https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Ці стане дзясяты год эўра апошнім годам яго існаваньня?


Роўна 10 гадоў таму, 1 студзеня 2002 году, былі ўведзеныя ў наяўны абарот банкноты і манэты еўра — адзінай валюты краін-чальцоў Эўрапейскага Зьвязу.

Сваю першую круглую гадавіну агульная эўрапейская валюта сустрэла ў сытуацыі вострага крызісу. Напрыканцы 2011 году лідэры Эўразьвязу сёлета прынялі новы плян па аднаўленьні даверу да гэтай валюты. Паводле ацэнак экспэртаў, у залежнасьці ад посьпеху ці правалу згаданага пляну Эўропа хутчэй за ўсё пойдзе двума магчымымі шляхамі. Яна або будзе працягваць пасьляваенны шлях сваёй усё большай палітычнай і эканамічнай інтэграцыі, або скоціцца ў даўнейшае мінулае, поўнае нацыяналістычных сварак. Гэта можа гучаць як цяжкі прагноз.

Але пасьля трох гадоў крызысу эўра ўсе, уключна з эўрапейскімі палітыкамі, зразумелі сур’ёзнасьць сытуацыі. Лідэры Эўразьвязу падкрэсьліваюць, што адзіны шлях наперад павінен быць супольны ня толькі для 17 краінаў эўразоны, але і для ўсіх 27 членаў Эўразьвязу. Так, неўзабаве пасьля прыняцьця пляну выратаваньня эўра старшыня Эўрапейскай камісіі Жазэ Мануэл Барозу заявіў у Страсбуры:

«Гэта не пагадненьне 17+, а пагадненьне 27—. На мінулым тыдні большасьць кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў краін-удзельніц паказалі сваю гатовасьць рухацца наперад да эўрапейскай інтэграцыі і фінансавай стабільнасьці саюзу. Яны паказалі, што хочуць больш Эўропы, а ня менш».

Новы плян, прыняты ў сярэдзіне сьнежня, мае на мэце аднавіць давер інвэстараў да Эўропы, ён прадпісвае «праблематычным» краінам жорсткі рэжым эканоміі і прадугледжвае санкцыі за яго невыкананьне. У выніку захаваньне эўразоны будзе азначаць беспрэцэдэнтную перадачу краінамі долі свайго сувэрэнітэту Брусэлю.

Не сакрэт, што многія краіны Эўразьвязу да гэта асабліва не імкнуцца. Сваю ролю адыгрывае і тое, што плян захаваньня эўра ўспрымаецца як выразна «нямецкая ініцыятыва»: навязваньне нямецкага парадку, дысцыпліны, беражлівасьці і працавітасьці ня надта спалучаецца з жыцьцёвай філязофіяй іншых краінаў, асабліва поўдню Эўропы. Акрамя таго, у самой Нямеччыне ўсё больш выразна гучаць патрабаваньні не перакачваць сродкі пацярпелым ад крызісу.

Усё большую неахвоту і няпэўнасьць праяўляюць і тыя краіны Эўразьвязу, што яшчэ не прынялі эўра. Так, прэм’ер Чэхіі Пэтр Нэчас заявіў, што ён асабіста супраць прапановы, каб кожная краіна ЭЗ унесла 200 мільярдаў эўра Міжнароднаму валютнаму фонду для наступных ін’екцый праблемным краінам. Хаця польскі ўрад гэтую самую прапанову падтрымаў, тысячы людзей выйшлі ў Варшаве на вуліцы, каб выказаць сваю нязгоду з пэрспэктывай цясьнейшай інтэграцыі з Эўразьвязам.

Большасьць эканамістаў, якіх апытала агенцтва Reuters напрыканцы 2011 году, выказалі меркаваньне, што ў 2012 годзе зона эўра ў яе цяперашнім выглядзе спыніць існаваньне і крызіс спасьцігне шэраг вядучых краінаў сьвету.

Этапы станаўленьня эўра

Першая маштабная спроба валютнай каапэрацыі была зробленая ў 1971 годзе, калі краіны-чальцы ЭЗ прынялі праграму паэтапнага стварэньня эканамічнага і валютнага саюзу да 1980 годзе.

Праграма прадугледжвала сінхранізацыю ваганьняў некаторых эўрапейскіх валют адносна валют іншых краін.

Наступным крокам на шляху да валютнага саюзу стала стварэньне ў 1979 годзе Эўрапейскай валютнай сыстэмы, якая павінна была стварыць зону эўрапейскай стабільнасьці з уласнай валютай. Цэнтрабанкі краін ЭЗ заключылі пагадненьне аб абмежаваньні ваганьняў валютных курсаў, быў уведзены правобраз эўра — адзіная разьліковая валюта экю.

Важнымі этапамі ў эўрапейскай інтэграцыі сталі працэдуры падпісаньня Адзінага эўрапейскага акту (Single European Act) у 1986 годзе і Маастрыхскай дамовы (Treaty on European Union) у 1992 годзе, якія заклалі асновы Эканамічнага і валютнага саюзу (Economic and Monetary Union, EMU) і адзінай эўрапейскай валюты.

У студзені 1994 году, у адпаведнасьці з Маастрыхскай дамовай, у Франкфурце-на-Майне быў створаны Эўрапейскі валютны інстытут, у задачы якога ўваходзіла кіраўніцтва праектам стварэньня адзінай валюты.

У 1995 годзе на саміце ЭЗ у Мадрыдзе былі ўзгодненыя назва новай валюты — «эўра», сцэнар пераходу да новай адзінай валюты і дата пачатку пераходу на эўра — 1 студзеня 1999 году.

Сцэнар пераходу да новай адзінай валюты прадугледжваў тры этапы. На першым этапе павінны былі праводзіцца падрыхтоўчыя мерапрыемствы. На другім этапе (з 1 студзеня 1999 года) прадугледжваўся пераход да эўра ў банкаўскай і фінансавай сфэрах, у безнаяўных разьліках. На трэцім этапе (з 1 студзеня 2002 году) было заплянавана поўнае ўвядзеньне адзінай валюты, увод у абарачэньне наяўных эўра (манэт і банкнот).

У чэрвені 1998 году быў заснаваны Цэнтральны банк Эўропы, які замяніў Эўрапейскі валютны інстытут. Яго штаб-кватэра знаходзіцца ў Франкфурце-на-Майне (Нямеччына).

Эўрарада на пасяджэньні ў Бруселі 1-2 траўня 1998 году прыняла рашэньне аб стварэньні Эканамічнага і валютнага саюзу (ЭВС) у складзе 11 дзяржаваў: Аўстрыі, Бэльгіі, Нямеччыны, Ірляндыі, Гішпаніі, Італіі, Люксэмбургу, Нідэрляндаў, Партугаліі, Фінляндыі і Францыі.

Дзьве краіны — Вялікабрытанія і Данія — таксама адпавядалі большасьці крытэрыяў для ўвядзеньня эўра, але адмовіліся ўвайсьці ў «зону эўра» у якасьці першых яе ўдзельнікаў. У Швэцыі і Грэцыі фінансавыя паказчыкі не адпавядалі неабходным патрабаваньням. Грэцыя далучылася да «зоны эўра» 1 студзеня 2001 году.

1 студзеня 1999 г у 00:00 гадзін па эўрапейскім часе краіны Эканамічнага і валютнага саюзу ўвялі адзіную валюту — эўра і пачалі выкарыстоўваць яе для безнаяўных разьлікаў. З гэтага моманту жорстка зафіксаваліся курсы нацыянальных валют краін-удзельніц адносна эўра, а сам эўра стаў самастойнай паўнапраўнай грашовай адзінкай. На гэтым этапе паралельна і раўнапраўна функцыянавалі і эўра і нацыянальныя валюты.

З 1 студзеня 2002 году ў абарачэньне былі ўведзеныя банкноты і манэты эўра, якія замясьцілі ранейшыя банкноты і манэты нацыянальных грашовых адзінак. Пэрыяд паралельнага абароту працягваўся да канца лютага.

З 1 сакавіка 2002 г. наяўны і безнаяўны эўра цалкам замянілі нацыянальныя валюты дванаццаці краін ЕЗ.

Пасьля 2002 году яшчэ некалькі краін увайшлі ў эўразону — Славенія (2007), Кіпр (2008), Мальта (2008), Славаччына (2009), Эстонія (2011). Паводле стану на 2011 год у зону эўра ўваходзяць 17 краін.

Акрамя гэтага, існуюць краіны, якія выкарыстоўваюць валюту эўра як сваю нацыянальную валюту. Да іх належаць карлікавыя дзяржавы Манака, Сан-Марына і Ватыкан.

У адрозьненьні ад банкнот, якія аднолькавыя для ўсіх краін эўразоны, манэты маюць адзін агульны бок, на якім пазначаная вартасьць манэты, і іншы — «нацыянальны». На ім зьмешчаная выява, якая адпавядае краіне, у якой выпушчана манэта.

З 2007 году абноўленыя манэты пачалі выпускаць новыя члены зоны эўра.

У аглядзе выкарыстаны матэрыялы «РИА-Новости».

Радыё Свабода, 2 студзеня 2012



 

Кoличество переходов на страницу: 1267


Комментарии