https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Стрыжнявая ідэя для Беларусі — ідэя абнаўлення


Беларусь мае добры запас трываласці ва ўмовах зацяжнога сусветнага крызісу. Аб гэтым Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка заявіў, звяртаючыся з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу.

2013 год з'яўляецца ключавым у гэтай пяцігодцы. "Калі азірнуцца назад, то старт пяцігодкі быў няпростым. Нас ўсё ж такі закрануў сусветны фінансава-эканамічны крызіс. Аднак нам удалося ў асноўным стабілізаваць сітуацыю. Сёння мы пераадолелі мяжу ў $500 сярэдняй заработнай платы па краіне. Справіліся з высокай інфляцыяй, супакоілі валютны рынак, забяспечылі прафіцыт бюджэту і захавалі на бяспечным узроўні золатавалютныя рэзервы", — адзначыў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ўсе поспехі Беларусі заўважаныя і адзначаныя ў свеце. Так, згодна са штогадовым рэйтынгам ААН, краіна ўвайшла ў лік першых пяцідзесяці дзяржаў свету па індэксе чалавечага развіцця, што з'яўляецца самым высокім паказчыкам сярод дзяржаў СНД.

"Аднак падстаў для трывогі менш не стала. Свет вакол нас так і не выбраўся з зацяжнога крызісу. Драматычныя падзеі ў Грэцыі, на Кіпры — сумнае таму пацвярджэнне. Спрыяльных прагнозаў на будучыню практычна не відаць. Сусветная фінансавая і палітычная эліта ў разгубленасці. Простыя спосабы вырашэння праблем накшталт друкавання пустых долараў і еўра і мудрагелістых фінансавых маніпуляцый не даюць эфекту. А ісці на непазбежныя фундаментальныя рэформы не хапае волі і смеласці. Дарэчы, а ад нас яны ўсё патрабуюць рэформаў", — заўважыў беларускі лідар.

Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, у такія перыяды сваёй гісторыі чалавецтва заўсёды звяртаецца да базавых эканамічных каштоўнасцяў — здольнасці забяспечыць сябе таварамі першай неабходнасці: прадуктамі харчавання, адзеннем і жыллём. "І ў гэтым мы маем добры запас трываласці, добрыя навыкі. Таму што Беларусь развівала рэальны сектар эканомікі, а не надзімала мыльныя фінансавыя бурбалкі", — падкрэсліў ён.

Даходы насельніцтва павінны эфектыўна працаваць на краіну

"Далейшы рост дабрабыту кожнага чалавека напрамую залежыць не толькі ад аператыўных мер, якія прымаюцца уладай, але і ад правільнасці выбару стратэгіі развіцця краіны. А ўлічваючы крайнюю ўзаемазалежнасць краін у сучасным свеце, мы павінны вельмі дакладна разумець, што адбываюцца глабальныя працэсы, і ведаць наша месца ў іх".

Кіраўнік дзяржавы паставіў перад урадам і Нацыянальным банкам не менш важную задачу — даходы насельніцтва павінны эфектыўна працаваць на краіну. Пры гэтым ён асабліва адзначыў, што нарошчваць даходы за кошт грашовай эмісіі ніхто не будзе. "Зберажэнне сродкаў павінна быць максімальна прывабным менавіта ў нацыянальных актывах. Прычым не толькі ў дэпазітах, але і ў накапленнях для будаўніцтва кватэр і дамоў, асваення зямельных участкаў. Гэта значыць для вырашэння надзённых жыццёвых праблем, як бягучых, так і на перспектыву", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Заданняў па росце эканомікі ў 2013 годзе ніхто не адмяняў, заявіў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, вынікі працы эканомікі за І квартал бягучага года паказваюць у агульным станоўчыя вынікі, але толькі на тым фоне, на якім сёння развіваецца сусветная эканоміка. Тэмп росту валавога ўнутранага прадукту склаў 103,5%, інвестыцый у асноўны капітал — 112,5%, у тым ліку ў абсталяванне — амаль 122%.

"Захоўваецца станоўчае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі. З месяца ў месяц расце валютная выручка. Золатавалютныя рэзервы сфарміраваныя ў памеры больш як двухмесячнага імпарту. Стабільная сітуацыя на ўнутраным валютным рынку — прапанова замежнай валюты перавышае попыт на ўсіх яго сегментах (з пачатку года Нацыянальным банкам набыта амаль $600  млн), — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Стаўка рэфінансавання Нацыянальнага банка хоць яшчэ і застаецца высокай, але з улікам зніжэння інфляцыі зменшана да 27% гадавых. Гэта значыць, крэдытныя рэсурсы для рэальнага сектара эканомікі паступова становяцца больш даступнымі".

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што, нягледзячы на такую станоўчую дынаміку, актыўна растуць запасы гатовай прадукцыі на складах прамысловых прадпрыемстваў, прычым як у абсалютным, так і ў адносным выражэнні. Так, на 1 красавіка на складах сабралася гатовай прадукцыі больш чым на Br30  трлн, што практычна ў два разы больш, чым было год таму. "У чым справа? Я свайго патрабавання да ўрада быць адным вялікім Міністэрствам гандлю не адмяняў. І папрашу неадкладна падключыць мясцовыя органы ўлады і выдаць канкрэтны вынік па разгрузцы складоў!" — запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.

"І галоўнае, ніхто не адмяняў заданняў па сёлетнім росце эканомікі. І з гэтымі аб'ёмамі прыросту ўрад і парламент пагадзіліся добраахвотна. Калі ласка, займіцеся выкананнем сваіх жа ўласных рашэнняў, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Запомніце: сёння няма ніякіх падстаў, каб расслабіцца. Так, крызісныя з'явы ў нас быццам бы адступілі, і мы паслядоўна рухаемся наперад. Але варта нам хоць у малой ступені расслабіцца, як жыццё неадкладна і жорстка пакарае нас за гэта. Як кажуць у народзе, ударыць па галаве і вельмі моцна. Таму што ў асноўных спажыўцоў нашых тавараў — Еўрасаюза і Расіі — рынкі аселі, сітуацыя вельмі складаная".

Тры нацыянальныя праекты для абнаўлення беларускай дзяржавы

"Ключавая праблема нашай эканомікі — канкурэнтаздольнасць айчынных тавараў. І каб выйграваць у цяжкай канкурэнтнай вайне на сусветным рынку, мы павінны пастаянна абнаўляць веды, тэхналогіі, абсталяванне, сістэмы кіравання. Таму сёння галоўная, стрыжнявая ідэя для Беларусі — ідэя абнаўлення", — сказаў кіраўнік дзяржавы .

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што абнаўленне — гэта не адмова ад існуючай у Беларусі мадэлі і ранейшага шляху, а новы этап у развіцці. "Мы даўно да гэтага падышлі, і не проста падышлі, а па некаторых асноўных напрамках значна прасунуліся ў мадэрнізацыі. Мы не толькі абнаўляем старыя, але і будуем новыя прадпрыемствы", — сказаў ён.

"Мы павінны абаперціся на тры магутныя нацыянальныя праекты, якія дазволяць абнавіць дзяржаву. Першы праект — гэта мадэрнізацыя эканомікі. Другі — інфарматызацыя грамадства. Трэці — падтрымка моладзі і яе маштабнае прыцягненне да дзяржаўнага будаўніцтва", — заявіў Прэзідэнт.

Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, нягледзячы на фінансавы крызіс, інтэлектуальны прагрэс у свеце не запаволіўся, а толькі паскараецца, набіраючы каласальныя абароты. "Перакананы, што менавіта новыя навуковыя вынаходкі, а не мудрагелістыя фінансавыя схемы запусцяць "матор" сусветнай эканомікі, які часта глохне. Глабальны вір новых ідэй, тэхналогій і вынаходак зацягвае ў сябе і Беларусь. Нягледзячы на тое, што мы сярэдняя па еўрапейскіх мерках дзяржава, пазбаўленая якіх бы там ні было планетарных амбіцый, мы ўжо не можам думаць аб нашым лёсе асобна ад агульнасусветных працэсаў, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Наш выбар невялікі. Мы можам ці прыстасавацца да бурных перамен, або застацца на абочыне гісторыі. Іншага не дадзена".

На думку кіраўніка дзяржавы, у новага часу ёсць тры галоўныя патрабаванні: хуткасць, гнуткасць і творчасць. Гэта звязана са светам, які імкліва мяняецца, са з'яўленнем новых ідэй і тэхналогій, з неабходнасцю пастаянна прыстасоўвацца да гэтых змяненняў і прапаноўваць нешта новае. "Той, хто ўвесь час капіруе, той заўсёды асуджаны на адставанне. Таму любая маладая нацыя павінна, з аднаго боку, вучыцца ў навакольнага свету, а з іншага — заўсёды памятаць пра тое, што на нейкім этапе трэба быць гатовым прыўнесці ў свет нешта сваё. Толькі творчасць можа забяспечыць прарыў у групу лідараў", — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Акно магчымасцяў для Беларусі

Прэзідэнт бачыць "акно магчымасцяў" для выхаду Беларусі на новую хвалю эканамічнага росту. Кіраўнік дзяржавы назваў цяперашні этап сацыяльна-эканамічнага развіцця асаблівым, які патрабуе паскораных тэмпаў працэсу мадэрнізацыі. "Справа ў тым, што змена дамінуючых тэхналагічных укладаў, якая адбываецца сёння, адкрывае "акно магчымасцяў" для паспяховага выхаду на новую хвалю эканамічнага росту. Менавіта ў падобныя перыяды буйнамаштабных глабальных тэхналагічных зрухаў "акно магчымасцяў" дазваляе асобным краінам вырвацца наперад і здзейсніць эканамічны рывок. І мы павінны такім чынам і такім вопытам скарыстацца", — лічыць Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што гэтыя пытанні абмяркоўваліся ў сакавіку на пасяджэнні Савета Міністраў. "Хай нават у жорсткай і суровай форме. І, па-мойму, зразумеўшы адзін аднаго, мы дамовіліся", — заўважыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы засяродзіў увагу на тым, што быў устаноўлены крытэрый эфектыўнасці мадэрнізацыі — дасягненне гадавой выручкі ад рэалізацыі прадукцыі на аднаго занятага не менш як $60 тыс. "Гэта галоўны, фундаментальны крытэрый для кожнага. $60 тыс. на брата — дзякуй: ордэны і медалі. Але ад прададзенай прадукцыі", — падкрэсліў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што вызначаны і неабходныя ўмовы, якія ўраду, Нацыянальнаму банку і губернатарам варта стварыць для паспяховай мадэрнізацыі.

"Пераконваць каго-небудзь у важнасці мадэрнізацыі не трэба. Яе неабходнасць абсалютна відавочная, — перакананы кіраўнік дзяржавы. — Трэба ўдасканальваць усе працэсы, не кажучы ўжо пра базу, пра падмурак любой дзяржавы і грамадства — эканоміку. Гэта натуральны, можна сказаць, аб'ектыўны працэс развіцця грамадства і дзяржавы".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на той факт, што сёння галоўны партнёр Беларусі па Мытным саюзе і Адзінай эканамічнай прасторы — Расія ўжо ўступіла ў Сусветную гандлёвую арганізацыю, а другі — Казахстан — на парозе гэтага ўступлення. "Гэта значыць, мы ўжо фактычна працуем у жорсткіх умовах глабальнай канкурэнцыі. Таму іншага выбару, чым паскорана абнаўляць эканоміку, у нас проста няма", — лічыць Прэзідэнт.

"Праўда, нашы апаненты заяўляюць, што ўлады звярнуліся да новага перадвыбарчага лозунга. І, маўляў, усё абмяжуецца пустымі размовамі. Яны прыходзяць да дзіўнай высновы: нібыта патэнцыял росту канкурэнтаздольнасці беларускай прадукцыі вычарпаны і ідзе дэградацыя нашай эканомікі. Таму, маўляў, трэба не мадэрнізаваць яе, а проста выкінуць і прыняць кардынальна іншую мадэль, — сказаў Прэзідэнт. — Але гэта мы ўжо з вамі праходзілі. Я ўжо за гэтыя гады некалькі разоў праходзіў, такія ўрокі я ведаю. Мне прапаноўвалі: не трэба новы камбайн, не трэба новая сельгастэхніка, мы купім усё за мяжой, гэтыя прадпрыемствы трэба ліквідаваць, за капейкі прадаць, яны нам проста не патрэбныя. Прайшоў час, мы пайшлі іншым шляхам. І што сёння атрымліваецца? Тыя, хто ад нас гэтага патрабаваў, гэта прапаноўваў, ужо кажуць: якія беларусы малайцы. Хтосьці шэптам кажа дзесьці ў дыпламатычных кулуарах, хтосьці — за межамі нашай краіны пра гэта мямліць... А мы ж з вамі бачым, што мы мелі рацыю, ідучы гэтым шляхам", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"Новых ідэй у нашых апанентаў, ворагаў, пятай калоны няма. Вось зноў дасталі гэтую старую "зброю": давайце ўсё закрыем і ліквідуем. Добра, уявіце сабе: сёння зачынілі, заўтра — што? Заўтра што будуць рабіць людзі? Дзе яны будуць атрымліваць заработную плату? — сказаў Прэзідэнт. — Словам, старыя песні на тэму "до основанья, а затем...", якія ў гісторыі ўжо не раз перакульвалі краіны ў хаос сацыяльных узрушэнняў і эканамічнага заняпаду. Як гаворыцца, ламаць не будаваць — розуму не трэба.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Наш шлях — не разбурэнне, а стварэнне. Не Манілаўскія летуценні, а рэальныя праекты сістэмнага развіцця эканомікі, удасканалення і няўхільнага нарошчвання нашага вытворчага патэнцыялу". Мадэрнізацыя з'яўляецца аб'ектыўным патрабаваннем жыцця, а не манілаўшчынай або выдумкай Лукашэнкі. "Мяркую, што лепш за ўсё гэта даказаць нашым апанентам на канкрэтных прыкладах таго, што зроблена і што трэба будзе зрабіць. Хоць я яшчэ раз хачу падкрэсліць, што мадэрнізацыя ў краіне пачалася даўно. Уступленне Расіі ў СГА, гэтая сітуацыя проста штурхае нас хутчэй мадэрнізацыю завяршыць", — адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў сельскай гаспадарцы мадэрнізацыя ідзе дзве пяцігодкі, за гэты час у Праграму адраджэння вёскі інвесціравана $40 млрд, сёлета завершыцца праграма мадэрнізацыі прадпрыемстваў дрэваапрацоўкі. "Вазьміце энергетыку, пра якую мы казалі нядаўна і дзе вельмі шмат бачылі недахопаў. У энергетыку за гэтыя гады мадэрнізацыі ўкладзена $7 млрд. Так, сапраўды, з'явілася новая энергетыка. Пра недахопы мы гаварылі, і міністр на гэтым "страціў" галаву. Але я папярэджваў усіх", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы таксама прывёў у якасці прыкладаў мадэрнізацыі нафтаперапрацоўку, у прыватнасці, стварэнне фактычна новага прадпрыемства на Наваполацкім нафтаперапрацоўчым заводзе. "І сёння нашы партнёры, якія здабываюць нафту, стаяць у чарзе, каб трапіць на нашы НПЗ", — сказаў Прэзідэнт.

"Вось што такое мадэрнізацыя. Таму новы прэзідэнцкі праект (ну, што вы яго мне прыпісалі, хоць не адзін тут я герой, усе мы працавалі і працуем на мадэрнізацыю) — гэта добры праект", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што мадэрнізацыя — гэта задача любога грамадства. У сувязі з гэтым ён прывёў у прыклад Расію, якая таксама ідзе па шляху мадэрнізацыі не толькі эканомікі, але і ўсёй краіны.

Нам неабходна паскорыць выхад усіх сельгасарганізацый на бясстратную працу. "Найважнейшая задача ў 2013 годзе — забяспечыць фінансавую ўстойлівасць гаспадарак, паскорыць іх выхад на самафінансаванне. І ў першую чаргу зрабіць усё, каб не было стратных арганізацый", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Стратэгія развіцця сельскагаспадарчай галіны ў рэспубліцы вызначана. "Адмаўляцца ад яе мы не маем намеру", — сказаў Прэзідэнт.

"Шчыра скажу, мяне хвалююць не столькі аб'ёмныя паказчыкі, колькі якасныя характарыстыкі стану спраў у галіне, — прызнаўся Прэзідэнт. — Мы навучыліся збіраць нядрэнныя ўраджаі, стабільна павялічваем вытворчасць валавой прадукцыі (тэмп росту ў 2012 годзе — 117,5%), давялі экспарт харчавання амаль да
$5 млрд за мінулы год (гэта 125% да ўзроўню 2011 года)". Пры гэтым кіраўнік дзяржавы выказаў заклапочанасць тым, што да гэтага часу не ўдаецца выйсці на бясстратную працу ўсіх гаспадарак.

"Без уліку дзяржаўнай падтрымкі больш за 500 арганізацыі (або трэць ад агульнай колькасці) з'яўляюцца стратнымі. Вельмі высокая закрэдытаванасць аграрнага сектара. Гэта сур'ёзныя мінусы ў рабоце галіны", — падкрэсліў Прэзідэнт. Таму, па яго словах, найважнейшая задача ў гэтым годзе заключаецца ў тым, каб забяспечыць фінансавую ўстойлівасць гаспадарак, паскорыць іх выхад на самафінансаванне. І ў першую чаргу зрабіць усё, каб не было стратных арганізацый. "Гэта істотна палепшыць эканоміку ўсёй аграрнай галіны, дапаможа павысіць узровень даходаў вяскоўцаў", — упэўнены кіраўнік дзяржавы.

На думку Прэзідэнта, дынамічнаму развіццю аграрнага сектара павінна паслужыць тэхналагічнае абнаўленне вытворчасці, удасканаленне метадаў гаспадарання і структурныя змены. "Мінсельгасхарчу, органам мясцовай улады ў бліжэйшыя год-два трэба, па-першае, стварыць у кожным раёне буйны агракамбінат, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — У ім неабходна аб'яднаць шэраг сельскагаспадарчых арганізацый і перапрацоўчых прадпрыемстваў, каб забяспечыць завершаны цыкл вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі. Прыклады эфектыўнай дзейнасці ў нас ёсць. Гэта агракамбінаты "Сноў", "Дзяржынскі", "Ждановічы" і шэраг іншых".

Па-другое, на думку кіраўніка дзяржавы, для нарошчвання экспартнага патэнцыялу галіны неабходна ў гэтым годзе завяршыць стварэнне прадуктовых кампаній. Пры гэтым такія інтэграваныя структуры павінны быць нацэлены на пашырэнне рынкаў збыту прадукцыі, як у блізкім, так і ў далёкім замежжы. "Але без перагібаў", — запатрабаваў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што ніякага валюнтарызму ў гэтым працэсе быць не павінна. "Пры аб'яднанні жабракоў плюсоў не атрымаем. Трэба шукаць, за кошт чаго жабрак заўтра стане багатым. І толькі ў гэтым кірунку прадпрымаць нейкія дзеянні", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Па-трэцяе, з улікам сучасных запытаў харчовага рынку і магчымасці атрымліваць вялікі прыбытак неабходна мяняць структуру нашага аграрнага экспарту", — падкрэсліў Прэзідэнт. Для гэтага, адзначыў ён, неабходна не проста надаць прыярытэт развіццю жывёлагадоўлі, які дае 90% экспарту прадуктаў харчавання, але галоўнае — павялічыць глыбіню перапрацоўкі сыравіны. "Хопіць вазіць на рынкі тушы і паўтушы — трэба прадаваць канчатковую прадукцыю", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Празрыстая прыватызацыя

Прэзідэнт заявіў, што ў Беларусі можа быць прададзена любое прадпрыемства, але ніякіх кулуарных здзелак тут ніколі не будзе. "Прынцыпы агучаны не адзін раз: хочаш купіць — плаці рынкавую цану плюс вазьмі абавязацельствы ўкласці грошы ў вытворчасць, захаваць працоўныя месцы і забяспечыць людзям дастойную заработную плату", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што прыватызацыя — гэта не панацэя ад усіх бед. "МВФ, Еўрасаюз, антыкрызісныя фонды — усе кажуць: давай прыватызацыю, прадавай дзяржпрадпрыемствы. Але не трэба нас вельмі моцна нахіляць, на продаж па дэмпінгавых цэнах Беларусь не пойдзе. "Нармалізуецца на рынку сітуацыя — тады будзем абмяркоўваць гэтае пытанне. Я нічога не прыдумаў — Еўропа і Амерыка кажуць, што цяпер нявыгадна прадаваць актывы", — запэўніў Прэзідэнт.

"Калі хтосьці спрабуе выкарыстоўваць гэтую сітуацыю і "раздзярбаніць" краіну — гэта не са мной", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, у Беларусі ёсць рынкі, і айчынная прадукцыя не саступае па якасці і цане таго, што выпускаюць будучыя акцыянеры. Пры гэтым ён прывёў у прыклад МАЗа, дзе ёсць свая праграма мадэрнізацыі. "Я пытаюся ў патэнцыйных акцыянераў: колькі вы ўкладзяце ў мадэрнізацыю МАЗа, калі б вы сюды прыйшлі? Але ў іх грошай няма. Да таго ж мяне пачынаюць інфармаваць, што за імі стаяць замежнікі з Германіі і Амерыкі, якія проста будуць зацікаўлены ў тым, каб МАЗ апусціць, закрыць", — паведаміў Прэзідэнт. Аднак, на яго думку, для Беларусі на буйным машынабудаўнічым заводзе недастаткова выпускаць паўвось або кабіну варыць уручную. "Не, дарагія мае, мяне выбраў народ краіны, і я на гэтую бандыцкую акцыю не пайду", — заявіў ён. "Жадаеце стварыць сумесную кампанію — давайце створым, прапрацуем 3-5 гадоў і паглядзім, што атрымаем. Калі мы будзем бачыць плюсы, то на гэта пойдзем. Я ў апошні раз і абсалютна канкрэтна адказаў на пытанне прыватызацыі замежнымі інвестарамі і нашымі ўнутранымі беларускіх прадпрыемстваў", — дадаў беларускі лідар.

Па яго словах, краіне патрэбна такая прыватызацыя і такія інвестары, якія забяспечаць пашырэнне таварных рынкаў, стварэнне новых вытворчасцяў і дадуць добрую зарплату. "Нам не патрэбны тыя, пры якіх працоўны калектыў застаецца з мізэрнай заработнай платай, а ўсе грошы забірае купка акцыянераў", — канстатаваў ён, адзначыўшы, што раўняцца трэба на сумесны праект са швейцарскай кампаніяй "Штадлер". Гэтая кампанія з'яўляецца адным з вядучых еўрапейскіх вытворцаў чыгуначнага рухомага саставу і сумесна з "Белкамунмашам" стварыла прадпрыемства па вытворчасці ў Мінскай вобласці чыгуначнага і гарадскога пасажырскага электрычнага транспарту.

"Зусім хутка з гэтай пляцоўкі пачнуць выходзіць выдатныя сучасныя электрацягнікі і гарадскі электрычны транспарт беларускай вытворчасці, які па якасці не саступіць швейцарскаму", — паведаміў Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу на тое, што, хоць завод яшчэ толькі будуецца, ужо маецца прыстойны замежны партфель заказаў на прадукцыю. "Больш за тое, наша супрацоўніцтва з уладальнікам кампаніі Петэрам Шпулерам на гэтым не спыняецца. Пры яго ўдзеле мы вядзём перамовы аб вытворчасці спецтэхнікі для камунальнай гаспадаркі з яшчэ адным швейцарскім вытворцам", — праінфармаваў кіраўнік дзяржавы. Так, ёсць планы адпаведнага інвестара, які гатовы наладзіць у Беларусі вытворчасць не засвоенай для краіны камунальнай тэхнікі, на якую ёсць вялікі попыт у свеце. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што такія інвестары вітаюцца на беларускай зямлі.

Інфарматызацыя — маштабны агульнанацыянальны праект

Адміністрацыі Прэзідэнта, ураду і аператыўна-аналітычнаму цэнтру неабходна распрацаваць прапановы аб структуры, якая цэнтралізавана займалася б інфарматызацыяй у Беларусі, заявіў Прэзідэнт. "У гэтай сувязі даручаю ўраду сумесна з Адміністрацыяй Прэзідэнта і ААЦ прадумаць і ўнесці прапановы аб канкрэтнай структуры з усімі неабходнымі паўнамоцтвамі, на якой будуць замыкацца ўсе працэсы", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт растлумачыў, што сусветны вопыт ясна паказвае — паспяховую інфарматызацыю можна правесці не разрознена па асобных ведамствах, а толькі цэнтралізавана, па адзіным плане і з адзінага цэнтра.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: "Інфарматызацыя павінна стаць маштабным агульнанацыянальным праектам. Яна абавязана ахапіць усе без выключэння сферы нашага жыцця — ад анлайн-адукацыі і тэлемедыцыны да камп'ютарных сістэм уліку расходу паліва. Інфармацыйныя тэхналогіі, як нервовая сістэма, павінны звязаць усё разам — ад эканомікі і адукацыі да кіравання і бяспекі".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што інфарматызацыя здольная забяспечыць некалькі стратэгічных прарываў. У тым ліку яна можа кардынальна вырашыць праблему дэбюракратызацыі за кошт маштабнага ўкаранення дзяржаўных электронных паслуг, гэта значыць электроннага ўрада. Таксама магчыма стварыць прынцыпова новую сістэму ўліку і кантролю: ад маніторынгу фінансавых патокаў да кантролю за перамяшчэннем тавараў. Яшчэ адзін момант — дадатковы эфект у энергазберажэнні. Інфарматызацыя можа дапамагчы ажыццявіць тэхналагічны прарыў у сферах гандлю, адукацыі, медыцыны і бяспекі, а таксама даць значны прырост для развіцця ўнутранага рынку паслуг. "Важна разумець асаблівасць ІТ-сферы — яна дае высокія прыбыткі пры мінімальных матэрыяльных выдатках", — сказаў Прэзідэнт.

Акрамя таго, на думку Прэзідэнта, Беларусь апынулася ў сітуацыі шаўца без ботаў. "Беларускія праграмісты працуюць на Захад, у той час як сама Беларусь адстае ў ІТ-сферы", — адзначыў ён. Таксама Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў краіне стартаваў праект па будаўніцтве сетак LTЕ стандарту 4G. "На жаль, тут мы не ідзём наперадзе планеты ўсёй, а толькі даганяем. У многіх краінах гэтыя сеткі паспяхова дзейнічаюць, а мы толькі прыступаем да іх стварэння", — сказаў ён. Кіраўнік дзяржавы адзначыў з гэтай нагоды, што лепш позна, чым ніколі, але дрэнна тое, што ўрад своечасова не ўбачыў гэтага. "А калі і ўбачыў, то прапаноў не было. Прапануй — заўтра давядзецца самому рэалізоўваць", — адзначыў ён. У выніку ініцыятарамі праекта сталі не ўрад і не Мінсувязі, а зусім іншыя структуры.

Прэзідэнт падкрэсліў, што невялікая дзяржава не можа брацца адразу за ўсе, і Беларусі патрэбна свая ніша ў глабальнай эканоміцы ведаў. "У свеце даўно і справядліва адзначаюць высокую якасць нашай адукацыі ў галіне ІT-тэхналогій", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Сёлета даходы людзей будуць расці

Зарплата бюджэтнікаў, пенсіі і дапамогі ў гэтым годзе будуць неаднаразова павышаны, сказаў Аляксандр Лукашэнка. Рост дабрабыту народа — адна з галоўных мэтаў нашай палітыкі, адзначыў ён. Даходы грамадзян працягваюць расці. "Мы падтрымлівалі і будзем падтрымліваць людзей, якія знаходзяцца ў няпростых жыццёвых умовах", — падкрэсліў Прэзідэнт. "Так, у апошнія гады ўтварыўся істотны разрыў паміж аплатай працы ў бюджэтнай сферы і ў народнай гаспадарцы ў цэлым. Сёння гэтыя суадносіны складаюць каля 80%, а аптымальна павінна быць не менш за 90%, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Пагадзіцеся, не павінен настаўнік альбо медыцынскі работнік адчуваць сябе непаўнавартасным перад работнікамі іншых сфер". На гэты год у бюджэце закладзена неаднаразовае павышэнне тарыфнай стаўкі першага разраду бюджэтнікаў, пенсій і дапамог.

У той жа час няма і не можа быць падстаў для росту цэн, заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. "Ураду, Нацыянальнаму банку і мясцовым органам улады выказана маё жорсткае патрабаванне — ажыццяўляць цэнавае рэгуляванне больш эфектыўна, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Сёння ў Беларусі няма і быць не можа падстаў для росту цэн. Любыя факты іх павышэння звыш прагнознага ўзроўню, асабліва на спажывецкія тавары, павінны быць прадметам неадкладнага разбору".

Паводле слоў Прэзідэнта, унутраны рынак варта рашуча зачысціць ад усіх, хто спрабуе нажыцца за кошт звышпрыбытку, карыстаючыся сваім дамінуючым і не толькі дамінуючым становішчам. Гэтак жа неабходна сачыць і за коштамі ў ЖКГ. Трэба ўзяць на кантроль выдаткі літаральна кожнай структуры ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы, электраэнергетыцы, газавай галіне. Абгрунтаванасць выдаткаў на кожным этапе цэнаўтварэння павінна кантралявацца самым жорсткім чынам, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"На практыцы неабходна кіравацца добра вядомым правілам: цэны хутка растуць у тых, хто злоўжывае сваім становішчам на рынку, хто нядбайна і безадказна лічыць, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Маё патрабаванне да ўрада і Нацыянальнага банка застаецца нязменным. Рост спажывецкіх цэн за год не павінен перавышаць прагнозны. Лепш, калі ён будзе каля 10%. Гэта што, мала?!".

"Я заўсёды падтрымліваў урад: так, трэба выраўнаваць, трэба падцягнуцца, таму што цэны ў Расіі — такія, на Захадзе — такія. І не трэба працаваць дарма, на нейкага дзядзьку, за бясцэнак прадаваць сваю прадукцыю. Хопіць, трэба спыніцца, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — Пасля пасяджэння ва ўрадзе шмат хто ў грамадстве пачаў пагаворваць: маўляў, Прэзідэнт сказаў, а Мясніковіч з камандай зробіць што захоча. І ўсё сыдзе ў пясок".

Звяртаючыся да прэм'ер-міністра, кіраўнік дзяржавы працягнуў: "Міхаіл Уладзіміравіч, красавіцкія звесткі кажуць аб тым, што ў нас усё-такі сітуацыя з цэнамі больш-менш стабілізавалася. Таму скажу тым, хто кажа: калі Прэзідэнт сказаў, то так і будзе, рана ці позна". "Прычым рана ці позна будзе — залежыць не толькі ад Мясніковіча, але і ад кожнага чалавека на кожным працоўным месцы, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Запрагайце і цягніце — тады будзеце багатымі. І кожны вечар, кладучыся спаць, кожны грамадзянін краіны павінен падумаць: а што я зрабіў за гэты дзень такога, каб заўтра запатрабаваць ад Лукашэнкі вышэйшую зарплату, пенсію або дапамогу, каб заўтра жылося лепш, каб наогул багацейшым быў сам і краіна? Вось калі ты будзеш задаваць сабе гэтае пытанне і хоць бы працэнтаў на 50 шчыра адказваць на яго, тады ты мне прэтэнзіі прад'яўляць не будзеш".

Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў урад за правал асноўных паказчыкаў энергаэфектыўнасці. Ён нагадаў, што неабходна дасягнуць зніжэння энергаёмістасці ВУП на 29-31% да ўзроўню 2010 года, у тым ліку сёлета знізіць энергаёмістасць валавога ўнутранага прадукту на 7%.

Больш увагі варта надаваць развіццю аднаўляльных крыніц энергіі, павелічэнню долі ўласных энергарэсурсаў, асваення нетраў. "Задача заключаецца ў тым, каб штогод нарошчваць аб'ёмы мясцовых відаў паліва і выйсці да канца пяцігодкі на ўзровень 30% аб'ёму вытворчасці электрычнай і цеплавой энергіі за кошт уласных рэсурсаў, гэта залог нашай энергетычнай бяспекі", — падкрэсліў ён. Пры гэтым нельга забываць, што транжырства, безгаспадарчасць, нямэтавае расходаванне сродкаў цяжкім цяжарам кладуцца на сабекошт прадукцыі, пагаршаючы эканамічны стан канкрэтнага прадпрыемства і наносячы сур'ёзную шкоду ўсёй дзяржаве, заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Праверкі кантралюючых органаў паказваюць, што нярэдкія яшчэ выпадкі, калі закупленае імпартнае абсталяванне, на якое затрачаны вялікія валютныя сродкі, валяецца гадамі без прымянення. Тыповай стала і такая сітуацыя, калі адны прадпрыемствы па імпарце закупляюць металалом, а ў іншых безгаспадарнымі іржавеюць горы гэтай каштоўнай сыравіны або яна аддаецца на водкуп розным прайдзісветам.

"Але асабліва абурае людзей, калі, на словах заклікаючы калектыў да эканоміі, той ці іншы кіраўнік прадпрыемства, якое загразла ў даўгах як у шаўках, купляе сабе любімаму дарагія іншамаркі, уладкоўвае свае дамы, стварае шыкоўныя службовыя кабінеты", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Каб спыніць такія з'явы, Прэзідэнту прыйшлося нядаўна прымаць адпаведныя рашэнні.

Дзяржпадтрымка ў жыллёвай сферы будзе строга адраснай

Што тычыцца дзяржаўнай дапамогі ў жыллёвым будаўніцтве, то яна будзе не толькі адраснай, але і жорстка кантраляванай у дачыненні да яе мэтавага выкарыстання. "Мы ўстанаўліваем жорсткія патрабаванні пры здачы ў арэнду жылля, пабудаванага з дзяржаўнай падтрымкай. Сёння пабудаваў па льготных крэдытах жыллё, а заўтра здае ў арэнду і атрымлівае ад гэтага прыбытак — дык навошта дапамагалі гэтаму чалавеку, калі яму жыллё не трэба?".

"Свая кватэра, свой дом, свой дах над галавой павінна быць у кожнай сям'і. Менавіта таму ў мінулыя гады мы нават насуперак законам макраэканомікі ўкладвалі каласальныя сродкі ў будаўніцтва жылля", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Ён адзначыў, што сотні тысяч сем'яў абзавяліся жыллём дзякуючы вельмі моцнай дзяржаўнай дапамозе. "Мы будавалі ў сярэднім каля 5 млн. кв.м жылля ў год. Прычым больш за палову з іх — для грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Па гэтых пазіцыях мы апярэджваем усе краіны СНД", — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заявіў: "Прамая дзяржаўная падтрымка грамадзян у забеспячэнні жыллём захоўваецца сёння і будзе захавана надалей. Але яна становіцца больш адраснай, якая ўлічвае рэальныя фінансавыя магчымасці грамадзян. Аказваць яе будзем толькі тым, хто ў ёй сапраўды мае патрэбу". Па даручэнні Прэзідэнта да красавіка гэтага года ўдакладнены спісы такіх сем'яў, у выніку з уліку знята 85 тыс. грамадзян, якія не мелі права быць у ліку чаргавікоў.

Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што з бягучага года для тых, хто стаіць на ўліку маючых патрэбу, жыллё будуецца па дзяржзаказу. "Гэта значыць, спачатку жылы дом будзе пабудаваны. Затым ужо гатовае жыллё будзе прадастаўляцца грамадзянам па цэнах, якія склаліся на дату ўводу дома ў эксплуатацыю, з выдачай ільготнага крэдыту", — растлумачыў ён. Таксама пашыраюцца магчымасці грамадзян самастойна вырашаць сваё жыллёвае пытанне. "Ствараем сектар арэнднага жылля, павялічваем долю індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва", — сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў ад урада, мясцовых органаў улады перагледзець існуючыя нормы праектавання як па шчыльнасці забудовы, так і па колькасці парковачных месцаў. "Жыллё ў нашай краіне павінна быць не толькі даступным, але і зручным. І сёння гэтыя пытанні ад грамадзян гучаць усё вастрэй. Перш за ўсё людзі скардзяцца на адсутнасць парковак, праславутае ўшчыльненне забудовы. Дарэчы, гэтыя два пытанні ўзаемазвязаныя паміж сабой, — адзначыў кіраўнік дзяржавы . — Так, недзе трэба і ўшчыльняцца, недзе трэба і паркоўкі будаваць, але толькі ў інтарэсах людзей і дзяржавы, а не таго, хто сёння прыйдзе і вам прапануе нейкі праект. На ўшчыльненне ісці толькі ў крайнім выпадку. З гэтай нагоды таксама прынята адпаведнае рашэнне".

Прэзідэнт лічыць, што ў краіне трэба энергічней будаваць шматузроўневыя і падземныя паркінгі. Акрамя таго, неабходна прыняць дадатковыя меры па пашырэнні пляцовак для часовай паркоўкі легкавых аўтамабіляў на прыдамавых тэрыторыях жылых дамоў.

"І гэта трэба рабіць неадкладна. Сёння вы бачыце, што сям'я ўжо мае па два-тры аўтамабілі, і так у Мінску амаль у паловы насельніцтва. Дык стварыце ім нармальныя ўмовы, яны заплацяць, каб машыны захоўваліся там, дзе трэба. Мы дамаўляліся на ўездах, выездах бліжэй да кальцавой дарогі, стварыце гэтыя сегменты. Не трэба, можа, бетаніраваць ды асфальтаваць, засыпце добранька друзам і няхай ставяць аўтамабілі. Нармальны будзе попыт — заасфальтуем", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Што адбываецца ў айчыннай энергетыцы?

Там, паводле слоў Прэзідэнта, выяўлена нямала фактаў неэфектыўнага расходавання сродкаў, дрэнная прапрацоўка праектаў мадэрнізацыі, паставак няякаснага, часам кантрафактнага абсталявання.

У прыватнасці, дрэнным прыкладам з'яўляецца мадэрнізацыя Бярозаўскай ГРЭС. У 2008-2011 гадах замежнаму пастаўшчыку быў пералічаны аванс у памеры амаль 20 млн еўра. На сёння прадукцыя так і не паступіла. Праверка "Белпаліўгазу" паказала разбазарванне каля Br54 млрд інавацыйнага фонду Мінэнерга. Кожны чацвёрты ўкладзены рубель не даў належнай аддачы. Сродкі растрачаныя шляхам прыпісак, завышэння аб'ёмаў і кошту выкананых работ. І негатыўныя прыклады можна працягваць, сказаў Прэзідэнт.

Літаральна на днях быў дэталёва прааналізаваны стан спраў у галіне, і прыняты шэраг прынцыповых рашэнняў па навядзенні парадку, у тым ліку кадравых.

Колькасць чыноўнікаў скароцяць

У рамках удасканалення кіраўніцкай сістэмы плануецца скараціць 13617 дзяржаўных служачых, аднак працэс аптымізацыі дзяржапарату не павінен быць механічным. На думку Аляксандра Лукашэнкі, мадэль дзяржаўнага кіравання не павінна адрывацца ад рэальнага стану грамадскіх адносін, таму зараз у Беларусі вядзецца чарговы этап удасканалення кіраўніцкай сістэмы.

"Вядома, з аднаго боку, дзяржаўных служачых у нас няшмат. У такіх супастаўных з нашай краінай, паводле насельніцтва і памераў, дзяржавах, як Аўстрыя, Славакія, Балгарыя, агульная колькасць чыноўнікаў у два разы вышэй, чым у Беларусі. З іншага боку, заклікаючы насельніцтва эканоміць, берагчы рэсурсы, мы не можам дапусціць празмерных выдаткаў на дзяржаўны апарат. Ды гэта і не трэба сёння. Эканомію трэба прадэманстраваць на сваім прыкладзе. У нас ёсць рэзерв, каб скараціцца. У гэтай сувязі 12 красавіка мной падпісаны ўказ, які прадугледжвае скарачэнне колькасці дзяржаўных служачых на 25%, або на 13617 адзінак. Пры гэтым цэнтральныя органы скароцім на 25%, аблвыканкамы — прыкладна на 29%, а раённыя выканаўчыя камітэты — на 17% ", — адзначыў Прэзідэнт. "Але скарачэнне не павінна быць бяздумным, механічным, нельга крыўдзіць чалавека. Нельга дапусціць страты ініцыятыўных, адказных работнікаў, якія складаюць аснову дзяржаўнага апарату. У першую чаргу павінны сысці тыя, хто выпадкова трапіў у дзяржаўны апарат або проста не бачыць сябе на дзяржаўнай службе", — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Акрамя скарачэння колькасці дзяржапарату неабходна перагледзець і функцыі дзяржаўных органаў, дадаў Прэзідэнт. "У ведамствах заяўляюць, што шмат працы, "задыхаюцца", а як паглядзіш, то ад паловы функцый трэба было б ужо даўно адмаўляцца і "не задыхацца". У выніку і самі сябе нагружаюць, і насельніцтва, і прадпрыемствы пакутуюць. Адразу кажу, усе зэканомленыя на скарачэнні дзяржаўнага апарату грошы аддамо на павышэнне заробкаў дзяржаўным служачым. Чалавек, які прысвячае сябе службе дзяржаве і пазбаўлены іншых магчымасцяў зарабляць, павінен быць здольным утрымліваць сябе і сваю сям'ю", — падкрэсліў Прэзідэнт.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што яго інфармуюць пра нейкае напружанне ў калектывах дзяржслужачых у сувязі са скарачэннямі. "Хтосьці там на Прэзідэнта крыўдзіцца. Я падкрэсліваю: мы нікога не пакрыўдзім. Усе тыя, хто варты служыць у дзяржапараце народу і дзяржаве, — будуць занятыя і задзейнічаныя. Тыя, хто выпадкова трапіў (хай і таленавіты чалавек, але выпадкова трапіў), — мы абавязкова дадзім ім працу. Таму не трэба больш мне пісаць пра тое, як рэагуюць на гэты ўказ дзяржаўныя служачыя. Я добра ведаю, як рэагуюць. Усё пройдзе, перамелецца, і яшчэ будуць казаць дзякуй, што было прынята такое рашэнне. Работы ў краіне хапае ўсім", — заявіў Прэзідэнт.

Дарогу — таленавітай моладзі


Адміністрацыі Прэзідэнта сумесна з урадам і ГА "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі" даручаецца прадумаць новую сістэму выяўлення таленавітай моладзі і яе вылучэння на значныя пазіцыі, у тым ліку ў дзяржапараце, заявіў Прэзідэнт. "Мы заўсёды імкнуліся падтрымліваць моладзь і актыўна прыцягваць яе да дзяржаўнага будаўніцтва. Але сёння, думаю, прыйшоў час для нейкіх новых, больш фундаментальных рашэнняў, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Даручаю Адміністрацыі Прэзідэнта сумесна з урадам і нашай найбуйнейшай моладзевай арганізацыяй — БРСМ прадумаць новую сістэму выяўлення маладых таленавітых людзей і іх вылучэння на вядучыя пазіцыі і ў дзяржаўным апараце, і на прадпрыемствах", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт адзначыў, што значэнне моладзі было вялікае ў любую эпоху, але ў ХХІ стагоддзі яно вырасла на парадак. "Карэнная прычына простая — фантастычна хуткімі тэмпамі састарваюцца веды і набытыя навыкі. Узнікаюць галіны навукі і цэлыя галіны эканомікі, якіх ніколі не было раней", — растлумачыў ён.

Падтрымка беларускай культуры і спорту

"Нашы галоўныя задачы ў сферы культурнай палітыкі ў тым, каб, па-першае, падтрымліваць патрыятычную лінію ў беларускай культуры, ствараць умовы для развіцця яе традыцыйных і сучасных напрамкаў і, па-другое, выкарыстоўваючы гэты патэнцыял, умацоўваць міжнародны прэстыж краіны", — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што для вырашэння гэтых задач, акрамя адкрыцця Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, трэба правесці нямала работы. "У прыватнасці, урад і абласныя выканаўчыя камітэты павінны прыняць меры па адраджэнні ўнікальных беларускіх рамёстваў і стварэнні на іх базе сучаснай сувенірнай індустрыі, Міністэрства культуры — напоўніць новым зместам міжнародныя фестывалі, ператварыўшы іх у заканадаўцаў творчай моды на прасторы СНД, урад і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт павінны ў сціслыя тэрміны вырашыць пытанне стварэння арт-цэнтра актуальнага мастацтва ў Мінску з улікам сусветнага вопыту і правесці на яго базе ў 2014 годзе маштабную выстаўку, якая стане часткай культурнай праграмы хакейнага чэмпіянату", — адзначыў кіраўнік дзяржавы

У гэтай сувязі Прэзідэнт лічыць, што неабходна паспяшацца са стварэннем беларускага нацыянальнага спартыўнага тэлеканала, пры гэтым не дапускаючы скарачэння спартыўнага вяшчання на іншых дзяржаўных каналах. "Спартыўнае вяшчанне на дзяржаўных тэлеканалах вымушае жадаць лепшага. Неабходна хутчэй варушыцца ў пытанні стварэння беларускага нацыянальнага спартыўнага або культурна-спартыўнага канала. Пры правільным падыходзе да справы — гэта вельмі магутны рэсурс для развіцця беларускага спорту, асабліва гульнявых відаў, прыцягнення ўвагі рэкламадаўцаў, спонсараў і балельшчыкаў. Аднак пры гэтым недапушчальна скарачэнне спартыўнага вяшчання на іншых дзяржаўных каналах. Прапаганда здаровага ладу жыцця лішняй не бывае", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што ў цэлым у спартыўнай сферы нямала пытанняў. "Мы ўкладваем вялікія сродкі ў спартыўную галіну, а ўсё яшчэ далёкія ад адчувальных рэзультатаў. У выніку давялося пайсці на крайнія меры, змяніць усё кіраўніцтва галіны, прыняць шэраг рашэнняў па гульнявых клубах. Ад новага кіраўніцтва я чакаю выбудоўвання дакладных прыярытэтаў развіцця спорту. У іх аснове павінен быць галоўны прынцып: любое ўзнагароджанне — толькі за вынік", — лічыць Прэзідэнт.

Ён упэўнены, што неабходна пачынаць сур'ёзна працаваць у спартыўнай галіне. "Уся праблема ў трэнерах. Яны павінны працаваць хаця б як настаўнікі ў школах. Ёсць праграма, ёсць расклад, ёсць людзі. Асабліва ў гульнявых відах спорту бацькі гатовы плаціць і плаціць шмат. Ды і плацяць, толькі дзе гэтыя грошы? У бліжэйшы час мы на гэта пытанне адкажам, але будзе вельмі сумна і балюча, калі праз следчы ізалятар", — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт закрануў таксама тэму чэмпіянату свету па хакеі 2014 года, які пройдзе ў Беларусі. "Гэта вельмі важная для Беларусі спартыўная падзея, і яна ўжо блізка. Мы павінны падрыхтаваць да бездакорнай работы ўсю інфраструктуру маючага адбыцца чэмпіянату. Нам ужо сёння неабходна думаць аб падрыхтоўцы кваліфікаванага персаналу камунальных і прыватных устаноў харчавання, гасцініц, спартыўных аб'ектаў. Ён павінен быць не горшы, чым у іншых краінах. І гэта трэба не толькі для таго, каб правесці гэтыя два тыдні, адстраляцца, а потым даць справаздачу. Трэба зрабіць так, каб абслужыць прыехаўшых да нас людзей так, каб яны сказалі: "Так, гэта зусім іншая краіна, чым мы там у сябе чытаем". І каб іншым захацелася сюды прыехаць. Мы ж для гэтага ствараем усю інфраструктуру. Для ўрада і Мінскага гарвыканкама — гэта экзамен", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Якасць жыцця вымяраецца не толькі рублямі

"Галоўная мэта развіцця нацыянальнай эканомікі — новая, лепшая якасць жыцця беларускіх грамадзян. У гэтым — найвышэйшы сэнс дзяржаўнай палітыкі, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Заўважу, што якасць жыцця трэба вымяраць не толькі рублямі, доларамі або еўра, але і агульным станам камфорту чалавека на рабоце, у сям'і, у адносінах з іншымі людзьмі. Бо шчасце народа — гэта больш, чым памер валавога нацыянальнага прадукту".

Прэзідэнт таксама адзначыў, што ў паняцці "якасць жыцця чалавека" асаблівая ўвага надаецца падтрыманню і ўмацаванню здароўя. "Апошнія гады ў галіне медыцыны дасягнуты несумненныя поспехі. Практычна поўнасцю перааснасцілі ўстановы аховы здароўя сучасным абсталяваннем. Праводзім высокатэхналагічныя ўнікальныя аперацыі. Прычым не толькі ў сталіцы, але і на рэгіянальным узроўні, — дадаў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта не чарговы піяр, выдумка Прэзідэнта перад прэзідэнцкімі выбарамі, мы ўжо другую пяцігодку мадэрнізуем аб'екты аховы здароўя. Адстаючым у гэтым плане быў Мінск, але і ён ужо падцягнуўся".

"Але як ні парадаксальна, маем і праблемы, якія сур'ёзна хвалююць нашых людзей. Гэта — высокія цэны на лякарствы, недахоп вузкіх спецыялістаў і даступнасць медыцынскага абслугоўвання. Гэтыя пытанні трэба вырашаць, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Аб жорсткім кантролі за цэнаўтварэннем паўтарацца не буду. Акрамя таго, неабходна ў першачарговым парадку асвойваць у Беларусі вытворчасць найбольш сацыяльна значных лекавых сродкаў".

Беларускі лідар паставіў задачу ўраду штогод павялічваць долю айчынных лекавых сродкаў на ўнутраным рынку. "Да 2015 года яна павінна складаць не менш як 50 працэнтаў. І не ўздумайце хітраваць з пераўпакоўкай! Патрабаванне за вынік будзе самым жорсткім", — дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся з Пасланнем, заявіў, што выпускнікі вышэйшых навучальных устаноў павінны працаваць па атрыманай спецыяльнасці. "Аднойчы прыйшоў у ВНУ, вучыўся за кошт дзяржавы або нават за ўласны кошт. Калі рыхтуешся стаць урачом, едзь і працуй урачом. І гэта датычыцца ўсіх спецыялістаў і спецыяльнасцяў. Прашу міністраў прыняць адпаведнае рашэнне", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што ў краіне не хапае вузкіх спецыялістаў. "Пашырайце мэтавы набор абітурыентаў у медыцынскія навучальныя ўстановы рэспублікі. Усе медыцынскія ўстановы павінны быць забяспечаны кадрамі. Па кожнаму непрацаўладкаванаму ў галіне маладому спецыялісту міністр дасць справаздачу асабіста, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Акрамя таго, неабходна прадоўжыць курс на далейшае развіццё амбулаторна-паліклінічнага абслугоўвання насельніцтва. Вось цэнтральная лінія развіцця нашай медыцыны".

Таксама ён сказаў, што трэба ўзмацніць падрыхтоўку ў галіне прыродазнаўчых навук і замежных моў. Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, дасягнуць стратэгічнай мэты абнаўлення, вырашыць задачы мадэрнізацыі, інфарматызацыі і развіцця чалавечага патэнцыялу можна толькі з улікам сучаснай якаснай адукацыі. "Аўтарытэт беларускай адукацыі ў свеце высокі. Галоўнае — не страціць, а прымножыць гэты патэнцыял, забяспечыць стабільнасць і пераемнасць у развіцці, рост якасці ўсіх звёнаў айчыннай адукацыі ад дзіцячага сада да дактарантуры", — сказаў ён.

"Сёлета трэба засяродзіць намаганні на вырашэнні трох асноўных праблем адукацыйнай сферы. Першае — абнавіць змест школьнага навучання, узмацніўшы падрыхтоўку ў галіне прыродазнаўчых навук і замежных моў, другое — пераадолець адрыў прафесійнай адукацыі ад патрэбаў жыцця і практыкі, і, нарэшце, трэцяе — прыцягнуць у школу моцных, таленавітых, захопленых людзей, разняволіць ініцыятыву педагогаў, вызваліць іх ад паператворчасці, павысіць прэстыж педагагічнай працы", — адзначыў беларускі лідар. Прымушайце школы працаваць па-сапраўднаму і несці адказнасць за дзяцей, гэта датычыцца ўсяго ўрада, дадаў ён.

Беларусь — звяно паміж Усходам і Захадам

Патрабаваць, каб Беларусь адвярнулася ад Расіі, контрпрадуктыўна, заявіў Прэзідэнт Беларусі. "З брацкай Расіяй нас звязваюць саюзніцкія адносіны, у нас адсутнічаюць якія-небудзь палітычныя рознагалоссі. Мы выходзім на высокі ўзровень двухбаковага ўзаемадзеяння ў рамках Саюзнай дзяржавы, як каму б гэта не хацелася", — адзначыў кіраўнік дзяржавы, дадаўшы, што адносіны з суседзямі з'яўляюцца натуральным прыярытэтам Беларусі. "І пры гэтым яшчэ раз адкрыта, абсалютна сумленна хачу сказаць для Еўрасаюза, Злучаных Штатаў і іншых: мы ні ў якім разе не будзем зыходзіць з таго — мы з вамі або з Расіяй. У нас няма такога выбару і быць не можа!" — падкрэсліў Прэзідэнт. "Расія, рускі народ і беларусы — гэта адзінае цэлае. Гэта адно дрэва. Мы, натуральна, не можам быць без Расіі, як і Расія не можа кінуць пад нагу камусьці беларусаў", — лічыць Аляксандр Лукашэнка. "Ніхто не здольны парушыць гэты святы закон — ні Лукашэнка, ні Пуцін, ні Мядзведзеў, ні нехта іншы! Гэта натуральна. І патрабаваць ад нас, каб мы павярнуліся пэўнай часткай да Расіі, — контрпрадуктыўна. Гэтага ніколі не будзе!" — заявіў Аляксандр Лукашэнка. "І калі хтосьці гэтага будзе патрабаваць ад нас, лепш не сядайце з намі за стол перамоў", — дадаў ён.

Кіраўнік беларускай дзяржавы нагадаў, што Беларусь у сувязі з гэтым не стварае ніякіх праблем і цяжкасцяў для суседзяў, асабліва заходніх. "Беларусь хоча выбудоўваць з Еўрапейскім саюзам і Злучанымі Штатамі Амерыкі добрыя, нармальныя адносіны. "Мы не хочам з вамі сварыцца, мы хочам быць з вамі ў добрых, нармальных адносінах", — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы, звяртаючыся да ЕС і ЗША. "Мы самыя прыстойныя, прабачце за нясціпласць, і надзейныя людзі, якія жывуць у цэнтры Еўропы", — сказаў Прэзідэнт.

"І не стаўце нас перад выбарам. Нам лёс такі, мы знаходзімся ў цэнтры Еўропы. Вы самі кажаце, што Беларусь выконвае ролю нейкага звяна, маста, калідора паміж Захадам і Усходам. Дык ён павінен быць спакойным і бяспечным. Мы вам гарантуем, што ён будзе такім", — заявіў Прэзідэнт.

"І ні на якія рэвалюцыі мы таксама не пойдзем. Больш за тое, мы не дапусцім ніякіх рэвалюцый. Мы ні на кога не будзем ціснуць, цкаваць, няхай існуе апазіцыя, сапраўдная апазіцыя, хай змагаюцца на прэзідэнцкіх, парламенцкіх выбарах, але шчыра змагаюцца, а не ламаюць, не крышаць, не бамбяць. Будуць бамбіць — атрымаюць па мазгах. Што тут незразумелага?! Мы дзейнічаем гэтак, як і вы. Абсалютна так", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт дадаў, што калі будзе воля з боку ЕС і ЗША, Беларусь свой шлях пройдзе вельмі хутка.

Аляксандр Лукашэнка прапаноўвае стварыць у Беларусі больш спрыяльныя ўмовы для захоўвання капіталаў. "Мы гатовыя на поўным сур'ёзе, калі такія будуць укладанні, нават забяспечваць асобны банк, каб там захоўваліся гэтыя грошы, ішлі на пэўныя праекты. І мы павінны, наш бізнес павінен паказаць прыклад, што ён захоўвае грошы ў сваіх банках", — сказаў Прэзідэнт у адказ на прапанову парламентарыяў запрасіць у Беларусь тых, хто баіцца за захаванасць сваіх грошай пасля сітуацыі на Кіпры. "Абсалютна з вамі згодны, калі вы закранулі гэтае пытанне", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

"Я ўсё думаю, каб зрабіць гэтыя банкі нейкімі асаблівымі, каб туды і кантралёры менш хадзілі, і гэтак далей, па ўсіх сусветных стандартах зрабіць гэтыя банкі. Можа быць, іх аб'яднаць, яны дзяржаўныя банкі, для таго каб не толькі з- за мяжы, але і нашы людзі (можа быць, хтосьці не хоча ў нашым грамадстве паказваць свае вялікія грошы заробленыя) маглі захоўваць грошы ў гэтым банку", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён упэўнены ў стабільнасці гэтых зберажэнняў.

"Па крайняй меры, мы б ніколі ў жыцці не залезлі ў чужую кішэню і не забралі чужыя грошы, як гэта зрабілі дэмакраты ў Еўрапейскім саюзе, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Вы проста не ведаеце, як гэта адбылося, хто націснуў на Кіпр, хто загадаў забраць частку сродкаў. Сёння кажуць, што вастрыём гэта было накіравана супраць расійскай дзяржавы, у нейкай ступені я з гэтым згодны. Зразумела, хто там захоўваў грошы, па законе заробленыя былі людзьмі грошы, але вялікія". Прэзідэнт Беларусі лічыць, што для Расіі страчаныя на Кіпры грошы невялікія. "Расію гэтым не зрушыш, што ёй гэтыя 20-30 мільярдаў, якія дэмакратычная Еўропа адабрала ў Кіпра, гэта слёзы, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — Але мы ўбачылі дэмакратыю ў разгорнутым яе выглядзе. Добра, што так здарылася, я гэтаму рады, цяпер ні адзін еўрапейскі палітык не мае права папракнуць расіяніна або ўкраінца, беларуса ці яшчэ кагосьці на постсавецкай прасторы ў недэмакратычнасці, таму што самыя недэмакратычныя ўчынкі — гэта калі ў цябе адбіраюць уласнасць".

Прэзідэнт таксама паведаміў, што многія бізнесмены зараз удзячныя яму за тое, што ў свой час забралі свае грошы з-за мяжы, пасля таго як ім пагражалі, што не пусцяць у Еўропу, адбяруць грошы, замарозяць рахункі. "Цяпер яны моляцца на мяне: дзякуй Прэзідэнту, што з-за яго нас не пусцілі ў Еўропу. Яны забралі грошы ў свой час і нічога не страцілі. Так што страт беларускіх бізнесменаў, нават жулікаў, прайдзісветаў там няма".

Беларусь павінна пазычаць лепшы сусветны вопыт і ўкараняць у сябе, лічыць Прэзідэнт. "Трэба сёння ехаць туды, дзе нас чакаюць. І я ўжо МЗС даў даручэнне: нам трэба цалкам пераарыентаваць свае знешнеэканамічныя, знешнепалітычныя прадстаўніцтвы ў адпаведнасці з нашымі інтарэсамі. Трэба ісці туды, дзе нас чакаюць, дзе адкрываюцца новыя рынкі", — сказаў кіраўнік дзяржавы . "Мы павінны браць усё самае лепшае ў свеце і везці сюды, у нашу краіну", — падкрэсліў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што ўсё, пра што Беларусь дамаўляецца са сваімі партнёрамі, яна будзе свята выконваць.

Прэзідэнт адзначыў, што станоўчым прыкладам з'яўляецца беларуска-кітайскае супрацоўніцтва. Гэта ж тычыцца Індыі, В'етнама, Венесуэлы і суседніх з Венесуэлай дзяржаў, дадаў беларускі лідар.

Беларусь пачынае прасоўванне на рынак Афрыкі. "Не трэба думаць, што Афрыка — жабрак-кантынент. Нічога падобнага. Без Афрыкі свет сёння не абыдзецца, і ўвесь свет сёння глядзіць на гэты кантынент, і мы не павінны спазніцца са сваімі прапановамі", — лічыць кіраўнік беларускай дзяржавы.

Гаворачы аб Адзінай эканамічнай прасторы, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што тут палітыка Беларусі "абсалютна зразумелая і празрыстая". "Мы ідзём да Еўразійскага саюза, і мы тут з Расіяй і Казахстанам, хто больш, хто менш, але мы, напэўна, больш, чым іншыя, гатовыя да гэтага Еўразійскага саюза. І мы яго пабудуем", — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

Звязда, 20 красавіка 2013
Паводле матэрыялаў БЕЛТА



 

Кoличество переходов на страницу: 1442


Комментарии