https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Інавацыйныя, інтэлектуальныя, айчынныя... Што сёння могуць сучасныя электронныя тэхналогіі


Тэма лічбавізацыі вельмі значная для эканомікі любой краіны, і напрамкаў для яе развіцця мноства. Айчынныя прадпрыемствы актыўна ствараюць у Беларусі шмат праектаў з выкарыстаннем самых сучасных інтэлектуальных тэхналогій, што ў будучыні прыцягне ў краіну заказчыкаў, упэўнены спецыялісты. Каб высветліць, якія прадпрыемствы паспяхова прайшлі лічбавую трансфармацыю і ўкаранілі ці стварылі найлепшыя тэхналагічныя прадукты, у нашай краіне сёлета другі раз ладзіцца конкурс «Лідары лічбавай эканомікі — 2023». Вынікі леташняга спаборніцтва ўжо паказалі, што ІT-галіна Беларусі ўстойлівая, а кампаніі гатовы прапанаваць беларускай эканоміцы канкурэнтаздольныя і інавацыйныя прадукты і паслугі.

Свае спецыялісты, уласныя распрацоўкі

Вынікі мінулага года паказалі, што конкурс добра ўпісваецца ў канцэпцыю лічбавізацыі ўсіх галін эканомікі і дзяржаўнага кіравання. У мерапрыемстве ўдзельнічала шмат дзяржпрадпрыемстваў, якія паказалі цудоўныя і канкурэнтаздольныя праекты. І журы адзначыла, наколькі ўдала ў іх упісваюцца самыя сучасныя тэхналогіі лічбавай трансфармацыі, расказала Таццяна Ткаліч, загадчыца кафедры лічбавых сістэм і тэхналогій Інстытута бізнесу БДУ, старшыня экспертнага савета конкурсу:

— Мы жывём не ў самы просты час, і ва ўмовах заходніх санкцый нам неабходна развіваць сваю ІT-галіну, праводзіць лічбавую трансфармацыю галін прамысловасці, буйных прадпрыемстваў, ствараць галіновыя платформенныя рашэнні, выкарыстоўваць вопыт, напрацаваны нашымі ІT-спецыялістамі.

І мы ўпэўніліся, што працуем у патрэбным кірунку. Прадпрыемствы, якія прадставілі свае праекты, выкарыстоўваюць сучасныя інтэлектуальныя тэхналогіі, робататэхніку, тэхналогі віртуальнай рэальнасці. Гэтыя праекты вельмі значныя для ўсёй краіны і адпавядаюць кірункам дзяржпраграмы «Лічбавае развіццё Беларусі».

Вельмі важна, што праекты ствараюцца ўнутры краіны і айчыннымі спецыялістамі. ІT-галіна ўкараняе ўвесь свой напрацаваны гадамі вопыт у айчынныя праекты. Цяпер шмат праектаў па лічбавай трансфармацыі бізнес-працэсаў, то-бок, прадпрыемствы становяцца мабільнымі, пераходзяць на электронную камерцыю, становяцца адкрытымі для сусветнага грамадства і могуць супрацоўнічаць з рознымі краінамі. У будучыні ў Беларусь прыйдзе вялікая колькасць заказчыкаў, каб і далей прасоўваць і развіваць ІT-індустрыю, пераканана старшыня экспертнага савета.

Летась удзельнікамі сталі праекты з больш як дзясятка галін эканомікі, а сёлета свае дасягненні мяркуюць паказаць ужо каля 20 прадпрыемстваў, у тым ліку з галіны энергетыкі, нафтаперапрацоўкі, авіяцыйных тэхналогій, банкаўскай сферы. Арганізатары спадзяюцца, што сёлетнія праекты таксама пакажуць высокі ўзровень выкарыстання сучасных лічбавых тэхналогій.

Гэтым разам у конкурсе акцэнт зрабілі на намінацыі, звязаныя з прасоўваннем прадпрыемстваў у цэлым, а не толькі праектаў ці прадукцыі, таму адна з намінацый так і гучыць — «Кампанія года — лідар у сферы лічбавізацыі і лічбавай трансфармацыі», удакладніла Ірына Седлер, намеснік старшыні аргкамітэта конкурсу:

— Новай намінацыяй стала «Лідар па імпартазамяшчэнні замежнага праграмнага забеспячэння», таму што самае галоўнае — наш інтэлект, нашы ўласныя праграмныя прадукты. Дадалі таксама намінацыі «Рэалізаваны праект па імпартазамяшчэнні замежнага праграмнага забеспячэння», «Рэалізаваны праект з прымяненнем BІM-тэхналогій» (для будаўнічых прадпрыемстваў і кампаній).

Народнае багацце

У эканамістаў ёсць такое паняцце, як «народнае багацце», якое складаецца з сукупнасці кампанентаў: прыроднага капіталу, фізічнага і нематэрыяльнага, у тым ліку інстытуцыянальнага, заўважыў Сяргей Шаўроў, дацэнт кафедры арганізацыі вытворчасці і эканомікі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта:

— Інстытуты дзяржавы ў эканамічнай тэорыі сёння падзяляюцца на палітычныя, эканамічныя, сацыяльныя і інавацыйна-тэхналагічныя. І ўвесь свет зараз лічыць, што інавацыйна-тэхналагічныя інстытуты сёння — гэта народнае багацце. Ёсць, напрыклад, інстытут фінтэх, які працуе ў фінансавай сферы; ёсць інстытут, які працуе з лічбавай нерухомасцю; ёсць электронны ўрад, электронае кіраванне тэрыторыямі. Усё гэта лічбавыя экасістэмы — тэрмін, які з'явіўся і ў заканадаўстве. Гэтымі экасістэмамі могуць карыстацца людзі ва ўсім свеце.

На думку эксперта, неабходна вылучаць праекты з перспектывай стаць нацыянальнай ці транснацыянальнай платформай. У апошніх ёсць вялікая капіталізацыя:

— Наша дзяржава цяпер распрацоўвае адзіную тэхналагічную палітыку развіцця лічбавых тэхналогій на наступнае дзесяцігоддзе. Калі мы набяромся досведу падчас конкурсу і дадзім рэкамендацыі тым кампаніям, якія займаюцца падобнымі праектамі, гэта будзе вельмі карысная работа.

Штучны інтэлект для дапамогі ўрачам

Інфармацыйныя тэхналогіі і іх укараненне ва ўсе галіны народнай гаспадаркі — вельмі важны кірунак. Што датычыцца развіцця тэхналогій у медыцыне, то тут існуюць праблемы рознага ўзроўню, акрэсліў Васіль Кавалёў, загадчык лабараторыі аналізу біямедыцынскіх выяў Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі:

— Напрыклад, стварэнне нейкіх базавых сродкаў назапашвання медыцынскіх даных, аўтаматызацыя працэсаў выпіскі рэцэпта і атрымання лекаў у аптэцы стварае аснову для функцыянавання больш высокіх і развітых у пэўным сэнсе форм. Адна з найважнейшых ІT-задач у гэтай галіне — аўтаматызацыя працэсаў дыягностыкі захворванняў. Тэхнічных сродкаў для гэтага шмат (аналіз здымкі выяў пацыентаў, камп'ютарнай тамаграфіі, ультрагукавых даследаванняў). Ва ўсім свеце існуе разуменне, што ІT-сродкі могуць павысіць эфектыўнасць гэтага працэсу, які жыццёва важны для кожнага з нас, за кошт наяўнасці другога меркавання. Дыягназ ставіцца ўрачамі, але ж для іх падтрымкі шмат функцый неабходна аўтаматызаваць, і гэтыя функцыі ўжо няпростыя, якія на сёняшнім этапе развіцця адносяцца да сферы штучнага інтэлекту. Гэта найбольш перадавы фронт, дзе працуе ўжо досыць шмат спецыялістаў. Рабіць гэта можна толькі ў цесным супрацоўніцтве з урачамі і медцэнтрамі.

Сфера штучнага інтэлекта датычыцца не толькі аўтаматызацыі дыягностыкі захворванняў, але і іншых функцый, якія раней мог рабіць толькі чалавек. Існуе шмат праблем, якія патрабуюць фундаментальных ведаў у гэтай галіне, і ў Акадэміі навук па меры сіл займаюцца гэтымі праблемамі. Навукоўцы хочуць, каб Беларусь працягвала заставацца экспартна-арыентаванай краінай, якая вырабляе прадукцыю высокай якасці і пастаўляе яе ў самыя розныя краіны, таму яны абавязаны займацца самымі дасканалымі тэналогіямі, якія даступныя сёлета, у прыватнасці выкарыстаннем нейронных сетак, удакладніў спецыяліст.

Пераможцаў сёлетняга конкурсу ўзнагародзяць у снежні падчас канферэнцыі «Лічбавая трансфармацыя прадпрыемстваў і галін Рэспублікі Беларусь», расказалі арганізатары.

Аўтар: Ірына Сідарок
Звязда, 16 кастрычніка 2023


 

Кoличество переходов на страницу: 452