Адкрываючы пасяджэнне, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што трэба абмеркаваць два пытанні: гатоўнасць да правядзення чэмпіянату свету па хакеі і ўрокі і задачы, якія вынікаюць з сучаснай абстаноўкі, перш за ўсё звязанай з падзеямі ва Украіне. "Адразу хачу папярэдзіць: мы ніколькі чагосьці там не спалохаліся. Спалоху, як я бачу, у вачах і на тварах у членаў Савета бяспекі няма, - сказаў Прэзідэнт. - Гэта планавыя пытанні, а што датычыцца Украіны - то на злобу дня, калі сітуацыя так разгортваецца. Мы аб гэтым гаварылі, і я гэта падкрэсліваў, што толькі дурань не робіць вывадаў з падзей, якія адбываюцца вакол". Аляксандр Лукашэнка дадаў, што гэта праблема многа абмяркоўвалася і была дамоўленасць вярнуцца да яе на адным з пасяджэнняў Савета бяспекі ў плане, магчыма, урокаў і для таго, каб зрабіць адпаведныя вывады.
У першую чаргу Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на пытаннях маючага адбыцца чэмпіянату свету па хакеі і яго галоўным складальніку, хоць востра гэта і не стаіць, - забеспячэнні бяспекі ў час яго правядзення. Прэзідэнт адзначыў, што трэба разгледзець, што зроблена і на чым неабходна яшчэ сканцэнтраваць увагу.
Аляксандр Лукашэнка асабліва падкрэсліў значнасць для Беларусі гэтага спартыўнага форуму. "Гэта грандыёзная па маштабах і важнасці падзея. Сапраўднае спартыўнае свята як для беларускага народа, так і для мільёнаў аматараў хакея ўсёй сусветнай супольнасці", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што турніры такога маштабу заўсёды маюць палітычны падтэкст. "Спорт даўно ўжо стаў вялікай палітыкай, і вельмі часта нават, рызыкну сказаць, у большасці сваёй палітыкай бруднай і непрыстойнай", - лічыць кіраўнік дзяржавы.
"Нельга забываць, што вакол гэтага чэмпіянату нямала спекуляцый. Пачынаючы ад заклікаў нашых апазіцыянераў, так званай пятай калоны, байкатаваць спаборніцтвы і да спроб шантажу з боку замежных нядобразычліўцаў, - нагадаў Прэзідэнт. - Асобныя заходнія палітыкі з-за кан'юнктурных меркаванняў спрабавалі "накруціць сітуацыю" вакол правядзення турніру ў Мінску, выкарыстоўваючы самыя разнастайныя метады інфармацыйнага націску. Замест аб'ектыўнага аналізу сітуацыі ў Беларусі яны аддаюць перавагу атрыманню інфармацыі з вельмі ангажыраваных крыніц, прад'яўляюць надуманыя прэтэнзіі і палітычныя патрабаванні".
"На шчасце, у заходніх экспертных палітычных колах, няхай і са спазненнем, але нарастае разуменне вычарпанасці цяперашняга інструментарыю націску на Беларусь. Гучаць заклікі да выпрацоўкі новых поглядаў і падыходаў", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, у гэтых адносінах асабліва каштоўнай для Беларусі з'яўляецца падтрымка міжнародных спартыўных арганізацый. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што, нягледзячы на жорсткі прэсінг з боку асобных еўрапейскіх арганізацый і палітыкаў, Міжнародная федэрацыя хакея і асабіста Рэнэ Фазель вытрымалі пад націскам, былі бескампраміснымі і адданымі спартыўным ідэалам. "Гэта мужнасць. Гэта не так проста, жывучы на Захадзе, вытрымаць такі націск", - адзначыў Прэзідэнт.
Ён звярнуў увагу, што ўзровень арганізацыі мінскага турніру непазбежна будуць параўноўваць з мінулымі сусветнымі першынствамі і нават праводзіць паралелі з Алімпійскімі гульнямі ў Сочы - самым яркім спартыўным мерапрыемствам першага паўгоддзя.
"Мы проста абавязаны паказаць сябе ўсёй сусветнай супольнасці з лепшага боку, - лічыць Прэзідэнт. - Я ўпэўнены, што мы зможам прадэманстраваць высокую ступень арганізацыі сусветнага хакейнага форуму, а таксама даказаць усім, што мы сапраўды цывілізаваная дзяржава ў цэнтры Еўропы, каб кожны, хто прыехаў да нас, ад'язджаючы, захаваў у памяці гасціннасць і добразычлівасць беларускага народа".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што мэтай з'яўляецца зрабіць так, каб знаходжанне гасцей у Беларусі было камфортным, а прапанаваны сэрвіс мог задаволіць самую патрабавальную публіку. "Падзея павінна стаць не толькі знакавай і запамінальнай для нашага народа, але і чарговым штуршком да развіцця масавага спорту, асабліва пасля поспехаў беларускіх спартсменаў у Сочы", - сказаў Прэзідэнт.
"Наша першачарговая задача як арганізатараў заключаецца ў тым, каб забяспечыць бяспеку ўдзельнікаў і гасцей. Галоўнае - не дапусціць ніякіх правакацый. Пры гэтым мы павінны пастарацца зрабіць так, каб гэтыя меры бяспекі былі неназойлівымі, не кідаліся ў вочы, не ціснулі на ўдзельнікаў і гасцей спаборніцтваў, на журналістаў", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў грунтоўна і падрабязна абмеркаваць асноўныя напрамкі, якія закранаюць арганізацыю чэмпіянату, пры гэтым асаблівую ўвагу ўдзяліўшы існуючым праблемам і прапановам па іх аператыўным вырашэнні, паколькі часу засталося зусім няшмат. Прэзідэнт падкрэсліў, што ў цэлым у Беларусі да чэмпіянату свету гатовы. Калі неабходна яшчэ нешта прывесці ў парадак, то, на думку кіраўніка дзяржавы, за астатні месяц гэта будзе зроблена. "Галоўнае цяпер - гэта пытанне бяспекі, хоць ужо таксама нямала зроблена, але гэта той важны момант, што, калі мы недзе недапрацуем у гэтым плане, ён змажа ўсю нашу работу", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч далажыў аб праведзенай рабоце па падрыхтоўцы да чэмпіянату. "Рэгламент Міжнароднай федэрацыі хакея выкананы. Аргкамітэт і дванаццаць яго падкамітэтаў па розных напрамках дзейнасці забяспечылі адпрацоўку і вырашэнне ўсіх пытанняў. Спартыўныя аб'екты "Мінск-Арэна" і "Чыжоўка-Арэна", паводле ацэнак экспертаў, з'яўляюцца аднымі з лепшых у Еўропе. Яны гатовы да правядзення матчаў", - заявіў ён.
Свой удзел у спаборніцтвах пацвердзілі ўсе 16 краін. За перамогу ў чэмпіянаце будуць спаборнічаць каманды са Швецыі, Чэхіі, Канады, Славакіі, Нарвегіі, Даніі, Францыі, Італіі, Фінляндыі, Расіі, ЗША, Швейцарыі, Германіі, Латвіі, Казахстана і Беларусі. "Алімпійскі, сапраўды спартыўны, прынцып перамог кан'юнктурныя і неканструктыўныя заклікі", - адзначыў Міхаіл Мясніковіч.
У першым матчы, які пройдзе 9 мая на "Мінск-Арэне", будуць спаборнічаць зборныя каманды Беларусі і ЗША. Білеты на гэту гульню прададзены поўнасцю. Паводле слоў прэм'ер-міністра, білетнай праграме была ўдзелена асаблівая ўвага. Улічаны вопыт, у тым ліку негатыўны, іншых краін, якія праводзілі такія чэмпіянаты. Цэнавая палітыка сфарміравана такім чынам, што матчы змогуць наведаць людзі з розным узроўнем даходаў. Так, на матчы папярэдняга этапу цэны складаюць ад 6 да 50 еўра, на матч фінальнай стадыі - ад 25 да 400 еўра.
Па стане на 7 красавіка 2014 года, прададзена і забраніравана 354 тыс. білетаў на "Мінск-Арэну" (75 працэнтаў ад умяшчальнасці) і 142 тыс. білетаў на "Чыжоўка-Арэну" (67 працэнтаў). Замежным гасцям рэалізавана 70,5 тыс. білетаў. Асноўная доля продажаў для замежных гасцей прыпадае на Расію і Латвію. Таксама даволі вялікая цікавасць праяўлена балельшчыкамі з Фінляндыі, Швейцарыі, Германіі, Славакіі. Грамадзяне названых краін на гэты момант выкупілі больш як па 2-3 тыс. білетаў.
Як адзначыў Міхаіл Мясніковіч, білеты на нярэйтынгавыя матчы будуць рэалізаваны ў працоўных і студэнцкіх калектывах. "Работа арганізавана. Продаж білетаў са скідкай дзецям і моладзі практыкуецца ўсюды пры правядзенні чэмпіянатаў. Гэта існуючая практыка", - сказаў ён.
Вырашаны таксама ўсе пытанні бязвізавага ўезду гасцей і ўдзельнікаў чэмпіянату. Вызначаны 15 асноўных пунктаў пропуску праз граніцу. На кожным з іх уведзены зялёны канал. Пагранічныя пераходы ўкамплектаваны супрацоўнікамі, якія валодаюць замежнымі мовамі. Адпрацаваны парадак разгляду спрэчных пытанняў.
Прыняты рашэнні для таго, каб Мінск быў максімальна прывабны для турыстаў. У прыватнасці, зафіксаваны цэны на гасцінічнае абслугоўванне, а нумарны фонд гасцініц павялічаны больш чым у 2 разы. Усяго ў час чэмпіянату будуць функцыянаваць 43 гасцініцы на 9 тыс. 725 месц. "Да чэмпіянату планавалася ўвесці ў эксплуатацыю 14 гасцініц. Дванаццаць з іх уведзены па стане на 31 сакавіка. Чатыры ўжо працуюць у паўнацэнным рэжыме, астатнія даступны для браніравання. Да 14 красавіка будзе ўведзена гасцініца "Рэнесанс" і да 29 красавіка - гасцініца "Пекін", - далажыў прэм'ер-міністр. - Усе гасцініцы адпавядаюць устаноўленым стандартам. На конкурснай аснове падабраны абслуговы персанал".
Для размяшчэння гасцей чэмпіянату таксама будзе задзейнічана пяць інтэрнатаў у Студэнцкай вёсцы больш як на 5 тыс. месц. Вырашаны ўсе пытанні, звязаныя з адсяленнем на гэты перыяд студэнтаў без спынення вучэбнага працэсу. У рэзерве яшчэ знаходзяцца санаторыі і гасцініцы ў Мінскай вобласці на 2 тыс. 100 месц.
У перыяд правядзення чэмпіянату ў сталіцы будзе разгорнута шырокая сетка грамадскага харчавання. Дадаткова адкрыюцца сезонныя кафэ больш як на 20 тыс. пасадачных месц у дапаўненне да 75 тыс., якія ўжо існуюць. Распрацаваны спецыяльныя меню ў даступным цэнавым дыяпазане.
Прадугледжана стварэнне дзвюх фан-зон каля "Мінск-Арэны" і "Чыжоўка-Арэны". Акрамя таго, будуць створаны тры зоны гасціннасці каля Палаца спорту на праспекце Пераможцаў, Мінскага лядовага палаца спорту на вул. Прытыцкага і комплексу "Студэнцкая вёска". "У гэтых зонах гасцям нашай сталіцы будзе прапанаваны якасны адпачынак з арганізацыяй канцэртных праграм, дыскатэк і іншых мерапрыемстваў", - растлумачыў прэм'ер-міністр.
Акрамя таго, каля Палаца спорту на працягу двух тыдняў чэмпіянату з 11 да 23 гадзін будуць працаваць кірмашы народных і мастацкіх промыслаў. У гэты ж перыяд госці беларускай сталіцы змогуць наведаць самыя папулярныя тэатры, кіназалы, музеі, выставачныя цэнтры - час работы ўсіх устаноў культуры будзе падоўжаны ў вячэрні час сутак.
Сярод пераваг маючага адбыцца чэмпіянату Міхаіл Мясніковіч назваў развітую транспартную сістэму. "Нашы арэны на перыяд чэмпіянату будуць звязаны прамымі транспартнымі зносінамі паміж сабой і асноўнымі месцамі пражывання балельшчыкаў. Дадаткова набыты новыя айчынныя аўтобусы для міжнародных, гарадскіх і прыгарадных перавозак, а таксама тралейбусы. Для тых, хто будзе перамяшчацца на асабістым транспарце, прадугледжаны дадатковыя парковачныя месцы каля лядовых арэн. Жадаючыя змогуць узяць аўтамабіль на пракат, у тым ліку ў гасцініцы па месцы пражывання або заказаўшы гэту паслугу па Інтэрнэце", - расказаў Міхаіл Мясніковіч.
Гатовы да прыёму ўдзельнікаў і гасцей чэмпіянату і Нацыянальны аэрапорт, значна павялічана яго прапускная здольнасць.
Дапамогу ў рабоце з камандамі, афіцыйнымі ўдзельнікамі і балельшчыкамі будуць аказваць больш як сем соцень валанцёраў з ліку студэнтаў, якія валодаюць замежнымі мовамі. Яшчэ 190 студэнтаў медуніверсітэта будуць працаваць у брыгадах хуткай медыцынскай дапамогі і медпунктах.
Сфарміравана 20 брыгад неадкладнай медыцынскай дапамогі на аўтамабілях еўрапейскіх вытворцаў з вопытным персаналам, які валодае замежнымі мовамі. Распрацаваны схемы размяшчэння гэтых брыгад каля лядовых арэн. Медыцынскія кабінеты на саміх лядовых арэнах аснашчаны неабходным абсталяваннем і лекавымі прэпаратамі. Вызначаны пералік арганізацый аховы здароўя, у якіх у выпадку неабходнасці плануецца аказанне тэрміновай медыцынскай дапамогі гасцям чэмпіянату.
Міхаіл Мясніковіч расказаў, што ўжо распрацаваны сцэнарныя планы афіцыйных мерапрыемстваў, у тым ліку адкрыцця і закрыцця чэмпіянату. Ён таксама ўнёс прапанову правесці 8 мая асаблівае мерапрыемства, якое прадугледжвае падняцце дзяржаўных сцягоў усіх краін - удзельніц чэмпіянату.
Замежным кіраўнікам і кіраўнікам урадаў дзяржаў - удзельніц спартыўнага форуму, краін СНД і стратэгічных партнёраў Беларусі за мяжой накіраваны запрашэнні наведаць чэмпіянат.
Паводле слоў Міхаіла Мясніковіча, самая пільная ўвага надаецца пытанням бяспекі. Праведзена сістэмная работа па каардынацыі і адпрацоўцы сумесных дзеянняў усіх зацікаўленых, створаны міжведамасны сітуацыйна-аператыўны штаб.
"Сур'ёзныя інвестыцыі ў інфраструктуру і аб'екты горада далі магчымасць стварыць дадаткова больш як 2 тыс. рабочых месц, вывесці на больш якасны ўзровень сферу гандлю, грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання, гасцінічнага сэрвісу, палепшыць транспартнае забеспячэнне. Усё гэта зроблена не толькі для чэмпіянату, але і для паляпшэння якасці жыцця гараджан. І ў перспектыве гэта прынясе дадатковыя дывідэнды нашай краіне", - падкрэсліў прэм'ер-міністр.
Міхаіл Мясніковіч таксама выказаў упэўненасць, што задача па арганізацыі і правядзенні чэмпіянату свету па хакеі на высокім узроўні будзе паспяхова выканана. Гэта пацвярджаецца і вынікамі апошняй інспекцыйнай праверкі Міжнароднай федэрацыі хакея, якая праводзілася з 1 па 4 красавіка бягучага года.
Другім пытаннем, якое разглядалася на пасяджэнні Савета бяспекі, стала палітычная сітуацыя ва Украіне і яе ўплыў на стан нацыянальнай бяспекі Беларусі.
На пасяджэнні адзначана, што падзеі, якія адбываюцца ва Украіне, не нясуць прамых пагроз для Рэспублікі Беларусь. Наша краіна зацікаўлена ва ўстанаўленні на ўкраінскай тэрыторыі грамадзянскага міру, спакою і стабільнасці.
У час пасяджэння асабліва падкрэслівалася, што Беларусь не прэтэндуе на вядучую ролю ва ўрэгуляванні ўкраінскага канфлікту, аднак прыкладзе максімальныя намаганні для захавання і развіцця адносін з брацкай краінай-суседкай. Па-ранейшаму сярод прыярытэтаў для нашай дзяржавы застаецца захаванне і далейшае развіццё палітычных, гандлёва-эканамічных і культурных сувязей з Украінай.
8 красавіка 2014, Мінск
БЕЛТА
Кoличество переходов на страницу: 1018
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |