https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Старшыня БВФБ аб планах, таргах юанем і выніках эканамічнага форуму


Белорусская валютна-фондавая біржа адказвае за правядзенне аперацый з каштоўнымі паперамі. Яна кантралюе належнае выкананне дзеючага заканадаўства, прымае ўдзел у працэсах, якія адбываюцца, прадстаўляючы інтарэсы дзяржавы. Старшыня праўлення БВФБ Андрэй Аўхіменя расказаў аб выніках работы біржы за першыя пяць месяцаў 2022 года, таргах кітайскім юанем на пляцоўцы біржы, а таксама аб выніках наведвання Еўразійскага эканамічнага форуму.
***   ***   ***
- Якіх вынікаў удалося дабіцца за першыя пяць месяцаў 2022 года? Якія паказчыкі былі дасягнуты за гэты перыяд?

- За студзень - май БВФБ рэалізавала праекты па запуску таргоў кітайскім юанем на валютным рынку і па забеспячэнні магчымасці заключэння здзелак РЕПО і форвардных здзелак з каштоўнымі паперамі з удзелам цэнтральнага контрагента. Акрамя гэтага, прадоўжана актыўнае развіццё праекта па прамым допуску юрыдычных асоб да біржавых таргоў на валютным рынку.

За мінулыя пяць месяцаў аб'ём таргоў на біржавым валютным рынку дасягнуў Br17,6 млрд, павялічыўшыся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 44,5 працэнта, аб'ём таргоў на біржавым рынку каштоўных папер вырас на 78,6 працэнта - да Br5,7 млрд, аднавілася правядзенне дэпазітных аўкцыёнаў Міністэрства фінансаў, у ходзе якіх былі размешчаны рэсурсы на суму Br1,9 млрд (за аналагічны перыяд мінулага года аб'ём дэпазітных аўкцыёнаў склаў усяго Br15,5 млн).

- БВФБ актыўна супрацоўнічае з замежнымі біржамі і абменьваецца міжнародным досведам. Раскажыце аб праектах і планах на 2022 год?

- БВФБ - паўнапраўны прадстаўнік у Міжнароднай асацыяцыі біржаў краін СНД, Федэрацыі еўра-азіяцкіх фондавых біржаў, узаемадзейнічае з Сусветнай федэрацыяй біржаў, партнёр ініцыятывы ААН па ўстойлівым развіцці. БВФБ заключыла шэраг двухбаковых пагадненняў з вядучымі біржамі краін СНД, Кітая, Турцыі і іншых краін.

У 2022 годзе мы плануем прадоўжыць работу па інфармацыйным абмене вопытам з гэтымі арганізацыямі, прымаць удзел у мерапрыемствах, што арганізуюцца міжнароднымі партнёрамі, пашыраць узаемадзеянне і супрацоўніцтва, у тым ліку з біржамі нашых бліжэйшых суседзяў. У ходзе праведзенага 17 мая гэтага года ў Мінску агульнага гадавога сходу арганізацый - членаў Міжнароднай асацыяцыі біржаў краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў (МАБ СНД) мы заключылі мемарандум аб супрацоўніцтве з акцыянерным таварыствам "Санкт-Пецярбургская валютная біржа", які прадугледжвае ў тым ліку ўзаемадзеянне па забеспячэнні магчымасці ўзаемнага допуску ўдзельнікаў да таргоў каштоўнымі паперамі.

- У сакавіку 2022 года пачаліся першыя таргі кітайскім юанем. Наколькі добра яны ідуць і ці адзначаюцца нейкія тэндэнцыі ў заключэнні здзелак з гэтай валютай?

- Дынаміка аперацый з кітайскім юанем сведчыць аб росце іх аб'ёму ў першыя месяцы пасля запуску. За гэты час заключана больш за 1 тыс. здзелак, аб'ём таргоў вырас з 235 млн юаняў у красавіку да 488 млн юаняў у маі 2022 года, гэта значыць больш як у два разы.

Паступова пашыраецца і колькасць удзельнікаў таргоў кітайскім юанем. Цяпер здзелкі стабільна заключаюць больш за 30 удзельнікаў таргоў, сярод іх ёсць не толькі банкі, але і юрыдычныя асобы.

- Раскажыце аб выніках удзелу ў Еўразійскім эканамічным форуме. Ці дасягнуты нейкія дамоўленасці ў час гэтага мерапрыемства?

- У рамках форуму адбыліся пленарныя пасяджэнні, у рабоце якіх БВФБ прыняла ўдзел у фармаце відэаканферэнцыі, выступіўшы з дакладамі ў блоках "Роля біржавых фінансавых інструментаў, намініраваных у нацыянальных валютах ЕАЭС, у стымуляванні эканамічнага росту" і "Практычныя аспекты фарміравання інтэграванага валютнага рынку на прасторы ЕАЭС. Механізмы прамога курсаўтварэння нацыянальных валют дзяржаў - членаў саюза. Шляхі пашырэння выкарыстання нацыянальных валют дзяржаў ЕАЭС пры разліках у рамках узаемнага гандлю".

На працягу апошніх двух гадоў рэгулятары і біржы дзяржаў - членаў ЕАЭС працуюць над праектамі двух міждзяржаўных пагадненняў: аб допуску брокераў і дылераў адной дзяржавы - члена ЕАЭС да ўдзелу ў арганізаваных таргах біржаў іншых дзяржаў - членаў ЕАЭС, а таксама аб трансгранічным допуску да размяшчэння і абарачэння каштоўных папер на арганізаваных таргах у дзяржавах - членах ЕАЭС. Праекты названых пагадненняў закладваюць аснову для стварэння інтэграванай біржавой прасторы. У ходзе форуму была адзначана неабходнасць паскарэння работы па заключэнні названых пагадненняў.

БЕЛТА, 13 чэрвеня 2022


 

Кoличество переходов на страницу: 334