https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Аляксандр Лукашэнка: Таварнага дэфіцыту ў нас не было і не будзе — гэта я людзям гарантую


З 6 кастрычніка па распараджэнні Прэзідэнта ўведзена забарона на бескантрольнае павышэнне цэн.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду з эканамічным блокам урада. Шэраг актуальных пытанняў сталі прадметам размовы. Аднак галоўнае, на чым была засяроджана самая сур’ёзная ўвага як кіраўніка дзяржавы, так і астатніх удзельнікаў нарады, — цэнавая сітуацыя ў краіне.

«Увесь свет ашалеў ад гэтай інфляцыі»

«За восем месяцаў бягучага года інфляцыя склала звыш 13 %, амаль 14 %. У цэлым, як мне паведамляюць, за год урад плануе мець 19%. Гэта значыць, за перыяд часу, які застаўся, вы хочаце яшчэ больш павысіць цэны? Я правільна разумею?» — звярнуўся да прысутных кіраўнік дзяржавы. 

Па словах Прэзідэнта, на такія высокія значэнні інфляцыі Саўмін і Нацбанк павінны былі адказаць жорсткімі мерамі па стрымліванні цэн. «Маю на ўвазе, 13 — 14 % гэта ўжо нікуды не варта, — удакладніў ён. — І тыя, хто павінен стрымліваць інфляцыю, павінны былі адрэагаваць. Паглядзім, як рэагуюць. Рост цэн нівеліруе ўсе нашы намаганні па павышэнні заробкаў і пенсій. Рэальныя даходы насельніцтва ўпалі ніжэй за ўзровень мінулага года, прыкладна на 3 %. Рэальныя даходы насельніцтва, клопат аб народзе — гэта, акрамя Прэзідэнта, перш за ўсё чый клопат? Сёння нам трэба дасканала разабрацца ў прычынах сітуацыі, якая склалася, — як аб’ектыўных, так і суб’ектыўных — і прыняць канчатковае рашэнне».

У сувязі з гэтым беларускі лідар чакае ад ўрада і Нацыянальнага банка дзейсных прапаноў па ўтрымліванні цэнавага росту. Пастаўлена задача — вярнуцца ў наступным годзе да ўзровень інфляцыі 7 — 8 %.

«Зразумела, ёсць аб’ектыўныя для нас фактары, калі з-за бяздумнага ўвядзення санкцый заходнімі краінамі парушыўся звычайны ўклад сусветнага гандлю, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Як вынік, шматгадовыя антырэкорды па інфляцыі фіксуюцца ва ўсім свеце. Рост цэн, інфляцыя — гэта не вынаходніства Беларусі. Увесь свет ашалеў ад гэтай інфляцыі. Дапусцім, у Амерыцы рост цэн на прадукты стаў самым істотным з 1979 года. Амаль паўвека таму такое было ў Амерыцы. У Еўрасаюзе пабіты рэкорд за ўвесь час існавання адзінай еўрапейскай валюты, еўра (з 1 студзеня 1999 года). У нашых суседзяў: у Эстоніі гадавая інфляцыя перавышае 25 %, у Латвіі і Літве — звыш 20 %. Ці тое яшчэ будзе».

Пры гэтым Прэзідэнт заўважыў, што можна з большага зразумець рост цэн на імпартныя тавары. «Але чаму мы назіраем пастаяннае павышэнне кошту таго, што вырабляем самі з айчыннай сыравіны? — задаў пытанне кіраўнік дзяржавы. — Цэны на сыравіну не выраслі, на паліва і іншае — нафту, газ, таксама не выраслі?

Харчовыя тавары падаражэлі амаль на 13 % з пачатку года. Цэны растуць нават на пазіцыі штодзённага попыту, кантроль за якімі самы жорсткі з боку дэпутатаў, прафсаюзаў і Камітэта дзяржкантролю, пра губернатараў ужо і не кажу».

Прэзідэнт вымушаны быў умяшацца ў сітуацыю. Па яго словах, ужо відавочна, што ўрад, прафсаюзы, аблвыканкамы, Мінгарвыканкам, дэпутаты, Камітэт дзяржкантролю не спраўляюцца з цэнамі, якія растуць.

«Ёсць факты неабгрунтаванага павышэння цэн вытворцамі прадукцыі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Тое, аб чым я казаў. Лес як быў, так і застаўся на тэрыторыі Беларусі. Малако, мяса, яйкі як выраблялі тут у мінулым годзе, так вырабляем і ў гэтым. І ўгнаенні, і крэдыты, і разлікі з сельскай гаспадаркай, і паліва, і газ, і нафта і іншае — бяры не хачу. Таму пытанні да таваравытворцаў». 

«Пасрэдніцтва ўвогуле быць не павінна»

Спыніўся кіраўнік дзяржавы і на нядобрасумленным пасрэдніцтве. Пры гэтым заявіў, што ніякага пасрэдніцтва ўвогуле быць не павінна.

«У нас дайшлі да таго, што ад курыцы ўзяў яйка хтосьці, прывёз у магазін — пасрэднік, гандляры прадалі, у тры разы цану павысілі, — абурыўся Аляксандр Лукашэнка. — У тры разы! Лягчэй і танней гэтую курыцу вырасціць, чым яе прадаць. Калі ў нас ёсць пасрэднікі на знешніх рынках, то верхаводзіць там павінны тыя, хто прадае прадукцыю. Калі мы прадаём трактар за межы краіны, пасрэднікі калі і будуць, то там верхаводзіць павінен МТЗ. Узвінчваючы гандлёвыя надбаўкі на сотні працэнтаў, мы таксама павышаем цэны. Пры гэтым мы трацім немалыя грошы з бюджэту на падтрымку сельгасвытворцаў, танныя крэдыты для перапрацоўчых прадпрыемстваў, ствараем спрыяльныя ўмовы для размяшчэння і працы гандлёвых аб’ектаў. Аднак на фоне ўсіх гэтых мер малако, мяса, хлеб, крупы і іншая сацыяльна значная прадукцыя працягваюць даражэць кожны месяц». 

Кіраўнік дзяржавы лічыць няправільным дзяліць прадукцыю на значную, і нязначную. Такога паняцця як «сацыяльная значная прадукцыя», па яго словах, быць увогуле не павінна. 

«Яшчэ горшая сітуацыя з нехарчовымі таварамі, цэны на якія выраслі з пачатку года на 18 %, — канстатаваў беларускі лідар. — Калі гэта Adidas, Nike ці Zara, ладна. Калі нехта хоча гэтае імпартнае па шалёных цэнах набываць, няхай купляюць. Але ў нас жа і на айчынныя абутак і адзенне выраслі цэны». 

Што датычыцца некаторых дзяльцоў, тут, па яго словах, увогуле ўсё празрыста. «Спачатку ўзвінцілі цэны на курс, які падрос, а калі наш рубель умацаваўся, адкруціць цэннік назад чамусьці „забыліся“, — адзначыў Прэзідэнт і тут жа задаў пытанне прысутным: — А той, хто заўважыў, чаму не ўстанавіў справядлівасць?!»

Кажучы аб неабгрунтаваным пасрэдніцтве, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на збоях вытворча-збытавых ланцужкоў лёгка нажываюцца спекулянты. «Камітэт дзяржкантролю дакладвае: ёсць факты, калі яблыкі, цыбулю, буракі і капусту, вырашчаныя нашымі сельгаспрадпрыемствамі, бюджэтнікі закуплялі ў пасрэдніка з нацэнкай пад 300 працэнтаў! — прывёў прыклад ён. — Не апошняя роля ў пытанні цэнаўтварэння ў Нацыянальнага банка. Курсавы фактар цісне на кошт тавараў, якія мы вымушаны імпартаваць. Імпарцёры чамусьці ўпарта працягваюць закладваць у кошт тавару курсавыя рызыкі, хаця курс беларускага рубля стабільны. Павінна быць уведзена адказнасць за абгрунтаванасць коштаў імпарту і наладжана сістэма. І гэтая сістэма павінна быць падкантрольная».

Асаблівую ўвагу, па словах беларускага лідара, трэба ўдзяліць крытычнаму імпарту. «Хто стаіць за гэтымі пастаўкамі, па якіх цэнах ажыццяўляецца ўвоз тавараў і які іх кошт у канчатковым выніку на паліцы крамы? — пацікавіўся ён. — Тут трэба пільна паглядзець на імпарцёраў, выключыць спекуляцыі на рынку імпартных тавараў. Таксама мне дакладваюць аб практыцы абходу антыінфляцыйнага заканадаўства шляхам павышэння цэн на тавары пад выглядам новага тавару. Напрыклад, „новы“ хлеб або разбіранне тушак на часткі. А людзі вымушаны купляць тыя ж прадукты, але чамусьці па больш высокай цане. Разумееце, да чаго дайшлі. Цэлая тушка кураняці каштуе два рублі, а напалову раздзеленая — пяць рублёў, да прыкладу. Што адбылося? Чаму ў два — тры разы падаражэў тавар? Таму, што мы яго напалову разрэзалі?»

Аляксандр Лукашэнка загадаў навесці парадак і ў гэтым пытанні. Яшчэ адно патрабаванне Прэзідэнта — на прылаўках павінны быць тавары належнай якасці, у шырокім асартыменце і па справядлівых цэнах. А так званая новая прадукцыя, калі яна і будзе, павінна па сваіх спажывецкіх якасцях адрознівацца. «Таварнага дэфіцыту ў нас не было і не будзе — гэта я людзям гарантую», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. 

Вынікі маніторынгу цэн і работа спажыўкааперацыі

Прэзідэнту далажылі інфармацыю аб бягучым становішчы цэн на спажывецкім рынку, аб прычынах высокай інфляцыі, а таксама мерах, якія трэба прадпрымаць, каб стрымаць далейшае становішча цэн і абараніць людзей.

Старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева адзначыла, што высокая прадуктовая і не толькі інфляцыя «з’ядае» даходы насельніцтва і прыводзіць да зніжэння пакупальніцкай здольнасці. Па яе словах, рост цэн на харчовыя тавары ў гандлёвых сетках абумоўлены павышэннем цэн па ўсім ланцужку: пачынаючы ад сельскагаспадарчых арганізацый і вытворцаў, заканчваючы паступленнем іх у рознічны гандаль.

«Улічваючы сітуацыю, якая склалася на спажывецкім рынку рэспублікі, мяркую мэтазгодным устанавіць дзяржаўнае рэгуляванне цэн на суб’екты гаспадарання: пачынаючы ад вытворцаў і заканчваючы гандлёвымі сеткамі, — прапанавала яна. — Забараніць рэгістрацыю новых тавараў пры нязначным змяненні іх спажывецкх якасцяў. Выпрацаваць дакладную сістэму фарміравання сабекошту сезонных тавараў, асабліва па цяплічных камбінатах з мэтай недапушчэння росту цэн у побытам выяўленні і згладжвання сезонных хістанняў у пачату сезона і на яго завяршэнні. Выпрацаваць механізм пераліку кошту імпартнай прадукцыі для ўсіх імпарцёраў».

Аб выніках маніторынгу цэнаўтварэння на тавары ў рознічнай сетцы і на лекавыя сродкі ў аптэках далажыла Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава.

«Гэтая работа праводзіцца ў 30 населеных пунктах, ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны, — паведаміла спікер верхняй палаты парламента. — Маніторынгам ахоплена 114 аб’ектаў гандлю. У цэнтры ўвагі сенатараў Савета Рэспублікі — прадукты харчавання, якія карыстаюцца высокім попытам у насельніцтва, і тавары нехарчовай групы. Па выніках вераснёўскага маніторынгу варта адзначыць: па ўсіх заўвагах, якія выяўлены, мы адпраўляем лісты ў Міністэрства манапольнага рэгулявання і гандлю». 

Па словах Наталлі Качанавай, не ўсе гандлёвыя сеткі ў рэгіёнах добрасумленна выконваюць пастанову ўрада «Аб рэгуляванні цэн».

«У верасні зафіксавалі 21 парушэнне, — паведаміла яна. — Захоўваецца дастаткова шырокі роскід цэн у рэгіёнах на адны і тыя ж тавары. Напрыклад, у межах Мінскай вобласці цэны на капусту за верасень ва Уздзе знізіліся на 47 %, а ў Мар’інай Горцы павялічыліся на 110%. Такая ж сітуацыя і з бульбай: цана ў Кобрыне на бульбу знізілася на 33 %, а ў Фаніпалі павялічылася на 40 %. Нават у розных магазінах адной сеткі цана на адзін і той жа тавар можа быць рознай. Усе яны ў першую чаргу арыентуюцца на пакупніцкую здольнасць спажыўца». 

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка праінфармаваў Прэзідэнта аб выніках маніторынгу цэн на харчовую прадукцыю дэпутацкім корпусам. У якасці прыкладу ён расказаў, як часам фарміруюцца цэны на плодаагароднінную прадукцыю. Па яго словах, у гандлёвых сетках тыя ж яблыкі прадаюцца па два-тры з паловай рублі за кілаграм, а з прыватных падворкаў людзі прадаюць яблыкі па 80 капеек за кілаграм. На нарыхтоўку вытворцы купляюць яблыкі ўвогуле за 20 капеек. І гэта датычыцца не толькі яблык.

«Трэба, каб нашыя грамадзяне мелі магчымасць зарабіць на сваёй зямлі і прадаваць тавар Белкаапсаюзу не дзесьці, а проста, будзем казаць, не выходзячы са свайго двара, — унёс прапанову Уладзімір Андрэйчанка. — Мы сёння вядзём пытанне, што трэба ў кожным рэгіёне стварыць новае прадпрыемства. Аднак у свой час практычна ў кожным раённым цэнтры былі ўласныя перапрацоўчыя магутнасці, загрузка якіх забяспечвалася мясцовай сыравінай. Думаю, што наспела магчымасць, у першую чаргу для Белкапсаюза, адрадзіць гэтыя добрыя традыцыі, унёсшы ўклад у вырашэнне пытання занятасці нашага насельніцтва ў вёсцы».

Па даручэнні Прэзідэнта, спікер ніжняй палаты парламента разам з дэпутатамі возьмуць на кантроль работу спажыўкааперацыі. 

«Далей цэны павышаць нельга» 

З 6 кастрычніка, па распараджэнні беларускага лідара, у краіне ўведзена забарона на павышэнне цэн. Аднак, як заўважыў Аляксандр Лукашэнка, выключэнні могуць быць па тых ці іншых пазіцыях, і прызначыў адказных за прыняцце падобных рашэнняў: міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю, старшыні аблвыканкамаў, Мінгарвыканкама.

«Без іх дазволу ніякая цана прырастаць не можа да таго, што ёсць на сённяшні дзень», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы і патлумачыў, чым выклікана такое рашэнне: «Бо цэны пасля ўсплеску ашалелага яшчэ выраслі на столькі ж. І цэны сёння не маюць межаў. Яны ўпёрліся ў столь. Далей цэны павышаць нідзе нельга. Няма неабходнасці. Аднак бываюць выключэнні. І гэтыя выключэнні пад кантролем міністра і губернатараў».

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў: на гэтым фоне не павінна быць закрыццяў аб’ектаў і спроб сысці з рынку. 

Групе адказных асоб на чале са Старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай даручана ўнесці ва ўрад прапановы па мерах рэгулявання цэн у Беларусі. Звяртаючыся да першага віцэ-прэм’ера Мікалая Снапкова, Аляксандр Лукашэнка парэкамендаваў не толькі не павышаць цэны з 6 кастрычніка, а наадварот, знайсці магчымасць іх панізіць. 

Была ўзнята падчас нарады і тэма сельскай гаспадаркі.

«Сельскагаспадарчы год мы павінны скончыць апошнім гектарам пад’ёму зябліва: яно павінна быць паднята, як у мінулым годзе», — паставіў задачу беларускі лідар. Па меркаванні спецыялістаў, без гэтага не ўдалося б атрымаць высокі ўраджай, які мы маем сёлета.

«У нас сёння самае небяспечнае — не скончылі сяўбу азімых, а гэта ўраджай будучага года, — акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы. — Кіньце зерне неадкладна ў грунт. Трэба скончыць сяўбу. Гэта галоўнае. Другое — сабраць кукурузу на зерне. Гэта другая праблема, якую трэба імгненна вырашыць». Адпаведныя задачы пастаўлены па ўборцы бульбы, цукровых буракоў і лёну. 

Аўтар: Вераніка Канюта
Звязда, 7 кастрычніка 2022


 

Кoличество переходов на страницу: 382