https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Выступленне Лукашэнкі на XIII саміце Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва


Паважаныя кіраўнікі дэлегацый!
Паважаны Старшыня!
Паважаны Генеральны сакратар, удзельнікі і госці саміту!

Шчыра рады магчымасці ўпершыню прысутнічаць і выступаць на форуме такой вялікай і ўплывовай міжнароднай арганізацыі. Я асабліва ўдзячны Прэзідэнту Турцыі спадару Рэджэпу Эрдагану за тое, што запрасіў мяне, прадстаўніка хрысціянскай дзяржавы, на саміт ісламскага супрацоўніцтва.

Гэты факт сведчыць аб адкрытасці вашай Арганізацыі. Сімвалічна, што наша сустрэча праходзіць у горадзе, які спрадвеку размешчаны на скрыжаванні культур і з'яўляецца калыскай розных цывілізацый.

Упэўнены, што толькі праз іх узаемнае ўзбагачэнне, праз дыялог і супрацоўніцтва пралягае шлях да вырашэння глабальных задач, якія стаяць перад сусветнай супольнасцю.

Тэматыка саміту вельмі актуальная і сугучна з беларускім знешнепалітычным курсам. Пытанні бяспекі, процідзеяння сучасным выклікам і пагрозам з'яўляюцца агульнымі для ўсіх дзяржаў незалежна ад іх нацыянальнага складу і рэлігійнай прыналежнасці.

Паглядзіце, што адбываецца сёння ў свеце. Множацца войны і разлады, разбураюцца некалі квітнеючыя дзяржавы, ператвараючыся пры гэтым у крыніцы хаосу і насілля, параджаючы маштабныя міграцыйныя крызісы. На фоне ўзрастаючай нестабільнасці і нявызначанасці глабальны характар набывае пагроза тэрарызму, аб чым тут гаварылася не раз.

Думаю, вы згодзіцеся са мной, што сёння ні адна дзяржава ні на Захадзе, ні на Усходзе не можа адчуваць сябе ў бяспецы перад гэтым злом, якое паразітуе на раз'яднанасці і недаверы паміж краінамі, нацыямі і культурамі.

Здавалася б, менавіта цяпер нам усім варта аб'яднаць намаганні ў барацьбе з сучаснымі выклікамі і пагрозамі! Аднак замест гэтага многія заняты сёння абвінавачаннямі ў адрас адзін аднаго. Калі не спыніць гэты працэс, у нейкі момант ён можа дасягнуць сваёй крытычнай масы, набыць неабарачальны характар і прывесці да непрадказальных вынікаў.

Я прадстаўляю краіну, дзе вякамі цудоўна ўжываюцца хрысціяне, мусульмане, іўдзеі, прадстаўнікі іншых рэлігій. У кожнага з іх свая дарога да храма. І мы кожнаму гэту дарогу гарантуем. Мы ганарымся тым, што ў нас ніколі не было якіх-небудзь міжнацыянальных або рэлігійных канфліктаў. Гэта дасягнута дзякуючы паслядоўнаму развіццю ідэй талерантнасці, мірнага і гарманічнага суіснавання розных нацыянальнасцей і канфесій.

Глыбока сімвалічна, што менавіта тут, у Стамбуле, на прадстаўнічым форуме я магу паведаміць вам аб падзеі, важнай для ўсіх беларускіх мусульман. У цэнтры Еўропы, у сталіцы нашай дзяржавы завяршаецца будаўніцтва вялікай Саборнай мячэці, адкрыццё якой адбудзецца ў бліжэйшы час.

Імкненне ўмацоўваць сувязі з ісламскім светам - абсалютна ўсвядомлены выбар, якога Беларусь пастаянна прытрымліваецца.

Праводзячы палітыку шматвектарнасці і адкрытасці знешняму свету, не жадаючы замыкацца ў вузкіх рамках "еўрацэнтрызму", мы яшчэ ў канцы 90-х гадоў мінулага стагоддзя сталі адзінай на той момант еўрапейскай краінай - паўнапраўным членам Руху недалучэння.

Беларусь падзяляе ўніверсальныя прынцыпы неўмяшання ва ўнутраныя справы суверэнных дзяржаў, павагі іх тэрытарыяльнай цэласнасці, якія прапаведуе Арганізацыя ісламскага супрацоўніцтва. Выступае супраць прымянення сілы, за ўрэгуляванне канфліктаў мірным шляхам. Супадзенне пазіцый нашай краіны і членаў Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва па многіх прынцыповых пытаннях дае магчымасць нам сумеснымі намаганнямі папулярызаваць агульныя каштоўнасці традыцыйнай сям'і, адстойваць разнастайнасць шляхоў прагрэсіўнага развіцця, нарошчваць намаганні ў барацьбе з гандлем людзьмі, супрацоўнічаць у рамках глабальнай ініцыятывы "Альянс цывілізацый".

Хачу адзначыць, што ў нас ёсць і мноства іншых агульных інтарэсаў.

На працягу стагоддзяў беларускія землі нярэдка станавіліся арэнай вельмі жорсткіх войнаў і канфліктаў, якія прынеслі незлічоныя пакуты нашаму народу. Таму мы, як ніхто іншы, ведаем цану міру і не на словах, а на справе ўносім рэальны ўклад ва ўмацаванне стабільнасці і бяспекі, у вырашэнне самых складаных канфліктных сітуацый.

Толькі ўявіце, чаго можна было б дабіцца, калі б тыя каласальныя сродкі, якія сёння трацяцца на ваенныя дзеянні, накіроўваліся б на мірныя мэты на карысць людзей. Той, хто цешыць сябе ілюзіяй, што сёння можна сілай вырашыць усе праблемы, заўтра апынецца ў цяжкім становішчы і ў пройгрышы.

Асаблівыя апасенні выклікае "імунітэт" да выкарыстання сілы, які зніжаецца. Накапленне крытычнай масы дробных канфліктаў аднойчы можа выліцца ў глабальнае сутыкненне.

Што мы як кіраўнікі дзяржаў можам проціпаставіць гэтай негатыўнай тэндэнцыі? У першую чаргу развіваць сістэмнае супрацоўніцтва па лініі як асобных краін, так і буйнейшых інтэграцыйных аб'яднанняў. Поўнамаштабна задзейнічаць патэнцыял рэгіянальных фарматаў. Мы павінны напоўніць рэальным зместам адносіны па напрамку не толькі Захад-Усход, але і Поўнач-Поўдзень, пазбягаючы пры гэтым якога-небудзь проціпастаўлення і тым больш канфрантацыі паміж імі.

Менавіта з такіх пазіцый мы ў свой час вылучылі канцэпцыю "інтэграцыі інтэграцый", якая поўнасцю адпавядае такім падыходам і грунтуецца на прынцыпах збліжэння і яднання. Упэўнены, што ў нашых з вамі сілах зрабіць так, каб у XXI стагоддзі ўмоўныя рэлігійныя граніцы, якія ахопліваюць вялізныя тэрыторыі і закранаюць мільёны чалавечых лёсаў, былі граніцамі дружбы, а не процістаяння!

Думаю, усе згодзяцца са мной, што сёння магчымасцей для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва значна больш, чым рэальных або надуманых супярэчнасцей.

Відавочна, што без мусульман немагчыма станаўленне сапраўды шматпалярнага свету, контуры якога так пакутліва фарміруюцца сёння. Нараўне з іншымі важнымі геапалітычнымі ігракамі ісламскі свет можа стаць адной з апор стабільнасці і бяспекі, рухавіком прагрэсіўнага і ўстойлівага развіцця на планеце. І для гэтага ёсць усе перадумовы. Арганізацыя, якая аб'ядноўвае 57 краін з насельніцтвам больш за мільярд чалавек, мае вялікі палітычны і эканамічны патэнцыял. Шлях да яго раскрыцця - у дасягненні адзінства ў мусульманскім свеце, у пераадоленні ўнутраных рознагалоссяў.

Лічу, што з улікам высокага ўзроўню нашых даверных адносін з многімі мусульманскімі дзяржавамі і блізкасці пазіцый па канцэптуальных міжнародных пытаннях атрыманне Рэспублікай Беларусь статусу наглядальніка ў Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва стала б лагічным крокам, які адкрывае новыя магчымасці для развіцця ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.

У асобе Беларусі, паважаныя сябры, вы заўсёды знойдзеце надзейнага і прадказальнага партнёра. Я хацеў бы ад усёй душы пажадаць плённай работы ўсім удзельнікам саміту, дабрабыту, поспехаў - вашым краінам, вашым народам, вашым родным, блізкім і вашым сем'ям. Дзякую за ўвагу.

БЕЛТА, 15 красавіка 2016


 

Кoличество переходов на страницу: 791