Сёння вострую канкурэнтную барацьбу за прыцягненне да сябе на вучобу замежных студэнтаў вядуць усе развітыя краіны свету, бо гэта таксама і барацьба за рынкі збыту сваёй прадукцыі, за набыццё надзейных сяброў. Дарэчы, у краінах, якія робяць стаўку на экспарт адукацыйных паслуг, доля замежных студэнтаў вагаецца ад 3 да 8 працэнтаў.
— Экспарт адукацыйных паслуг — гэта не толькі паступленне дадатковых сродкаў на цяперашнім этапе. Гэта яшчэ і імідж краіны, у тым ліку ў міжнародных адукацыйных рэйтынгавых сістэмах, і патэнцыял далейшых узаемаадносін Беларусі з іншымі дзяржавамі свету, — упэўнены намеснік міністра адукацыі Віктар Якжык. — Адукацыя не можа быць шляхам у адзін бок. Выпускнікі ВНУ павінны вяртацца ў Беларусь у іншай якасці — як бізнесмены, дыпламаты, перакладчыкі — і быць праваднікамі эканамічных зносін паміж сваімі краінамі і Беларуссю. Сёння найбольшую колькасць замежных грамадзян, якія атрымліваюць адукацыю ў Беларусі, прадстаўляюць краіны СНД (63%). Затым ідуць краіны Азіі (29%), Афрыкі (5,8%), Еўропы (1,5%), Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі (0,4%). Асноўны экспарт адукацыйных паслуг прыпадае на Туркменістан, Кітай і Расію. Чацвёртае месца ў 2012 годзе заняла Нігерыя. Астатнія ж краіны прадстаўлены нешматлікімі групамі студэнтаў.
"Свае" людзі ў далёкім замежжы
Для прыцягнення да навучання замежнікаў усе сродкі добрыя: рэклама праз сайт установы адукацыі (зразумела, на замежнай мове), распаўсюджванне інфармацыі праз пасольствы Беларусі за мяжой, удзел у міжнародных выставах... Некаторыя ВНУ робяць стаўку на прыцягненне новых студэнтаў з кола сваякоў і знаёмых сваіх студэнтаў-іншаземцаў. І ў тых ВНУ, дзе колькасць прадстаўнікоў замежжа даволі вялікая, гэтая тактыка і сапраўды забяспечвае больш-менш стабільны прыток слухачоў на падрыхтоўчыя аддзяленні.
Другая стратэгія заключаецца ў прыцягненні замежных грамадзян на вучобу ў Беларусь праз фірмы-пасрэднікі. Большасць з гэтых фірмаў узначальваюць замежныя грамадзяне, якія навучаліся ў беларускіх ВНУ. Многія з іх атрымалі пасведчанне на права жыхарства ў Беларусі, але актыўна падтрымліваюць кантакты з радзімай. Дзейнічае ў Беларусі і Міжнародная асацыяцыя выпускнікоў беларускіх ВНУ: адной з яе задач з'яўляецца падтрыманне пастаянных кантактаў з выхаванцамі беларускай школы.
— Пра Беларусь у свеце ведаюць яшчэ недастаткова. Затое ўсе добра ведаюць Расію і Кітай. Так вось мы звычайна "дапамагаем зарыентавацца": тлумачым, што Расія — гэта краіна паміж Беларуссю і Кітаем, — жартуе намеснік старшыні савета Міжнароднай асацыяцыі выпускнікоў Хасан Хамуда.
Прапусціць ці спыніць?
Вось толькі, на жаль, далёка не заўсёды ў рэалізацыі экспартнай палітыкі супадаюць інтарэсы ўсіх дзяржаўных ведамстваў. Прадстаўнікі органаў Міністэрства ўнутраных спраў і пагранічных службаў нярэдка з падазрэннем ставяцца да абітурыентаў з краін з так званай "павышанай міграцыйнай актыўнасцю": ва ўмоўным "чорным спісе" знаходзяцца цэлы шэраг краін Азіі і Афрыкі. Пра гэта ішла гаворка падчас пасяджэння "круглага стала" на базе Беларускага дзяржаўнага радыётэхнічнага ўніверсітэта з удзелам членаў савета Міжнароднай асацыяцыі выпускнікоў. Замежныя грамадзяне прыязджаюць у Беларусь па запрашэннях ад устаноў адукацыі. Вось толькі на практыцы наяўнасць запрашэння зусім не гарантуе яе ўладальніку магчымасць застацца для навучання ў Беларусі... Тэрытарыяльныя падраздзяленні па грамадзянстве і міграцыі могуць адмовіць замежным грамадзянам ва ўездзе для навучання ў Беларусь.
— Я хачу, каб усе зразумелі, што Міністэрства ўнутраных спраў, як дзяржаўны орган, які забяспечвае нацыянальную бяспеку, адказвае ў першую чаргу за барацьбу з нелегальнай міграцыяй, — патлумачыў пазіцыю свайго ведамства начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Рэспублікі Беларусь Аляксей Бягун. — Большасць замежных студэнтаў беларускае заканадаўства не парушае і галоўная мэта іх знаходжання ў нашай краіне — атрыманне адукацыі. Але ў вялікім патоку замежных грамадзян ёсць і людзі з зусім іншымі мэтамі: гэта можа быць і прадпрымальніцкая дзейнасць, і ўдзел у нефармальных рэлігійных арганізацыях, і нелегальная міграцыя праз нашу тэрыторыю ў іншыя краіны.
Таму я выступаю за прыняцце дакладнай і празрыстай сістэмы правілаў, зразумелых для ўсіх: і для арганізацый-пасрэднікаў, і для ўстаноў вышэйшай адукацыі, і для супрацоўнікаў праваахоўнай сферы. Патрэбны абсалютна празрысты механізм узгаднення запрашэнняў. А пакуль кожны дзяржорган можа ўстанаўліваць свае правілы, якімі і будзе кіравацца: не выдаваць, не ўзгадняць і гэтак далей. Я лічу, што ўсе мы павінны быць зацікаўлены перш за ўсё не ў тым, каб як мага больш замежных студэнтаў прыехала ў нашу краіну, а ў тым, каб як мага большая колькасць замежнікаў атрымала адукацыю ў Беларусі. Установы адукацыі таксама павінны браць на сябе адказнасць за студэнтаў, якіх яны сюды прыцягваюць. Нядобрасумленныя пасрэднікі нам не патрэбны, а для новых і для ўжо правераных арганізацый-пасрэднікаў павінны быць устаноўлены адзіныя правілы. Але як сярод новых арганізацый-пасрэднікаў вызначыць сумленных? Гэта магчыма будзе зрабіць толькі пасля першага года іх работы, прааналізаваўшы, колькі замежных студэнтаў па іх лініі прыехала ў нашу краіну, колькі з іх навучаецца, які іх рэйтынг, ці адпавядаюць іх дакументы аб адукацыі заяўленым.
Даеш адукацыю па-англійску!
Найбольшая колькасць замежных студэнтаў навучаюцца сёння ў БДУ — 2300 чалавек. Лідзіруючыя пазіцыі ў гэтым спісе займаюць студэнты з Кітая і Туркменістана, трэцяя пазіцыя — у расіян і толькі потым ідуць выхадцы з азіяцкіх і афрыканскіх краін. Колькасць замежных студэнтаў складае ў БДУ каля 12 працэнтаў ад агульнай колькасці студэнтаў, што з'яўляецца досыць высокім паказчыкам нават для замежных вышэйшых навучальных устаноў.
Пакуль БДУ робіць стаўку на рускамоўнае навучанне, паколькі цікавасць да рускай мовы ў свеце сёння досыць высокая: "Мы бачым вялікую цікавасць з боку краін "чацвёркі", асабліва Казахстана, дзе ёсць вялікая беларуская дыяспара", — адзначае рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Сяргей Абламейка.
Але гэта зусім не азначае, што ў БДУ не разглядаюць перспектывы навучання студэнтаў на англійскай мове. Праўда, такі пераход патрабуе пэўнай падрыхтоўкі, у тым ліку прафесарска-выкладчыцкага складу. Пакуль было праведзена папярэдняе анкетаванне, якое паказала: шэраг педагогаў гатовы выкладаць на англійскай мове. І не выключана, што гэты патэнцыял будзе выкарыстаны ў будучыні. Пакуль жа падрыхтоўка на замежнай мове вядзецца ў БДУ толькі на другой ступені навучання.
Дыстанцыйнае навучанне для іншаземцаў
А вось у Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі магчымасць атрымліваць адукацыю на англійскай мове з'явілася яшчэ ў 2009 годзе. Спачатку быў ажыццёўлены набор на першую ступень навучання, а ў 2010 годзе — зроблены набор іншаземных грамадзян і ў англамоўную магістратуру. Летась адбыўся першы выпуск.
— Для нас гэта быў вельмі адказны і нават рызыкоўны крок, да якога мы ішлі не адзін год, — прызнаецца рэктар БДУІР Міхаіл Батура. — Вучэбны план змяшчае 56 дысцыплін, і па ўсіх іх мы павінны былі знайсці і падрыхтаваць калектывы выкладчыкаў, падрыхтаваць поўны камплект вучэбна-метадычнага суправаджэння адукацыйнага працэсу, прычым як на папяровых, так і на электронных носьбітах. Але сёння мы ўжо можам з задавальненнем канстатаваць, што наш досвед аказаўся паспяховым. Акрамя гэтага, мы выступілі з ініцыятывай аб стварэнні рэспубліканскай базы спецыялістаў, якія не проста добра валодаюць англійскай мовай, але і гатовы арганізоўваць на англійскай мове навучальны працэс. Не выключана, што такі ўзаемаабмен дазволіў бы далучыцца да арганізацыі выкладання на замежнай мове і іншым беларускім ВНУ.
Сёння ў БДУІР дзейнічаюць 32 навукова-вытворчыя лабараторыі, створаныя сумесна з рознымі кампаніямі, і, як правіла, у гэтых кампаніях на кіруючых пасадах працуюць выпускнікі БДУІР. Яны істотна дапамагаюць сваёй альма-матар ва ўдасканаленні лабараторнай базы. Так, зусім нядаўна ва ўніверсітэце быў адкрыты міжнародны вучэбна-навуковы цэнтр "Аndrоіd Sоftwаrе Сеntеr". Садзейнічаў гэтаму выпускнік універсітэта Стыў Крэйнін, які зараз пражывае ў ЗША. І такіх прыкладаў шмат. Зараз кіраўніцтва ўніверсітэта вядзе перамовы са сваімі выпускнікамі аб арганізацыі падрыхтоўкі амерыканскіх грамадзян у БДУІР па дыстанцыйнай форме навучання...
Па словах першага прарэктара БДУІР Анатоля Осіпава, кожны трэці магістрант і кожны пяты аспірант універсітэта — гэта замежны грамадзянін: "Яны прыбываюць на вучобу па накіраванні дзяржаўных арганізацый, а таксама арганізацый-пасрэднікаў. І трэба сказаць, што замежныя грамадзяне, якія ў нас вучацца, вельмі матываваныя да вучобы. Гэта пацвярджае той факт, што 40% выпускнікоў 2012 года атрымалі дыпломы з адзнакай.
Спецыяліст бакалаўру не сябра?
Адной з сур'ёзных перашкод для нарошчвання экспарту адукацыйных паслуг (і гэта канстатуюць усе кіраўнікі ВНУ) застаецца недахоп у інтэрнатах месцаў для размяшчэння замежных студэнтаў. Яшчэ адна праблема — кваліфікацыі, якія прысвойваюцца выпускнікам беларускіх ВНУ, не заўсёды зразумелыя ў іншых краінах. У прыватнасці, у Беларусі ад ступені бакалаўра было вырашана адмовіцца. Першая ступень у нас — гэта ступень спецыяліста. А многіх іншаземцаў, якія хацелі б атрымаць адукацыю ў беларускіх ВНУ, цікавіць, у першую чаргу, магчымасць атрымання ступені бакалаўра, якая з'яўляецца абавязковай умовай іх працаўладкавання на радзіме.
Намеснік міністра адукацыі Віктар Якжык лічыць вельмі перспектыўным накірункам адкрыццё за мяжой філіялаў беларускіх ВНУ: філіялаў факультэтаў, падрыхтоўчых аддзяленняў, прадстаўніцтваў і цэнтраў. Пакуль дзейнічаюць толькі два філіялы беларускіх універсітэтаў за мяжой — Ерэванскі філіял МДЭУ імя акадэміка А.Д. Сахарава і сумесны Інжынерна-тэхнічны факультэт Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта і Таджыкскага тэхнічнага ўніверсітэта імя акадэміка М.С. Асімі. Праўда, ўжо ёсць рамачныя дамоўленасці аб адкрыцці беларускіх адукацыйных структур і ў іншых краінах. Яны будуць скіраваны на падрыхтоўку не толькі спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі, але і кіраўнікоў сярэдняга звяна, а таксама на падрыхтоўку рабочых кадраў.
Будзь у курсе:
З 2012 года ў грамадзян краін ЕўрАзЭС (Расіі, Казахстана, Кыргызстана і Таджыкістана) з'явілася дадатковая магчымасць — паступаць у беларускія вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы на платную форму навучання як іншаземцам — па выніках гутаркі. Нагадаем, што раней гэтая катэгорыя абітурыентаў залічвалася і на бюджэтную, і на платную форму навучання толькі на конкурснай аснове па выніках здачы цэнтралізаванага тэсціравання. Тэрміны паступлення для замежных грамадзян вызначаны да 15 кастрычніка.
Надзея Нікалаева
Звязда, 18 красавiка 2013
Кoличество переходов на страницу: 1081
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |