https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Грэцыя і ЕАЭС


26 лютага адбылася першая замежная прэзентацыя ЕАЭС як новага геапалітычнага і геаэканамічнага ўтварэння. Прэзентацыя была праведзена ў Афінах, у будынку МЗС Грэцыі. Цікава, што адначасова адбылася прэзентацыя Грэка-Еўразійскага дзелавога савета, закліканага нарошчваць эканамічнае ўзаемадзеянне грэчаскай эканомікі з краінамі — удзельніцамі ЕАЭС.

Ці варта разглядаць правядзенне прэзентацыі ЕАЭС менавіта ў Грэцыі як сігнал да гатоўнасці ЕАЭС прыняць у свае шэрагі Грэцыю і як гатоўнасць Грэцыі разглядаць такую магчымасць, на чым адразу ж узяліся спекуляваць асобныя СМІ?

Безумоўна, для ЕАЭС было б надзвычай выгадна прыняць у свае шэрагі такую вядомую еўрапейскую краіну, як Грэцыя, з іміджавага пункту гледжання. Прэстыж ЕАЭС значна б узрос як у рэгіёне, так і ў свеце. Аднак ёсць шматлікія «але», калі гаварыць пра эканамічны і фінансавы бок пытання.

Па-першае, нават нягледзячы на прыход да ўлады ў Грэцыі СІРЫЗА, якая вельмі пазітыўна ставіцца да развіцця адносін з Расіяй, галоўнай мэтай гэтай партыі з’яўляецца не выхад з еўразоны або Еўрасаюза, а аблягчэнне таго непасільнага для краіны пазыковага цяжару, які ўтварыўся пасля пачатку сусветнага фінансавага крызісу ў 2008 годзе. Выбаршчыкі СІРЫЗА далі партыі мандат менавіта на гэта, а не на якія-небудзь радыкальныя крокі.

Паводле ўсіх сацыялагічных апытанняў, большасць грэкаў не падтрымлівае выхад з Еўрасаюза. Прычыны гэтага таксама зразумелыя. У выпадку выхаду з Еўрасаюза і аб’яўлення дэфолту, каб пазбавіцца ад непасільных даўгоў, Грэцыя, вядома, зможа вярнуць драхму ў якасці нацыянальнай валюты, але тады краіну пакінуць многія еўрапейскія інвестары і на яе прасторах рэзка ўзмацніцца і так ужо значнае па маштабах беспрацоўе.

Пры гэтым на працягу многіх гадоў пасля дэфолту Грэцыя не зможа звярнуцца ні да адной са звыклых крыніц фінансавання па новую пазыку ў выпадку неабходнасці. Еўрапейскі саюз прасочыць, каб ніхто з тых фінансавых структур, на якія ён можа паўплываць, не пазычаў Грэцыі па дастаткова простай прычыне — выхад Грэцыі нанясе вельмі сур’ёзны ўдар па іміджы еўраінтэграцыі, статусе еўра і інвестыцыйнай прывабнасці Еўрасаюза. За ўсё гэта Грэцыя павінна будзе заплаціць дарагой цаной, каб іншым краінам — удзельніцам ЕС нават непанадна было думаць пра аналагічны сцэнарый паводзін.

Акрамя гэтага, не будзем забываць і пра тое, што за дзесяцігоддзі знаходжання ў складзе ЕС і асабліва за апошнія цяжкія ў фінансавых адносінах гады многія грэкі выехалі на працу або на пастаяннае месца жыхарства ў іншыя краіны ЕС. І іх сваякі не хочуць, каб у выніку выхаду Грэцыі з ЕС у іх з краінамі Еўрасаюза зноў узніклі візавыя адносіны, якія адгароджваюць членаў сем’яў і сяброў адно ад аднаго. Не кажучы ўжо пра тое, што ў выпадку выхаду Грэцыі з ЕС грэкаў, якія знаходзяцца на заробках у багатых краінах ЕС, могуць і проста дэпартаваць назад у Грэцыю па прычыне спынення дзеяння інтэграцыйных пагадненняў аб свабодзе перамяшчэння і працаўладкавання.

Па-другое, Грэцыя з’яўляецца членам НАТА, а гэта ўжо з непазбежнасцю падключае да працэсу ЗША, галоўнага гульца ў гэтай арганізацыі. Выйшаўшы з ЕС і ўступіўшы ў ЕАЭС, Грэцыя з вялікай верагоднасцю выйдзе і з НАТА. А на гэта амерыканцы ніколі не пагодзяцца, таму таксама задзейнічаюць вялізны арсенал інструментаў, якія зробяць жыццё грэкаў вельмі цяжкім у выпадку выхаду з ЕС.

Такім чынам, у выпадку выхаду з ЕС і ўступлення ў ЕАЭС, Грэцыя стане спустошанай эканомікай з пастаяннай патрэбай у вялікіх аб’ёмах фінансавых запазычанняў для неадкладных патрэб. Наўрад ці гэта тое, што трэба ЕАЭС у цяперашні няпросты перыяд, і наўрад ці галоўны донар ЕАЭС — Расія — будзе гатова выдаткоўваць штогод 20–30 мільярдаў долараў на патрэбы грэчаскай эканомікі, якім бы ні было выгадным з іміджавага пункту гледжання ўступленне Грэцыі ў ЕАЭС.

Таму прэзентацыя ЕАЭС у Грэцыі не азначае тайных перамоў аб выхадзе краіны з ЕС і ўступленні ў ЕАЭС. Рэчаіснасць нашмат больш празаічная. Ураду Грэцыі важна вярнуць частку страчаных з‑за ўзаемных санкцый Расіі і ЕС экспартных магчымасцяў, што негатыўна адбілася на і без таго цяжкім фінансавым становішчы краіны і прадпрымальнікаў. У якасці новай крыніцы фінансавання грэкі зацікаўлены ў вывучэнні магчымасцяў супрацоўніцтва з Еўразійскім банкам развіцця. Для новага грэчаскага ўрада такая прэзентацыя таксама з’яўляецца бясцэннай магчымасцю прадэманстраваць цэнтральным органам ЕС, што ў Грэцыі ёсць альтэрнатывы, і Бруселю варта больш уважліва прыслухоўвацца да патрабаванняў СІРЫЗА ў дачыненні да аблягчэння пазыковага цяжару.

Прэзентацыя ЕАЭС, якая адбылася ў Грэцыі, выгадная і Беларусі. Не з‑за магчымасці нарошчвання адносін з грэчаскай эканомікай — тут вялікіх чаканняў няма праз мноства праблем нашых партнёраў у Грэцыі, якія не дазваляюць ім актывізаваць свае адносіны з Беларуссю. Але, улічваючы непазбежны вал абмеркаванняў мэты прэзентацыі ЕАЭС менавіта ў Грэцыі ў сусветных СМІ, многія людзі ў свеце ўпершыню даведваюцца аб тым, што ЕАЭС узнік. Шэраг з іх непазбежна пацікавіцца і складам членаў гэтай арганізацыі, што можа прыцягнуць увагу і да нашай краіны. А Беларусі вядомасць вельмі важная для прыцягнення новых інвестыцый і пазнавальнасці на сусветнай арэне, што заўсёды з’яўляецца ўзаемазвязаным працэсам.

Сяргей Кізіма, доктар палітычных навук
Звязда, 28 лютага 2015


 

Кoличество переходов на страницу: 798


Комментарии