https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Беларусь паслядоўна прытрымліваецца збалансаванага і міралюбівага курсу ў знешняй палітыцы


Беларусь паслядоўна прытрымліваецца збалансаванага і міралюбівага курсу ў знешняй палітыцы і гатова да ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з усімі краінамі свету без выключэння. Аб гэтым 5 кастрычніка заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прымаючы даверчыя граматы паслоў замежных краін.

Даверчыя граматы Прэзідэнту Беларусі ўручылі паслы Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, Венгрыі, В'етнама, Германіі, Грузіі, Зімбабвэ, Інданезіі, Казахстана, Літвы, Суверэннага Ваеннага Мальтыйскага Ордэна, Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў і Туркменістана.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што беларусаў адрознівае адкрытасць, добрасардэчнасць, спагадлівасць, гасціннасць і міралюбнасць. Менавіта гэтыя якасці пакладзены ў аснову знешнепалітычнай дактрыны краіны. "Наша асноўнае крэда ва ўзаемаадносінах з замежнымі партнёрамі — раўнапраўны і ўзаемапаважлівы дыялог", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы не прымаем націску і ўмяшання ва ўнутраныя справы", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, асабліва звярнуўшы на гэта ўвагу кіраўнікоў дыпмісій краін Еўрасаюза.

Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, сёння еўрапейская эканоміка сутыкнулася з сур'ёзнымі выклікамі. Можна пачуць нават меркаванні аб пагрозах цэласнасці Еўрапейскага саюза. "У гэтых умовах як ніколі важна аб'яднанне намаганняў краін усяго кантынента для барацьбы з фінансава-эканамічнымі цяжкасцямі, а таксама новымі трансгранічнымі праблемамі, — лічыць Прэзідэнт Беларусі. — І ўсе неабыякавыя і разважлівыя людзі гэта разумеюць, як і тое, што па суседстве з Еўрасаюзам дынамічна развіваецца канструктыўна настроены еўразійскі інтэграцыйны праект".

"У гэтай сітуацыі здзіўляе тая ўшчэрбнасць і тэндэнцыйнасць, з якой асобныя дзеячы ў Бруселі, якія, дарэчы, усё больш адрываюцца ад рэальных патрэб еўрапейскіх народаў, ацэньваюць падзеі ў нашай краіне", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Ментарскі тон і нібыта адзіна правільны заходні светапогляд колькі хочаце могуць навязвацца краінам, якія бачаць сябе ў будучым часткай Еўрасаюза. Але гэта не ў дачыненні да Беларусі, — падкрэсліў Прэзідэнт. — На шляху эвалюцыйных пераўтварэнняў, або, калі хочаце, мадэрнізацыі палітычнай і эканамічнай сістэмы, у інтарэсах нашага народа мы не будзем дзейнічаць па нечай указцы звонку".

"У той жа час мы адзіныя з еўрапейцамі ў разуменні канчатковай мэты нашых рэформ: умацаванне пазіцый Беларусі як сучаснай, адказнай, дэмакратычнай еўрапейскай дзяржавы. У нашым характары заўсёды адказваць узаемнасцю на добрыя і паважлівыя адносіны", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"Мы чакаем, што Еўрасаюз адмовіцца ад бессэнсоўнага націску на нашу краіну, зробіць захады для аднаўлення даверу да сябе як да сур'ёзнага партнёра і добрага суседа. І роля ў гэтым працэсе кіраўнікоў дыпмісій краін — членаў ЕС істотная", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт асабліва падкрэсліў, што Беларусь з'яўляецца неад'емнай часткай сучаснай вялікай Еўропы: "І мы падзяляем агульную адказнасць за яе будучыню, гатовыя актыўна ўзаемадзейнічаць з еўрапейскімі дзяржавамі ў інтарэсах працвітання і бяспекі ўсяго кантынента".

Звяртаючыся да дыпламатаў з краін Еўрасаюза, і ў прыватнасці да пасла Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі Бруса Бакнела, кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў: "Мы гатовы, калі вы да гэтага гатовы, з вамі супрацоўнічаць. Думаю, пара нам ужо адмовіцца ад гэтых стэрэатыпаў і стандартных абвінавачванняў з боку Еўрасаюза ў адрас Беларусі. Час ужо шукаць агульныя інтарэсы, я думаю — гэта галоўнае".

У той жа час у кароткай гутарцы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Літвы Лінасам Лінкявічусам Прэзідэнт Беларусі выказаў упэўненасць, што бакі справяцца з усімі праблемамі. "Думаю, нам нікуды не дзецца ад нашага супрацоўніцтва", — дадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што для Беларусі па-ранейшаму важнейшае значэнне мае ўмацаванне ўзаемавыгадных сувязяў на постсавецкай прасторы.

Прымаючы даверчыя граматы пасла Казахстана ў Беларусі Ергалі Булегенава, Прэзідэнт адзначыў, што Казахстан з'яўляецца даўнім сябрам і важнейшым стратэгічным партнёрам Беларусі ў Цэнтральнай Азіі. Ён звярнуў увагу на тое, што за апошні час удалося надаць якасна новую дынаміку двухбаковаму гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву.

"Мы зацікаўлены ў максімальным выкарыстанні пераваг еўразійскай інтэграцыі і ў бліжэйшы час разлічваем выйсці на сумесныя праекты не толькі прамысловай кааперацыі, але і ў энергетычнай сферы, у галіне новых тэхналогій і тэлекамунікацый, транспарту і лагістыкі, сельскай гаспадарцы.

"Нашы еўрапейская і еўразійская інтэграцыі павінны быць адзінымі", — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт выказаў надзею, што ва ўмовах Адзінай эканамічнай прасторы значна актывізуецца інвестыцыйнае супрацоўніцтва.

Звяртаючыся да пасла Грузіі ў Беларусі Давіда Катарыя, Аляксандр Лукашэнка выказаў вялікую зацікаўленасць у далейшым развіцці ўзаемавыгаднага дыялогу па самым шырокім спектры пытанняў. Кіраўнік беларускай дзяржавы лічыць, што трывалым фундаментам для гэтага з'яўляюцца дружалюбныя адносіны паміж народамі дзвюх краін. Ён таксама выказаў удзячнасць за тую каласальную падтрымку, якую Грузія аказвае Беларусі на міжнароднай арэне.

"Лічу, што сёння неабходна актывізаваць двухбаковыя кантакты па ўсіх напрамках. І, у першую чаргу, лакаматывам гэтаму павінна паслужыць эканоміка", — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы. Прэзідэнт падкрэсліў, што разлічвае на больш цесныя кантакты з грузінскім бокам.

Аляксандр Лукашэнка таксама пацвердзіў, што будзе ўсяляк старацца, каб Грузія вярнулася ў СНД. "Нехта там сказаў, што ў Грузіі ў парадку дня не стаіць пытанне па СНД. Я думаю, што калі сёння не стаіць, то заўтра можа з'явіцца", — лічыць кіраўнік беларускай дзяржавы.

"Тым больш, што СНД — гэта сёння арганізацыя без якіх-небудзь вялікіх канкрэтных абавязацельстваў. Тут можна весці дыскусіі па пытаннях, што датычацца ўсёй постсавецкай прасторы. А Грузію і я, і беларускі народ ніколі не адрывалі ад нашага мінулага, ад таго, што мы былі ў адной краіне. Думаю, гэта будзе нядрэнна, калі ваш прадстаўнік будзе працаваць у СНД", — сказаў Прэзідэнт.

"Я яшчэ раз пацвярджаю, што буду ўсяляк старацца, калі Беларусь, як гэта плануецца, будзе працаваць на чале СНД у будучым годзе, каб Грузія выкарыстала і гэты шлях нармалізацыі адносін не толькі з Расіяй, але і з усімі постсавецкімі дзяржавамі, з якімі ёй трэба нармалізаваць адносіны", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, сапраўды даверныя канструктыўныя адносіны звязваюць Беларусь і Туркменістан.

Сустрэчы на вышэйшым узроўні, якія сталі за апошнія гады рэгулярнымі, пацвярджаюць высокую ступень ўзаемаразумення і дружалюбны характар сувязяў паміж двума народамі. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на той факт, што рэалізацыя дасягнутых прэзідэнтамі дзвюх краін дамоўленасцяў надала беларуска-туркменскім адносінам стратэгічны характар.

Звяртаючыся да ўсіх дыпламатаў, Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што сумленная і адкрытая пазіцыя дасць магчымасць ім камфортна жыць і паспяхова працаваць на беларускай зямлі і адкрые перад імі ўсе дзверы. "Прынамсі, я буду гэтаму ўсяляк садзейнічаць, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Ваша эфектыўная штодзённая работа стане залогам канкрэтных вынікаў і дамоўленасцяў, якія адлюстроўваюць сапраўдную зацікаўленасць нашых народаў у развіцці ўзаемавыгадных адносін". Аляксандр Лукашэнка пажадаў дыпламатам поспехаў і падкрэсліў, што разлічвае на іх аб'ектыўнае і паважлівае стаўленне да Беларусі і перш за ўсё яе народа.

Паводле паведамленняў прэс-службы
Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і БЕЛТА.

Звязда, 6 кастрычніка 2012

 

Кoличество переходов на страницу: 1017


Комментарии