https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Беларусы расчараваліся ў доларах


Менавіта да такіх высноў прыйшлі спецыялісты грамадскай арганізацыі «Усе банкі Беларусі». Чым жа запомніўся ў плане валютных плыняў і ваганняў мінулы год? Спачатку па гарачых слядах успомнім усе рэкордныя фінансавыя паказчыкі. Па-першае, фізічныя асобы ў снежні мінулага года прадалі банкам краіны 1 мільярд 76,3 мільёна долараў, што перавысіла продажы ў снежні годам раней на 288,3 мільёна долараў і стала чарговым гістарычным максімумам.

За мінулы год насельніцтва стала чыстым прадаўцом валюты ў аб'ёме амаль 54 мільёнаў долараў

Дарэчы, продаж валюты трымаецца на высокім узроўні ўжо некалькі месяцаў. У лістападзе насельніцтва рэалізавала валюты на 4,3 млн долараў менш, чым у снежні. Гэта паказвае на істотнае змяненне стаўлення жыхароў краіны да валютных зберажэнняў. Многія расчараваліся ў гэтай валюце, што тлумачыцца, відаць, значнай доларавай інфляцыяй — некаторыя тавары, якія не ўваходзяць у склад тавараў першай неабходнасці, падаражэлі за год у доларах на дзясяткі працэнтаў.

У параўнанні з лістападам насельніцтва купіла валюты ў снежні мінулага года на 79,3 мільёна долараў больш, а ў параўнанні са снежнем 2020 года — на 26 мільёнаў долараў больш. Як адзначаюць эксперты Нацбанка, павелічэнне попыту на валюту з'яўляецца ў значнай ступені традыцыйнай з'явай для канца года.

Такім чынам, жыхары краіны ў снежні мінулага года рэалізавалі валюты больш (на 31,4 мільёна долараў), чым набылі. Усю другую палову года яны прадавалі валюту, хоць у першай палове года куплялі. У выніку за год яны аказаліся чыстымі прадаўцамі валюты ў аб'ёме 53,4 мільёна долараў.

Арганізацыі прадаюць валюты яшчэ больш, але не ў снежні

Па статыстыцы Нацбанка, суб'екты гаспадарання — рэзідэнты нашай краіны ў мінулым годзе прадавалі валюту яшчэ больш актыўна, чым фізічныя асобы. У снежні 2021 года яны рэалізавалі яе на 2,762 мільярда долараў, што перавысіла продаж у снежні 2020 года на 555,1 мільёна долараў і стала чарговым гістарычным рэкордам. У параўнанні з лістападам мінулага года продаж вырас на 430 мільёнаў долараў.

Але куплялі ў канцы года валюту больш актыўна, чым прадавалі. Попыт на валюту з боку беларускіх прадпрыемстваў у снежні мінулага года вырас на 411 мільёнаў долараў у параўнанні з лістападам таго ж года і дасягнуў 2,845 мільярда долараў. За год купля валюты павялічылася на 607,2 мільёна долараў.

У выніку беларускія прадпрыемствы купілі валюты за снежань на 83,5 мільёна долараў больш, чым прадалі. Але за год яны, тым не менш, засталіся чыстымі прадаўцамі валюты, рэалізаваўшы яе на 678,9 мільёна долараў больш.

Нерэзідэнты і банкі таксама валюту прадаюць

Суб'екты гаспадарання — нерэзідэнты летась таксама рэалізавалі валюты больш, чым купілі: на 529,3 мільёна долараў. У снежні яны прадалі валюту на 45,7 мільёна долараў у чыстым выражэнні. У дадзенай сітуацыі няма нічога дзіўнага, так як нерэзідэнты стабільна прадаюць валюту на працягу ўсяго года.

Чыстымі прадаўцамі валюты ў 2021 годзе аказаліся і банкі з фінансавымі арганізацыямі. Яны рэалізавалі яе на 151,1 мільёна долараў больш, хоць у снежні банкі былі чыстымі пакупнікамі валюты і набылі яе на 19,7 мільёна долараў. Пры гэтым яны актыўна прадавалі валюту вясной і летам мінулага года, калі яна таннела. Што таксама нядзіўна: банкі зараблялі сабе прыбытак.

Краіна функцыянуе са значным плюсам

З'явіліся даныя па знешнім гандлі за 11 месяцаў мінулага года. І гэта новыя рэкорды, калі станоўчае сальда амаль 4 мільярды долараў. Па выніках студзеня — лістапада мінулага года сальда знешняга гандлю Беларусі таварамі і паслугамі дасягнула новага значэння — 3,978 мільярда долараў, перавысіўшы сальда за аналагічны перыяд 2020 года ў два разы.

Сальда знешняга гандлю таварамі толькі крыху не дацягнула да дадатнага значэння і склала мінус 120 мільёнаў долараў, тады як за 11 месяцаў мінулага года яно раўнялася мінус 1,47 мільярда долараў. Ёсць шанцы, што сальда па выніках усяго 2021 года акажацца станоўчым.

Пры гэтым экспарт тавараў, па даных Нацыянальнага банка, у студзені — лістападзе 2021 года вырас на 38,5 % і дасягнуў 35,3 мільярда долараў, у той час як імпарт вырас са значна меншымі тэмпамі, на 31,4 % — да 35,4 мільярда долараў.

Стан знешняга гандлю паслугамі ў мінулым годзе таксама палепшыўся, хоць і не так значна, як таварамі. Паводле звестак Нацбанка, экспарт паслуг у гэты час вырас на 17,7 % і дасягнуў 9,21 мільярда долараў, а імпарт вырас на 17,3 % — да 5,11 мільярда долараў. У выніку сальда знешняга гандлю паслугамі павялічылася да плюс 4,098 мільярда долараў. У цэлым аб'ём знешняга гандлю таварамі і паслугамі нашай краіны за 11 месяцаў мінулага года дасягнуў 85,09 мільярда долараў, перавысіўшы аб'ём за студзень — лістапад 2020 года на 31,6 %.

Лістапад жа мінулага года аказаўся найлепшым месяцам для знешняга гандлю таварамі летась. Экспарт тавараў склаў 4,204 мільярда долараў і перавысіў экспарт у лістападзе 2020 года на 1,548 мільярда долараў. У параўнанні з кастрычнікам 2021 года экспарт таварамі ў лістападзе гэтага ж года вырас на 496,2 мільёна долараў.

Экспарт паслуг у лістападзе мінулага года вырас у параўнанні з кастрычнікам на 20,8 мільёна долараў і дасягнуў 860,9 мільёна. Гэта на 100,8 мільёна больш, чым у лістападзе 2020 года. Добры вынік, улічваючы праблемы, якія ўзніклі з транспартоўкай расійскага газу па газаправодзе «Ямал-Еўропа».

Сумарнае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі нашай краіны ў лістападзе 2021 года дасягнула 787,8 мільёна долараў, перавысіўшы сальда за лістапад 2020 года на 622,4 мільёна. У гісторыі Беларусі падобных дасягненняў яшчэ не было.

Золатавалютныя рэзервы ў мінулым годзе выраслі амаль на мільярд долараў. За кошт чаго?

Нягледзячы на праблемы з новымі запазычаннямі за мяжой у сувязі з санкцыямі шэрагу заходніх краін супраць Беларусі, золатавалютныя рэзервы ў 2021 годзе выраслі на 956,5 мільёна долараў — да 8,425 мільярда.

Гэта нашмат перавысіла чаканні ўрада краіны, які ў канцы 2020 года запланаваў магчымае скарачэнне рэзерваў да 6 мільярдаў долараў. Як паведамілі ў Нацыянальным банку, што ён сумесна з урадам у 2021 годзе выканаў знешнія і ўнутраныя абавязацельствы ў валюце на суму каля 3,1 мільярда долараў. Пры гэтым у снежні мінулага года золатавалютныя рэзервы знізіліся ў параўнанні з лістападам на 44,1 мільёна долараў (на 0,5 %). А выдаткі ўрада і Нацбанка на выплаты па абавязацельствах склалі 220 мільёнаў долараў.

Кошт манетарнага золата, якое ўваходзіць у склад рэзерваў, у снежні павялічыўся на 30,3 мільёна долараў — да 3,123 мільярда долараў. За год дадзены кошт павялічыўся ўсяго на 81,5 мільёна. Сціплы вынік тлумачыцца параўнальнай стабільнасцю цэн на золата на сусветным рынку. Рэзервовыя актывы краіны ў замежнай валюце ў 2021 годзе павялічыліся на 884,7 мільёна долараў — да 3,845 мільярда.

Ураду дапамаглі ў асноўным прадпрыемствы, даходы якіх ад экспарту значна выраслі. Акрамя таго, валюту краіне прадавалі фізічныя асобы, а таксама банкі і фінансавыя арганізацыі.

Мінфіну ўдалося размясціць на ўнутраным рынку валютныя аблігацыі на 903,5 мільёна долараў у чыстым выражэнні. Такім чынам, для пагашэння знешняга дзяржаўнага доўгу ў мінулым годзе ўрад выкарыстоўваў у асноўным сродкі насельніцтва і прадпрыемстваў.

Што чакае рубель заўтра?

Беларускі рубель, насуперак усім негатыўным прагнозам, умацоўваўся ўвесь 2021 год. Многія эксперты, бачачы гэта, паўтаралі пра тое, што мяжа ўмацавання нацыянальнай валюты дасягнута і да канца года замежныя грашовыя адзінкі адыграюць значную частку свайго падзення. Але і гэтага не адбылося.

Так званыя незалежныя аналітыкі прагназавалі, што Нацбанк уключыць друкарскі станок. Але гэтага не адбылося, як не адбылося і павышэння стаўкі рэфінансавання, якая напрамую ўплывае на стан фінансавага рынку.

Айчынныя эксперты нагадваюць нам, што ў апошні раз гэта стаўка змянялася ў ліпені мінулага года, тады яна была павялічана да 9,25 працэнтнага пункта.

Варта адзначыць, што за ўсю гісторыю суверэннай Беларусі самая нізкая стаўка рэфінансавання была вызначана ў ліпені 2020 года на ўзроўні 7,75 %, а самая высокая — у снежні 1994 года на ўзроўні 480 %.

Верагоднасць, што стаўка будзе павышана ў пачатку гэтага года, высокая. Такія варыянты магчымыя. Акрамя таго, на такі крок можа штурхнуць і становішча сусветнай фінансавай сістэмы. Сусветныя банкі і рэгулятары выказаліся за ўзмацненне жорсткасці манетарнай палітыкі, і расійскі Цэнтрабанк і ФРС Амерыкі цалкам могуць пайсці на павышэнне стаўкі рэфінансавання.

«Зыходзячы з 9,25 цяперашняга працэнтнага пункта, павелічэнне да 10 % (гэта значыць супастаўна з інфляцыяй) вельмі верагодна, і гэта не будзе дзіўна», — прагназуюць эксперты сітуацыю ў нас.

Наогул, увесь свет, уся фінансавая сістэма, будзе рабіць больш жорсткай манетарную палітыку. Прайшло два гады з пачатку пандэміі. Было «намалявана» сумарна каля 6,5 трыльёна долараў. І пакуль рынак не абсарбіруе ўсю гэтую масу — усё яшчэ больш-менш нармальна, але як толькі гэта здарыцца, то амерыканцы са сваёй рэзервовай сістэмай пойдуць на стаўкі. Яны ўжо скарачаюць праграму выкупу аблігацый. І калі ў іх інфляцыя да лета застанецца такой жа — а яна ў іх цяпер 6,8 %, чаго не было з 1982 года, — то павышэнне стаўкі рэфінансавання ў ЗША будзе непазбежна.

Фінансісты гэтай краіны хацелі разагнаць інфляцыю, але не так моцна. А ў выніку пераскочылі свае кантраляваныя 2 % і сышлі далей, а цяпер у іх задача — збіць яе. На думку эканамістаў, для амерыканцаў павышэнне стаўкі — гэта апошняе, да чаго яны хочуць звяртацца. Таму што з ростам стаўкі аўтаматычна расце цана абслугоўвання доўгу. У ЗША велізарны дзяржаўны доўг, а нядаўна яго верхняя мяжа была ўзнята да 32 трыльёнаў. І ўсё гэта трэба абслугоўваць, для чаго  прыйдзецца павышаць падаткі, таму што іншай крыніцы папаўнення бюджэту ў іх няма. Але як толькі яны пачнуць рабіць больш жорсткімі фіскальную палітыку — простыя амерыканцы ўзвыюць, а няпростыя амерыканцы ў выглядзе мільянераў і мільярдэраў пачнуць чухаць галаву і задавацца пытаннем: «А каго мы выбралі ў сенат і ў кангрэс?»

Умацаванню беларускага рубля ў 2021 годзе сур'ёзна дапамог рост экспартных паставак айчыннай сыравіны. Валютная сістэма захоўвае стабільны стан. Гэта сведчыць аб тым, што нацвалюта стабільная, адчувае сябе добра. Асноўная прычына такой устойлівасці яшчэ і ў тым, што Нацбанк захоўвае шырокую грашовую масу ў досыць вузкім калідоры.

Па словах фінансавых аналітыкаў, на валютным рынку таксама склалася добрая сітуацыя. Дзённыя аб'ёмы па продажы валюты ў канцы 2021 года знаходзіліся ў межах 18—30 мільёнаў долараў, што паказвае на стабільны баланс попыту і прапановы па валюце.

Дрэнна, калі аб'ёмы нізкія — гэта значыць, ніхто валюту не прапануе. Ці калі аб'ёмы велізарныя, як у 2020 годзе, пад 100 мільёнаў долараў на працягу гандлёвай сесіі. Таму знаходжанне ўсіх параметраў у вузкім калідоры і стварае стабільнасць унутранага рынку.

Прагназаваць інфляцыю беларускага рубля на сёлета вельмі складана. Асабліва на ўсе 12 месяцаў. Аднак ёсць перадумовы да таго, што паступова яна будзе тармазіць. З вялікай доляй верагоднасці яна паступова будзе зніжацца. Але калі менавіта — сказаць складана. Па меры сыходу пандэміі, вакцынацыі пачнецца рост сусветнай эканомікі, інфляцыя пойдзе плаўна ўніз, у тым ліку і ў Беларусі», — адзначаюць эксперты.

Аўтар: Сяргей Куркач
Звязда, 20 студзеня 2022


 

Кoличество переходов на страницу: 262