Гэтая думка належыць дырэктару Цэнтра міжнародных даследаванняў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Уладзіміру Улаховічу. З ім аб цяперашнім стане адносін Мінска і Бруселя, перспектывах рэформы палітыкі суседства з ЕС гутарыць карэспандэнт "Звязды".
— Прэзідэнт пасля цырымоніі прыёму даверчых грамат паслоў ў размове з новым кіраўніком прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі выказаўся за "перазагрузку" беларуска-еўрапейскіх адносін на прынцыпах раўнапраўя і ўзаемапавагі. Такая "перазагрузка" магчымая?
— Так. Больш за тое, яна ў інтарэсах абодвух бакоў. У ЕС добра разумеюць ролю і значэнне ўсходніх суседзяў. Для еўрапейцаў важна, каб па суседстве былі ўстойлівыя дзяржавы, надзейныя партнёры, якія б не стваралі нечаканых складанасцяў і праблем. У гэтым галоўны інтарэс і цікавасць еўрапейцаў, у прыватнасці, да нас, украінцаў, малдаван і г. д. Пры гэтым, на мой погляд, акрамя пытанняў грамадска-палітычнага развіцця, не менш важнымі, а можа быць, і больш важнымі, з'яўляюцца пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця суседніх краін. І гэтыя пытанні, мне здаецца, маглі бы быць у большай ступені прыярытэтным для еўрапейцаў, чым выключна палітычныя пытанні.
Думаю, што мы, як гаворыцца, "асуджаныя" на супрацоўніцтва, на тое, каб пераадольваць рознагалоссі. Нагадаю, гісторыя адносін Беларусі і Еўрапейскага саюза налічвае ўжо дваццаць гадоў. Пасля двух апошніх пашырэнняў ЕС на ўсход наша краіна непазбежна апынулася ў зоне эканамічнага і геапалітычнага прыцягнення гэтай міждзяржаўнай структуры. Яе ўплыў Беларусь адчувае на сабе пастаянна. Таму патрэбна адэкватна сфарміраваная, узаемавыгадная і эфектыўная палітыка супрацоўніцтва. У Мінску і Еўропе сёння гэта добра разумеюць і вядучыя палітыкі, і эксперты, і простыя грамадзяне. Умацаванне еўрапейскага накірунку ўзаемадзеяння для незалежнай Беларусі вынікае з яе геаграфічнага становішча, нацыянальных інтарэсаў і прагматычнай логікі гаспадарчага жыцця.
— Уладзімір Яўгенавіч, якая стратэгія суседскага партнёрства адпавядала б рэальным патрэбам еўрапейцаў, незалежна ад таго, жывуць ці не жывуць яны ў краінах Еўрасаюза?
— Яна павінна абапірацца на больш эфектыўныя, сумяшчальныя паміж сабой і зразумелыя для ўсіх жыхароў еўрапейскага кантыненту прынцыпы і інструменты ўзаемадзеяння. Возьмем эканамічнае партнёрства. Надышоў час доўгатэрміновай і паўнавартаснай лібералізацыі гандлю паміж суседзямі. Гэта б у значнай ступені садзейнічала паглыбленню палітычнага дыялогу, у тым ліку ў рамках узаемных кансультацый на розных узроўнях, а таксама ў міжнародных арганізацыях. Ужо ёсць вельмі карысны досвед партнёрства прадстаўнікоў беларускіх органаў правасуддзя і ўнутраных спраў з калегамі з ЕС у вырашэнні праваахоўных, мытных і памежных пытанняў па сумесным процідзеянні нелегальнай міграцыі, гандлю людзьмі, кантрабандзе зброі і наркотыкаў і міжнароднай злачыннасці.
Партнёрства павінна таксама распаўсюджвацца на культурна-інфармацыйную, адукацыйную і навукова-даследчую сферы, садзейнічаць развіццю ўзаемных кантактаў, рэалізацыі сумесных узаемавыгадных праектаў, абмену досведам на розных канферэнцыях і форумах.
— Дарэчы, аб форумах. Не ведаю як вас, а мяне трохі здзівіла навіна аб запрашэнні намесніка міністра эканомікі Беларусі Антона Кудасава паўдзельнічаць у першым бізнэс-форуме Усходняга партнёрства. Ён, нагадаю, пройдзе 30 верасня ў польскім горадзе Сопат адначасова з самітам "Усходняга партнёрства". На фоне мэтавых санкцый і іншых адрасных дзеянняў ЕС да нашай краіны гэтае запрашэнне чыноўніка з Беларусі выглядае даволі незвычайна. Ці не азначае гэты крок пачатак пацяплення ў адносінах з Еўропай — у прыватнасці, з Польшчай, якая цяпер выконвае функцыю старшыні ЕС?
— Вядома, удзел у рабоце бізнэс-форума сам па сабе з'яўляецца важнай і карыснай справай. І факт запрашэння беларускіх прадстаўнікоў — крок пазітыўны. Нагадаю, у асобных замежных СМІ выказваліся прагнозы наконт адмовы афіцыйнаму Мінску ва ўдзелу ў праграмах Усходняга партнёрства, асабліва тых, якія могуць прынесці Беларусі эканамічную выгаду. Аднак Еўрасаюз усё ж вырашыў працягваць дыялог з беларускімі ўладамі, у тым ліку, як мы бачым, шляхам удзелу афіцыйных прадстаўнікоў у сопацкім форуме. Ён, на мой погляд, добры фармат для актывізацыі ўзаемадзеяння ў дзелавой сферы, фармат, які дазваляе ў пэўнай ступені знізіць вострыя палітычныя рознагалоссі.
Праўда, ёсць адна слушная заўвага. Агульнапрынятай з'яўляецца практыка, калі сама краіна вызначае тых, каго накіраваць на той ці іншы форум, надзяляе гэтых асоб адпаведнымі паўнамоцтвамі, зыходзячы са свайго бачання, сваіх прыярытэтаў і інтарэсаў ўдзелу ў міжнародным мерапрыемстве. Таму запрашэнне менавіта А.Кудасава ў пэўнай ступені выглядае даволі двухсэнсоўна.
— Форум у Сопаце — польская ініцыятыва. Не здаецца вам, што ў Польшчы празмерныя прэтэнзіі на асаблівую ролю ва ўсходнееўрапейскіх справах. Адкуль гэта?
— Імкненне Польшчы заняць ключавое месца ў адносінах Бруселя з Беларуссю, Украінай ды і ўсім новым усходнім памежжам ЕС, безумоўна, існуе. Заўважу, што традыцыя рэгіянальнага лідарства Польшчы даўно ўкаранілася ў польскай палітычнай думцы і ментальнасці. Тыя старадаўнія ідэі сёння абноўлены, яны запатрабаваны ў грамадстве і складаюць частку не толькі палітычнай тэорыі, але і практыкі афіцыйнай Варшавы. Уплывовыя польскія палітыкі традыцыйна былі выразнікамі гэтых ідэй, а самі ідэі заахвочвалі з'яўленне новых палітыкаў. І як мне уяўляецца, сучасная знешняя палітыка Польшчы ў вельмі вялікай ступені адлюстроўвае даўнія традыцыі польскай рэгіянальнай палітыкі, а таксама польскай палітычнай філасофіі. Аднак польскія знешнепалітычныя ініцыятывы не заўсёды знаходзяць падтрымку ў Бруселі. Гэта таксама трэба мець на ўвазе.
— Напрыканцы вясны Еўрапейская камісія выступіла з прапановай рэфармавання палітыкі суседства. Яна, як заяўлялі ў Бруселі, стане своеасаблівым "новым адказам на змены ў краінах-суседзях". Увогуле, што гэта будзе за рэформа і нейкім чынам яна закране Беларусь?
— На мой погляд, адбылося тое, што павінна было адбыцца, — вяртанне да рэалій. Шматлікія палітыкі і каментатары надавалі занадта вялікае значэнне ініцыятыве пад назвай "Усходняе партнёрства". Па-рознаму прымяралі гэтую праграму да сваёй вялікай геапалітычнай гульні на прасцягах Еўропы, нават пафасна называлі яе інструментам руху заходняй цывілізацыі на ўсход і г. д. Але ў краінах-суседзях, для якіх і была распрацавана праграма, дамінаваў прагматычны падыход да яе рэалізацыі. Краіны-суседзі бачылі ва Усходнім партнёрстве ў першую чаргу магчымасць для сабе наладзіць узаемавыгадныя і раўнапраўныя адносіны з новым вялікім суседам — Еўрапейскім саюзам. Думаю, што і ў Бруселі, і іншых сталіцах краін ЕС адказныя палітыкі таксама не разглядалі праграму як прыладу для своеасаблівай "еўрапеізацыі" суседзяў. Бо гэта, у прынцыпе, не варта рабіць, ды і ўвогуле немагчыма.
Цяпер у палітыку Бруселя вяртаецца больш рэалістычны падыход да адносін з суседзямі. Вось яго адметныя рысы. Па-першае, гэта канкрэтызацыя краінавых праграм з улікам іх пэўнай спецыфікі. Па-другое, канкрэтызацыя фінансавых інструментаў і фондаў у дачыненні да кожнай краіны. Па-трэцяе, канкрэтызацыя тэрмінаў рэалізацыі асобных праектаў. З іншага боку, палітычны складнік супрацоўніцтва ўсё ж застаецца ў цэнтры ўзаемадзеяння. Тут можна зразумець еўрапейцаў. Яны не могуць саступіць у пытанні так званых агульнаеўрапейскіх каштоўнасцяў. Хоць самі каштоўнасці, мушу заўважыць, катэгорыя ідэалагічная, якую можна па-рознаму інтэрпрэтаваць. Але гэта тэма асобнай размовы.
— Што вы думаеце аб прыярытэтах абнаўлення супрацоўніцтва Еўрапейскага саюза з краінамі-суседзямі?
—Прыярытэт зараз ва ўсіх адзін — гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, накіраванае на пераадоленне негатыўных тэндэнцый у фінансавай і гаспадарчай сферах. Для нас гандаль з краінамі Еўрасаюза — стабільная крыніца паступленняў цвёрдай валюты, а таксама прадукцыі вытворча-тэхнічнага прызначэння, неабходнай для развіцця прамысловасці. Аднак патэнцыял узаемнага гандлю задзейнічаны даволі слаба. Хаця ў ЕС даўно і шмат гавораць аб падтрымцы малых і сярэдніх прадпрыемстваў у суседніх краінах, неабходнасці стварэння зоны свабоднага гандлю і г.д. Думаю, ужо надышоў час пачаць яе ствараць. Бо хочацца ўбачыць канкрэтныя вынікі гэтай дзейнасці.
Але будзем рэалістамі. У адносінах Беларусі і ЕС застаецца занадта шмат нявырашаных пытанняў. З 1992 г. ЕС падыходзіць да Беларусі як краіны "з нерынкавай эканомікай", што з'яўляецца ключавым момантам для стрымлівання развіцця гандлёвых адносін.
Антыдэмпінгавыя меры ЕС перашкаджаюць экспарту чатырох беларускіх тавараў: хлорыстага калію (з 1992 г.), поліэфірных штапельных валокнаў (з 1996 г.), поліэфірных філаментных нітак і карбамідна-аміячнай сумесі (з 1997 г.). З 2007 г. Беларусь таксама выключана з Агульнай сістэмы прэферэнцый ЕС.
З іншага боку, быў перыяд, калі ЕС прызнаваў неэфектыўнасць мер па шырокай гандлёвай ізаляцыі Беларусі і схіляўся да больш гнуткага падыходу. Гэта ў свой час надавала станоўчую дынаміку ў гандлёва-эканамічных узаемаадносінах Беларусі з ЕС. Тым не менш комплекс нетарыфных мер да прадукцыі беларускіх вытворцаў, які выкарыстоўвае ЕС, застаецца галоўным фактарам, які стрымлівае беларускі экспарт у краіны ЕС. Каб вырашыць гэтыя праблемы, неабходна шукаць новыя магчымасці для супрацоўніцтва, а не толькі чакаць выканання ад партнёра папярэдніх умоў. Мы, паўтаруся, "асуджаныя" на цеснае супрацоўніцтва.
— Еўракамісія мае намер значна павялічыць бюджэт новай палітыкі суседства. Аднак аб'ём падтрымкі Бруселя суседзяў будзе залежаць ад выканання імі пэўных умоў. Напрыклад, чым далей і хутчэй краіна ідзе наперад па шляху рэформаў, тым больш вялікую дапамогу яна атрымае ад ЕС. Як і хто будзе вызначаць узровень і ступень гэтага прагрэсу і ці варта Беларусі ўцягвацца ў такое спаборніцтва?
— Гэта цікавае пытанне. Але на яго павінны дакладна і ясна адказаць еўрапейскія партнёры. Але б я засцярог ад празмерных чаканняў вялікіх фінансавых плыняў на ўсход. Акрамя ўсяго, трэба мець на ўвазе тыя вельмі сур'ёзныя праблемы і цяжкасці, з якімі сёння сутыкнулася "зона еўра".
— З чаго ў кантэксце рэформы палітыкі суседства варта было б пачаць яе рэалізацыю на беларускім кірунку? Ці не са спрашчэння і лібералізацыі візавага рэжыму?
— Гэта быў бы своечасовы і сімвалічны крок, які б дазволіў у значнай ступені мінімізаваць многія негатыўныя наступствы пашырэння ЕС. Напрыклад, чаму б не ўвесці для прыгранічнага насельніцтва спрошчаную працэдуру ўзаемных паездак у краіны ЕС, адмовіцца ад марудных і, як мне здаецца, занадта недаверлівых працэдур атрымання віз беларускімі грамадзянамі. Беларусь не стварае ніякай міграцыйнай напружанасці Еўропе. У еўрапейцаў няма ніякіх падстаў палохацца наплыву беларусаў. У нас цудоўная еўрапейская краіна, якая нічым не горшая за іншыя, і беларусы звязваюць свой лёс і сваю будучыню перш за ўсё з Айчынай.
Гутарыў Леанід Лахманенка
Звязда, 23 верасня 2011
Кoличество переходов на страницу: 1344
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |