https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Хто вы, mr. Кеrrу?


Ужо восенню 2012 года было вядома, што дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан мае намер пакінуць сваю пасаду. Першапачаткова на гэтую пасаду разглядалася кандыдатура прадстаўніка ЗША пры ААН С'юзан Райс, але яе імя аказалася так цесна звязана са скандалам аб промахах Дзярждэпартамента ЗША ў Лівіі, у выніку якіх загінуў амерыканскі пасол, што Райс добраахвотна адмовілася ад гэтай пасады, апасаючыся, што яе не зацвердзіць Кангрэс. Такім чынам, цяпер замест Хілары Клінтан дзяржсакратаром ЗША стане Джон Форб Керы.

Гэты амерыканскі палітык з'яўляецца дастаткова супярэчлівай фігурай. Ветэран вайны ў В'етнаме, які актыўна выступаў пасля вяртання ў ЗША ў антываенных шэсцях і акцыях, пасля праявіў сябе зусім не так адназначна.

Так, ён асудзіў ваеннае ўмяшанне ЗША ў Ірак у 2003 годзе. Але не варта забываць: яно стала магчымым дзякуючы ў тым ліку і яго прамовам, у якіх ён пераконваў грамадскасць, што Садам Хусейн мае зброю масавага знішчэння і актыўна імкнецца распрацаваць ядзерную зброю. Як мы ведаем, ніякай зброі масавага знішчэння ў Іраку не аказалася, а ад распрацовак ядзернай зброі Хусейн адмовіўся задоўга да ўмяшання.

Цікава і тое, што ў 2011 годзе менавіта Керы адным з першых амерыканскіх палітыкаў заклікаў да ўстанаўлення беспералётнай зоны над Лівіяй, а таксама быў суаўтарам рэзалюцыі аб працягненні ўдзелу амерыканскіх войскаў у аперацыі супраць Кадафі яшчэ на год у чэрвені 2011-га.

Дарэчы, трэба адзначыць, што Керы з'яўляецца самым багатым сенатарам у Сенаце ЗША. Гэта збліжае яго з Хілары Клінтан, якая таксама мае вялізную маёмасць. Яны таксама з'яўляюцца і выпускнікамі адной і той жа навучальнай установы — Ельскага ўніверсітэта. Адзіным адрозненнем з'яўляецца накірунак навучання: Керы вывучаў у ім паліталогію, а Клінтан атрымала ступень па юрыспрудэнцыі.

Збліжае былога і новага дзяржсакратара і тое, што яны спрабавалі самі стаць прэзідэнтамі ЗША. Праўда, Керы дасягнуў большага, чым Клінтан, якая прайграла гонку Абаме і не дабралася да фіналу ў 2008 годзе. Ён змог стаць асноўным кандыдатам дэмакратаў супраць Джорджа Буша малодшага ў 2004 годзе, якому і прайграў, нягледзячы на ўсе промахі, што зрабіў апошні ў знешняй палітыцы.

Пры гэтым варта адзначыць, што Клінтан лічаць адным з самых верагодных кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2016 года. Барак Абама ўжо не зможа выбірацца на новы тэрмін, а Хілары, якой будзе ў гэты момант 69 гадоў, карыстаецца вялікай папулярнасцю ў краіне. Цалкам верагодна, што яна і вырашыла адысці ад кар'еры дзяржсакратара ў дастаткова складаныя часы для Амерыкі. Гэта дазволіць ёй захаваць сваю папулярнасць на піку і аказацца не звязанай з тымі промахамі, якія будзе рабіць адміністрацыя Абамы, спрабуючы ўтрымаць былы ўзровень уплыву на сусветныя справы, але ўжо не маючы ні былых фінансавых магчымасцяў, ні такога спрыяльнага для былой звышвелічнасці асяроддзя. Пры гэтым Джона Керы, якому ўжо цяпер 69 гадоў, як кандыдата ў будучай прэзідэнцкай гонцы не разглядаюць.

Несумненна, што Джон Керы, які прыходзіць на новую пасаду, мае большы вопыт у сферы знешняй палітыкі, чым быў у Хілары Клінтан у момант яго заняцця. Усё-такі ён дастаткова доўга ўзначальваў сенацкі міжнародны камітэт і прысвяціў знешняй палітыцы значна больш часу, чым яна. Можна чакаць, што ў сувязі з гэтым у Керы не будзе канфузаў, накшталт таго, які адбыўся з Клінтан у першы год яе працы дзяржсакратаром, калі яна ўручыла міністру замежных спраў Расіі Лаўрову прэзент у знак перазагрузкі адносін Расіі з ЗША, на якім было памылкова напісана па-руску "перагрузка".

Дарэчы, цікава адзначыць, што асноўныя капіталы сям'я Форбсаў, выхадцам з якой з'яўляецца новы дзяржсакратар, сабрала ў ХІХ стагоддзі на гандлі з Кітаем і інвестыцыях у гэтую краіну. Зразумела, цяжка ацаніць, як сам Керы ставіцца да гэтага факта, але ёсць верагоднасць, што Керы будзе выбудоўваць адносіны з Кітаем больш далікатна, чым гэта рабіла Хілары Клінтан.

Можна чакаць таксама ажыўлення ў адносінах ЗША і Францыі — Керы адносіцца да нешматлікай колькасці тых амерыканскіх палітыкаў, якія свабодна валодаюць французскай мовай. Магчымасць кантактаваць з Дзярждэпам на адной мове вельмі спатрэбіцца Францыі, якая ўвязалася ў канфлікт у Малі.

У той жа час не даводзіцца чакаць значных змяненняў у знешняй палітыцы ЗША ў сувязі з прыходам новага дзяржсакратара. Не варта забываць, што міністр замежных спраў, што ў ЗША, што ў Афрыцы, выказвае кансалідаваны пункт гледжання кіруючай эліты або хутка страчвае сваю пасаду. І Керы не будзе выключэннем. Яго ўжо агучаныя амбіцыі па вырашэнні араба-ізраільскага канфлікту не змогуць быць рэалізаваны, пакуль эліта ЗША прытрымліваецца іншага пункту гледжання на праблему.

Цяжка чакаць і рэзкага паляпшэння расійска-амерыканскіх адносін. Амерыканская кіруючая эліта ўсё ніяк не можа развітацца з меркаваннем, якое склалася ў 1990-х, што Расія навекі страціла сур'ёзны статус на сусветнай арэне. Не варта чакаць і паляпшэнняў у беларуска-амерыканскіх адносінах з-за замены дзяржсакратара.

Пакуль кіруючая эліта ЗША не адмовіцца ад былой палітыкі прывядзення Беларусі да пакорнасці, асоба канкрэтнага міністра або нават прэзідэнта ЗША не мае асаблівага значэння.

Сяргей Кізіма, загадчык кафедры міжнародных адносін Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, доктар палітычных навук.
Звязда, 29 студзеня 2013


 

Кoличество переходов на страницу: 1080


Комментарии