https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Клопат пра пажылых — у традыцыях беларусаў


У Беларусі працягваецца акцыя «Ад усёй душы». У ёй удзельнічаюць прадстаўнікі дзяржорганаў, грамадскіх арганізацый і прафсаюзаў, моладзь. Але падарыць клопат і цеплыню адзінокім пажылым людзям можа кожны. Якія мерапрыемствы акцыі будуць праходзіць на гэтым тыдні, а таксама што для пажылых людзей падрыхтавалі ў тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, расказалі спецыялісты.

У Беларусі жыве каля 150 тысяч адзінокіх пажылых грамадзян, адзначае намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай дапамогі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Мікалай Арол. У тым ліку, у краіне крыху больш за тысячу ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, таксама каля сямі тысяч пацярпелых ад наступстваў войнаў — гэта былыя вязні фашызму. Менавіта гэтыя катэгорыі людзей маюць найбольшую патрэбу ва ўвазе і клопаце.

Найбольш актыўны ўдзел у акцыі «Ад усёй душы» прымаюць Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Беларуская піянерская арганізацыя, Беларускі саюз жанчын, прафсаюзныя арганізацыі, Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў.

— Адно з мерапрыемстваў акцыі — гэта шэфская дапамога. Удзельнічаюць прадпрыемствы, якія могуць вылучыць пэўную частку са сваіх сродкаў на дапамогу, на падарункі для грамадзян, якія найбольш маюць патрэбу, — расказаў Мікалай Арол. — У акцыі ўдзельнічаюць прафсаюзныя камітэты, якія ў святочныя дні віншуюць непасрэдна ў працоўных калектывах сваіх ветэранаў, якія аддалі шмат гадоў працы гэтым арганізацыям.

Кіраўнікі дзяржорганаў наведваюць стацыянарныя ўстановы сацыяльнага абслугоўвання, каб павіншаваць людзей, якія там пражываюць. Шэраг творчых мерапрыемстваў запланавана на гэты тыдзень. 10 студзеня ў Мінску пройдзе фестываль мастацкай творчасці пажылых людзей. Падобныя мерапрыемствы арганізаваны і ва ўсіх рэгіёнах краіны. Дзень 11 студзеня будзе прысвечаны танцавальным мерапрыемствам — балі пройдуць ва ўсіх абласных цэнтрах і сталіцы. 20 студзеня аднадумцаў збярэ Фестываль валанцёраў сярэбранага веку.

— Неабходна адзначыць, што ў краіне дзейнічае Нацыянальная стратэгія «Актыўнае даўгалецце — 2030», якая накіравана не толькі на клопат аб старэйшым пакаленні, але і максімальна садзейнічае актывізацыі творчых здольнасцей і магчымасцяў. У тым ліку ў рамках гэтай акцыі вы ўбачыце Фестываль мастацкай творчасці пажылых грамадзян, — звярнуў увагу Мікалай Арол.

Аднак галоўная мэта акцыі «Ад усёй душы» — звярнуць увагу кожнага чалавека, што побач з ім пажылыя людзі — блізкія, сваякі, суседзі.

— Звышзадача дадзенай акцыі — каб усе грамадзяне нашай краіны звярнулі ўвагу на сваіх бабуль і дзядуляў. Гэта значыць, не толькі дзяржаўныя органы падхопяць грамадзян, якія засталіся адны, самае галоўнае — каб дзеці і ўнукі дайшлі да сваіх бабуль і дзядуляў. Гэта добры пасыл жыхарам усёй нашай краіны, які насамрэч ляжыць у аснове традыцый беларускага народа, — падкрэсліў Мікалай Арол.

Дарэчы, летась у рамках аналагічнай акцыі дапамога была аказана больш чым 50 тысяч пажылых беларусаў, якія адзінока пражываюць у сельскай мясцовасці. Валанцёры моладзевых арганізацый і іншых грамадскіх аб’яднанняў дапамагалі з прыборкай прыдамавой тэрыторыі ад снегу, складалі дровы, дапамагалі прыбраць у доме і ўпрыгожыць яго да свят.

У кожным раёне краіны праходзяць мерапрыемствы, прымеркаваныя да акцыі «Ад усёй душы». Даведацца пра іх можна, звярнуўшыся ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва па месцы жыхарства. Напрыклад, на базе Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Фрунзенскага раёна Мінска запланаваны музычныя вечарыны, сустрэчы, віншаванні.

З 22 снежня мінулага года па 14 студзеня бягучага на базе цэнтра працягваецца конкурс і выстаўка тэматычных снегавікоў ад клубаў і гурткоў аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту «Парад снегавікоў», расказала намеснік дырэктара цэнтра Крысціна Фіндзікевіч. 

А 5 студзеня ў аддзяленні дзённага знаходжання прайшоў «Калядны каворкінг «Калядная майстэрня» — тэматычная сустрэча прадстаўнікоў розных клубаў і гурткоў дэкаратыўна-прыкладнога кірунку, дзе кожны прадэманстраваў сваю творчасць пад тэматычную калядную музыку і вершы.

А вось у рамках падрыхтоўчага этапу акцыі «Ад усёй душы» 26 і 27 снежня мінулага года ў цэнтры сумесна з Мінскім дзяржаўным каледжам сэрвісу і тэхналогій былі праведзены мерапрыемствы па бясплатнай стрыжцы для пажылых людзей і інвалідаў. Больш за 30 чалавек атрымалі новую прычоску і святочны настрой.

Алена Кравец
Звязда, 8 студзеня 2024


 

Кoличество переходов на страницу: 114