https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Супрацоўніцтва Беларусі і Расіі — гэта цэлая сетка дыпламатычных сувязяў


Двухбаковае супрацоўніцтва Беларусі і Расіі — гэта цэлая сетка дыпламатычных сувязяў, сумесныя мерапрыемствы і праекты. Што чакае ўдзельнікаў V Форуму рэгіёнаў?

Сярод асноўных афіцыйных мерапрыемстваў чакаецца правядзенне пленарнага пасяджэння з удзелам прэзідэнтаў абедзвюх краін і сустрэча старшынь верхніх палат парламентаў Беларусі і Расіі з кіраўнікамі рэгіёнаў і прадстаўнікамі бізнес-супольнасці. Таксама пройдзе пятае пасяджэнне Міжпарламенцкай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі па міжрэгіянальным супрацоўніцтве.

Акрамя гэтага, у рамках работы секцый будуць разгледжаны актуальныя пытанні ўзаемадзеяння дзвюх краін. Адной з тэм стане ўніфікацыя і гарманізацыя заканадаўства. Над гэтым ужо не першы год працуюць як беларускія, так і расійскія дэпутаты, аднак шэраг пытанняў усё яшчэ патрабуе ўвагі. Гэта тэма з'яўляецца прыярытэтнай у рабоце на найбліжэйшыя два гады.

Нагадаем, што раней па ініцыятыве дэпутатаў Парламенцкага сходу Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы арганізаваў пяць навукова-даследчых работ. У ходзе іх праводзіўся параўнальна-прававы аналіз па такіх кірунках, як правасуб'ектнасць Саюзнай дзяржавы, парадак прыняцця і прымянення актаў, гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва ў частцы забеспячэння роўных умоў суб'ектам гаспадарання, абарона правоў спажыўцоў і канкурэнцыі, а таксама аграпрамысловы комплекс.

Дарэчы, асобнае пасяджэнне на Форуме рэгіёнаў будзе датычыцца менавіта аграрнай палітыкі. Плануецца, што яно пройдзе на базе Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання. Не сакрэт, што ў галіне малочнай вытворчасці ў абедзвюх краін ёсць пэўныя пытанні адна да адной.

Таксама ўдзельнікі форуму абмяркуюць сацыяльную актыўнасць моладзі, міжнародную дзейнасць і эканамічную бяспеку. Важнай тэмай стане і лічбавая эканоміка, якой абедзве краіны ўдзяляюць вялікую ўвагу.

Дарэчы, тавараабарот Беларусі і Расіі ў студзені — маі склаў $14,48 млрд, павялічыўшыся да адпаведнага перыяду 2017-га на 17,7 %. Расія працягвае заставацца асноўным гандлёвым партнёрам: на яе долю прыходзіцца амаль 40 % экспарту.

У Міністэрстве замежных спраў пракаментавалі, якія вынікі партнёрства на сёння ўжо можна падвесці. Актуальнасць міжрэгіянальнага супрацоўніцтва пацвярджаецца ўзрослай у апошнія гады інтэнсіўнасцю ўзаемадзеяння суб'ектаў Расійскай Федэрацыі з Беларуссю. Летась айчынныя арганізацыі прынялі ўдзел у 240 кірмашах у расійскіх гарадах па продажы беларускай прадукцыі, а таксама 300 выстаўках, форумах, прэзентацыях у расійскіх рэгіёнах.

У 2017 годзе арганізавана 90 візітаў беларускіх дэлегацый у расійскія рэгіёны, Беларусь наведалі 85 дэлегацый расійскіх рэгіёнаў.

У тым ліку 11 на чале з губернатарамі — гэта прадстаўнікі Калінінградскай, Калужскай, Кастрамской, Курскай, Ніжагародскай, Растоўскай, Пензенскай, Свярдлоўскай, Сахалінскай абласцей, Стаўрапольскага краю і Чачэнскай Рэспублікі. Аб увазе, якая ўдзяляецца супрацоўніцтву з рэгіёнамі Расіі, сведчыць той факт, што праграма кожнага візіту кіраўніка расійскага рэгіёна ў Беларусь прадугледжвае яго сустрэчу з Прэзідэнтам і прэм'ер-міністрам нашай краіны.

Сістэма сувязяў, якая склалася на рэгіянальным узроўні, з'яўляецца дзейсным механізмам рашэння шырокага спектру практычных задач у самых розных сферах. Прыярытэтным кірункам узаемадзеяння на міжрэгіянальным узроўні застаецца эканамічнае супрацоўніцтва.

З асобнымі рэгіёнамі Расіі, такімі як Масква і Санкт-Пецярбург, Цюменская, Смаленская, Маскоўская вобласці, Рэспубліка Татарстан, наш тавараабарот значна перавышае аб'ёмы гандлю Рэспублікі Беларусь з многімі краінамі свету. Рэгіёнамі назапашаны значны вопыт прамысловай кааперацыі, створаны трывалыя тэхналагічныя ланцужкі ў машынабудаванні, нафтахіміі, фармацэўтыцы, іншых галінах.

Больш за 8 тыс. беларускіх і расійскіх прадпрыемстваў з'яўляюцца цеснымі партнёрамі, ажыццяўляючы ўзаемныя пастаўкі сыравіны, матэрыялаў і камплектуючых. У Беларусі каля 2,2 тыс. арганізацый з расійскім капіталам, у тым ліку больш за 1,3 тыс. сумесных прадпрыемстваў, што складае амаль 40 % ад агульнай колькасці арганізацый з замежным капіталам у Беларусі.

На тэрыторыі 23 рэгіёнаў Расіі зарэгістравана больш за 40 сумесных зборачных вытворчасцяў беларускай тэхнікі. Створана каля 170 беларускіх суб'ектаў тавараправоднай сеткі. Напрыклад, толькі на тэрыторыі Смаленскай вобласці ажыццяўляюць сваю дзейнасць больш за 80 прадпрыемстваў з беларускім капіталам. Пашырэнне партнёрскіх сувязяў на ўзроўні рэгіёнаў дазволіць вырашыць такія важныя задачы, як імпартазамяшчэнне, стымуляванне экспартаарыентаваных вытворчасцяў, пераадоленне тэхналагічнага разрыву з Захадам.

Сур'ёзнай дапамогай выбудоўвання інфраструктуры двухбаковага супрацоўніцтва служыць салідная дагаворна-прававая база міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння. Яе складаюць каля 70 пагадненняў аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве на ўзроўні ўрада Рэспублікі Беларусь і адміністрацый рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі, а таксама каля 300 пагадненняў паміж рэгіёнамі Беларусі і суб'ектамі Расійскай Федэрацыі і муніцыпальнымі ўтварэннямі.

У 2017-м падпісаны пагадненні паміж урадам Беларусі і ўрадамі Чачэнскай і Чувашскай рэспублік, Рэспублікі Мардовія, Стаўрапольскага краю, Кастрамской, Пскоўскай і Разанскай абласцей аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і сацыяльна-культурным супрацоўніцтве, а таксама больш за 100 міжрэгіянальных дакументаў аб супрацоўніцтве з 48 суб'ектамі Расійскай Федэрацыі. Адны з задач, якія трэба будзе вырашыць на ўзроўні знешнепалітычных ведамстваў, — правядзенне інвентарызацыі наяўных двухбаковых дакументаў, кваліфікаваная дапрацоўка і гарманізацыя адпаведных баз даных.

Форумы рэгіёнаў Беларусі і Расіі сталі адмысловымі пляцоўкамі для абмену вопытам і перадавымі тэхналогіямі, добрымі прыкладамі сістэмнай работы па развіцці міжрэгіянальных кантактаў. Высокі статус форумаў пацвярджаецца традыцыйным удзелам у іх кіраўнікоў нашых дзяржаў.

Адзін з новых фарматаў развіцця міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, які паспяхова апрабаваны летась, — арганізацыя прэзентацый абласцей Беларусі, а таксама сталіцы на пляцоўцы дзелавога і культурнага цэнтра нашага пасольства ў Маскве.

Наяўныя магчымасці дазваляюць правесці там мультымедыйную прэзентацыю рэгіёна з акцэнтам на інвестыцыйны і экспартны патэнцыял, арганізаваць канцэртную праграму, дэгустацыю страў нацыянальнай кухні, іншыя мерапрыемствы. Такія прэзентацыі арыентаваны на дыпламатычны корпус у Маскве, прадстаўнікоў расійскіх рэгіёнаў, дзелавыя колы.

Аўтар: Надзея Анісовіч
Звязда, 3 жніўня 2018


 

Кoличество переходов на страницу: 648