https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Апазіцыя перад тварам глабальнага крызісу


15 ліпеня ў Беларусі распачаўся этап вылучэння кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Паводле айчыннага заканадаўства, права вылучаць сваіх прэтэндэнтаў на месцы ў парламенце маюць палітычныя партыі, працоўныя калектывы і грамадзяне шляхам збору подпісаў.

Палітычныя партыі маюць права вылучыць сваіх кандыдатаў ва ўсе 110 выбарчых акруг — па адным у кожнай з іх. Працоўныя калектывы маюць права вылучаць не больш чым аднаго кандыдата на тэрыторыі знаходжання прадпрыемства. "Простыя" грамадзяне маюць права вылучаць кандыдатаў шляхам збору подпісаў (не менш за тысячу за аднаго кандыдата).

Як бачна, для партый парадак вылучэння кандыдатаў найбольш просты. Пры колькасці членаў не менш за 1000 чалавек партыя можа вылучыць 110 кандыдатаў. Больш за тое, кандыдаты палітычных партый — адзіная катэгорыя кандыдатаў, якія па ўсёй краіне могуць быць аб'яднаныя адзінай афіцыйнай ідэалогіяй, адзінай праграмай і быць прадстаўнікамі адной арганізацыі — палітычнай партыі.

Грамадзянскія аб'яднанні дэ факта таксама могуць вылучаць кандыдатаў з ліку сваіх членаў і актывістаў. Але юрыдычна для мэты выбарчай кампаніі гэтая іх сувязь з аб'яднаннем не можа быць зафіксавана і само аб'яднанне не можа кансалідавана выступаць у падтрымку свайго кандыдата.

Усё гэта азначае, што пераважнае значэнне для выніку выбарчай кампаніі будзе мець не партыйная барацьба, а сутыкненне індывідуальных кандыдатаў, падтрыманых тымі ці іншымі грамадзянскімі структурамі.

Вядома, такая сітуацыя рэзка зніжае палітычную вагу ідэалогій і палітычных платформаў, набліжае кандыдатаў да жыхароў канкрэтнай акругі, робіць больш важнымі адносіны кандыдата з мясцовымі супольнасцямі. Гэта і ёсць тое, што называецца мажарытарнай выбарчай сістэмай. І яна, трэба адзначыць, выглядае больш дэмакратычнай, чым барацьба партыйных спісаў, калі грамадзяне могуць выбіраць не тых, каго вылучаюць самі, а тых, каго вылучаюць партыі ў свае спісы.

Але ёсць у гэтым парадку і адваротны бок. Калі кандыдаты ідуць на выбары без праграмы, нельга прадугледзець, як яны будуць паводзіць сябе ў новых абставінах, калі знешнепалітычная ці эканамічная сітуацыя будзе хутка змяняцца. Напрыклад, для сацыялістаў, тэарэтычна, у любых абставінах важна абараніць правы працоўных. І гэта азначае, што нават у эканамічна небяспечнай сітуацыі яны будуць абараняць сацыяльную сферу.

Індывідуальныя кандыдаты такіх публічных абавязкаў не маюць. І гэта можа мець значны ўплыў на тое, як будзе развівацца палітычная сітуацыя ў Беларусі ў бліжэйшай будучыні.

Тыдзень таму на старонках "Звязды" я вызначыў агенду, якая будзе мець галоўнае значэнне на парламенцкіх выбарах у верасні 2012 года.

Першы пункт — стратэгія выжывання Беларусі ў абставінах другой хвалі глабальнага фінансава-эканамічнага крызісу.

Другі пункт — стратэгія Беларусі ў інтэграцыйных працэсах на постсавецкай прасторы.

Трэці пункт — стратэгія сацыяльнага развіцця Беларусі ў абставінах пагаршэння фінансава-эканамічнай сітуацыі.

На сённяшні дзень ніводная з беларускіх палітычных груповак публічна не абазначыла сваю пазіцыю ў дачыненні да гэтых трох пунктаў. Больш за тое, другая хваля фінансава-эканамічнага крызісу сёння не абмяркоўваецца ў беларускай палітычнай прасторы, не з'яўляецца прадметам палітычнай дыскусіі. І гэта вельмі трывожны знак.

Але з агульных палітычных пазіцый, якія займаюць беларускія грамадска-палітычныя структуры, мы можам рабіць нейкія высновы.

Я ўжо пісаў, што найбольш моцныя і актыўныя пазіцыі на выбарах 2012 года займаюць праўладныя і прарасійскія структуры. Чаму ў гэтым спісе няма празаходняй апазіцыі? Чым сёння абумоўлена яе кволасць?

Перш за ўсё — тым самым глабальным фінансава-эканамічным крызісам і таксама крызісам Еўрасаюза. Галоўны лозунг празаходніх сіл — далучэнне Беларусі да Еўрасаюза — на сённяшні дзень не адпавядае эканамічным і геапалітычным рэаліям еўрапейскага жыцця. Такой жа неадэкватнай выглядае і стратэгія набліжэння да Бруселя без далучэння да ЕС — шлях, якім у той ці іншай ступені ідуць Сербія, Малдова і Украіна. Адным словам, у празаходняй апазіцыі ў Беларусі няма і не можа быць праграмы. Бо сам Захад яшчэ не ведае, якая ў яго праграма. Напрыклад, той скандал, які зараз скалануў банкаўскі сектар Вялікабрытаніі, можа мець стратэгічныя вынікі, якія радыкальна зменяць саму сутнаць эканамічнай палітыкі найбольш значных краін Захаду. У гэтых абставінах школьны лібералізм апазіцыі выглядае анахранізмам.

У чым моц прарасійскай апазіцыі? У тым, што яна абапіраецца на адну з тэндэнцый, уласцівых для перыяду крызісаў: на схільнасць краін аб'яднацца перад пагрозай эканамічных і палітычных узрушэнняў. Прарасійская апазіцыя выступае за хуткае стварэнне Еўразійскага саюза як адказ на ўсё больш небяспечныя пагрозы з боку глабальнага рынку і нестабільнай міжнароднай сітуацыі. І гэта сапраўды адпавядае не толькі расійскім інтарэсам, але і беларускім. Больш за тое, такую ж пазіцыю займае і кіраўнік беларускай дзяржавы: Аляксандр Лукашэнка з'яўляецца адным з найбольш перакананых прыхільнікаў еўразійскай інтэграцыі. Такім чынам, можна сказаць, што прарасійская апазіцыя спрабуе перахапіць "інтэграцыйную" карту ў самой улады.

Чаму ж тады мы называем гэтую палітычную сілу апазіцыяй?

Таму, што гэтую інтэграцыйную стратэгію адпаведныя палітычныя структуры здзяйсняюць па сцэнарыі, які адпавядае інтарэсам, перш за ўсё, буйнога сыравіннага капіталу. Сутнасць яго ў тым, каб пазбавіць беларускае кіраўніцтва асноўных рэсурсаў (эканамічных і палітычных) і самой мець магчымасці актыўна ўплываць на інтэграцыйныя працэсы, знішчыць цэнтр прыняцця рашэнняў у Мінску. І ў гэтым сцэнарыі сам удзел прарасійскай апазіцыі ў выбарах, па магчымасці, паспяховы, ёсць неабходны крок да яго рэалізацыі.

Але ж сапраўдная праблема з гэтай стратэгіяй прарасійскіх апазіцыйных сіл — у тым, што і расійскае кіраўніцтва сёння не мае сваіх адказаў на пытанні, якія ўздымае глабальны крызіс.

Юры Царык, палітычны аналітык, кіраўнік Грамадскага прэс-цэнтра Дома прэсы
Звязда, 17 ліпеня 2012


 

Кoличество переходов на страницу: 1001


Комментарии