https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Беларусь чакае ў сакавіку рэкордных аб`ёмаў вытворчасці і рэалізацыі калійных угнаенняў


Беларусь не пойдзе на стварэнне ў Маскве сумесных кампаній па продажы калійных угнаенняў. Аб гэтым заявіў 6 сакавіка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па пытанні эфектыўнага функцыянавання калійнай галіны, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

"Апошнім часам у сродках масавай інфармацыі з'явілася інфармацыя аб тым, што беларусы з расіянамі ледзь ці не аднавілі сумеснае прадпрыемства па продажах і ледзь ці не ствараюць новую кампанію з рэгістрацыяй у Маскве. Хачу адназначна сказаць, што гэта поўная хлусня! Аб гэтым я чую першы раз са сродкаў масавай інфармацыі і хачу дадаць толькі адно, што ніякіх сумесных кампаній у Маскве мы ствараць не будзем", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У той жа час Прэзідэнт адзначыў, што беларускі бок адкрыты для перагавораў, перш за ўсё з расійскімі калегамі. "Мы гатовы аж да аднаўлення нашага супрацоўніцтва, як гэта было ў лепшыя гады, але такая кампанія будзе створана, калі будзе, то толькі ў Мінску, - сказаў ён. - Ніякіх замежных кампаній мы ствараць не будзем. Мы навучаны горкім вопытам работы".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што мэтай гэтай нарады з'яўляецца дэталёвы аналіз стану спраў у калійнай галіне і выпрацоўка канкрэтных мер па павышэнні эфектыўнасці яе работы. "Нельга забываць, што адной з важнейшых крыніц паступлення валюты і фарміравання дзяржбюджэту з'яўляецца наша калійная прамысловасць", - сказаў ён.

У той жа час Прэзідэнт дадаў, што хацеў бы шырэй паглядзець на праблемы беларускай калійнай сферы ў тым плане, што будуецца новае прадпрыемства ў Беларусі і плануецца развіваць яшчэ адно радовішча (Прыпяцкае).

"Нам удалося, напэўна, змяніць сітуацыю і аднавіць продажы, праўда, па паступленні валюты ў краіну мы недацягваем, але па вытворчасці і рэалізацыі, тым больш у сакавіку, факты сведчаць, што нам удалося нечакана паспяхова вырашыць гэта пытанне", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што мінулы год быў вельмі складаным "з-за непрыстойнай пазіцыі ўладальнікаў і кіраўніцтва "Уралкалія", што прывяло да вялікіх страт не толькі беларускай кампаніі, самога "Уралкалія", але і абваліўся рынак калійных угнаенняў ва ўсім свеце. "Да такога павароту мы былі не зусім гатовы. Таму нам спатрэбіўся час, праведзена цяжкая работа па выхаду са становішча, якое склалася", - сказаў Прэзідэнт.

Ён канстатаваў, што ў чацвёртым квартале 2013 года аб'ём экспарту калійных угнаенняў у фізічнай вазе вырас на 13 працэнтаў у параўнанні з аналагічным перыядам 2012 года. Паводле яго слоў, яшчэ большы прырост дасягнуты ў студзені-лютым бягучага года - на 25 працэнтаў у параўнанні з аналагічным перыядам 2013 года. "Сакавік бачыцца рэкордным у вытворчасці і рэалізацыі калійных угнаенняў", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

У той жа час Прэзідэнт выказаў занепакоенасць тым фактам, што на фоне павелічэння фізічных аб'ёмаў экспарту прыток валюты ў краіну не адноўлены. Звяртаючыся да прысутных на нарадзе, Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў далажыць, што прымаецца для нарошчвання валютнай выручкі, ці выпрацавана аптымальная стратэгія продажаў з улікам сучасных тэндэнцый сусветнага калійнага рынку, якая цэнавая палітыка беларускага боку і што робіцца для замацавання на ключавых рынках, у прыватнасці ў Бразіліі, Індыі, Кітаі.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся таксама мерамі па павышэнні эфектыўнасці работы тавараправоднай сеткі. "Камітэт дзяржкантролю адзначае павелічэнне колькасці пасрэднікаў - гэта недапушчальна! Калі на нейкім складаным этапе гэта было нармальна, то сёння ад гэтага трэба адыходзіць. Трэба выходзіць на прамыя кантакты, ніякіх неапраўданых пасрэднікаў быць не павінна. А калі пасрэднікі і будуць, то гэта павінен быць самы мінімум", - адзначыў кіраўнік дзяржавы. Ён лічыць, што трэба больш энергічна выкарыстоўваць прамыя гандлёвыя сувязі вытворцаў і спажыўцоў угнаенняў, знаходзіць больш выгадныя шляхі вырашэння існуючых праблем.

Прэзідэнт таксама пацікавіўся, як вырашаюцца пытанні кадравага забеспячэння калійнай галіны. "Хачу звярнуць увагу тых, хто мяне інфармуе і дакладвае аб тым, што, маўляў, у нас людзі неразумныя і ў нас няма спецыялістаў па продажах калійных угнаенняў. Спыніце гэту пісаніну і ныццё! У нас дастаткова людзей, якія ўмеюць не толькі прадаць тавар, але і якасна яго вырабіць, а гэта значна складаней. І калі нашы шахцёры і спецыялісты ў Салігорску вырабілі добры тавар, а хтосьці не ўмее дагаварыцца і прадаць тавар - грош таму цана. Я проста чытаю такія опусы і адкладаю ўбок і ім не веру", - сказаў Прэзідэнт.

"Гэта нейкая інертнасць: вось у нас няма спецыялістаў. Ёсць у нас спецыялісты ў дастатковай колькасці! Яны знаходзяцца ў пасольствах Беларусі за мяжой", - дадаў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што міністру замежных спраў Уладзіміру Макею і яго намесніку Валянціну Рыбакову было персанальна даручана заняцца пытаннем рэалізацыі калійных угнаенняў. Прэзідэнт запатрабаваў далажыць, як выканана яго даручэнне.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што чакае ад удзельнікаў нарады аб'ектыўнага аналізу работы калійнай галіны, канкрэтных прапаноў па павышэнні яе эфектыўнасці і пераадоленні негатыўных тэндэнцый.

6 сакавіка 2014, Мінск
БЕЛТА


 

Кoличество переходов на страницу: 985


Комментарии