https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Барацьба з «чарнілам»: два гады без яго і пасля


Цягам двух гадоў у Карэліцкім раёне Гродзеншчыны быў цалкам забаронены продаж пладовага віна. Нядаўна гэты эксперымент давялося спыніць: забарона была прызнана Міністэрствам юстыцыі незаконнай. Месцічы канстатуюць: з адменай забароны людзі не кінуліся ў крамы набываць «чарніла». Але мясцовыя ўлады, медыкі і супрацоўнікі РАУС асцерагаюцца, што дэмаграфічная і крымінагенная сітуацыя ў раёне будзе пагаршацца. Можа наступіць гэткі «зваротны эфект» адсутнасці «чарніла»: за два гады тут у тры разы знізілася смяротнасць ад алкагольнага атручвання, напалову менш стала «п'яных злачынстваў»... Каб пачуць пра ўсё з першых вуснаў і вывучыць сітуацыю на месцы, карэспандэнт «Звязды» накіравалася ў Карэлічы.

«Алкаголь — не прадукт першаснай неабходнасці»

— Рашэнне па забароне продажу пладовага віна мы прымалі па просьбах нашых людзей. Адчуваючы ментальнасць жыхароў раёна, я як кіраўнік і чалавек, які пражыў тут больш за 50 гадоў, прыслухаўся да іх думак, — тлумачыць Віктар Шайбак, старшыня Карэліцкага райвыканкама. — Да таго ж у раёне была адмоўная дэмаграфічная сітуацыя, і мы хацелі захаваць жыццё людзей, пазбавіць іх ад атручвання алкаголем. Забарону продажу таннага алкаголю мы зрабілі ў межах эксперыменту. Але рашэннем Мінюста наша рэкамендацыя па адмаўленні ад продажу пладовых вінаў, якая была падтрымана рэалізатарамі на месцах у раёне, прызнана юрыдычна неправамоцнай. Мы былі вымушаны выдаць рашэнне, якое адмяніла меры па абмежаванні спажывання пладова-ягаднага віна ў раёне. Хоць, калі б гэта залежала ад мяне, я і сёння не прадаваў бы яго.

Загадчык аддзела эканомікі Карэліцкага райвыканкама Фелікс Швабовіч звярнуўся да гісторыі:

— Вырашэнне алкагольнай праблемы — гэта пытанне не толькі асобных прадпрыемстваў і ведамстваў, а і мясцовай улады. Успомніце, да чаго прывёў «сухі закон» Гарбачова. Высеклі вінаграднікі, загубілі нашу галіну вытворчасці віна з яблыкаў. Сталі варыць самагон, гарэлка ў таксістаў прадавалася па «дурным» кошце. Я лічу, што калі выпускаць пладовыя віны, то яны павінны быць натуральнымі і якаснымі. Народ трэба і выхоўваць, і абараняць, а добра адпачыць можна і без спіртнога.

Паліцы з танным алкаголем прыцягваюць вока пакупнікоў і падштурхоўваюць людзей набываць яго. Мала хто задумваецца пра наступствы ад ужывання такіх напояў, мяркуюць мясцовыя ўлады.

— Спрацоўвае псіхалогія чалавека: «О, прывабна, дай пакаштую!» — выказаўся Аляксандр Шкадаў, старшыня раённага Савета дэпутатаў. — А чаму б не пайсці па шляху Фінляндыі: вялікі кошт і абмежаваная даступнасць, калі ўсе крамы са спіртным вынесены за межы горада?

«Даступнасць «чарніла» — гэта крок назад»

Раённая міліцыя рыхтавалася да чакаемай адмены забароны загадзя, магчыма, таму і ўдалося пазбегнуць рэзкага скачка злачынстваў, мяркуюць у Карэліцкім РАУС.

— Мы паглядзім, як гэта адаб'ецца на сітуацыі, і праз пэўны час будзем зноў выходзіць з хадайніцтвам на Міністэрства юстыцыі. Адсутнасць «чарніла» ў продажы — не адзіны, але ж адзін са станоўчых фактараў, які паўплываў на паляпшэнне крымінагеннага становішча ў раёне. Думаю, сітуацыя можа пагоршыцца з часам, хоць рэзкага росту злачынстваў за 4 месяцы пасля адмены забароны пакуль не назіраецца. Тым не менш дазвол на продаж такога віна не паўплывае добрым чынам ні на рост дабрабыту грамадзян, ні на іх бяспеку, — лічыць начальнік Карэліцкага РАУС палкоўнік Валерый Салаўёў. — На пачатку барацьбы з алкагалізацыяй насельніцтва забарона спіртных напояў нізкай якасці была добрым крокам. Цяпер, калі «чарніла» ў раёне зноў стала даступным, — гэта крок назад, нягледзячы на сур'ёзны эканамічны прыбытак ад продажу алкаголю.

У дні цвярозасці ў раёне не бывае цяжкіх злачынстваў, у тым ліку і бытавога характару, бо людзі ведаюць, што алкаголю няма ў продажы, і не робяць спроб выйсці на яго пошукі. Акрамя таго, чым горшая якасць ужытага напою, тым менш прадказальная рэакцыя чалавека на яго, дадае кіраўнік раённай міліцыі.

За час дзеяння забароны значна знізілася колькасць ДТЗ з удзелам сельскагаспадарчай тэхнікі, дзе гінулі або траўміраваліся людзі. За 2014 год быў толькі адзін выпадак, калі загінуў п'яны трактарыст, а за мінулы год іх не было ўвогуле, як і здарэнняў з удзелам п'яных пешаходаў. Аднак у канцы 2015-га (калі забарону ўжо адмянілі) адзін п'яны пешаход набедакурыў, распавёў Аляксандр Парфёнка, начальнік Карэліцкай ДАІ.

— Думаю, што плады ад адмены продажу «чарніла» мы будзем «пажынаць» у наступны пасяўны сезон, — дзеліцца трывогай Валерый Салаўёў.

Таннае — значыць, больш даступнае

За час дзеяння забароны ў раёне знізілася смяротнасць (памерла на 20 чалавек менш) і назіраўся невялікі прырост па нараджальнасці (+1 дзіця). Сітуацыя з сацыяльна-небяспечнымі сем'ямі таксама крыху палепшылася, як і медыцынская статыстыка.

— Пакуль дзейнічала забарона, колькасць пацыентаў у стане сіндрому адмены алкаголю, зменшылася ў 1,8 раза. З 2011 па 2013-ы, калі спіртное прадавалася, такіх людзей было 96, а за два гады адсутнасці «чарніла» на лячэнне трапіла 53 чалавекі, — прывяла лічбы Алена Майсак, галоўны ўрач УАЗ «Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца». — Пладовае віно і таннейшае, і менш моцнае, таму і п'юць яго ў большых дозах з усімі адпаведнымі наступствамі.

Аматары «чарніла» першы час пасля забароны яго продажу пакутавалі. Кажуць, арганізм не мог прымаць моцную гарэлку, на якую давялося перайсці. Таму разбаўлялі яе салодкай газіроўкай. Некаторыя, асабліва прадпрымальныя, месцічы прытаргоўвалі паціху пладова-ягадным віном, што прывозілі дзеці з горада, або трымалі яго пра запас, каб разлічвацца за працу.

— У народа павінен быць выбар, — разважае мясцовы пенсіянер Аляксандр, былы спартсмен. — Забаронамі праблему алкаголю не вырашыць.

Пасля зняцця забароны на «чарніла» ажыятажу ў крамах не назіралася. Як бралі гарэлку, так і бяруць. Хоць самыя адчайныя выпівохі ўзрадаваліся. Трапляліся экзэмпляры, якія набіралі адразу столькі бутэлек, што тырчалі паміж усімі пальцамі. Аднак гэта адзінкі, кажуць мясцовыя.

— Раней машынамі віно па раёне развозілі, а ў першы тыдзень пасля адмены аўталаўкі па вёсках ездзілі і нават па скрыні не прадалі. Думаю, многія прыйшлі да высновы, што лепш выпіць радзей і менш, — лічыць Аляксандр Шкадаў.

— Вінзавод — гэта не малочнатаварная ферма, а алкаголь — не тавар першаснай неабходнасці. Вось калі не будзе хапаць грошай на кавалак хлеба, мяса ці малака — гэта будзе праблема, — слушна заўважае Віктар Шайбак. — Нашы мясцовыя вінзаводы — не настолькі вялікія і магутныя прадпрыемствы. Каб ацаніць эканамічны ўрон, нанесены ім, трэба падлічыць і кошт тары з віном, і кошт медыкаментаў на лячэнне хворых людзей (алкаголікаў).

З ім згодны і Валерый Салаўёў: «Упэўнены, калі правільна падлічыць урон ад п'яных здарэнняў і колькасць сродкаў, затрачаных на барацьбу з наступствамі алкагалізацыі (траўматызм на працы, хваробы і бюлетэні, самагубствы), гэтая лічба была б не меншай, чым прыбытак ад продажу спіртных напояў.

Алена Майсак прыводзіць сваю статыстыку: «Усе станы адмены алкаголю з ускладненнямі (галюцынацыямі, сутаргамі) лечацца ў рэанімацыі цягам 3-4 дзён. І нават пасля гэтага людзі яшчэ застаюцца ў тэрапіі або пераводзяцца ў спецыялізаваныя бальніцы. Адзін дзень у нашай рэанімацыі абыходзіцца ў 1 млн 768 тыс. рублёў, а дзень у звычайным аддзяленні — 382 632 рублі, вось і лічыце. Дарэчы, узрост асноўнай масы алкаголікаў, што трапляюць у рэанімацыю, самы што ні ёсць працаздольны — ад 30-40 гадоў да 60.

Арыфметыка «п'яных злачынстваў»

Паводле звестак Міністэрства ўнутраных спраў, летась з агульнай колькасці забойстваў 80% былі здзейсненыя ў нецвярозым стане. Гэтаксама як і 76% выпадкаў наўмыснага прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, 71,3% выпадкаў хуліганства. Каля дзвюх трацін усіх угонаў транспартных сродкаў, згвалтаванняў і рабаванняў таксама здараецца па віне нецвярозых грамадзян.

Ірына Сідарок
Звязда, 3 лютага 2016


 

Кoличество переходов на страницу: 818


Комментарии