«Звязда» працягвае сачыць за тым, што адбываецца на беларуска-польскай мяжы. Нагадаем, ўчора супраць бежанцаў, якія спрабавалі трапіць на тэрыторыю Польшчы, польскія сілавікі прымянілі спецыяльныя сродкі і боепрыпасы. Сярод пацярпелых ёсць жанчыны і дзеці. Па факце выкарыстання спецсродкаў і боепрыпасаў у адносінах да бяззбройных грамадзян, а таксама прычынення ім цялесных пашкоджанняў на тэрыторыі беларуска-польскай мяжы ў пункце пропуску «Брузгі» Следчы камітэт распачаў праверку. У выніку ўзбуджана крымінальная справа: следчыя кваліфікавалі дзеянні польскіх сілавікоў як злачынства супраць бяспекі чалавецтва.
Прымянялася рэчыва, якое выклікае апёкі
— На месцы працуе следча-аператыўная група, задзейнічана пераносная крыміналістычная лабараторыя ведамства, — адзначыў начальнік аддзела інфармацыі і сувязі з грамадскасцю цэнтральнага апарата Следчага камітэта Сяргей Кабаковіч. — За ноч следчымі ва ўзаемадзеянні са спецыялістамі Упраўлення дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Гродзенскай вобласці правезены агляд, у ходзе якога ў месцах прымянення спецыяльных сродкаў, а менавіта слезатачывага газа, вадамётаў, святлошумавых гранат польскім бокам, канфіскаваны шматлікія аб’екты, у тым ліку фрагменты металічных і полімерных прадметаў ад боепрыпасаў, травяністаў расліннасці і грунту, на якім засталіся сляды рэчываў таксічнага і раздражняльнага дзеяння. Адбываецца допыт пацярпелых і відавочцаў, канфіскаваны і прагледжаны відэазапісы, якія датычацца прымянення польскім бокам спецыяльных сродкаў. Працягваюцца следчыя і працэсуальныя дзеянні з тымі, хто звярнуўся па медыцынскую дапамогу ў сувязі з уздзеяннем таксічных рэчываў.
Акрамя таго, як паведамілі ў Следчым камітэце, па ўсіх канфіскаваных слядах і аб’ектах запланавана правядзенне шэрагу экспертыз. «У Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз для правядзеня хімічных даследаванняў паступілі аб’екты, канфіскаваныя 16 лістапада ў ходзе агляду месца здарэння на ўчастку беларуска-польскай граніцы ў раёне пункта проспуку „Брузгі“ на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, — паведаміў начальнік аддзела ўзаемадзеяння са сродкамі масавай інфармацыі цэнтральнага апарата Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Сяргей Цітавец. — На даследаванне прадастаўлены пробы грунту, змывы, узоры расліннасці з напластаваннем афарбаваных рэчываў. У ходзе даследавання ўстаноўлена, што ў іх складзе ўтрымліваюцца злучэнні, якія аказваюць слёзатачывае раздражняльнае дзеянне, а ў пэўнай канцэтрацыі выклікаюць апёкі слізістай абалонкі і вачэй».
Сітуацыі — прававая ацэнка
Ацэньваючы сітуацыю на беларуска-польскай мяжы, генеральны пракурор Андрэй Швед заявіў, што паказалі аскал тыя, хто летась арганізаваў спробу знішчэння Беларусі. «Здаецца, ужо нават самыя наіўныя людзі бачаць і разумеюць, з кім мы маем справу, — перакананы генпракурор. — Ацэнка сітуацыі адназначна павінна быць прававой. І вінаватыя з польскага боку, якія здзяйсняюць відавочныя супрацьзаконныя дзеянні, павінны панесці адказнасць».
Андрэй Швед дадаў, што неабходныя працэсуальныя дзеянні ўжо прынятыя. «Пасля правядзення пэўных экспертных даследаванняў і працэсуальных дзеянняў ведамства прадаставіць больш падрабязную інфармацыю, — патлумачыў ён. — Гэта будуць аб’ектыўныя даныя аб тых формах і метадах траўлі, спробах знішчэння, якія са свайго боку здзяйсняюць польскія сілавікі ў адносінах тых людзей, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі».
Дапамога працягваецца
А тым часам, як паведамілі ў Дзяржаўным пагранічным камітэце, беларускі бок працягвае размяшчаць бежанцаў у памяшканнях, якія атапліваюцца. Аднак каля двух тысяч бежанцаў па-ранейшаму знаходзяцца каля беларуска-польскай мяжы.
«Мінулую ноч яны правялі ў трох месцах: частка з іх засталася на тэрыторыі, якая прылягае да пункта пропуску, частка — у стыхійным лагеры ў лесе, — расказаў афіцыйны прадстаўнік Дзяржпагранкамітэта Антон Бычкоўскі. — Каля 1000 чалавек, якія найбольш пацярпелі ад дзеянняў польскіх сілавікоў, а таксама жанчыны і дзеці, упершыню за апошнія дзевяць сутак пераначавалі ў адносна прымальных умовах — у транспартна-лагістычным цэнтры недалёка ад граніцы. Людзей напярэдадні ўвечары аглядвалі медыкі, па дапамогу на працягу ночы звярнуліся чатыры чалавекі. Тым, хто прыняў рашэнне начаваць на вуліцы, неаднаразова прапаноўвалася перайсці ў лагістычны цэнтр».
«Мінулую ноч яны правялі ў трох месцах: частка з іх засталася на тэрыторыі, якая прылягае да пункта пропуску, частка — у стыхійным лагеры ў лесе, — расказаў афіцыйны прадстаўнік Дзяржпагранкамітэта Антон Бычкоўскі. — Каля 1000 чалавек, якія найбольш пацярпелі ад дзеянняў польскіх сілавікоў, а таксама жанчыны і дзеці, упершыню за апошнія дзевяць сутак пераначавалі ў адносна прымальных умовах — у транспартна-лагістычным цэнтры недалёка ад граніцы. Людзей напярэдадні ўвечары аглядвалі медыкі, па дапамогу на працягу ночы звярнуліся чатыры чалавекі. Тым, хто прыняў рашэнне начаваць на вуліцы, неаднаразова прапаноўвалася перайсці ў лагістычны цэнтр».
Традыцыйна беларускі бок забяспечвае бежанцаў гарачым харчаваннем як у лагістычным цэнтры, так і ў лагеры каля граніцы ў палатках, якія атапліваюцца. Рэгулярна падвозяцца вада, цёплыя рэчы, сродкі гігіены, аказваецца іншая гуманітарная дапамога. Па інфармацыі Дзяржпагранкамітэта, учора раніцай было прынята рашэнне размясціць частку мігрантаў у іншых месцах.
У той жа час, як заявіў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў, з улікам павелічэння плыні замежных грамадзян у Беларусь органамі ўнутраных спраў забяспечваецца ахова грамадскага парадку як у Мінску, так і ў цэлым на тэрыторыі Беларусі. «Якіх-небудзь праблем са знаходжаннем на нашай тэрыторыі замежных грамадзян няма, — запэўніў кіраўнік сілавога ведамства. — Сітуацыя знаходзіцца пад кантролем. У нас дастаткова сіл і сродкаў для забеспячэння аховы грамадскага парадку як у Мінску, так і ў прыгранічных гарадах».
«З людзей злятала адзенне...»
— Людзі атрымалі хімічныя апёкі вачэй ад раздражняльнага складніка, якія быў у вадамётах, — расказаў учора журналістам памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў, які наведаў месца здарэння. — Некаторыя журналісты таксама трапілі пад гэты струмень і казалі, што слізістая і вочы пацярпелі ад сумясі, што была ў вадамётах.
Спецыяльны карэспандэнт тэлеканала АНТ Андрэй Аляксандраў амаль тыдзень знаходзіўся на беларуска-польскай мяжы. Што такое вадамёты і слёзатачывы газ журналіст зведаў на сабе. «Прымяняючы спецсродкі і боепрыпасы, польскія сілавікі не глядзелі, хто перад імі: жанчыны ці дзеці, яны шчодра „лупілі“ па ўсіх, — расказвае відавочца падзей. — Тое, што вылятае з газавых балончыкаў, раздзірае дыхальныя шляхі, слязяцца вочы, але гэта быў свайго роду „падбадзёрлівы дэзадарант“ у параўнанні з тым, што пачалося далей. А далей былі вадамёты. Перад вачамі карціна, як мужчына нёс на сабе жалезныя дзверы, якія ад удару вадамёта паляцелі з такой хуткасцю, быццам яны картонныя. Струмені вады былі такія, што з людзей злятала верхняе адзенне. А між іншым, лічыцца бесчалавечным прымяняць вадамёты пры тэмпературы ніжэй плюс васьмі градусаў. Найбольшую небяспеку ўяўлялі вадамёты з вадкасцю аранжавага колеру, было зразумела — з дабаўленнем пэўнага хімічнага рэчыва. Пасля таго, як на цябе трапляе струмень гэтай вадкасці, пачынаюць цячы слёзы, слюні, соплі... Немагчыма ні гаварыць, ні дыхаць. А на скуры застаецца апёк, які потым вельмі балюча мачыць вадой: такое адчуванне, што месца апёку гарыць адкрытым агнём. Можна ўявіць сабе, як пасля адчувалі сябе людзі».
Андрэй Аляксандраў прызнаецца: у параўнанні з аператарам тэлеканала ён яшчэ лёг адкараскаўся. Аператара АНТ аблілі каляровай вадкасцю з ног да галавы, член здымачнай групы быў перададзены медыкам. Поўнасцю было заліта абсталяванне — камера адразу перастала здымаць.
«Прэса ва ўсіх краінах недатыкальная, нават падчас баявых дзеянняў, — заўважае Андрэй Аляксандраў. — Мы, журналісты, былі абазначаны жоўтымі камізэлькамі: для ўсіх краін зразумела, што працуе прэса. Аднак па факце мы сталі своеасаблівай мішэнню, куды наўмысна цэліліся польскія сілавікі. Святлошамувыя гранаты кідалі, не разбіраючыся: яны ўзрываліся каля дзяцей і жанчын. Аднак польскіх сілавікоў гэта не чапляла. Да іх падходзілі жанчыны са сваімі дзецьмі, агалялі жывоцікі малых, якія ўсе спаласаваныя шрамамі пасля аперацый, аднак іх і гэта не кранала».
... А тым часам, як паведамілі ў Дзяржпагранкамітэце, спробы гвалтоўнага выцяснення бежанцаў працягваюцца на ўчастку граніцы з Літвой. Відэазапісы, якія ёсць у нашых сілавікоў, сведчаць: пагранічнік сумежнай дзяржавы жорстка збівае мігранта, які ляжыць на зямлі, а затым спускае на яго сабаку, якая кусае чалавека за нагу і пачынае разрываць спальны мяшок.
Аўтар: Вераніка Канюта
Звязда, 17 лістапада 2021
Звязда, 17 лістапада 2021
Кoличество переходов на страницу: 193
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |