https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Беспрацоўе ў вёсцы амаль немагчыма


Жыццё ў вёсцы не можа не адрознівацца ад гарадскога. Хоць апошнім часам яно становіцца ўсё больш камфортным. Дзяржава імкнецца стварыць годныя ўмовы вяскоўцам, асабліва калі ўлічыць, што немалая іх частка мае патрэбу ў сацыяльнай падтрымцы. Што ж робіцца ў краіне для таго, каб вяскоўцы не адчувалі сябе ўшчэмленымі?

Складана падзяліць сацыяльную палітыку на гарадскую і сельскую, і, тым не менш, у сацыяльнай падтрымцы вяскоўцаў ёсць свае асаблівасці.

Вельмі важнай мерай па захаванні стабільнасці з'яўляецца забеспячэнне занятасці людзей. Бо чалавек, які мае працу, адчувае сябе абароненым і з упэўненасцю глядзіць у будучыню.

— Адным з асноўных напрамкаў Дзяржаўнай праграмы садзейнічання занятасці насельніцтва на 2012 год з'яўляецца забеспячэнне занятасці насельніцтва ў малых, сярэдніх гарадскіх паселішчах і рэгіёнах з устойліва высокім узроўнем беспрацоўя, сельскай мясцовасці. Асаблівая ўвага надаецца стварэнню новых працоўных месцаў, а таксама ўмоў для развіцця прадпрымальніцкай ініцыятывы, — заявіў на прэс-канферэнцыі, прысвечанай дзяржаўнай палітыцы па сацыяльнай абароне насельніцтва ў сельскай мясцовасці, намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак.

Нядрэнна працуе праграма перасялення грамадзян з ліку беспрацоўных і членаў іх сем'яў у сельскую мясцовасць на новае месца жыхарства і працы. У банку звестак, размешчаным на афіцыйным сайце Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, на 5 лістапада 2012 года змяшчаецца інфармацыя аб 2223 вакансіях з прадастаўленнем жылля ў сельскай мясцовасці.

Найбольш запатрабаваныя на вёсцы рабочыя прафесіі — трактарыст, трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці, аператар машыннага даення, цясляр, цясляр-бетоншчык, электрагазазваршчык, жывёлавод, каменшчык. Сярод спецыялістаў і служачых у дэфіцыце аграномы, ветурачы, заатэхнікі, урачы, інжынеры.

Маладым спецыялістам, якія прыбылі на працу ў сельскагаспадарчыя арганізацыі, на працягу першых двух гадоў вызначана даплата ў памеры тарыфнай стаўкі першага разраду (цяпер — 225 тыс. руб.). Кіраўнікам і спецыялістам, якія працягваюць і па заканчэнні двух гадоў працаваць у сельгасарганізацыях на пасадах у адпаведнасці з атрыманай кваліфікацыяй, на працягу наступных трох гадоў робіцца даплата ў трохразовым памеры тарыфнай стаўкі першага разраду (што складае 675 тыс. руб.).

Спецыялістам, якія паспяхова працуюць, прысвойваюцца званні з выплатай адпаведнай надбаўкі: "спецыяліст сельскай гаспадаркі 1-га класа" (50% службовага аклада), "спецыяліст сельскай гаспадаркі 2-га класа" (30% службовага аклада).

Сацыяльныя паслугі: дайсці да кожнага вяскоўца

Кожны трэці чалавек, які пражывае ў сельскай мясцовасці, — пенсіянер. Многія пажылыя людзі з'яўляюцца адзінокімі або адзінока пражываюць. Абслугоўваць іх сацыяльным работнікам бывае няпроста з-за вялікай раскіданасці населеных пунктаў. Так, напрыклад, у Шчучынскім раёне іх 450! Таму для забеспячэння даступнасці сацабслугоўвання ў сельскай мясцовасці адкрываюцца сацыяльныя пункты і філіялы. Ствараюцца брыгады сацыяльнага абслугоўвання на мабільнай аснове, якія прадстаўляюць сельскім жыхарам комплекснае сацабслугоўванне. У тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання працуюць 95 такіх брыгад.

Вялікай папулярнасцю ў непрацаздольных вясковых жыхароў карыстаюцца разавыя сацыяльна-бытавыя паслугі, якія прадстаўляюцца па даступных цэнах (кошт гадзіны ад 1200 да 7600 рублёў) сацыяльнымі работнікамі і гаспадарчымі брыгадамі аддзяленняў тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання.

У сельскай мясцовасці актыўна ўкараняюцца інавацыйныя віды сацыяльных паслуг. Напрыклад, у вёсках Віцебскай, Гродзенскай і Мінскай абласцей другі год працуюць "дамы сезоннага пражывання", "дамы зімоўкі", у якіх на зімовы перыяд арганізуецца сумеснае пражыванне адзінокіх пажылых людзей. У Гродзенскай вобласці адкрыты "кватэры сацыяльнага патранажу" для часовага пасялення (на тэрмін не больш за шэсць месяцаў) старых, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

У Вілейскім раёне Мінскай вобласці са жніўня гэтага года рэалізуецца праект "Санаторый дома", калі на працягу 21 дня сацработнікі абслугоўваюць адзінокіх састарэлых грамадзян 5 раз у тыдзень, а медыкі аказваюць медыцынскія паслугі.

У нашай краіне працуюць 56 аддзяленняў кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў, якія ствараюцца па месцы жыхарства. "Чалавека не вырываюць са звыклага асяроддзя, не парушаюцца яго сувязі з малой радзімай, — сказаў Аляксандр Румак. — Да таго ж, утрыманне аднаго чалавека ў такім аддзяленні амаль у два разы танней утрымання ў доме-інтэрнаце".

І дадатковыя пенсійныя гарантыі

З улікам асаблівага характару работы ў сельскай гаспадарцы для асобных катэгорый работнікаў гэтай галіны заканадаўствам прадугледжаны дадатковыя гарантыі ў частцы пенсійнага забеспячэння. У прыватнасці, гэта прызначэнне датэрміновай пенсіі па ўзросце трактарыстам-машыністам, непасрэдна занятым у вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі не менш за 20 гадоў у калгасах, саўгасах і іншых прадпрыемствах сельскай гаспадаркі, са зніжэннем агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту на 5 гадоў. Такую пенсію на 1 лістапада гэтага года атрымліваюць 23 651 чалавек.

Датэрміновая пенсія па ўзросце прызначаецца таксама жанчынам, якія працавалі не менш за 20 гадоў у калгасах, саўгасах і іншых прадпрыемствах сельскай гаспадаркі даяркамі, цялятніцамі, свінарамі-аператарамі. Пенсію па гэтай падставе атрымліваюць 17 461 чалавек.

Датэрмінова могуць пайсці на пенсію і жанчыны, якія нарадзілі пяць і больш дзяцей і выхавалі іх да 16-гадовага ўзросту, пры стажы працы ў калгасах, саўгасах і іншых прадпрыемствах сельскай гаспадаркі непасрэдна ў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі не менш за 10 гадоў незалежна ад узросту. Асобным работнікам сельскай гаспадаркі (напрыклад, кавалям, электразваршчыкам і інш.) зніжаны агульнаўстаноўлены пенсійны ўзрост на 5 ці 10 гадоў.

Медыцынскае абслугоўванне цалкам даступнае

Пажылыя людзі, якія пражываюць у вёсцы, як правіла, маюць патрэбу ў вялікім аб'ёме медыцынскай дапамогі, — распавяла журналістам намеснік начальніка ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі, начальнік аддзела першаснай медыка-санітарнай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Беларусі Людміла Жылевіч. — У свой час адбылася рэструктурызацыя ўстаноў аховы здароўя, частка раёнаў была далучана па медыцынскім абслугоўванні да гарадоў, і сельскае насельніцтва атрымала такую ж даступную меддапамогу, як і гарадское. Але, тым не менш, многія населеныя пункты знаходзяцца дастаткова далёка, і іх жыхары таксама маюць патрэбу ў дапамозе медыкаў. Мы захавалі ўчастковыя бальніцы з невялікай колькасцю ложкаў, каб пажылыя людзі маглі лячыцца ў сваёй мясцовасці.

Створана сістэма фельчарска-акушэрскіх пунктаў. Сёння іх налічваецца 2358. Яны з'яўляюцца практычнымі філіяламі Цэнтральных раённых бальніц. Гэта значыць, у ФАПы рэгулярна выязджаюць урачы, каб непасрэдна аказаць жыхарам медыцынскую дапамогу.

У сельскую мясцовасць выязджаюць і комплексныя брыгады вузкіх спецыялістаў, якія аглядаюць і кансультуюць мясцовых жыхароў. Такім чынам, вяскоўцы могуць атрымаць увесь спектр неабходнай медыцынскай дапамогі.

— Акрамя таго, Міністэрства аховы здароўя ідзе па шляху стварэння агульнаўрачэбнай практыкі ў сельскай мясцовасці, — заявіла Людміла Жылевіч. — Гэта калі ўрач-універсал можа аказаць вялікі аб'ём разавай дапамогі, уключаючы педыятрычную і хірургічную. Пры гэтым людзям няма неабходнасці лішні раз выязджаць у раён.

Святлана Бусько
Звязда, 9 лістапада 2012



 

Кoличество переходов на страницу: 979


Комментарии