https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Сёння дэвальвацыя прынясе больш праблем рэальнаму сектару, чым карысці


Найбольш яўным фактарам, які характарызуе сітуацыю, што краіна атрымала сёння, на думку намесніка старшыні Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі, аналітыка Георгія Грыца, з'яўляецца рост адмоўнага гандлёвага сальда. Адмоўнае сальда кажа пра тое, што рэспубліка спажывае больш, чым вырабляе. І адсюль, зазначае аналітык, ужо следства — тое, што залатавалютныя запасы краіны недастатковыя, што ў нас назіраецца дэфіцыт валюты на рынку.

— І прычынай гэтага, мабыць, з'яўляецца макраэканамічны стан беларускай эканомікі, — кажа Георгій Грыц. — На жаль, трэба прызнаць той факт, што глабальны крызіс наклаўся яшчэ на ўмовы ўзмацнення жорсткасці гандлю з Расіяй, у першую чаргу, энерганосьбітамі і сыравінай. І гэтая сукупнасць, гэты тандэм прывёў да таго, што беларуская эканоміка аказалася вельмі ранімай.

— Разам з тым з пачатку года, у прыватнасці, для павелічэння залатавалютных рэзерваў, як адзначаюць у Нацыянальным банку, прымаўся шэраг захадаў. Адначасова цяпер праводзіцца праца па прыцягненні дзяржаўных крэдытных рэсурсаў ад Расіі і Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС. Магчыма, усё гэта разам, а таксама іншыя захады здольныя змяніць сітуацыю да лепшага?

— Ілюзія наконт таго, што выдзеліцца расійскі транш на 1 мільярд долараў і сітуацыя вернецца на свае кругі, не адпавядае ісціне. Для таго, каб "увайсці ў ваду" 2010 года, як паказваюць разлікі, неабходна не менш за 4 мільярды долараў. Я б падумаў, што больш сур'ёзна для эканомікі: тое, што насельніцтва не можа купіць наяўную валюту, ці тое, што адчуваюць сур'ёзныя праблемы суб'екты гаспадарання. Па наступствах для нацыянальнай эканомікі другі канал больш істотны: калі мы зараз сарвём нармальны працоўны цыкл апошніх, наступствы, на мой погляд, могуць у прынцыпе быць незваротнымі. Што датычыцца множнасці курсаў, то, на жаль, сёння гэта дадзенасць, і, мяркую, у бліжэйшы год нам, мабыць, прыйдзецца з ёй жыць.

— У такім разе, якое выйсце, на ваш погляд, з гэтай дадзенасці, якія інструменты па выпраўленні сітуацыі ёсць у дзяржавы?

— Мы лічым (і чуем гэта часам ад некаторых чыноўнікаў), маўляў, перажылі нешта падобнае раней і цяпер перажывём, пачнём рэгуляваць. Але, на вялікі жаль, інструментаў у дзяржавы становіцца з кожным нарматыўным міжнародным актам усё менш. Мы ўжо жывём ва ўмовах Мытнага саюза, ідзём да Адзінай эканамічнай прасторы, і трэба дакладна разумець, што першы і другі саюз адпавядаюць правілам Сусветнай гандлёвай арганізацыі, згодна з якімі забаронена субсідзіраваць нацыянальныя суб'екты гаспадарання. Гэта значыць, што сёння фактычна выкарыстоўваць інструмент дзяржпадтрымкі не скажу, што немагчыма, але вельмі складана.

Найбольш просты і рацыянальны спосаб, які не прыносіць знешніх праблем, — скарачэнне бюджэтаў. Тое, што і робіць урад: міністр эканомікі заявіў пра скарачэнне на 50 працэнтаў дзяржпраграм. Але нават гэты просты крок дастаткова неадназначны. Калі ва ўмовах той жа Адзінай эканамічнай прасторы суб'екты гаспадарання вымушаныя канкурыраваць, дзе дзяржава ў адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі выводзіцца за рамкі гэтых узаемаадносін, то задача нумар адзін для нас, я б нават сказаў, пытанне выжывання нацыянальнай эканомікі — за сціслы тэрмін стварыць нацыянальных канкурэнтаздольных вытворцаў. А мы бяром і нацыянальныя праграмы падтрымкі рэальнага сектара скарачаем. Узнікае наступнае пытанне: што — яны нам не патрэбныя?.. Таму, мабыць, калі казаць пра скарачэнне расходаў, то неабходна скарачаць дзяржапарат. Але сёння пры існуючай ролі дзяржапарату ён перагружаны. Гэта значыць, яго скарачэнне павінна прадугледжваць змяншэнне функцый, не павінна быць проста аўтаматычнага скарачэння пры выкананні тых жа функцый.

У прынцыпе, бязбольнае для нацыянальнай эканомікі, балючае, магчыма, для таго стану, да якога прызвычаілася насельніцтва, як гэта ні сумна, але гэта сусветны вопыт, неабходна "рэзаць" сацыяльныя праграмы. Аднак, вядома, не "па жывому". Гэта балючая тэма, непапулярная, але, на мой погляд, трэба ў большай ступені весці гутарку аб змяншэнні сацыяльных праграм, чым праграм падтрымкі рэальнага сектара. Таму што тое, што зараз прапануе Мінэканомікі, — гэта неадкладныя інтарэсы, тое, што спадабаецца электарату. Аднак балючае для рэальнай эканомікі, якая ў будучыні і будзе плаціць падаткі, ствараць працоўныя месцы. Другі варыянт складаны для насельніцтва, але ён больш прыярытэтны з пункту гледжання нацыянальных інтарэсаў.

Паглядзіце выступленне Прэзідэнта краіны на чацвёртым Усебеларускім сходзе. Ён сказаў вельмі смелыя рэчы, але чамусьці фактычна не сталі развіваць выступленне кіраўніка дзяржавы. Ён, у прыватнасці, сказаў, што, па-першае, мы жылі і жывём не па сродках, і, па-другое, што сёння неабходна змяняць структуру эканомікі, савецкая эканоміка сёння не можа забяспечваць належны ўзровень жыцця і ўзровень канкурэнтнасці беларускіх прадпрыемстваў і насельніцтва. Гэта значыць, трэба будаваць эканоміку нацыянальнай бяспекі. Гэта павінен быць прыярытэт. Будаваць эканоміку бяспекі ва ўмовах дэфіцыту валютных рэсурсаў — значыць, пераразмяркоўваць рэсурсы. Але зноў-такі, пераразмяркоўваць з улікам таго, што на першым месцы павінен быць рэальны сектар. Калі мы хочам будаваць сістэму, як у Швейцарыі, калі фінансавы рынак у нас будзе карміць усіх, то значыць, трэба закрываць прадпрыемствы. У такім разе ўзнікае наступнае пытанне: куды падзець дзясяткі, сотні тысяч людзей?..

На жаль, мы шмат гаворым пра прыярытэты будаўніцтва новай эканомікі, але гэтых прыярытэтаў няма, мы даём кожнай сястрыцы па завушніцы — і фармацэўтыка, і транспарт, і машынабудаўніцтва... Сёння ў нас у краіне 20 галін, і ўсе яны цягнуць руку па дапамогу. Аднак неабходна дакладна прызнаць, што для ўсіх 20 галін грошай сёння няма і яны не з'явяцца, у першую чаргу, яшчэ раз падкрэслю, з-за ўзмацнення жорсткасці ўмоў гаспадарання з пункту гледжання падаражання энерганосьбітаў, у тым ліку пераразмеркавання пошлін, і, па-другое, з пункту гледжання дыстанцыявання дзяржавы ад умяшальніцтва ў гаспадарчую дзейнасць прадпрыемстваў.

— А як вы ставіцеся да яшчэ аднаго рэцэпта, які "прапісваюць" краіне — дэвальвацыя нацыянальнай валюты?

— Сапраўды, дэвальвацыя — гэта класічны макраэканамічны інструмент, які павышае канкурэнтаздольнасць нацыянальных вытворцаў. Але ва ўмовах Беларусі гэты інструмент ужо не працуе. Больш за тое, ён сёння прынясе больш праблем рэальнаму сектару, чым карысці. Дэвальвацыя нацыянальнай валюты адначасова робіць даражэйшым імпарт. У нас жа ўзровень імпарту, у залежнасці ад сектараў эканомікі і асобных прадпрыемстваў, — ад 65 да 92 працэнтаў. Такім чынам, замест таго, каб выправіць сітуацыю, мы, наадварот, можам яе толькі пагоршыць.

Ігар Шчучэнка
Звязда, 6 красавіка 2011



 

Кoличество переходов на страницу: 1054


Комментарии