буду гаварыць? Зазірніце ў сярэдзіну 1990-х і зразумееце, што ўсё гэта паўторыцца з той жа дакладнасьцю. Таму што адны і тыя ж людзі ўсім гэтым займаюцца, разумееце? Адзін і той жа чалавек, калі быць больш дакладным. А тое, што прыкрываюцца рознымі ермаковымі, івановымі, пятровымі і сідаравымі — якое гэта мае значэньне? У роўнай ступені ніякага значэньня для цяперашняй сытуацыі гэта ня мае".

Атрымаўшы зьвесткі зь біржы пра падзеньне рубля да адзнакі 8710 за даляр, асобныя камэрцыйныя банкі пачалі скупляць валюту па 8800 рублёў. Больш — 8900 рублёў — банкі давалі за амэрыканскую валюту толькі аднойчы: па выніках першых таргоў 14 верасьня.

Ігар Карней, Радыё Свабода
12 кастрычніка 2011




 

Кoличество переходов на страницу: 1254


Комментарии