https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Гронкі гневу. Чаму ў Малдове пашыраецца хваля пратэстаў?


Звыш 60 працэнтаў жыхароў Малдовы падтрымлівае ініцыятыву правядзення датэрміновых парламенцкіх выбараў. Гэта вынікае з апытання малдаўскай сацыялагічнай кампаніі іData, паведаміла РІА «Навіны». «Больш за палову рэспандэнтаў (55,9 працэнта) лічыць, што справы ў Рэспубліцы Малдова ідуць не ў тым кірунку», — падкрэслілі сацыёлагі. У даследаванні адзначаецца, што 52,4 працэнта жыхароў ускладаюць адказнасць за эканамічны крызіс менавіта на ўрад.

Пры гэтым апытаныя назвалі пратэсныя акцыі найважнейшай падзеяй за апошні месяц. Пратэсны рух у краіне маштабны.

Напрыклад, у мінулыя выхадныя ў Кішынёве на маніфестацыю супраць улад выйшла звыш 50 тысяч чалавек. Паведамляецца, што паліцыя заступіла дарогу пратэстоўцам на цэнтральную плошчу сталіцы. Гэта выклікала абурэнне ўдзельнікаў акцыі ў сувязі з парушэннем іх законных правоў. Прадстаўнік партыі «Шор» Дзіну Цуркану заявіў, што ён і яго прыхільнікі расцэньваюць падобныя дзеянні праваахоўнікаў як правакацыю. Асобныя маніфестацыі праводзіліся ў краіне яшчэ ўлетку, а з 18 верасня яны ладзяцца пастаянна. Чаму ў Малдове пашыраецца хваля пратэстаў?

Рэспубліка антырэкордаў

Малдаўскі ўрад «занадта шмат гаворыць і занадта мала робіць», такое меркаванне выказаў румынскі сацыёлаг Дан Дунгачыу, перадае eadaіly.com. Паводле яго слоў, сітуацыя ў краіне цяпер вельмі цяжкакіраваная, а незадаволенасць людзей бяздарнасцю ўлады абгрунтаваная. Эксперт адзначыў, што больш высокай інфляцыі, чым у Малдове, няма нідзе ў Еўропе.

Рэспубліка б'е антырэкорды. Паводле даных Нацыянальнага бюро статыстыкі, інфляцыя ў Малдове ў верасні склала амаль 34 працэнты. На прадукты харчавання цэны ўзраслі больш чым на 37 працэнтаў, на нехарчовыя тавары — на 22,4 працэнта, а на паслугі — на 47,2 працэнта. Гэта ў сярэднім. Найбольш адчувальная пазіцыя — кошт энергарэсурсаў. Газ у краіне падаражэў у верасні (у параўнанні з такім жа перыядам летась) больш чым у 3,6 раза, ацяпленне — больш чым на 90 працэнтаў, а электраэнергія — на 60 працэнтаў. Адметна, што ў верасні сярод харчовых тавараў, цэны на якія найбольш узраслі, — садавіна і гародніна (і гэта ў Малдове!).

«Такім чынам, з усіх пунктаў гледжання Рэспубліка Малдова знаходзіцца ў катастрафічнай сітуацыі. Там рэцэсія ўжо афіцыйная, таму нішто не дае падстаў для аптымізму», — растлумачыў румынскі эксперт. Вынікам бяздзейнасці ўлад, кажа сацыёлаг, з'яўляецца тое, што людзі выходзяць на масавыя акцыі пратэсту, якія складаюць рэальную пагрозу рэжыму.

«Людзі выйдуць на вуліцы незалежна ад таго, што мы сцвярджаем, быццам імі кіруе геапалітыка. Кіраваць сітуацыяй там вельмі складана, тым больш што Малдова дэманструе абуральны непрафесіяналізм, у тым ліку на ўзроўні знешнепалітычных пасланняў», — заўважыў Дан Дунгачыу.

Валасы дыбяцца

«Рост інфляцыі ў Малдавіі захаваецца, нічога не зробіш», — заўважыла Мая Санду яшчэ ў канцы чэрвеня. З таго часу сітуацыя пагоршылася на парадак. У ліпені ў краіне вывучылі, колькі грамадзян падтрымлівае курс дзеючай улады. Былі апублікаваны вынікі апытання, праведзенага Інстытутам маркетынгу і даследаванняў ІMAS. Стала вядома, што 75 працэнтаў рэспандэнтаў расчараваныя дзейнасцю ўрада Наталлі Гаўрыліцы.

Паводле даных апытання, 62 працэнты апытаных перакананыя ў тым, што тлумачэнне ўсіх праблем сітуацыяй ва Украіне — спосаб схаваць некампетэнтнасць цяперашняга ўрада. Пры гэтым 55 працэнтаў рэспандэнтаў лічаць, што любая іншая партыя справілася б з сітуацыяй лепш, чым кіруючая PAS («Дзеянне і салідарнасць» — правацэнтрысцкая ліберальная праеўрапейская палітычная партыя, якая была ўтворана ў маі 2016 года тагачасным міністрам адукацыі і цяперашнім прэзідэнтам Маяй Санду).

Абраны ўладамі курс развіцця не падтрымалі 62 працэнты апытаных. Пры гэтым 29 працэнтаў рэспандэнтаў заявілі, што цалкам незадаволеныя сваім жыццём, 33 працэнты адказалі, што незадаволеныя. Як стала вядома, антырэйтынг кіруючай прапрэзідэнцкай партыі PAS складае 48,8 працэнта. У топе самых скампраметаваных палітыкаў лідзіруе Мая Санду — 48 працэнтаў. Асабісты рэйтынг прэзідэнта за год знізіўся больш чым удвая — з 37,7 да 15 працэнтаў. Амаль 60 працэнтаў рэспандэнтаў лічыць, што цяперашні ўрад не пратрымаецца да канца дзеючага мандата. Ці патрэбныя тут каментарыі?

Малдова карыстаецца поўнай падтрымкай Захаду, атрымлівае грошы, але ўрад Гаўрыліцы сацыяльныя і эканамічныя праблемы ў краіне не вырашае. Пра гэта ў эфіры RLІVE TV заявіў колішні намеснік міністра замежных спраў Малдовы Валерый Асталеп. Эксперт адзначыў, што пры такіх аб'ектыўных магчымасцях улада сябе поўнасцю дыскрэдытавала перад грамадзянамі, пусціўшы кіраванне краінай на самацёк. Як вынік — глыбокі крызіс у эканоміцы, збядненне насельніцтва і нарастаючыя пратэсныя настроі.

«Крэсла прэм'ера заўсёды мела рэйтынг не менш чым 12 працэнтаў. Пасадзі туды каго заўгодна, і ў яго будуць 12 працэнтаў. У Гаўрыліцы рэйтынг мінус адзін. А яна сядзіць і пасміхаецца. У яе не хапае сумлення. У такі складаны час яна працягвае гуляць у бірулькі і думае, што кіруе краінай», — абурыўся Асталеп. Эксперт дадаў, што апраўданні некампетэнтнасці ўрада знешнімі фактарамі, агульнасусветнымі выклікамі і памылкамі папярэднікаў ужо нікога даўно не ўражваюць і гучаць сама меней недарэчна. «Яна сабе дазваляе, маючы такі рэйтынг, несці ахінею аб тым, чаму ў яе не атрымліваецца. Грошы ёсць, падтрымка знешняя такая, якой не было яшчэ ні ў адной улады, плюс талерантнасць народа», — канстатаваў Асталеп. На яго думку, цяперашні ўрад не прапанаваў ніводнай сапраўднай меры дапамогі бізнесу, хоць з зайздроснай упартасцю сцвярджае адваротнае.

«Час зняць Майку»

Незадаволеныя гіперінфляцыяй і энергетычным крызісам людзі патрабуюць адстаўкі ўрада, датэрміновых прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў. Кожную нядзелю яны мітынгуюць перад прэзідэнтурай, а два тыдні таму разгарнулі палатачны гарадок перад будынкам парламента, абвясціўшы, што цяпер свае акцыі будуць праводзіць у рэжыме нон-стоп.

«Я хачу сказаць вам, што з кожным разам нас становіцца ўсё больш, а іх страх расце. Яны робяць усё, каб перашкодзіць людзям прыходзіць і прыязджаць на акцыі пратэсту. Набліжаецца зіма, і плаціць па рахунках будзе немагчыма. Мы абавязаныя адправіць іх у адстаўку, таму што яны хочуць прынесці галечу, холад і голад, яны хочуць давесці краіну да банкруцтва», — заявіў у адным са сваіх відэазваротаў да ўдзельнікаў акцыі лідар палітфарміравання Ілан Шор. Да пратэстоўцаў далучыўся і вядомы ў Малдавіі вядучы ўрачыстасцяў, як ён сябе называе, «паэт-хуліган» Павел Дуганаў. «Час зняць Майку», — так скончыў ён сваё выступленне, дэманстратыўна сцягнуўшы з сябе надзетую на адзежу майку.

Канфрантацыя нарастае — ніхто з улад на дыялог з пратэстоўцамі проста не ідзе. Кіраўнік дзяржавы звярнулася да ўрада з прапановай унесці часовыя папраўкі ў заканадаўства, каб паліцыя магла ўмешвацца ў аднаўленне грамадскага парадку ва ўмовах дзеючага ў краіне рэжыму надзвычайнага становішча. Варта адзначыць, што ў 2020 годзе Мая Санду выкарыстала пратэсты для прыходу да ўлады. Тады яна ўзначальвала партыю PAS. Што адбываецца цяпер? Як стала вядома, пасля чарговага масавага антыўладнага пратэсту, які прайшоў у Кішынёве, паліцыя разагнала мітынгоўцаў. 16 кастрычніка праваахоўнікі дэманціравалі вялікі палатачны гарадок, устаноўлены два тыдні таму актывістамі партыі «Шор» каля будынка парламента і прэзідэнтуры. У цэнтр малдаўскай сталіцы прыбылі грузавікі, у якія паліцэйскія загрузілі палаткі, банеры і асабістыя рэчы пратэстоўцаў і павезлі іх у невядомым напрамку. Як паведаміла прэс-служба палітфарміравання, «кіраўніцтва паліцыі спаслалася на рашэнне Нацыянальнай камісіі па надзвычайных сітуацыях». У партыі адзначылі, што «палаткі былі эвакуіраваныя разам з асабістымі рэчамі, дакументамі і прадуктамі харчавання пратэстоўцаў», удакладніўшы, што «пажылыя людзі ў страху збеглі ад вялізнай колькасці карабінераў у бронекамізэльках, касках і з дубінкамі, якія ўтварылі ачапленне вакол мірных людзей».

«Людзі скардзяцца на бясчынствы паліцыі, якая дзейнічае па ўказанні прэзідэнта Маі Санду, яе раздражняюць антыўрадавыя пратэсты, што працягваюцца ўжо больш за пяць тыдняў запар у цэнтры сталіцы», — падкрэсліваецца ў паведамленні. Спецаперацыя заняла не больш за гадзіну, усяго было знесена каля 300 палатак. У партыі «Шор» назвалі дзеянні паліцыі самаўпраўствам, удакладніўшы, што іх прыхільнікі супраціўлення не аказвалі. Дэпутаты Партыі сацыялістаў асудзілі парушэнне ўладамі Малдовы канстытуцыйнага права грамадзян на пратэсты. «Канстатуем, што за грубымі неправамернымі дзеяннямі паліцыі стаяць патрабаванні прэзідэнта Маі Санду, якая вельмі хутка забылася пра тое, як 31 жніўня 2018 года паліцыя ўжыла сілу ў адносінах да самой Санду і яе калег. Забылася прэзідэнт і пра ўласныя заявы і абяцанні», — адзначана ў паведамленні.

Апазіцыя лічыць, што патрабаванні Санду ўзмацніць жорсткасць закона аб сходах, рашэнні Камісіі па надзвычайных сітуацыях — не што іншае, як антыдэмакратычны дэмарш, скочванне краіны ў рэжым дыктатуры і барацьбы з іншадумцамі. Пра адпаведныя тэндэнцыі раней заяўляў экс-прэзідэнт Ігар Дадон. «Санду, якая нядаўна вярнулася ў краіну пасля кансультацый са сваімі заходнімі куратарамі, можа кіраваць краінай, толькі ўсталяваўшы дыктатуру. Прасцей назваць грамадзян, якія хочуць датэрміновых выбараў, зладзеямі і гультаямі, а, паводле апошніх апытанняў, выбараў хоча больш за 60 працэнтаў людзей, чым забяспечыць насельніцтва танным газам, дастойнымі заробкамі і пенсіямі», — напісаў у сваім тэлеграм-канале экс-прэзідэнт, які, дарэчы, знаходзіцца пад хатнім арыштам (яго абвінавачваюць у карупцыі і дзяржздрадзе).

Нарколаг каля парламента

Генеральны прымар (мэр) Кішынёва Іон Чэбан прапанаваў паставіць нарколага каля ўваходу ў парламент, заявіўшы, што некаторыя прадстаўнікі кіруючай партыі «Дзеянне і салідарнасць» ужываюць забароненыя рэчывы. Пра гэта сталічны кіраўнік горада казаў на тэлеканале Prіme TV. Так Чэбан адрэагаваў на каментарый паліцыі, якая назвала наркаманам фермера, што не змог прадаць свой ураджай яблыкаў і ў роспачы высыпаў іх з грузавіка на тратуар перад будынкам Міністэрства сельскай гаспадаркі. «Я і іншыя людзі ведаюць, што ў PAS ёсць людзі, якія ўжываюць забароненыя рэчывы. Яны нават ходзяць у парламент і некаторыя з іх нават з'яўляюцца старшынямі камісій. Гэта значыць, чалавек, які не змог прадаць яблыкі, — наркаман, а тыя індывіды займаюцца дзяржаўнай палітыкай. Гэта няправільна», — падкрэсліў Чэбан.

Кішынёўскі прымар таксама абурыўся тым, што людзі бяднеюць, а прэзідэнт і ўрад ігнаруюць праблемы грамадзян. «Мая Санду спрабуе прадставіць усіх пратэстоўцаў наркаманамі, алкаголікамі і зладзеямі, але гэта не так. Многія людзі сёння жывуць у беднасці і не атрымліваюць дапамогі ад дзяржавы», — заўважыў Іон Чэбан. Сталічны прымар неаднаразова заяўляў, што запэўненні ўлад аб барацьбе з карупцыяй — проста шырма для незаконных дзеянняў, якія здзяйсняюцца шляхам захопу дзяржаўных устаноў і пераследу людзей на іх рабочых месцах. Палітык задаўся пытаннем, што атрымала краіна ад новага праеўрапейскага ўрада, акрамя галечы, крызісу і адчування безвыходнасці?

Між тым, малдаване плацяць самую высокую цану за газ ва Усходняй Еўропе з-за некампетэнтнасці ўрада, які не можа дамовіцца з «Газпрамам» аб выгадных пастаўках. Пра гэта ў сваім тэлеграм-канале напісаў Ігар Дадон. Некампетэнтнасць улад, па словах экс-прэзідэнта, дорага каштуе грамадзянам Малдовы. «Гэта даніна глупству, якую вымушана плаціць кожная сям'я ў Малдове», — падсумаваў ён.

У кастрычніку адбылося чарговае павышэнне цаны на газ — адразу на 27,3 працэнта. Ацяпленне трохпакаёвай кватэры ўзімку будзе абыходзіцца прыкладна ў 400-600 еўра ў месяц. Міністр працы і сацыяльнай абароны Малдовы Марчэл Спатар канстатаваў, што толькі адзін працэнт насельніцтва краіны можа дазволіць сабе аплачваць рахункі за ацяпленне і электраэнергію па дзеючых тарыфах. Па словах Ігара Дадона, які абвінавачвае ўлады ў антысацыяльнай палітыцы, цяпер большая частка насельніцтва краіны змерзне зімой з-за немагчымасці плаціць па рахунках, прадпрыемствы збанкрутуюць, а большасць тавараў, у асноўным прадукты харчавання, уключаючы хлеб і хлебабулачныя вырабы, яшчэ больш падаражэе.

Аўтар: Пётр Дунько
Звязда, 19 кастрычніка 2022


 

Кoличество переходов на страницу: 188