Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся са станам і перспектывамі развіцця гарбарнай падгаліны лёгкай прамысловасці нашай краіны, стратэгіяй развіцця МВГА. Аляксандра Лукашэнку цікавіла, чаму беларускія гарбарныя вырабы маюць праблему са збытам, чаму вынік мадэрнізацыі вытворчасці ў Гатава не мае дастатковага эфекту. Размова складвалася няпростая. Па выніках візіту прайшла нарада.
Мадэрнізацыі недастаткова
МВГА фарміруе стратэгію і тэндэнцыю развіцця гарбарнай галіны краіны, адзначыла старшыня канцэрну «Беллегпрам» Таццяна Лугіна.
«У 2013–2016 гадах на дадзеным прадпрыемстве быў рэалізаваны інвестыцыйны праект, былі засвоеныя 13,5 мільёна долараў інвестыцый, — паведаміла яна. — Мэтамі былі: перапрацоўка ўсёй айчыннай гарбарнай сыравіны, вытворчасць прадукцыі з высокім дабаўленым коштам, адмова ад рэалізацыі паўфабрыкату і максімальнае задавальненне ключавых айчынных спажыўцоў (абуткоўцаў, мэблевікоў, галантарэйшчыкаў і іншых)».
Ніводнай мэты дасягнуць не ўдалося, прызналася кіраўнік канцэрна. Яна бачыць прычыну ў нізкай якасці менеджменту (за шэсць гадоў тут змяніліся пяць дырэктараў), недахопах у фарміраванні тэхналагічнага патэнцыялу. Беларускія вытворцы аддаюць перавагу імпартнай гарбарнай сыравіне.
«Чаму яны купляюць не ў вас? — спытаў генеральнага дырэктара МВГА Вольгу Палітыка кіраўнік дзяржавы. — Скажыце шчыра і адкрыта».
Малы асартымент, быў адказ. Прадпрыемства як вырабляла да мадэрнізацыі ў асноўным паўфабрыкат, так вырабляе яго ў асноўным зараз. Іншымі словамі — абсталяванне ёсць, але гэтага недастаткова. Патрэбны кампетэнцыі, каб трымаць нос па ветры і ўвесь час прапаноўваць патэнцыйным спажыўцам сваёй прадукцыі тое, што ім патрэбна. Працаваць нават на апярэджанне: ужо сёння вырабляць тое, што стане ультрамодным заўтра.
Пры гэтым у беларускіх гарбароў ёсць перавага — жывёлагадоўля ў краіне развіваецца, а значыць айчынных скур дастаткова, бяры і рабі.
«Чаму вы губіце стратэгічны кірунак нашай эканомікі?» — няўмольна пытаўся ў адказных асоб Прэзідэнт.
Плошчы – задзейнічаць
Прэзідэнт спытаў у кіраўніцтва прадпрыемства, якія плошчы займае завод. Па словах генеральнага дырэктара Вольгі Палітыка, прадпрыемства размешчана на тэрыторыі 27 га, аднак сёння палова тэрыторыі незадзейнічана. Там знаходзяцца пустуючыя і непрыдатныя збудаванні.
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ў старшыні Мінскага аблвыканкама Аляксандра Турчына і ў свайго памочніка Аляксандра Косінца, чаму дагэтуль не вырашана пытанне з гэтымі тэрыторыямі. Адпаведная задача ставілася яшчэ ў 2014 годзе падчас мінулага наведвання завода Прэзідэнтам. «Чаму не было вырашана гэта пытанне?» — спытаў кіраўнік дзяржавы.
Меркаванні ў кіраўніцтва прадпрыемства і чыноўнікаў адрозніваецца: адны выступаюць за знос будынкаў і выкарыстанне зямельных ўчасткаў пад новыя вытворчасці, іншыя лічаць, што старыя цэхі неабходна мадэрнізаваць і такім чынам пашырыць гарбарную вытворчасць. Але канчатковага рашэння няма.
Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў разабрацца з гэтым пытаннем і навесці парадак на гэтай тэрыторыі, каб землі не прападалі.
У каго застаецца дабаўлены кошт?
Прэзідэнт азнаёміўся з тэхналагічнымі працэсамі вытворчасці скураных тавараў.
Кіраўніку дзяржавы паказалі ўзоры гатовых гарбарных вырабаў. Ён спытаў прадстаўнікоў абутковай вытворчасці, што не задавальняе іх па якасці.
«Нам прапануюць вельмі нізкі гатунак», — адказаў кіраўнік кампаніі «Белвест».
Вольга Палітыка з ім не пагадзілася, маўляў, «Белвест» сам дапрацоўвае сыравіну да больш высокага гатунку. Разам з тым, 80 % сыравіны «Галантэі», па словах генеральнага дырэктара МВГА, купляецца ў Гатава.
«Лічу, мы заўсёды можам знайсці аптымальныя суадносіны цаны і якасці», — сказала Вольга Палітыка.
Старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў пагадзіўся, што абсталявання на прадпрыемстве сапраўды дастаткова, каб вырабляць самыя розныя гатункі скуры.
«На іх (на МВГА) фактычна зарябляюць, — патлумачыў ён. — У яе (Вольгі Палітыка) не хапае „абароткі“, яна дзеля „абароткі“ выпускае паўфабрыкат WetBlue, які потым Еўропа і вось той жа „Белвест“ дапрацоўваюць, дабаўлены кошт пакідаюць у сябе, і атрымліваюць высокі гатунак».
На канкрэтнае пытанне Прэзідэнта, чаго не хапае, каб выправіць сітуацыю, Вольга Палітыка адказала, што самае першае — трэба набраць дадаткова 100 рабочых, каб павялічыць зменнасць. Гэта дазволіла б выпускаць больш менавіта гатовага тавару.
Рашэнне кадравага пытання Аляксандр Лукашэнка бачыць у прапанове жылля патэнцыйным работнікам.
Трэба таксама дакупіць абсталяванне для пашырэння пераліку тавараў, дадаў старшыня КДК. Яшчэ адна праблема — высокі кошт гатовай прадукцыі з-за недастатковай загружанасці вытворчых магутнасцяў. Загружанасць некаторых участкаў складае 33 %, таму накладныя расходы кладуцца на сабекошт.
Аляксандр Лукашэнка прыняў рашэнне правесці нараду прама ў адным з цэхаў завода
«Прыйшоў час адказваць — вы ўносіце прапановы, якія выключаюць прынятыя рашэнні. Ні адно з даручэнняў не выканана, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Вось яна галіна — на адным прадпрыемстве. Тут трэба перапрацаваць усё шкуры, якія ёсць у Беларусі. Вы перапрацавалі? Не. Вы забяспечылі гарбарнай сыравінай абутковую, мэблевую, галантарэю і іншае? Не забяспечылі».
Гаворка ідзе пра прыватызацыю прадпрыемства, пракаментаваў Аляксандр Лукашэнка прапанову ўрада. Ён нагадаў, што перш чым прадаць завод, неабходна ўзгадніць гэтае рашэнне з працоўным калектывам, а затым з мясцовай уладай. Потым дакументы паступаюць ва ўрад, дзе прымаецца адпаведнае рашэнне. Затым яно ўносіцца на разгляд Прэзідэнту і ён зацвярджае альбо не зацвярджае яго.
Аднак працаўнікі завода ў Гатава прагаласавалі супраць продажу прадпрыемства, у райвыканкама і аблвыканкама таксама знайшліся заўвагі да праекту. «На наш погляд, інвестар на гэта прадпрыемства патрэбны, але продаж аднаму з гульцоў рынка абмяжоўвае канкурэнцыю», — растлумачыў губернатар Мінскай вобласці Аляксандр Турчын.
Аляксандр Лукашэнка, заслухаўшы меркаванні ўсіх зацікаўленых бакоў, даручыў ураду падтрымаць завод у Гатава: вылучыць 8–9 мільёнаў рублёў, каб прадпрыемства разлічылася з мясакамбінатамі, і яшчэ 2 мільёны долараў ЗША ў эквіваленце на першы этап будаўніцтва ачышчальных збудаванняў — без вырашэння гэтага пытання прадпрыемства таксама не зможа нармальна функцыянаваць. «Трэба разумець, што гэта наша прадпрыемства, і шкуры, якія яно купляе, таксама на нашых прадпрыемствах», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
«Я прыеду праз год, і не дай бог гэтая песня захаваецца», — папярэдзіў Прэзідэнт.
На нарадзе таксама абмеркавалі экалагічны аспект вытворчасці гарбарных вырабаў.
Аляксандр Лукашэнка аб'явіў, што прыватызацыі гэтага прадпрыемства не будзе, бо размова пра стратэгічны кірунак эканомікі: у краіне хапае і сыравіны, і кампетэнцый для таго, каб яго захаваць.
У краіне 78 спажыўцоў гарбарных вырабаў, падкрэсліў беларускі лідар, а значыць, у інтарэсах дзяржавы захаваць вытворчасць.
Калі з беларускіх паўфабрыкатаў замежнікі вырабляюць першакласныя вырабы, значыць, і самі беларусы могуць, заўважыў Прэзідэнт.
Ён запатрабаваў ад кіраўніцтва раёна і вобласці дапамагчы прадпрыемству. У прыватнасці, з забеспячэннем кадраў жыллём.
Строгае патрабаванне: не дапусціць пасрэднікаў.
Тэрмін на вырашэнне ўсіх праблем — год. У наступным студзені кіраўнік дзяржавы паабяцаў зноў прыехаць сюды і ўпэўніцца, што ўсе яго даручэнні выкананыя.
Адна з праблем гарбарнай галіны — высокая доля імпарту сыравіны.
«Ва ўрад на гэтым тыдні запросіце ўсіх спажыўцоў, стварыце „карпарацыю“. Іх задача — прымусіць кіраўніка гэтага прадпрыемства (гарбарнага завода ў Гатава.) рабіць тое, што ім трэба. Але пры гэтым яны на працягу года павінны прыйсці да таго, каб спажываць толькі беларускую сыравіну», — запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.
Карпарацыя супраць імпарту
У своеасаблівую асацыяцыю, акрамя вытворцаў скураных вырабаў, таксама можна ўключыць мясакамбінаты (пастаўшчыкоў гарбарнай сыравіны) і саміх перапрацоўшчыкаў, прапанаваў Прэзідэнт. Так, на яго думку, можа быць выпрацавана адзіная палітыка па развіцці гарбарнай галіны, каб паменшыць аб'ёмы імпарту.
Пазней, размаўляючы з работнікамі прадпрыемства, Прэзідэнт звярнуў увагу, што прымаць тыя ці іншыя меры па абароне ўласнага рынку трэба акуратна, каб не нашкодзіць партнёрскім адносінам з іншымі дзяржавамі. Так, калі забараніць пастаўкі той ці іншай прадукцыі ў Беларусь, напрыклад, з Расіі ці Турцыі, то яны могуць люстэркава адказаць у дачыненні да экспартуемых беларускіх тавараў. «Таму майце на ўвазе: трэба настройвацца на канкурэнцыю. Гэта (абарона ўнутранага рынку ад імпарту.), ведаеце, такая двухбаковавострая зброя», — падкрэсліў беларускі лідар.
Немэтазгоднасць, на думку кіраўніка дзяржавы, прыватызацыі, таксама была патлумачана работнікам завода. «Пытанне ў тым, што вашу сыравіну спажываюць у Беларусі 78 прадпрыемстваў: адзенне, абутак і гэтак далей. Урад уносіць прапанову вас прадаць аднаму з іх. Гэта будзе справядліва для астатніх 77? Не. Я веру: чалавек прыйшоў з добрымі намерамі. Гэта сёння, а заўтра, калі ён будзе гаспадаром, ён будзе дыктаваць іншым прадпрыемствам свае ўмовы. Гэта ўжо не раўнапраўная канкурэнцыя», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што калі дзяржава не спраўляецца з нейкім прадпрыемствам, тады можна пайсці на прыватызацыю. Але ў дадзеным выпадку ў гэтым няма неабходнасці. «Імкніцеся працаваць і ўтрымліваць гэтае прадпрыемства ў сваіх руках. Вашых дзяцей нідзе не чакаюць. Таму зрабіце добрае прадпрыемства, каб тут маглі працаваць вашы дзеці і атрымліваць нармальную зарплату», — дадаў кіраўнік дзяржавы.
Супрацоўнікі завода падзякавалі Прэзідэнту за вырашэнне пытання па рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў. «Мы павінны вырашыць гэтую праблему. Гэта — галоўнае. У Гатава жа жывуць людзі. Таму гэта вельмі важнае дзяржаўнае пытанне. Мы паціху, у гэтым годзе, зробім першы крок. А далей увесь час будзем працаваць, таму што там немалыя грошы», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Ён запэўніў, што будуць вырашаны і іншыя пытанні, напрыклад, жыллёвае. «Мы дамовіліся, што губернатар дапаможа вам пабудаваць жыллё, колькі мы зможам, арэнднага перададзім, а вы наймайце потым людзей: будуць у вас працаваць — будуць жыць у доме. Таму і ў гэтым плане трэба аказаць падтрымку».
Натуральнае застанецца
Пытанне адной з работніц датычылася заклікаў шэрагу эколагаў адмаўляцца ад выкарыстання натуральных шкур і футра на карысць штучных матэрыялаў.
«Вы гатовы сёння замяніць натуральны абутак на штучны? Я не гатовы. Вось у мяне чаравікі „Марка“. Я толькі іх абутак нашу. Тканіна — „Камволь“. Паліто сшылі тут — беларускае. Якасць выдатная. І натуральны абутак мы будзем вырабляць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Што да заклікаў эколагаў і абаронцаў жывёл, Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што пакуль людзі не адмовяцца ад ужывання ў ежу мяса, адпаведна, будуць і шкуры, якія трэба перапрацоўваць. «Ніхто не адмовіцца ад натуральнай сыравіны», — упэўнены Прэзідэнт. Адпаведна, будуць перспектывы і ў прадпрыемстваў, якія працуюць па гэтым профілі.
Новых рашэнняў па пенсійным узросце ў Беларусі не плануецца
Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў, калі адказваў на чарговае пытанне прадстаўніцы працоўнага калектыву Мінскага вытворчага гарбарнага аб'яднання.
«Усе рашэнні прынятыя. У гэтым напрамку будзем дзейнічаць», — падкрэсліў беларускі лідар. — Можна было б зрабіць пенсійны ўзрост і, напрыклад, з 50 гадоў. Але толькі вы не забывайце, што пасля 50 гадоў нас з вамі будуць утрымліваць нашы дзеці».
Адпаведна, узрасла б нагрузка, унёскі ў пенсійны фонд.
«Але ні адна маці, ні адзін бацька ніколі не скажа: хай за мяне плацяць мае дачка ці сын. Скажуць: ды я лепш папрацую 3–5 гадоў, — сказаў Прэзідэнт. — Мы не павінны свае праблемы перакладаць на дзяцей. Хто яго ведае, як яшчэ складзецца жыццё нашых дзяцей. Вось у чым праблема, а не таму, што мы хочам з вас сарваць нейкія грошы».
Людзі і дзяржава
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што прымае рашэнні зыходзячы з двух інтарэсаў — дабрабыту грамадзян і пабудовы моцнай дзяржавы. «Паверце, я ніколі асабістых інтарэсаў не выстаўляў. У мяне няма „залатога дна“, няма нічога — усё хлусня, гэта карцінкі. У мяне было толькі адно: каб простыя людзі мелі нешта ад нашых праектаў. І другое — дзяржава. Мы адбыліся як дзяржава. Я не магу яе загубіць. Вось мае інтарэсы», — сказаў ён.
Зыходзячы з гэтых патрабаванняў, Прэзідэнт гатовы падтрымліваць розныя праекты і прадпрыемствы.
«Заўсёды ў нас былі і добрыя, і дрэнныя часы. Незалежнасць каштуе дорага. Але прадацца, уступіць унутр нейкай дзяржавы, напэўна, ні адзін з вас не захоча», — перакананы Аляксандр Лукашэнка.
Ён згадаў памятныя мерапрыемствы ў Хатыні, якія прайшлі напярэдадні, падзяліўся сваімі думкамі пра тыя цяжкасці і жах, з якім сутыкнуліся людзі ў гады Вялікай Айчыннай вайны: «Стаіш у Хатыні і думаеш: бедныя людзі! У глухой вёсачцы займаліся сваімі справамі. І раптам прыйшлі падонкі, атачылі, у хлеў загналі, спалілі. Вось гэта была катастрофа».
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў карных аперацыях удзельнічалі не толькі немцы, але і калабаранты. «Вось гэта была катастрофа. Ты жывеш у вёсцы, у цябе дзеткі. Дзесьці немцаў забілі — прыйшлі, усю вёску спалілі, выразалі. Куды было дзявацца гэтым небаракам? Вось гэта была праблема. І мы гэта павінны памятаць», — сказаў ён.
І здароўе нацыі
Напрыканцы размовы Аляксандр Лукашэнка пажадаў работнікам прадпрыемства не хварэць і заўважыў, што дзяржава не шкадуе сродкаў для выратавання жыццяў і здароўя людзей.
«Памятаеце, што на лячэнне людзей ад COVID мы выдаткавалі мільярд долараў. Што, мне гэтыя грошы лічыць, калі чалавек у рэанімацыі ляжыць... Вось я 12 разоў быў у рэанімацыі, глядзеў на гэтых людзей. Ніякіх грошай не шкада, каб толькі ім дапамагчы», — падзяліўся беларускі лідар.
Ён таксама закрануў пытанне вакцынавання насельніцтва. «Адна расійская вакцына каштуе 19 долараў. Палічыце, колькі трэба. Я дамовіўся, што па іх тэхналогіі мы будзем вырабляць гэтую вакцыну ў сябе. Літаральна праз тыдзень пачнем вырабляць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі ў гэтым плане няма ажыятажу, як у шэрагу замежных краін. «Больш за тое, мы дамовіліся з кітайцамі. Яны даслалі нам партыю вакцын. Вельмі добрая, кажуць. І яшчэ яны нам дасылаюць, гэта бясплатна», — распавёў Аляксандр Лукашэнка.
Гарбарная падгаліна Беларусі прадстаўленая чатырма прадпрыемствамі: акрамя МВГА ў аграгарадку Гатава, што пад Мінскам, куды сёння прыехаў беларускі лідар, гэта яшчэ Бабруйскі гарбарны камбінат, Гродзенскае вытворчае гарбарнае аб’яднанне і ТАА «СКІНТЭХ» у Магілёве. У галіне занятыя каля 1000 чалавек, сярэдні заробак якіх — 960 рублёў.
Вытворчыя магутнасці ўсіх заводаў складаюць 493 мільёны квадратных дэцыметраў гарбарных тавараў у год, што дазваляе перарабіць увесь аб’ём нарыхтаванай у краіне гарбарнай сыравіны.
ААТ «МВГА» — адзін з самых сучасных гарбарных заводаў у Беларусі, паведамляе афіцыйны сайт кампаніі. Асноўны акцыянер — дзяржава (99,88 %). Тут працуе амаль паўтысячы чалавек.
«Мы таксама з'яўляемся адным з найбольш тэхнічна аснашчаных прадпрыемстваў гарбарнай галіны на тэрыторыі краін постсавецкай прасторы», — дадае пра сябе аб’яднанне.
Вытворчыя магутнасці складаюць 270 мільёнаў квадратных дэцыметраў гарбарных тавараў у год (прадпрыемства здольнае перапрацаваць не менш за 700 тысяч штук скур буйной рагатай жывёлы або 60 % ад агульнага штогадовага аб’ёму вытворчасці гарбарнай сыравіны ў краіне).
Аб'ём спажывання айчынных гарбарных тавараў буйнымі абутковымі холдынгамі — ад 12 да 24,7 працэнтаў.
Вольга Мядзведзева, а.г. Гатава Мінскага раёна
Звязда, 24 сакавіка 2021
Кoличество переходов на страницу: 236
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |