20-годдзю дыпламатычных адносін паміж Расійскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь з доктарам палітычных навук Сяргеем Кізімам.
________________________________
Прыемна адзначыць, што, нягледзячы на шэраг праблем, якія былі на працягу апошняга дзесяцігоддзя, менавіта да даты 20-годдзя дыпламатычных адносін паміж Расійскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь мы падыходзім на добрым этапе іх развіцця. Галоўнае — не "круглая" дата, а супадзенне многіх пазіцый. Гэта развіццё адносін, супрацоўніцтва ў мытнай інтэграцыі, палітычным узаемадзеянні, у абароне інтарэсаў на міжнароднай арэне.
У адносінах Расіі і Беларусі можна вылучыць некалькі этапаў. Першы этап: снежань 1991 года — сярэдзіна 1994 года. Гэта быў момант, калі Расія і Беларусь вызначаліся з вектарамі сваёй знешняй палітыкі. Было вельмі шмат ілюзій, новых трэндаў, тэндэнцый.
У Беларусі гэта было значна больш адлюстравана. Частка палітычнай эліты разумела, што найбольш паспяховае развіццё эканомікі, а таксама найбольшая абарона нацыянальных інтарэсаў магчымыя ў цеснай сувязі з Расіяй. Другая ж частка эліты да 1994 года будучыню Беларусі звязвала з Еўропай, развіццём адносін з ёй, а таксама з ЗША.
У выніку такога разыходжання меркаванняў знешняя палітыка краіны была вельмі супярэчлівай. І, адпаведна, не ўспрымалася належным чынам на міжнароднай арэне. І толькі пасля прыходу да ўлады цяперашняга Прэзідэнта краіны ўдалося пайсці па найбольш прагматычным і рацыянальным шляху, быў узяты курс на аднаўленне максімальна цесных партнёрскіх адносін з Расіяй. З Захадам жа быў устаноўлены "рэжым спрыяння".
Беларусь і тады, і цяпер адкрытая для Захаду, заўсёды гатова да сустрэчных дзеянняў. Галоўная праблема ў тым, што Захад не хоча рабіць крокі насустрач, а жадае поўнага кантролю над Беларуссю, каб зрабіць яе сваёй "марыянеткай".
Перыяд 1991—1994 годоў у Беларусі вызначаецца такім чынам.
У Расіі ж тады таксама былі сур'ёзныя супярэчнасці наконт як знешняй, так і ўнутранай палітыкі. У 1993 годзе ўсё скончылася "расстрэлам" расійскага парламента з танкаў. Курс палітыкі нараджаўся ў пакутах.
Другі этап — з сярэдзіны 1994 года. Беларусь выказвае намер максімальна цеснага партнёрства з Расіяй, якая, у сваю чаргу, не такая паспешлівая. Расія думала пра тое, ува што можа выліцца супрацоўніцтва. Курс на стратэгічнае партнёрства паміж Расіяй і Беларуссю вельмі доўга аналізаваўся з боку Расіі. Ён знайшоў водгук у 1995 годзе, а ўжо ў 1996-м кіраўніцтва краіны-суседкі стала рабіць рашучыя крокі па рэалізацыі такога курсу.
Такім чынам, другім этапам можна назваць прыкладна 1994—1999 гады. У асноўным гэты перыяд звязаны са знаходжаннем ва ўладзе ў Расіі Барыса Ельцына. А. Лукашэнка і Б. Ельцын вырашылі ўстанаўліваць курс на цеснае ўзаемадзеянне, на развіццё інтэграцыйных праектаў і ў эканамічнай, і ў палітычнай сферах. Гэта перыяд яднання краін.
Далей ідзе этап з 2000 па 2011 гады. Хутчэй, нават да восені 2011 года. На гэтым этапе ў дзвюх краін былі значныя супярэчнасці. У сувязі з падаражаннем рэсурсаў на сусветнай арэне новае кіраўніцтва Расіі, прызнаючы існаванне шматлікіх праблем, узяло курс на зніжэнне ступені інтэграцыйных працэсаў. Фактычна, Расія некалькі самаізалявалася. Расія лічыла за лепшае, каб краіны, якія знаходзяцца вакол і вельмі залежаць ад яе прыродных рэсурсаў, пераходзілі на рынкавыя адносіны з ёй.
У той жа час у выніку спецыфікі эканомік гэтых краін не ўсе маглі вытрымаць такія адносіны. Зразумела, курс на прагматыку меў свае падставы. Прыход Пуціна ў ХХІ стагоддзі выратаваў Расію ад канчатковага распаду. Чачэнскі сепаратызм мог стаць прыкладам для пераймання для многіх іншых рэгіёнаў Расіі. Каб выжыць, тады здавалася, што Расіі трэба было цікавіцца толькі сваімі праблемамі. Але гэта не было абгрунтавана з пункту гледжання доўгатэрміновых перспектыў.
Той перыяд быў адзначаны рэзкім зніжэннем аўтарытэту Расіі. Цэнтральная Азія, Украіна, Малдова і іншыя былыя савецкія рэспублікі сталі актыўна шукаць кагосьці, хто зацікавіцца імі замест Расіі. Цяпер навідавоку вынікі такіх дзеянняў. У тым ліку ўжо некалькі гадоў ідуць працэсы еўразійскай інтэграцыі, нядаўна пастаўлена задача стварэння Еўразійскага саюза. У той жа час з былых савецкіх рэспублік існуе невялікая колькасць краін, якія могуць удзельнічаць цяпер у гэтых працэсах.
Такім чынам, трэці этап — гэта згубленае дзесяцігоддзе для блізкага замежжа Расіі. Была рэзка зніжана пазітыўная і прадукцыйная праца з краінамі, якія акружалі Расію. Гэта дзесяцігоддзе ўжо адбілася крайне балюча. У будучыні гэта яшчэ адаб'ецца на знешнепалітычнай бяспецы.
З майго пункту гледжання, гэта была вельмі сур'ёзная недапрацоўка.
Найбольш сур'ёзным уронам для працэсаў еўразійскай інтэграцыі стала амаль поўная страта Украіны як удзельніка гэтых працэсаў. Цалкам магчыма, што Украіна магла б быць часткай еўразійскай інтэграцыі. Трэба было больш дакладна дэклараваць інтарэсы Расіі, аказваць эканамічнае садзейнічанне Украіне. Цэны на сыравінны расійскі экспарт, якія рэзка ўзраслі ў пачатку ХХІ стагоддзя, у прынцыпе, дазвалялі гэта зрабіць.
Прыход да ўлады В. Юшчанкі адбыўся на фоне шматлікіх праблем двухбаковых адносін. Варта было, мяркую, не дапусціць прыход "празаходняга" прэзідэнта да ўлады пры дапамозе падтрымкі ўкраінскай эканомікі. Менавіта гэтым трэба было займацца, а не нейкімі палітычнымі тэхналогіямі на выбарах.
Чацвёрты этап мы бачым у поўным увасабленні ўвосень 2011 года. Расія рэзка змяніла свой знешнепалітычны, знешнеэканамічны курс.
Замест размоў пра эканамічны прагматызм у адносінах з партнёрамі вядзецца гаворка пра еўразійскую інтэграцыю па новым сцэнарыі. Знятыя самыя сур'ёзныя пытанні наконт яе. Гэта, перш за ўсё, выхад на роўныя цэны на энергарэсурсы ў перспектыве і нармальныя цэны для Беларусі ўжо цяпер.
Цяпер абмяркоўваюцца найбольш хваравітыя пытанні: транспарціроўка энергарэсурсаў у інтарэсах той або іншай краіны, якая ўдзельнічае ў еўразійскай інтэграцыі, і чыгуначныя тарыфы на правоз той ці іншай прадукцыі, сыравіны. Гэтыя пытанні ў галіне эканомікі трэба будзе вырашыць у бліжэйшы час.
Звязда, 7 ліпеня 2012
Кoличество переходов на страницу: 846
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |