— Як мне дагнаць гэтую пенсію?
Такое пытанне сёння сабе задаюць усе жыхары Літвы, якія набліжаюцца да пенсійнага ўзросту. Справа ў тым, што цяперашні ўрад кансерватараў вырашыў перакласці негатыўныя наступствы эканамічнага крызісу, у тым ліку, і на плечы пенсіянераў. Калі пачаліся эканамічныя цяжкасці, урад вырашыў, што ў Літве занадта шмат пенсіянераў і што яны атрымліваюць занадта вялікія пенсіі. Адгэтуль — дэфіцыт дзяржаўнага бюджэту, які павялічваецца, і недахоп сродкаў на ахову здароўя, асвету і падобнае.
Каб зменшылася колькасць пенсіянераў, было вырашана павялічыць пенсійны ўзрост. Тут трэба падкрэсліць, што пенсійны ўзрост для мужчын у 60 гадоў, а жанчын — 55, які існаваў у савецкі час, у Літве ўжо даўно забыты. Да пачатку 2012 года мужчыны выходзілі на пенсію ва ўзросце 62,5 года, жанчыны ў 60 гадоў. А летась Сейм Літвы прыняў новы закон дзяржаўнага сацыяльнага страхавання, які зраўняў пенсійны ўзрост жанчын і мужчын і павысіў яго да 65 гадоў.
Гэтаму закону пярэчылі многія. 85% літоўцаў не ўхваляюць павышэнне пенсійнага ўзросту — такія былі вынікі рэпрэзентатыўнага апытання, праведзенага па ініцыятыве навукоўцаў Каўнаскага тэхналагічнага ўніверсітэта. Толькі 2% рэспандэнтаў выказаліся, што цалкам ухваляюць павышэнне пенсійнага ўзросту, яшчэ 7% пацвердзілі, што ўхваляюць гэты праект, а 6% не змаглі адказаць на пастаўленае пытанне.
— Цікава, што гэтую ідэю падтрымліваюць маладыя людзі да 37 гадоў і людзі старэй за 68 гадоў. Для першых вынік такога рашэння — у далёкай будучыні, таму яны схільныя ацэньваць яго больш спрыяльна. А для другіх рашэнне Сейма зусім не будзе мець ніякага наступства, — каментавала вынікі даследавання дацэнт Аўдроне Целешэне.
— Павышэнне пенсійнага ўзросту без стварэння новых працоўных месцаў можа павялічыць эміграцыю, — лічыць віцэ-старшыня Сейма, член фракцыі апазіцыйнай Партыі працы Віргінія Балтрайтэне. — Думаю, што больш позні выхад на пенсію стане яшчэ адной падставай для нашых маладых людзей з'ехаць з Літвы. Чалавек, які не атрымлівае прыстойнай пенсіі, будзе імкнуцца працаваць незалежна ад таго, ці дазваляе яму здароўе, а для маладога спецыяліста проста не будзе працоўнага месца.
Улічваючы негатыўнае стаўленне большасці насельніцтва і жадаючы пазбегнуць шокавага стану, урад гэты закон стаў уводзіць паступова. З 1 студзеня 2012 года пенсійны ўзрост пачалі павышаць для жанчын на 4 месяцы, а для мужчын — на 2 месяцы штогод з тым, каб да 2026 года і мужчыны, і жанчыны ішлі на пенсію ўжо ў 65 гадоў.
Апублікавалі і мудрагелістую табліцу падаўжэння пенсійнага ўзросту. Напрыклад, калі жанчына нарадзілася да 31 жніўня 1952 года, яна зможа выйсці на пенсію ў 2012-м, маючы 60 гадоў і 4 месяцы ўзросту, мужчына — 62 гады і 8 месяцаў. А калі вы нарадзіліся пасля 31 жніўня 1952- га, то на пенсію зможаце выйсці толькі ў 2013 годзе, калі жанчына дасягне 60 гадоў і 8 месяцаў, а мужчына — 62 гады і 10 месяцаў.
Над гэтай табліцай і варажыў мой сусед, падлічваючы свае месяцы.
— Калі я нарадзіўся ў канцы 1953 года, то на пенсію змагу выйсці толькі ў 2014-м, калі мне стукне 63 гады, — бязрадасна канстатаваў ён.
Урад Літвы, пад кіраўніцтвам прэм'ер-міністра Андруса Кубілюса, ударыў і па кішэні пенсіянераў. У мэтах паніжэння дэфіцыту Фонду дзяржаўнага сацыяльнага страхавання ("Содра") урад, нягледзячы на тое, што ў Літве самыя маленькія пенсіі ў Балтыйскім рэгіёне, у 2010 годзе да 10 % знізіў пенсіі па старасці і інваліднасці.
Яшчэ больш пацярпелі пенсіянеры, якія працуюць. Ім была рэзка абмежавана выплата пенсій. Улады разважалі так: калі ты атрымліваеш зарплату і пенсію, то можаш пражыць і за адну зарплату. Пенсію зрэзалі прапарцыянальна зарплаце. Чым большая зарплата, тым больш скарачалі пенсію. Яе маглі паменшыць на 50 і больш працэнтаў.
Гэтая ўзаконеная самаўпраўнасць сустрэла рэзкае супраціўленне грамадскасці. Людзі не раз выходзілі на мітынгі перад парламентам, пратэстуючы супраць паніжэння пенсій і эканамічнай палітыкі ўрада, якая прывяла некаторых на мяжу галечы.
На адным з мітынгаў я запісаў словы, напісаныя на плакатах пратэстуючых: "Пенсія — гэта нашы пот і кроў", "Кубілюса — на пенсію без пенсіі!", "Чым чалавеку горш, тым кансерватарам лепш?", "Заробленая пенсія — гэта маёмасць чалавека!", "А. Кубілюс! Чакаем вашай адстаўкі!"
Артурас Паўлаўскас, былы старшыня Сейма, а цяпер лідар непарламенцкай партыі "Новы саюз", якая арганізавала адзін з такіх мітынгаў, абвінаваціў улады ў амаральнай палітыцы. Паводле яго слоў, лепш залезці ў дзяржаўны доўг, чым у кішэнь да пенсіянераў.
Гэтыя рашэнні ўрада былі абскарджаны і ў Канстытуцыйным судзе. Суд пастанавіў, што ўлады парушылі Канстытуцыю Літвы і павінны кампенсаваць пенсіянерам скарочаныя пенсіі. Урад пайшоў на ўступкі. З 2012 года пенсіі вярнуліся на дакрызісны ўзровень. Абвешчана, што двухгадовае скарачэнне пенсій урад плануе кампенсаваць тады, калі бюджэт "Содры" будзе збалансаваны. Чакаецца, на кампенсаванне пенсій будзе вылучана 1,2 млрд літаў, а выплачаны яны будуць на працягу пяці гадоў.
Цяпер сярэдняя пенсія ў Літве складае 768 літаў (прыкладна 222 еўра — "Зв."). Улічваючы пастаянны рост цэн на прадукты першай неабходнасці, камунальныя паслугі, грамадскі транспарт, гэта вельмі маленькая сума. Я нярэдка бываю ў Мінску, таму магу з упэўненасцю сказаць, што ў Беларусі прадукты харчавання амаль удвая таннейшыя, лекі — у 2-3 разы. Звычайны аднаразовы квіток на тралейбус ці аўтобус у Вільнюсе каштуе 2 літы — гэта значыць, больш за 0,5 еўра. Узімку толькі за ацяпленне я, маючы трохпакаёвую кватэру, плаціў па 800-900 літаў у месяц (230—260 еўра). Цэны на электрычнасць, прыродны газ апошнім часам павялічваліся некалькі разоў. Зараз 1 кілават электраэнергіі каштуе 0,45 літа, 1 куб. м. прыроднага газу — 2,15 літа. У выніку такой эканамічнай палітыкі адзінокаму пенсіянеру, які атрымлівае сярэднюю пенсію, цяпер у горадзе пражыць амаль немагчыма.
Жадаючы зэканоміць за кошт пенсіянераў, урад пайшоў на новыя прыдумкі. З 2012 года ў сілу павінны былі ўвайсці папраўкі да закона аб дзяржаўным сацыяльным пенсійным страхаванні, згодна з якімі чалавек, які выходзіць на пенсію, можа выбраць пяць лепшых гадоў свайго працоўнага стажу або з савецкага перыяду, або за час пасля набыцця Літвой незалежнасці. Аднак урад яшчэ раз вырашыў адтэрмінаваць яго ўваходжанне ў сілу. Па падліках Міністэрства сацыяльнага забеспячэння і працы Літвы, гэтыя папраўкі запатрабуюць дадаткова 130 млн літаў. Урад лічыць, што гэта занадта шчодры крок. Таму міністэрства прапанавала лічыць пенсіі новым пенсіянерам без уліку савецкага перыяду, толькі з 1994 года, але з улікам усяго працоўнага стажу.
Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ заявіла, што наклала б вета на закон, згодна з якім новым пенсіянерам падлічвалі б пенсію, не ўлічваючы даходы савецкага перыяду. Паводле слоў Д. Грыбаўскайтэ, пры падліку памеру пенсіі ў жыхароў Літвы павінна быць магчымасць выбару лепшых пяці гадоў за час усяго працоўнага стажу.
Закон, які прадугледжвае выбар пяці лепшых гадоў са стажу, быў прыняты ў 2007 годзе. Але яго ўваходжанне ў сілу неаднаразова адкладвалася.
Вось чаму многія пенсіянеры адчуваюць сябе пакрыўджанымі. Большасць жыхароў лічыць, што ў Літве людзям не забяспечваюць годную старасць.
— Годныя пенсіі пенсіянеры Літвы змогуць атрымаць толькі праз некалькі дзясяткаў гадоў, — лічыць прэм'ер-міністр Літвы Андрус Кубілюс.
Гэтыя словы прэм'ера мала каго суцяшаюць.
Вітаўтас Жэймантас
уласны карэспандэнт "Звязды" ў Літве.
Вільнюс, 16 чэрвеня 2012
Кoличество переходов на страницу: 1079
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |