Рэкордная спякота і паўмільёна смерцяў. Як пашыраецца глабальнае пацяпленне?
Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш заклікаў да глабальных дзеянняў па барацьбе з экстрэмальнай спякотай, паколькі вельмі высокія тэмпературы «больш не з’яўляюцца з’явай аднаго дня, аднаго тыдня ці аднаго месяца». Пра гэта паведаміла інфармацыйнае агенцтва «Сіньхуа». «На Зямлі становіцца ўсё гарачэй і небяспечней для ўсіх і паўсюль, — заўважыў генеральны сакратар ААН. — Мільярды людзей сутыкаюцца з „эпідэміяй“ экстрэмальнай спякоты — яны паміраюць ад усё больш смяротных цеплавых хваляў, калі тэмпература ва ўсім свеце перавышае 50 градусаў».
Антоніу Гутэрыш адзначыў, што смяротная спякота, якая абрынулася на рэгіён Сахель, прывяла да рэзкага росту колькасці шпіталізацыі і смерцяў. Акрамя таго, былі пабіты тэмпературныя рэкорды на ўсёй тэрыторыі ЗША, у выніку экстрэмальных умоў надвор’я загінулі 1,3 тысячы паломнікаў падчас хаджу, былі закрыты турыстычныя славутасці ў найбуйнейшых гарадах Еўропы, а закрыццё школ па ўсёй Азіі і Афрыцы закранула больш за 80 мільёнаў дзяцей.
«Экстрэмальная спякота ўсё часцей наносіць урон эканоміцы, пагаршае няроўнасць, падрывае дасягненне мэт устойлівага развіцця і забівае людзей», — дадаў Гутэрыш. Па яго словах, ад спякоты, паводле ацэнак, памірае амаль паўмільёна чалавек у год, што прыкладна ў 30 разоў больш, чым ад трапічных цыклонаў.
«Экстрэмальная спякота — новая анамалія», — адзначыў генеральны сакратар ААН.
Гэта адбіваецца на дабрабыце людзей. Больш за 70 працэнтаў усіх работнікаў у свеце, ці амаль 2,5 мільярда чалавек, церпяць ад экстрэмальных тэмператур, вынікае з апублікаванага даклада Міжнароднай арганізацыі працы. Як толькі слупок тэрмометра паднімаецца вышэй за 34 градусы, прадукцыйнасць працы падае ўдвая, падлічылі навукоўцы.
Эканамічны ўрон расце ўслед за тэмпературай. ААН ацэньвае яго ў 2,4 трыльёна долараў да 2030 года. У 1990-х гэты паказчык быў у 10 разоў меншы.
«Зразумела, што спякота ўлетку старая як свет. Але экстрэмальная спякота прыходзіць усё часцей, яна становіцца ўсё больш маштабнай і працяглай. Яна падрывае эканоміку, тармозіць прагрэс, падсілкоўвае няроўнасць і забівае людзей», — адзначыў Гутэрыш.
Глабальнае пацяпленне набірае абароты. Кожны з апошніх 13 месяцаў быў цяплейшы, чым любы адпаведны месяц за ўсю гісторыю назіранняў за кліматам, паказалі некалькі тэмпературных баз даных, у тым ліку NASA і кліматычнага цэнтра Каперніка пры Еўрасаюзе. Да таго ж апошнія 12 месяцаў запар тэмпература на планеце перавысіла даіндустрыяльныя ўзроўні 1850–1900 гадоў больш чым на 1,5°. Мяжа ўмоўная, але менавіта яе спрабавалі ўтрымаць амаль усе краіны свету, калі ў 2015 годзе падпісвалі Парыжскае пагадненне аб барацьбе са змяненнем клімату.
У гістарычнай перспектыве нічога падобнага планета не перажывала ўжо сотні тысяч гадоў. Узяць, напрыклад, мінулы месяц. 21 ліпеня сярэднесусветная тэмпература на паверхні Зямлі паставіла новы рэкорд. Ён пратрымаўся роўна дзень — 22 ліпеня планета прагрэлася да 17,16 °C. Наступны дзень — 23 ліпеня — зноў аказаўся цяплейшы за папярэдні рэкорд, устаноўлены ўсяго год таму.
«Мяне асабліва ўражвае тое, як упэўнена тэмпературы апошніх 13 месяцаў б’юць усе папярэднія рэкорды, — адзначыў кіраўнік Цэнтра Каперніка Карла Буантэмпа. — Мы выйшлі на нязведаную тэрыторыю, дзе ў найбліжэйшыя месяцы і гады нас абавязкова чакаюць новыя сюрпрызы».
Апошнія дзесяць сярэднясутачных тэмпературных рэкордаў у гісторыі чалавецтва прыпалі на апошнія дзесяць гадоў — з 2015-га па 2024-ы. Новыя проста непазбежныя. Нават калі ліпень і наступныя месяцы акажуцца халаднейшыя за леташнія, у цэлым 2024 год з верагоднасцю 95% стане самым гарачым у гісторыі, прагназуе вядучае кліматычнае выданне Carbon Brіef.
Гіпатэтычная вайна Паўднёвай Карэі і КНДР абыдзецца свету ў чатыры трыльёны долараў
Першы год поўнамаштабнай вайны паміж Рэспублікай Карэя і КНДР можа абысціся сусветнай эканоміцы ў чатыры трыльёны долараў, што складае 3,9 працэнта сукупнага глабальнага ВУП. Такія ацэнкі гіпатэтычнага сцэнарыя прыводзіць агенцтва Bloomberg, паведаміла ТАСС. Гэта ў два разы больш, чым наступствы спецыяльнай ваеннай аперацыі ва Украіне, сцвярджае агенцтва. Адзначаецца, што паўнацэнная вайна на Карэйскім паўвостраве «вельмі малаверагодная». Аднак у выпадку канфлікту чалавечыя і эканамічныя страты будуць разбуральныя, мяркуе Bloomberg.
У вайне могуць загінуць мільёны. У сеульскай агламерацыі, якая знаходзіцца ў зоне паражэння артылерыі КНДР, пражывае прыкладна 26 мільёнаў чалавек — палова насельніцтва Паўднёвай Карэі. Агенцтва называе гэтую краіну «заводам паўправаднікоў, пабудаваным на геапалітычным разломе». Samsung Electronіcs пастаўляе каля 40 працэнтаў чыпаў DRAM і 33 працэнты мікрасхем памяці NAND у свеце. Прадукцыю паўднёвакарэйскай карпарацыі купляюць і ў ЗША, і ў Кітаі. На Сеул і яго наваколлі прыпадае 80 працэнтаў вытворчасці чыпаў у краіне і 34 працэнты прамысловай вытворчасці.
Агенцтва лічыць, што ў выпадку вайны на паўвостраве паўднёвакарэйскія заводы паўправаднікоў могуць стаць цэлямі для артылерыі КНДР і яе балістычных ракет малой дальнасці. Апошнія маюць дальнасць каля 250 кіламетраў. На працягу першага года канфлікту ВУП Рэспублікі Карэя можа скараціцца на 37,5 працэнта. Зніжэнне аб’ёмаў экспарту паўднёвакарэйскіх паўправаднікоў і іншых тавараў можа прывесці да памяншэння ВУП ЗША на 2,3 працэнта, вынікае з аналізу агенцтва.
Афрыка губляе давер да долара і пераходзіць на золата
Усё больш афрыканскіх дзяржаў закупляюць золата для папаўнення сваіх дзяржаўных рэзерваў, каб засцерагчы сябе ад рызыкі валютных страт. Яны апасаюцца, што ЗША выкарыстоўваюць долар у якасці інструмента палітычнага ціску. Аб гэтым паведаміла служба навін лічбавай біржавой платформы Money Metals Exchange (MME, спецыялізуецца на аперацыях з каштоўнымі металамі).
«Усё большая колькасць афрыканскіх краін ужываюць золата для хэджавання геапалітычных рызык і абароны ад валютных страт», — адзначаецца ў публікацыі. Нарошчваюць свае залатыя рэзервы ў бягучым годзе Зімбабвэ, Мадагаскар, Нігерыя, Танзанія, Уганда і Паўднёвы Судан. Так, у чэрвені Цэнтральны банк Уганды запусціў праграму па выкупе золата ў мясцовых арцеляў старацеляў, каб «ліквідаваць рызыкі, якія ствараюцца на сусветных фінансавых рынках». Урад Танзаніі аб’явіў аб планах закупіць шэсць тон золата за $400 млн, а міністэрства фінансаў гэтай дзяржавы сваёй дырэктывай абмежавала ўнутры краіны выкарыстанне долара ЗША. Улады Нігерыі таксама пачалі купляць золата для нарошчвання дзяржрэзерваў, каб пераадолець рызыкі ад аслаблення эканомікі краіны.
Адзначаецца, што кандыдат у прэзідэнты Ганы, дзейны віцэ-прэзідэнт краіны доктар Махамаду Бавумія заваёўвае давер электарату абяцаннямі ў выпадку перамогі на выбарах забяспечыць золатам валюту краіны. Улады Зімбабвэ такі крок ужо здзейснілі — з красавіка зімбабвійскі долар быў заменены на новую валюту, забяспечаную золатам, якая так і называецца, «зімбабвійскае золата» (ZіG, Zіmbabwe gold).
Згодна з заключэннем MME, афрыканскія краіны занепакоены тым, што ЗША ператвараюць сваю валюту ў зброю супраць іншых эканомік, а таксама рызыкамі, абумоўленымі раздзіманнем дзярждоўгу Злучаных Штатаў. Нагадаем, да аналагічных высноў нядаўна прыйшоў і савет выканаўчых дырэктараў Міжнароднага валютнага фонду. Паводле заключэння МВФ, высокі бюджэтны дэфіцыт, павелічэнне дзярждоўгу і гандлёвыя санкцыі ЗША, «ствараюць рызыкі не толькі для амерыканскай, але і для сусветнай эканомікі».
У Сінгапуры адобрылі ўжыванне ў ежу 16 відаў насякомых
Харчовы кантроль Сінгапура адобрыў ужыванне ў ежу чалавекам 16 відаў насякомых — ад цвыркуноў да конікаў, лічынак і мучных чарвякоў. Пра гэта паведамляе Reuters.
Па звестках харчовага агенцтва Сінгапура, усе насякомыя, ухваленыя для ўжывання ў ежу чалавекам, павінны вырошчвацца ў кантраляваных умовах, а не збірацца ў дзікай прыродзе. Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя паралельна з гэтым садзейнічае іх развядзенню для спажывання чалавекам і кармлення жывёл.
Цвыркуны і іншыя насякомыя ўжо даўно з’яўляюцца вулічнай ежай у Паўднёва-Усходняй Азіі, але не ў багатым фінансавым цэнтры, дзе імпарт прадуктаў харчавання строга абмежаваны з меркаванняў бяспекі і гігіены, адзначае Reuters. Сінгапурскі рэстаран House of Seafood стаў першай установай, якая ўключыла ў меню насякомых пасля таго, як харчовы кантроль горада-дзяржавы, абмяркоўваючы гэтае пытанне на працягу двух гадоў, усё ж ухваліў іх для ўжывання ў ежу.
Генеральны дырэктар House of Seafood распавёў, што кліентам падабаецца, калі ў стравах фігуруюць насякомыя. Напрыклад, поспех мае страва з тофу, якая падаецца так, быццам з яе выпаўзаюць насякомыя, а таксама страва з ліпкіх рысавых шарыкаў, усеяных шаўкапрадамі.
У 2019 годзе Сінгапур заявіў, што мае намер да 2030 года забяспечыць 30 працэнтаў сваіх харчовых запатрабаванняў (цяпер 90% харчавання імпартуецца). Эксперт па харчовай бяспецы Пол Тэнг заявіў, што насякомыя, безумоўна, могуць дапамагчы ў дасягненні гэтай мэты. «Большасць насякомых амаль поўнасцю складаецца з бялку», — адзначыў Тэнг, дадаўшы, што для таго каб зрабіць гэту альтэрнатыўную крыніцу бялку даступнай, неабходна наладзіць мясцовую вытворчасць.
Як вядома, ААН прызнала насякомых устойлівай крыніцай бялку для харчавання насельніцтва Зямлі, колькасць якога, паводле ацэнак, да 2050 года павялічыцца да 9,7 мільярда чалавек. Адзначалася, што глабальныя праблемы з харчовай бяспекай, выкліканыя экстрэмальнымі ўмовамі надвор’я і канфліктамі, павысілі цікавасць да эканамічнага харчавання, якое забяспечваюць насякомыя.
Падрыхтаваў Захар Бурак
Звязда, 31 ліпеня 2024
Кoличество переходов на страницу: 94
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |