Як адзначыў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў, інфляцыя, або індэкс спажывецкіх цэн, з’яўляецца важнейшай тэмай для нашай дзяржавы.
«Задача стаіць на гэты год вельмі сур’ёзная — інфляцыя не павінна перавысіць 6%. Яна зафіксавана ўказам кіраўніка дзяржавы, і нам неабходна забяспечыць выкананне гэтага паказчыка. Ёсць механізм кантролю і забеспячэння ўзроўню запланаванай інфляцыі.
Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю распрацоўвае спецыяльны тарыфны сшытак — дарожную карту, у якой дакладна прапісваецца на ўвесь год, на што мы будзем цэны павышаць, а на што не будзем. Акрамя таго, мы яшчэ распісваем памесячны графік прагнозу інфляцыі так, каб да канца года трапіць ва ўстаноўленыя параметры, адсочваем яго выкананне, праводзячы глыбокі аналіз па ўсіх групах тавараў і па ўсіх абласцях, дзе, на што і як растуць цэны», — адзначыў Аляксей Багданаў.
Ніжэй, чым у суседзяў
Па выніках шасці месяцаў гадавая інфляцыя (у параўнанні з чэрвенем 2023 года) склала 5,8%. У параўнанні са снежнем 2023-га — 3,4%. «Гэта значыць, мы нават яшчэ маем запас у параўнанні з прагнознымі параметрамі. Хачу адзначыць, што інфляцыя ў Беларусі склалася ніжэйшая, чым у нашых краін-партнёраў. Напрыклад, у Казахстане гадавая інфляцыя склала 8,4%, а ў Расіі — 8,6%. Хтосьці скажа, што ў Еўропе дзесьці ніжэй рост цэн у гэтым годзе, але ўлічыце, што ў апошнія два гады інфляцыя там зашкальвала», — звярнуў увагу кіраўнік МАРГ.
«Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю адсочвае ўсе рашэнні ўпаўнаважаных дзяржаўных органаў аб падняцці цэн вышэй за тыя параметры, якія закладзены ў пастанове». За першае паўгоддзе было прынята 261 такое рашэнне. Мы кожны месяц аналізуем і часам выносім рашэнне аб адмене такіх мер. За першае паўгоддзе мы адмянілі 42 рашэнні аб павышэнні цэн. І гэтую работу будзем праводзіць і далей», — падкрэсліў Аляксей Багданаў.
Міністэрства трымае на пастаянным жорсткім кантролі пытанні цэнаўтварэння, насычэння рынку і, вядома, станоўчых фінансавых паказчыкаў работы суб’ектаў гандлю. У ліку асноўных задач на другое паўгоддзе міністр назваў захаванне цэнавай стабільнасці, недапушчэнне ўсплёску цэн на ўнутраным рынку, захаванне забяспечанасці ўнутранага рынку шырокім асартыментам якасных тавараў як беларускай, так і замежнай вытворчасці.
Маніторынг па ўсім ланцужку
Начальнік аналітычнага ўпраўлення Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Ірына Іваноўская расказала аб мерах па кантролі за цэнамі:
«У апошнія 10 гадоў са студзеня да чэрвеня цэны раслі ў сярэднім на 5%. Таксама варта адзначыць, што ўсе кампаненты індэкса спажывецкіх цэн па выніках паўгоддзя склаліся ў межах устаноўленай мэты. Падтрыманню інфляцыі ў мэтавай траекторыі ў першую чаргу спрыяе дзяржаўнае рэгуляванне цэн — шырока вядомая ўсім пастанова ўрада № 713, якой ахоплена рэгуляванне цэн на спажывецкія тавары як айчыннай вытворчасці, так і імпартныя. Яна ўводзілася ў чацвёртым квартале 2022 года як мера ў адказ на знешнія шокі, якія справакавалі некіравальны рост цэн на ўнутраным рынку», — сказала Ірына Іваноўская.
Праграма дзеянняў урада і Камітэта дзяржаўнага кантролю па стабілізацыі цэн уключае шэраг мер па насычэнні ўнутранага рынку, комплекс мер эканамічнага і адміністрацыйнага характару, а таксама меры па ўдасканаленні антыманапольнага і цэнавага рэгулявання і кантролю. «Меры па насычэнні ўнутранага рынку таварамі актыўна рэалізуюцца. У прыватнасці, адно з мерапрыемстваў — пашырэнне льготнага спажывецкага крэдытавання, стымулюючага набыццё айчынных тавараў, у рамках пастановы № 992. Таксама мы карэктуем механізмы фарміравання і выкарыстання стабілізацыйных фондаў на міжсезонны перыяд. Гэта работа праведзена летась, паказала сваю эфектыўнасць і сёлета прадоўжана. Таксама актыўна ідзе праца па пашырэнні вытворчасці агародніны ў закрытым грунце і пераважнай далейшай іх рэалізацыі на ўнутраным рынку», — удакладніла Ірына Іваноўская.
Што датычыцца мер па ўдасканаленні цэнавага рэгулявання і кантролю, то рэалізуецца пілотны праект па выбудоўванні сістэмы аўтаматызаванага аналізу цэн на тавары, якія пастаўляюцца на ўнутраны рынак. Гэтая работа вядзецца ў тым ліку ў рамках праграмы па стрымліванні цэн і ў мэтах выканання даручэння кіраўніка дзяржавы забяспечыць стварэнне эфектыўнай сістэмы кантролю цэн на ўнутраным рынку. Гэтым займаецца МАРГ сумесна з Банкам развіцця, Дзяржаўным мытным камітэтам, Міністэрствам па падатках і зборах, гандлёвымі сеткамі і іншымі зацікаўленымі.
«Асноўная задача — гэта аўтаматызаваны аналіз і маніторынг цэн на тавары па ўсім ланцужку руху тавараў. Па выніках працы мы атрымаем прадукт, які дазволіць МАРГу ў рэжыме анлайн кантраляваць ланцужкі змянення цэн ад этапу ўвозу тавару ў краіну або яго вытворчасці ўнутры краіны да продажу ў рознічнай сетцы, — патлумачыла Ірына Іваноўская. — З нагоды іншых мер праграмы стрымлівання цэн, напрыклад, прынята пастанова міністэрства, якой прадугледжана істотнае пашырэнне пераліку тавараў, абавязковых да наяўнасці для рэалізацыі ў гандлёвым аб’екце».
Таксама МАРГ сумесна з Беларускай гандлёва-прамысловай палатай распрацаваў механізм маркіроўкі беларускіх тавараў на маркетплейсах шляхам адлюстравання спецыяльных сімвалаў у картках такіх тавараў. Напрыклад, «Зроблена ў Рэспубліцы Беларусь», «Зроблена ў Беларусі».
Шанаваць сваё, купляць айчыннае
«Мы назіраем рост продажу тавараў айчыннай вытворчасці. Можа быць, не ўсе тавары так добра прадаюцца, але ў цэлым вялікая частка актыўна набірае аб’ём, гэта дзякуючы той палітыцы, якая праводзіцца ў нашай краіне па імпартазамяшчэнні, па прасоўванні айчыннай прадукцыі. І мы бачым, што прадпрыемствы-вытворцы актыўна прасоўваюць сябе ў гандлёвых сетках», — адзначыў Аляксей Багданаў.
Паводле інфармацыі міністра, значны рост продажаў айчынных тавараў адзначаецца па плодаагародніннай прадукцыі, дзіцячым харчаванні, цукрыстым кандытарскім вырабам, сырам, масле сметанковаму і практычна па ўсіх групах нехарчовых тавараў. Што датычыцца агульных паказчыкаў па продажах беларускай і імпартнай прадукцыі, то рост гандлю назіраецца па свежых садавіне і агародніне, арэхах, яблыках, бульбе, агурках, цыбулі, рыбе, мінеральнай вадзе і іншых таварах.
«Традыцыйна складана рухаліся ў нас нехарчовыя групы тавараў, але бягучае паўгоддзе паказвае і тут значнае павелічэнне продажу», — падкрэсліў кіраўнік ведамства. Напрыклад, продаж новых аўтамабіляў, паводле яго інфармацыі, вырас у першым паўгоддзі на 71%, тэлевізараў — на 5,6%, халадзільнікаў і маразільнікаў бытавых — на 13,2%, сродкаў бытавой хіміі — на 11,8%, верхняга адзення — на 10%, панчошна-шкарпэткавых вырабаў — на 3,3%, парфумерна-касметычнай прадукцыі — на 5,9%. Паводле слоў міністра, прырастае і доля продажу беларускай прадукцыі на ўнутраным рынку. Доля беларускіх яблыкаў на ўнутраным рынку практычна дасягнула 60%, бульбы — 94%, капусты — 85%, агуркоў — 95%, рэпчатай цыбулі — 78%. Каля 100% на ўнутраным рынку традыцыйна займаюць мяса-малочная прадукцыя і хлебабулачныя вырабы айчыннай вытворчасці.
Што датычыцца нехарчовай групы тавараў, то ў тройцы лідараў па росце долі продажу на ўнутраным рынку бытавая хімія (38%), халадзільнікі (24,3%) і пральныя машыны (21,4%).
Што з «Востравам чысціні»?
Аляксей Багданаў пракаментаваў сітуацыю з гандлёвай сеткай «Востраў чысціні і густу». У міністэрстве нейкіх вялікіх праблем з банкруцтвам гэтай сеткі не бачаць, паколькі ўдзельнікаў на рынку з аналагічнымі таварамі досыць шмат.
«Чаму гэтая сітуацыя ўзнікла? Даўняя гісторыя, яны досыць даўно ішлі да такога няўдалага завяршэння. Калі мы даведаліся пра гэта, узялі працэс пад свой кантроль, спрабавалі ўсімі сіламі неяк дапамагчы ў рамках нашай кампетэнцыі, але ў іх сфарміраваўся за апошнія пяць гадоў сапраўдны камяк праблем. Гэта не імгненныя цяжкасці, праблемы наспявалі доўга. Гэта і няўдалыя фінансавыя ўкладанні, і стратэгія развіцця бізнесу — ён рос у іх вельмі хутка, і не кожная кампанія пры такім вялікім росце здольная справіцца. Таму, вядома, вельмі важна мець кваліфікаваны персанал, які можа кіраваць маштабаваннем гандлёвай сеткі, не ствараючы фінансавых праблем і іншых пытанняў», — сказаў Аляксей Багданаў.
Паводле яго слоў, праблемы гандлёвай сеткі не ўдалося вырашыць ніякімі інструментамі, у тым ліку банкаўскімі крэдытамі і растэрміноўкамі плацяжоў. «Мы збіралі банкі, усіх удзельнікаў рынку, і вытворцаў, і пастаўшчыкоў, і прадстаўнікоў самой сеткі, размаўлялі з імі, але праблема не вырашылася. Гандлёвая сетка будзе ліквідаваная, напэўна, гэта ўжо практычна адбылося. Але для спажыўцоў праблем не будзе, на месцах працуюць іх канкурэнты, якія актыўна закрываюць гэты сегмент рынку», — адзначыў міністр.
Аўтар: Сяргей Куркач
Звязда, 25 ліпеня 2024
Звязда, 25 ліпеня 2024
Кoличество переходов на страницу: 87
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |