Здабыча карысных выкапняў, іх выкарыстанне — дзейнасць, якая не абмяжоўваецца каляндарнымі тэрмінамі. Яна вядзецца пастаянна, таму і развівацца павінна бесперапынна, паколькі ад яе залежыць многае ў эканоміцы. Стан і развіццё мінеральна-сыравіннай базы Рэспублікі — у цэнтры ўвагі Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Адпаведная нарада прайшла ў Палацы Незалежнасці.
Удзел у мерапрыемстве прынялі члены ўрада, губернатары, кіраўніцтва Нацыянальнай акадэміі навук, кіраўнікі найбуйнейшых у гэтай галіне прадпрыемстваў — «Беларусьнафты» і «Беларуськалія». Размова атрымалася прынцыповай і рознабаковай. Кіраўнік дзяржавы задаў пытанні, адказы на якія вызначаюць напрамкі і перспектывы развіцця галіны.
У пачатку нарады Прэзідэнт узгадаў, што ў савецкія часы ў Беларусі здабывалі 8, а па некаторых дадзеных 9 мільёнаў тон нафты ў год. «Я нездарма называю гэту лічбу. Нашы прыродныя геалагічныя ўмовы ўсе ведаюць. Дзевяць, няхай восем мільёнаў тон нафты мы здабывалі, цяпер здабываем прыкладна два мільёны. У чым справа? Мне тлумачаць, выпампавалі ўсё. Я ў гэта не веру», — задаў тон нарады кіраўнік дзяржавы.
Стратэгічны запас, які належыць народу
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўсе карысныя выкапні — наш нацыянальны здабытак: «Стратэгічны запас, які належыць народу. І толькі народу. Гэта і калій, і нафта, і самы вялікі рэсурс, прэсная вада (бясцэнны рэсурс ў апошні час), і многае іншае».
Прэзідэнт звярнуў увагу: тым, што мы маем, трэба граматна і па-гаспадарску распараджацца. А тое, што разлічваем мець, — трэба шукаць.
«Шукаем дрэнна», — канстатаваў ён. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў гэтым пытанні адказнасць пераклалі на «Беларусьнафту». Кампанія працуе нядрэнна, мае кампетэнцыі і тэхналогіі. Але і патрэбна і альтэрнатыўны пункт гледжання, іншыя падыходы, асабліва ў разведвальнай дзейнасці. Гэта звязана з тым, што як падкрэсліў Прэзідэнт, дзяржава ставіць у аснову пытанні інтэнсіўнага засваення радовішчаў, эфектыўнасці і рацыянальнага выкарыстання, а таксама ўкараненне самых перадавых тэхналогій здабычы і перапрацоўкі і пошуку новых карысных выкапняў.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што стан мінеральна-сыравіннай базы і яе далейшае развіццё абмяркоўвалі на падобнай нарадзе восем гадоў таму. «На жаль, за гэты час мала што змянілася», — заўважыў ён.
Прэзідэнт нагадаў, што на нарадзе восем гадоў таму абмяркоўвалі, што ў Беларусі нядрэнна вывучаныя прыродныя багацці, якія знаходзяцца на паверхні. А вось пра тое, што пад зямлёй, вядома далёка не ўсё. Таму трэба нарошчваць геолагаразведачныя работы. «Уласныя мінеральна-сыравінныя рэсурсы краіне патрэбны заўсёды. Яны залог суверэнітэту і стабільнага развіцця эканомікі. Калі б мы сёння мелі 5 мільёнаў тон нафты, а не каля двух, як я зараз сказаў, багатай былі б дзяржавай. Вось адкуль прычына разгляду гэтага пытання», — адзначыў беларускі лідар. Па яго словах, яшчэ больш актуальным гэта пытанне становіцца зараз, калі ў адносінах да Беларусі з кожным годам узмацняецца санкцыйны ціск.
«Прыйшоў час зверыць гадзіннікі. І знайсці рашэнні для самых праблемных і надастаткова прапрацаваных пытанняў», — акрэсліў Прэзідэнт. Хаця, звярнуў увагу ён, ёсць і вельмі паспяховыя галіны. Той жа гігант, сусветны брэнд «Беларуськалій», дзе ёсць уласная выдатна адладжаная сістэма — ад разведкі новых радовішчаў да вытворчасці ўгнаенняў. Асобныя нарады па рабоце калійшчыкаў праводзяцца рэгулярна. Таму на гэтай нарадзе зрабілі акцэнт на іншых важных напрамках, у першую чаргу на вуглевадародах.
Прамысловыя запасы нафты прыраслі на 14 мільёнаў тон
«Мяне інфармуюць, што на сёння прамысловыя запасы беларускай нафты складаюць каля 45 мільёнаў тон. За 2016–2023 гады яны прыраслі на 14 мільёнаў тон, у тым ліку толькі ў 2023 годзе — на 2,5 мільёна, што з’яўляецца рэкордам за апошнія 40 гадоў. Значыць, нешта ёсць. Ужыванне новых тэхналогій, нарошчванне аб’ёмаў сейсмаразведкі і свідравання дазволілі, пачынаючы з 2017 года, забяспечыць рост здабычы нафты ў сярэднім на 20 тысяч тон у год. — прывёў лічбы Прэзідэнт. — Што далей? 20 тысяч тон — гэта слёзы. Якія перспектывы па распрацоўцы свідравін і што будзем рабіць з цяжкавымаемымі запасамі? На колькі гадоў наперад прапісаны планы па геолагаразведцы? Ці хапае ўласных спецыялістаў і абсталявання?».
Што тычыцца іншых напрамкаў, то як дакладваюць кіраўніку дзяржавы, карціна не такая аптымістычная, як па каліі і нафце. «Так, урад сцвярджае, што Дзяржаўная праграма “Ахова навакольнага асяроддзя і ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў” на 2016 — 2020 гады паспяхова выканана. Ну, праграмы маляваць мы ўмеем, выконваць — тым больш», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Па яго словах, не заўсёды тое, што апісана ў вялікіх дакументах, праграмах, выконваецца на практыцы. Напрыклад, нягледзячы на наяўнасць праграмы, да гэтага часу часу няма цэнтралізванага кантролю за распрацоўкай радовішчаў. Сёння выкарыстоўваць нетры маюць права многія ведамствы. І, зразумела, кожнае захоўвае выключна свае інтарэсы. Напрыклад, дарожнікам патрэбен пясок — толькі яго з кар’ера і здабываюць. Будаўнікоў цікавіць шчэбень. Энергетыкаў — торф. «А калі наступным пластом там ляжаць спадарожныя карысныя выкапні? Напрыклад, базальт пад торфам? Хто ацэньвае сітуацыю і вырашае, здабываць ці не? І ці ацэньвае? Дзе курыруючая роля Мінпрыроды? Ведаю, такая задача вам ставілася больш за год таму. Што змянілася за гэты час?» — спытаў кіраўнік дзяржавы.
Здабыча карысных выкапняў вядзецца па ўсёй тэрыторыі Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што кантралюючыя органы дакладваюць, што часта эксплуатацыя і рэкультывацыя кар’ераў ідуць з парушэннямі. «Я і сам бачу — жудасная карціна», — падкрэсліў ён. Прычыны бачацца ў недастатковым узаемадзеянні нетракарыстальнікаў і мясцовай улады. «Загразлі ў бюракратыі, бясконцых узгадненнях, экспертызах дзе трэба і дзе не трэба. А пакутуе справа. — абурыўся Прэзідэнт. — Я спецыяльна даручыў запрасіць сюды ўсіх губернатараў, каб ні ў кога больш не засталося пытанняў, як працаваць далей».
Эфектыўнасць, імпартазамяшчэнне і экспарт
Прэзідэнт агучыў лічбы лічбы выкарыстання вытворчых магутнасцей па здабычы айчыннай сыравіны ў 2018-2023 гадах, якія прадставіў Урад. Пяскі шкляныя і фармовачныя — 39%, гліны тугаплаўкія — 47%, мел, мергель, гліна і трэпел для цэменту — 53%, даламіт — 38%, абліцовачны камень — 44%. «Практычна па кожнай пазіцыі магло быць 100 працэнтаў, калі б мы магутнасці стварылі. Працуем напалавіну — усё нармальна», — іранічна заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Пры гэтым, нягледзячы на наяўнасць дастатковай сыравіннай базы ў краіне, за мінулы год імпартавана галькі, пяску, шчэбеню амаль 300 тысяч тон. Выдаткавана больш за 18 мільёнаў долараў. Пяскоў прыродных закуплена 50 тысяч тон амаль на пяць мільёнаў! «Велізарныя грошы. Цэны на карысныя выкапні год ад года растуць. А мы замест таго, каб варушыцца і ўзяць тое, што літаральна ляжыць пад нагамі, пакорліва плацім», — абурыўся Аляксандр Лукашэнка. Ён прывёў канкрэтны прыклад. Раней белую гліну (каалін) для айчыннай пліткі закупалі ва Украіне, цяпер — у Расіі. Але радовішчы гэтага матэрыялу ёсць у Лунінецкім і Столінскім раёнах.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што шкляная прамысловасць не поўнасцю забяспечана кварцавым пяском. Пры гэтым аб’ём разведаных толькі на сёння запасаў мог бы вырашыць гэтую праблему адразу на два гады. «Маса прыкладаў з недастаткова прадуманай лагістыкай, — падкрэсліў ён. — І ў выніку што мы маем? Няпоўная загрузка вытворчасцей і зніжэнне аб’ёмаў выпускаемай прадукцыі, што загадзя цягне ўніз і іншыя паказчыкі».
Аляксандр Лукашэнка прывёў свежыя лічбы па некаторых пазіцыях экспарту. У мінулым годзе прадпрыемствы Мінбудархітэктуры на чвэрць знізілі экспарт шчэбеню. Мінэнерга амаль у два разы менш паставіла за мяжу тарфяной прадукцыі. Зразумела, страцілі і выручку. «Усе кажуць: “санкцыі”. Няма санкцый. Для вас санкцый няма. Шукайце іншыя рынкі», — запатрабаваў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ёсць пытанні і да Навукова-вытворчага цэнтра па геалогіі, які займаецца разведкай для ўсіх напрамкаў. Камітэт дзяржаўнага кантролю інфармуе, што тэхналагічныя вытворчыя фонды там зношаныя на 90 працэнтаў.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў 2022 годзе ён прыняў рашэнне аб умацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы. За два гады закуплена 21 адзінка сучаснай тэхнікі і абсталявання. «Вынік? І як наша навука ў цэлым працуе для актывізацыі і ўдасканалення геолагаразведкі? Ці ёсць у навукоўцаў новыя методыкі, праграмы і прарыўныя тэхналогіі? Гэта пытанне да Акадэміі навук», — спытаў Прэзідэнт
Беларускі лідар нагадаў, што агульная мэта — не толькі вырабляць прадукцыю з максімальным выкарыстаннем айчыннай сыравіны. Ёсць тры кіты, тры драйверы росту эканомікі, якія дазволяць развівацца далей. Гэта эфектыўнасць, імпартазамяшчэнне і экспарт. Прэзідэнт настойліва падкрэсліў, што больш размоў аб увозе ў краіну прадукцыі, якую можна вырабіць у Беларусі, сыравіны, якая ёсць у Беларусі, быць не павінна.
«Давайце дамовімся, што ў Год якасці павінны быць перагледжаны падыходы менавіта да якасці работы. Калі ёсць сістэмныя праблемы, якія патрабуюць майго умяшання, — кажыце. Рашэнні будуць прыняты неадкладна, хаця яны ўжо прыняты. — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — У эканоміцы сёння няма і быць не можа другарадных тэм, таму што ад яе ўстойлівасці залежыць суверэнітэт Беларусі і дабрабыт нашага народа. А гэта самае важнае. Таму яшчэ раз паўтараю: ідзіце і шукайце тое, што трэба краіне».
Паколькі склад удзельнікаў нарады быў досыць шырокім, кіраўнік дзяржавы ўдзяліў увагу і іншым пытанням, важным для краіны. Губернатары далажылі, як рэгіёны ўступаюць у перыяд пасяўной кампаніі, рассказалі, пра гатоўнасць сельскагаспадарчай тэхнікі. Таксама Прэзідэнт нагадаў, што ў зоне адказнасці кіраўнікоў рэгіёнаў — гандаль і забяспечанасць вёсак і малых анселеных пунктаў усім неабходным, аб гэтым ішла размова падчас сходу з актывам «Белкаапсюаза». Актуальным для губернатараў застаецца даручэнне Прэзідэнта наконт прывядзення да 9 мая ў парадак дарог, якое было дадзена ў панядзелак падчас прыняцця кадравых рашэнняў.
Рэсурсы для забеспячэння эканомікі ёсць
Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык далажыў аб стане мінеральна-сыравіннай базы краіны, здабычы і перапрацоўцы мінеральна-сыравінных рэсурсаў. Ён расказаў, што сёння геолагамі выяўлена каля 50 відаў карысных выкапняў са значнымі запасамі, што ставіць краіну па асобных паказчыках у дзясятку еўрапейскіх краін. «Пры існуючых аб’ёмах здабычы, прамысловымі запасамі калійных і каменных соляў, даламіту, глін, пяску рэспубліка забяспечана больш як на 100 гадоў. Торфу — на 70 гадоў. Падземных вод, будаўнічага каменю — больш чым на 50 гадоў», — далажыў міністр. Таксама, у рамках дзяржпраграмы «Ахова навакольнага асяроддзя і ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў» карысныя выкапні штогод папаўняюцца новымі запасамі.
Нарошчванне выкарыстання аб’ёму мясцовых сыравінных рэсурсаў садзейнічае павышэнню эфектыўнасці работы горназдабыўных прадпрыемстваў і перадачы ў распрацоўку новых радовішчаў. У цэлым, аб’ём вытворчасці горназдабыўной прамысловасці за 2023 год склаў 104,3 працэнта да ўзроўню 2022 года. У гэты ж час назіраецца дынаміка зніжэння імпарту. Калі ў 2017 годзе закуплялася 6,9 млн тон мінеральнай сыравіны, то ў 2023-м — 1,15 млн тон. «Разам з тым, існуючы патэнцыял у поўнай меры не задзейнічаны. Магутнасці прадпрыемстваў па здабычы даламіту, абліцовачнага даламіту, тугаплаўкіх глін задзейнічаны толькі на 40-50 працэнтаў. Таксама не ў поўнай меры выкарыстоўваюцца выяўленыя віды карысных выкапняў, па якіх адзначаецца імпарт, сярод іх гіпс, базальт і іншыя», — адзначыў міністр.
Аднак нарада праводзілася не для справаздач, а для абмеркавання праблем. Прэзідэнт пацікавіўся, ці задаволены ўрад работай міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Як адзначыў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, апошнім часам міністэрства набыло новыя функцыі. Раней яно займалася разведкай, за вынік адказвалі кіраўнікі раёнаў, на чыёй тэрыторыі знаходзілася радовішча. Але не ва ўсіх выканкамаў ёсць магчымасці і рэсурсы для гэтай дзейнасці. У канцы 2022 года Мінпрыроды набыло новыя абавязкі — зараз ведамства выконвае функцыі «дзяржаўнай казны па карысных выкапнях». Гэта значыць, заемацца не толькі іх улікам і разведкай, картаграфаваннем, але і давядзеннем да перадачы ў прамысловае выкарыстанне.
«Наперадзе яшчэ даволі цяжкі шлях. Мы першую стадыю прайшлі, гэта значыць, прыступілі да фактычна працэсу перадачы радовішчаў у эканамічную распрацоўку. Тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне сёлета па радовішчах сёлета будзе скончана, у тым ліку тэхналогіі ўзбагачэння гэтых радовішчаў. Таму роля Мінпрыроды заканадаўча змянілася. Іншая справа, што гэтымі паўнамоцтвамі трэба актыўна карыстацца», — падкрэсліў Раман Галоўчанка.
У тэму
Размаўляючы з журналістамі, генеральны дырэктар кампаніі «Беларусьнафты» Аляксандр Ляхаў назваў галоўны вынік нарады — працяг нарошчвання геолагаразведачных работ па вуглевадародах на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Акцэнт быў зроблены і на бурэнні новых свідравін. Пастаўлена задача нарошчваць аб’ёмы буравых работ, як далейшая ступень для росту здабычы нафты ў краіне. Аляксандр Ляхаў падкрэсліў, што за апошнія гады значна павялічаны аб’ёмы буравых работ, аб’ёмы сейсмаразведачнай работы і гэта ўжо паўплывала на тэмпы росту здабычы нафты ў краіне ў апошнія гады. «Бліжэйшая мэта здабычы нафты на тэрыторыі Беларусі гэта два мільёны тон. Таму трэба паступова павялічваць аб’ёмы буравых работ і ў гэтым годзе, што робіць кампанія “Беларусьнафта” і будзе рабіць ў 2025 годзе», — адзначыў Аляксандр Ляхаў. На нараду ён прынёс узоры геалагічнага матэрыялу, які на мове нафтавікоў-геолагаў называецца кернавым матэрыялам. Гэта парода, паднятая са свідравін, а дакладней, часткі парод, якія акумулююць у сябе нафту. «Гэта доказ таго, як сёння змяніліся ўмовы здабычы нафты ў Беларусі. Калі яшчэ 50-60 гадоў таму гэта былі пароды кавернозныя, порыстыя, то сёння можна здабываць нафту, якія валодае нізкімі ёмістна-фільтрацыйнымі характарыстыкамі. І для таго, каб гэтыя пароды аддавалі нафту, трэба рабіць гідраўлічны разрыў пласта і будаваць гарызантальныя свідравіны, што сёння і робіць “Беларусьнафта”. У нас ёсць для гэтага кампетэнцыі, наша арганізацыя мае і навуковую і тэхналагічную базу для рэалізацыі гэтага працэсу. Будаўніцтва гарызантальнай свідравіны ў два разы даражэйшае, чым звычайнай вертыкальнай, але за гэтым будучыня», — растлумачыў Аляксандр Ляхаў.
Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык расказаў журналістам, што сёння ў краіне выяўлены новыя радовішчы карысных выкапняў, якія ўжо знаходзяцца ў рабоце. Гэта, па яго словах, забяспечыць павелічэнне аб’ёму вытворчасці горназдабыўной прамысловасці.
Што тычыцца імпарту карысных выкапняў, то па словах, міністра, ён зніжаецца кожны год. «Гэта сведчыць аб тым, што і тэхналогіі ўзбагачэння нашых карысных выкапняў удасканальваюцца, і адказнасць недропользователей узрастае. Калі ў 2017 годзе мы завозілі ў краіну каля 6,9 млн тон карысных выкапняў, то ў 2023-м — толькі 1 мільён 150 тысяч тон. Гэтае істотнае зніжэнне. Пры гэтым горназдабыўная прамысловасць расце ў аб’ёмах вытворчасці. Гэта сведчыць аб тым, што мы выкарыстоўваем карысныя выкапні айчыннай вытворчасці. На сёння невялікія групы карысных выкапняў увозяцца з Расійскай Федэрацыі, з іншых краін. І толькі таму, што мы пакуль не адкрылі нашы радовішчы», — адзначыў Андрэй Худык.
Падчас нарады ішла размова пра базальтавае радовішча Навадворскае ў Пінскім раёне. Андрэй Худык расказаў, што папярэднее тэхніка- эканамічнае абгрунтаванне сведчыць аб тым, што радовішча эканамічна мэтазгодна распрацоўваць. Займацца гэтым праектам будзе і Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, паколькі гэта важны для галіны праект з вялікім патэнцыялам.
Міністр архітэктуры і будаўніцтва Руслан Пархамовіч адзначыў, што сёння будаўнічая галіна без імпарту карысных выкапняў працаваць не можа. Доля імпарту хоць і невялікая — 15 працэнтаў, але тым не менш, ён ёсць. «Таму асноўнай задачай міністэрства на бліжэйшую перспектыву з’яўляецца імпартазамяшчэнне. Цяпер наяўнасць карысных выкапняў, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасці будаўнічай прадукцыі, перавышае неабходнасць унутранага спажывання ў краіне. Гэта, напрыклад, пясок і будаўнічы камень», — сказаў ён. Міністр падкрэсліў, што ўжо распрацаваны некалькі інвестыцыйных праектаў, накіраваных на імпартазамяшчэнне.
Аўтар: Валерыя Сцяцко
Звязда, 12 сакавіка 2024
Звязда, 12 сакавіка 2024
Кoличество переходов на страницу: 308
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |