Так склалася, што гэта важная для беларусаў дата «схавалася» за самае любімае і доўгачаканае свята — Новы год. 1 студзеня за святочна-бліскучымі віншаваннямі мы мала згадваем пра іншую нагоду — менавіта ў гэты дзень у 1919 годзе было абвешчана аб стварэнні ССРБ — Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, якая стала пасля БССР, а крыху больш за трыццаць гадоў назад — Рэспублікай Беларусь. Атрымліваецца, 1 студзеня — ні больш, ні менш — дзень нараджэння нашай дзяржавы. І ў першы дзень 2024 года яна адзначае сваё 105-годдзе.
З загадчыкам аддзела навейшай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, кандыдатам гістарычных навук Сяргеем Траццяком мы гаварылі пра гэту дату і яе значэнне не аднойчы, у розных кантэкстах — да яе 100-годдзя было шмат публікацый. Мінула толькі пяць гадоў, але колькі ўсяго змянілася — і ў краіне, і ў свеце. Таму гэтым разам наша «юбілейная» размова атрымалася з папраўкай на сучаснасць.
— Сяргей Аляксандравіч, задам вам пытанне, якое звычайна гісторыкам не задаюць, бо гісторыя, як вядома, не церпіць умоўнага ладу. Што было б, калі б на тым зломе эпох у 1917–1920 гадах Беларусь пайшла па іншым шляху? Ці былі гэтыя іншыя шляхі ўвогуле і да чаго б яны ўрэшце беларусаў прывялі?
— Калі глядзець праз рэтраспектыву сённяшняга дня, тое, што адбылося 1 студзеня 1919 года, аказалася аптымальным варыянтам для Беларусі. Вы кажаце пра іншы шлях? Беларусь не разглядалася ні Польшчай, ні Германіяй, ні той жа Літвой, ні нават Украінай як самастойны акцёр геапалітычнай гульні і вялікай палітыкі. Тэрыторыя Беларусі была для іх разменнай манетай у гэтай самай гульні, і разлічваць на нейкую суверэннасць тут беларусам не даводзілася. Савецкая ж Расія абвясціла права народаў, якія ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі, на самавызначэнне, гэта права так ці інакш дазволіла рэалізаваць і нават паспрыяла гэтаму. Калі ў верасні 1917 года У.Ленін пісаў, што бальшавіцкі ўрад дасць поўную дзяржаўную свабоду і Украіне, і Фінляндыі, і Беларусі — то ўрэшце ён гэту праграму і рэалізаваў. Іншая справа, што сама рэалізацыя залежала ад вялікай колькасці тактычных і стратэгічных фактараў. Таму і атрымалася так, што 1 студзеня 1919 года Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусі паўстала, але ёй патрэбен быў пэўны час, каб стаць на ногі. А тады гэтага пэўнага часу ёй польска-савецкая вайна не дала. Так што, калі казаць пра будаўніцтва, станаўленне беларускай дзяржавы, яно адбылося ўжо ў 1920–1927 гадах. Прычым адбывалася, асабліва на самым пачатку, у складаных умовах — на невялікай частцы тэрыторыі, якую займалі этнічныя беларусы (спачатку, як ведаеце, гэта было ўвогуле толькі шэсць паветаў)...
— А што можна адказаць тым скептыкам, якія сцвярджаюць, што першым нацыянальным дзяржаўным утварэннем была БНР?
— Беларуская Народная Рэспубліка так і не спраўдзілася як дзяржава, ды і ў той сітуацыі яна ў тым выглядзе, у якім была заяўлена трыма ўстаўнымі граматамі, і не магла спраўдзіцца ў прынцыпе. Дарэчы, у лістападзе-снежні 1918 года Рада БНР спрабавала вялікую колькасць геапалітычных камбінацый. І федэрацыю з Украінай, і аднаўленне ВКЛ у новым выглядзе — Літоўска-Беларускай дэмакратычнай рэспублікі. Спрабавалі дамовіцца і з Польшчай, тым больш Юзаф Пілсудскі паўсюль разводзіў сваю федэралістычную рыторыку. Аднак высветлілася, што нічога рэальнага за ўсім гэтым няма.
Чаго не было ў БНР? У яе не было тэрыторыі, насельніцтва і пабудаванай сістэмы органаў публічнай улады — большасці асноўных фактараў, якія вызначаюць суверэнітэт. Быў урад, былі дэкларацыі аб намерах, былі мясцовыя беларускія рады, але не было дзяржаўнага арганізма. Што датычыцца ССРБ, то з самага пачатку ў яе была тэрыторыя — шэсць паветаў, але рэальная. У адрозненне ад БНР, якая абвясціла сваёй тэрыторыяй усю плошчу рассялення этнічных беларусаў, але гэта плошча ёй не належала, і рэальная ўлада там ажыццяўляцца не магла... У 1920 годзе, калі прагналі палякаў, ССРБ пачала ў поўнай меры рэалізоўваць сваю ўладу на тэрыторыі з насельніцтвам, якое гэтай уладзе падпарадкоўвалася. Пачалося будаўніцтва ўсіх органаў улады зверху данізу, пачалося стварэнне сістэмы ўласнага заканадаўства.
І пасля далучэння ўсходніх рэгіёнаў у 1924–1926 гадах на новых тэрыторыях не давялося нічога ствараць з нуля, бо ў тых шасці паветах ужо была зладжаная зразумелая сістэма кіравання.
— А ў той шалёны час, калі развалілася некалькі імперый і на іх абломках паўстала не адна новая краіна, у Беларусі былі нейкія шанцы стаць, вобразна кажучы, Швейцарыяй, і не заключаць пры гэтым ні з кім ніякіх саюзаў?
— Без саюзнікаў ніводнае дзяржаўнае ўтварэнне, якое ўзнікла б на нашай тэрыторыі ў выніку распаду імперыі, проста не ўтрымалася б.
З усіх бакоў былі мацнейшыя суседзі, якія мелі віды на гэтыя землі. Не трэба забываць і пра тое, што ССРБ стваралася на выпаленай вайной і разрабаванай нямецкай акупацыяй зямлі. У той жа Гродзенскай губерніі на пачатку 1919 года заставалася менш за палову даваеннага насельніцтва. Многія сельскагаспадарчыя землі прыйшлі ў запусценне, параслі хмызнякамі. Да таго ж, нямецкія акупанты, адступаючы, спрабавалі вывезці ўсё, да чаго толькі маглі дацягнуцца. Засталіся сведчанні, што з палаца ў Шклове вывезлі нават дзвярныя ручкі...
Савецкая Беларусь адразу пачала перагаворы з Савецкай Расіяй, паколькі ў разбуранай вайной краіне было вельмі складана будаваць дзяржаву ўласнымі сіламі і за ўласны кошт. Тым больш што трэба было вярнуць і тыя ўстановы, і тых бежанцаў, якіх вымела на ўсход, у Расію, Першая сусветная вайна.
— Мне здаецца, тут яшчэ сыграла і прыхільнасць да слова «сацыялістычная» — менавіта гэты новы грамадскі лад адкрываў для беларусаў перспектыву «людзьмі звацца»...
— Сапраўды, у Расіі пачалі будаваць сацыялізм, і адным з першых крокаў было правядзенне аграрнай рэформы («Зямля — сялянам» — адзін з галоўных рэвалюцыйных лозунгаў). Для беларуса свая зямля — гэта і мара, і самая вялікая каштоўнасць. І гэта было важным фактарам у прыхільнасці да саюза з усходнім суседам. Хоць, трэба заўважыць, што на пачатку на тэрыторыі ССРБ, а пасля Беларуска-Літоўскай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі, якая праіснавала зусім нядоўга, з зямельным пытаннем нарабілі памылак. Замест таго, каб перадзяліць памешчыцкую зямлю паміж сялянскімі гаспадаркамі (як у Расіі), урад нацыяналізаваў яе і пачаў арганізоўваць саўгасы. Прычым кіраўнікамі іх нярэдка станавіліся былыя памешчыцкія ўпраўляючыя, а то і самі памешчыкі... І гэта досыць моцна пахіснула аўтарытэт савецкай улады сярод тых жа сялян.
— Але гэта былі памылкі, на якіх вучыліся?
— Так, вучыліся — ужо ў 1921 годзе ўрад Чарвякова правёў перадзел зямлі на карысць сялянскіх гаспадарак. Саўгасы ў нейкім выглядзе засталіся, але сяляне атрымалі свае доўгачаканыя надзелы... Калі зноў вяртацца да пачатку размовы пра магчымыя варыянты... Польскія акупацыйныя ўлады аднаўлялі памешчыцкія землеўладанні, зноў робячы з беларускіх сялян беззямельных парабкаў. Больш за тое, яны патрабавалі ад сялян аплачваць памешчыкам урон, які тыя панеслі ад савецкай улады.
А БНР у сялянскім пытанні пракалолася на тым, што аказалася не ў стане ператварыць у жыццё абвешчаныя лозунгі аб «перадачы ўсёй зямлі працавітаму сялянству»...
— Літаральна праз тры гады пасля ўтварэння ССРБ увайшла ў склад СССР. І тут скептыкі заўважаюць, што ад самастойнай рэспублікі засталася адна дэкларацыя — усё цэнтралізавана стала падпарадкоўвацца Маскве...
— ССРБ, якая стала БССР, была такім жа раўнапраўным стваральнікам Савецкага Саюза, як і РСФСР, і Украінская ССР, і Закаўказская Федэрацыя. І ўвайшла яна ў склад Савецкага Саюза са сваімі органамі ўлады і сваёй Канстытуцыяй. Дарэчы, агульнасаюзная Канстытуцыя была прынята толькі ў студзені 1924 года, і толькі пасля гэтага Канстытуцыі рэспублік пачалі прыводзіцца ў адпаведнасць з ёй. У БССР выпрацоўка новай Канстытуцыі зацягнулася да 1927 года.
— І яна ўжо мала чым адрознівалася ад агульнай савецкай?
— У нашай Канстытуцыі было шмат палажэнняў, якіх не было ні ў агульнай, ні ў заканадаўстве саюзных рэспублік. Напрыклад, істотна адрозніваліся паўнамоцтвы органаў мясцовай улады, зямельныя стасункі. Расійскае заканадаўства (ды і саюзнае) зыходзіла з таго, што асноўным землекарыстальнікам на вёсцы з’яўляецца сялянская абшчына, а беларускае — што сялянскі двор. Пагадзіцеся, вельмі адрозны падыход. Сялянскі двор сам будаваў свае адносіны з землеўладальнікам — дзяржавай і іншымі сялянскімі дварамі.
— Гэта было, несумненна, добра для селяніна, але пасля, напэўна, ускладніла працэс калектывізацыі?
— Спробы калектывізацыі ў БССР рабіліся яшчэ ў 1920-я гады, калі наркамам земляробства быў Дзмітрый Прышчэпаў. Зыходзілі з таго, што асновай рассялення сялян па былых панскіх землях павінны стаць пасёлкі, якія, у сваю чаргу, бачыліся як аснова сельгаскааператываў. І ў 1927–1928 гадах Прышчэпаў агучыў думку, што невялікія кааператывы — гэта пройдзены этап, трэба пашырацца, ствараць калгасы. Але саюзная калектывізацыя, якая пачалася ў 1929-м, атрымала як аснову мадэль, распрацаваную для поўдня Расіі, стэпавай і чарназёмнай зоны, таму пачалі ствараць буйныя гаспадаркі, часам быў адзін калгас-гігант на цэлы раён. Яны былі не толькі эканамічна слабыя, але імі і кіраваць было немагчыма. А вось у БССР калгасы былі невялікія. Яны былі кампактныя, добра кіруемыя, гэта, як правіла, былі аб’яднанні жыхароў адной-дзвюх вёсак, якія добра ведалі адно аднаго. Магчыма, таму ў нас і не было голаду, які на пачатку 1930-х ахапіў Украіну і Паўночны Каўказ. Беларусь увогуле, у адрозненне ад той жа Украіны, была добра кіруемай рэспублікай. Ва Украіне ў канцы 1920-х — пачатку 1930-х гадоў адміністрацыйны ўклад быў такі, што ўсе 700 раёнаў падпарадкоўваліся непасрэдна сталіцы, і ў Харкаве нярэдка проста не ведалі, што робіцца на месцах...
— Тут варта ў нашай гутарцы закрануць яшчэ адну вельмі важную для беларусаў рэч — адукацыю. Для тагачаснага беларуса яна была гэткай самай каштоўнасцю і сімвалам дабрабыту, як і зямля...
— Развіццё нацыянальнай адукацыі трымалася не толькі на энтузіязме рупліўцаў — Карскага, Купалы, Жылуновіча, але, несумненна, і на адпаведнай дзяржаўнай палітыцы і адпаведных дзяржаўных мерах. Бальшавікі зыходзілі з пасылу французскага рэвалюцыянера Жоржа-Жака Дантона: народу пасля хлеба патрэбна асвета. Палітыка была ў тым, каб стварыць масавую народную інтэлігенцыю, запусціць, як сёння кажуць, сацыяльныя ліфты, якія дазволяць выхадцам з рабочых і сялян заняць адпаведныя вышыні ў грамадстве, сфармаваць новую — сацыялістычную — эліту. Адразу пасля абвяшчэння ССРБ пачалася работа па стварэнні Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, і ў 1921-м ён ужо пачаў дзейнічаць. У 1922 годзе быў створаны Інстытут беларускай культуры, які пачынаўся з 15 навуковых супрацоўнікаў. А ўжо ў 1929 годзе ён стаў паўнавартаснай Акадэміяй навук — і там ужо 128 навуковых супрацоўнікаў, прычым не толькі запрошаных ад суседзяў, але ўжо і сваіх, падрыхтаваных у тым жа БДУ. Падрыхтаваныя інжынеры з сялянска-рабочых сем’яў занялі кіруючыя пасады на новаствораных прадпрыемствах. Дарэчы, у гэтым плане вельмі паказальная перапіска членаў сем’яў, разарваных мяжой па Рыжскім дагаворы. З Савецкай Беларусі людзі пісалі: мой сынок вывучыўся на інжынера. Ці на настаўніка. Ці на ваеннага. А для беларусаў, якія жылі «пад Польшчай» гэта было сапраўднае недасяжнае дзіва: сялянскія дзеці выбіваюцца ў людзі, не адмаўляючыся ад таго, што яны беларусы, атрымліваючы адукацыю на роднай мове...
— Увогуле, мне здаецца, трэба гаварыць пра беларускі цуд і вывучаць гэта ў школе. Мы пабудавалі сваю дзяржаву, стварылі сваю нацыянальную адукаваную эліту літаральна за пару дзесяцігоддзяў, у той час, як іншым народам у той жа Еўропе спатрэбіліся на гэта стагоддзі...
— Ну, беларускі цуд, бадай што занадта, бо такі «цуд» здарыўся і з іншымі рэспублікамі Савецкага Саюза, якія дагэтуль не мелі ўласнай нацыянальнай дзяржаўнасці і якія менавіта ў гэтым аб’яднанні атрымалі магчымасць стварыць яе фактычна з нуля. Гэта і рэспублікі Сярэдняй Азіі, і каўказскія рэспублікі. Беларуская нацыянальная дзяржава — сапраўды прадукт першай паловы ХХ стагоддзя, але ўсё ж з практыкай гістарычных дзяржаўных утварэнняў.
— У кантэксце нашай размовы нельга не закрануць і тэму Вялікай Айчыннай вайны. Можна сказаць, што дзякуючы шляху, па якім пайшла Беларусь у студзені 1919-га, наш народ, нягледзячы на велізарныя страты, захаваўся і з гонарам называе сябе народам-пераможцам...
— Тут трэба сказаць, што акупацыя не знішчыла беларускай савецкай дзяржавы. Дзейнічаў урад, дзейнічалі кіруючыя партыйныя органы, прычым некаторыя на месцы, у падполлі. Дзяржаўная сістэма жыла, і як толькі стала магчымым, вярнулася і пачала ажыццяўляць кіраўніцтва рэспублікай, не дапусціла хаос, які хутка ўзнікае пасля вялікіх узрушэнняў... Вайна, канешне, была самым вялікім выпрабаваннем, але... Якая яшчэ з краін Еўропы і ўвогуле свету можа назвацца рэспублікай-партызанкай? Якая яшчэ з краін Еўропы і ўвогуле свету можа сказаць, што яна была раўнапраўным сузаснавальнікам ААН — не па чыёйсьці прыхамаці, а па праве? За дзесяць пасляваенных гадоў было не толькі адноўлена ўсё страчанае — рэспубліка набыла іншае аблічча, стала індустрыяльна-аграрнай часткай тэхналагічнага ядра ўсёй сацыялістычнай сістэмы.
— Скептык зноў скажа, што на гэта была воля Масквы. Але мне здаецца, што тут вялікую ролю іграла і ўласная нацыянальная эліта, якая стаяла на чале рэспублікі...
— Так, у нас была ўнікальная дзяржаўная эліта, якой больш ні адна з савецкіх рэспублік не мела. Так званая партызанская эліта, якая трымала рэспубліку ў сваіх руках сорак гадоў. Гэта людзі, якія ваявалі за сваю зямлю ў партызанскіх атрадах, якія гатовы былі загінуць за яе, і таму ў мірны час, будучы, несумненна, савецкімі патрыётамі, дбалі найперш пра сваю родную рэспубліку. Менавіта гэта эліта ўзяла курс на звышіндустрыялізацыю БССР і змагла аргументаваць гэта на саюзным узроўні. Адзін прыклад: менавіта кіраўніцтва Савецкай Беларусі ў свой час адстаяла БелАЗ. У Маскве ў 1970-я гады ўжо было гатова рашэнне аб закупцы для СССР велікагрузных самазвалаў у Японіі — так, маўляў, танней. Але прынцыповая пазіцыя беларускіх кіраўнікоў і навукоўцаў-машынабудаўнікоў даказала, што БелАЗ хаваць рана.
— І гэтыя прынцыповыя беларускія кіраўнікі і навукоўцы — фактычна дзеці тых самых непісьменных сялян, якім рэспубліка, створаная 105 гадоў назад, дала магчымасць атрымаць адукацыю і стаць тымі, кім яны сталі.
— Сапраўды, гэта генерацыя партызан-кіраўнікоў на чале з Пятром Машэравым — практычна ўсе сялянскія дзеці, народжаныя ў 10-я гады ХХ стагоддзя, якія вучыліся і абіралі свой шлях ужо ў Савецкай Беларусі... Ды ў нас і сёння большасць эліты — унукі, праўнукі тых сялян. Мо таму і сёння так дбаюць пра сваю краіну — спраўджаную мару продкаў «людзьмі звацца»?
— Гаворачы пра час сённяшні. Калі б вам давялося выступаць перад аўдыторыяй і даказваць, што 1 студзеня 1919 года — знакавая для беларусаў дата, якія аргументы са спасылкай на сучаснасць вы прывялі б найперш?
— Я прапанаваў бы адказаць на простыя, здавалася б, пытанні. Ці можа краіна без уласнай дзяржавы адстаяць саму сябе? Ці можа народ, які не мае ўласнай дзяржаўнасці, захавацца як народ? Паглядзіце на тое, што робіцца ў свеце, і стане зразумела, што гэта немагчыма. Чым не нагода больш паважліва і ўважліва ўгледзецца ў сваю гісторыю?
Гутарыла Алена Ляўковіч
Звязда, 1 студзеня 2023
Кoличество переходов на страницу: 147
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |