Наша даведка
"Касыгінская" рэформа прамысловасці была накіравана на ўзмацненне эканамічнага стымулявання і пашырэнне самастойнасці прадпрыемстваў. Старшыня Савета Міністраў СССР Аляксей Касыгін хацеў рэфармаваць прадпрыемствы з мэтай павысіць іх эфектыўнасць. У той жа час адначасова ўзмацнялася вертыкаль улады, аднаўляліся цэнтральныя прамысловыя міністэрствы замест саветаў народнай гаспадаркі. У цэлым па краіне па ўсіх галоўных сацыяльна-эканамічных паказчыках перыяд 1965—1970-х гг. быў лепшым за ўсе гады савецкай улады.
______________________________
— Недарэмна кажуць, што ўсё новае — гэта добра забытае старое. Сёння нярэдка ад сталых эканамістаў, гаспадарнікаў-практыкаў можна пачуць пахвальныя словы наконт "касыгінскай" рэформы СССР 1965—1970 гадоў. Чым яна была вядомая і асаблівая?
— Ды па многіх параметрах. Яна прывяла да істотнага эканамічнага росту СССР і павышэння яго аўтарытэту ў свеце як звышдзяржавы. Што датычыць БССР, то яна ў выніку рэалізацыі рэформы дасягнула свайго найвышэйшага ўзроўню ў сацыяльна-эканамічным развіцці. Упершыню за ўсю гісторыю знаходжання Беларусі ў СССР гэта была сістэмная эканамічная рэформа, якая садзейнічала развіццю прадукцыйных сіл і сацыялістычных вытворчых адносін, павышэнню эфектыўнасці выкарыстання прыродных і чалавечых рэсурсаў, усяго назапашанага матэрыяльнага і нематэрыяльнага багацця. Гэта дазволіла забяспечыць больш дынамічны і эфектыўны эканамічны рост нашай рэспублікі.
У выніку такога механізму гаспадарання Беларусь ператварылася ў вядучы інавацыйны канкурэнтаздольны навукова-адукацыйны і навукова-вытворчы цэнтр СССР. Той перыяд увайшоў у айчынную эканамічную гісторыю і свядомасць беларусаў як "машэраўскі". Ён працягваўся да 1980 года. Нагадаю, Пётр Міронавіч Машэраў тады кіраваў нашай рэспублікай, асабіста шмат зрабіў для яе росквіту ў розных сферах.
— Намаганні тагачасных рэфарматараў былі накіраваны на ліквідацыю шматлікіх валюнтарысцкіх перакосаў, скрыўленняў, перагібаў і эканамічных фантазій Мікіты Хрушчова. Ці інакш кажучы, адбылося ўдалае рэфармаванне планавай эканомікі. А мы ўжо не першы год рухаемся па рынкавым шляху, у меру сваіх магчымасцяў стараемся трансфарміраваць дзяржаўную ўласнасць, паступова пашыраем прысутнасць прыватнага сектара ў эканоміцы. Можа, нам і не патрэбны той досвед?
— Гэта як паглядзець. Сапраўды, сёння з эканамічнага аналізу і практыкі гаспадарання касыгінскія падыходы выключаны. Шматлікія рэфарматары, эканамісты-аналітыкі іх проста не ведаюць і не разумеюць. Шкада. Ім не пашкодзіла б уважліва прыглядзецца да таго, як удала гаспадарылі адносна нядаўна на прасторах СССР. Нагадаю сёе-тое з былой практыкі. Праца калектываў ацэньвалася і стымулявалася праз такія метады і паказчыкі эканамічнай эфектыўнасці, як гаспадарчы разлік, прыбытак і прыбытак ад рэалізаванай прадукцыі, фондааддача, фондаёмістасць, абарачальнасць абаротных сродкаў, энергаёмістасць, фондавая ўзброенасць і прадукцыйнасць працы, працаёмкасць, інтэнсіфікацыя, навукова-тэхнічны прагрэс, каэфіцыент выкарыстання вытворчых магутнасцяў, рэнтабельнасць і інш. Усе прамыслоўцы, эканамісты краіны, у тым ліку і кіраўнікі, глыбока ведалі і разумелі сутнасць і ўзаемасувязь гэтых метадаў і паказчыкаў. І цяпер, у сувязі з пачаткам мадэрнізацыі паўстала неабходнасць выкарыстання назапашанага ўласнага практычнага досведу гаспадарання ў Беларусі ў 1965—1980 гадах.
— А што яшчэ важна, на ваш погляд, з забытых формаў і метадаў гаспадарання?
— Напрыклад, тое, што грашова-крэдытная сістэма СССР забяспечвалася "звязанай" эмісіяй савецкага рубля з нацыянальным багаццем і працай. Уласных грошай у СССР і Беларусі было заўсёды досыць для аплаты працы людзям, занятых ва ўсіх сферах матэрыяльнай і нематэрыяльнай вытворчасці тавараў, работ і паслуг. Замежныя грошы, тыя ж долары, выкарыстоўваліся толькі пры разліках у знешнеэканамічнай дзейнасці, не было вялікіх валютных даўгоў.
— І ўсё ж, што канкрэтна дала Беларускай ССР і яе народу "касыгінская" рэформа і яе працяг?
— Тут не абысціся без лічбаў. За 15 гадоў (1965—1980 гг.) развіцця Беларусь павялічыла свой валавы і грамадскі прадукт больш чым утрая супраць 2,4 раза ў сярэднім у СССР. Рост нацыянальнага даходу таксама меў станоўчую дынаміку. Асабліва хуткімі тэмпамі рухалася наперад вытворчасць сродкаў вытворчасці (група "А"). Калі ў СССР гэтая група павялічылася ў сярэднім у 2,8 раза, то ў Беларусі яе рост склаў амаль 4,7 раза. Апераджальнымі тэмпамі вялася вытворчасць тавараў шырокага спажывання (група "Б"). Яе рост у Беларусі склаў амаль 3,5 раза супраць 2,5 раза ўвогуле па Саюзе.
Але самае галоўнае — беларускага народа стала больш. Без усялякай агітацыі і разважанняў аб дэмаграфічнай бяспецы, без значных цяперашніх матэрыяльных прэферэнцый маладым сем'ям адбыўся натуральны прырост насельніцтва: у 1980 годзе ў БССР пражывала 9,6 млн чалавек. Потым гэты паказчык перабольшыў 10-мільённы рубеж.
У Беларусі за гэтыя 15 гадоў удалося забяспечыць рост якасці чалавечага патэнцыялу, што з'яўляецца галоўнай прадукцыйнай сілай любой дзяржавы. Колькасць спецыялістаў з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, занятых у народнай гаспадарцы, павялічылася да 1980 года ў параўнанні з 1965 годам у 2,7 раза, а ў СССР — у 2,4 раза. Уся навука (фундаментальная, галіновая, ВНУ) дасягнула свайго найвышэйшага росквіту, матэрыяльнага і маральнага прэстыжу ў грамадстве. Гэтыя ўсе здабыткі былі абумоўлены рэалізацыяй гаспадарчай рэформы.
— Дык чаму яна была паступова згорнута і чым гэта нам усім з часам адгукнулася?
— Нежаданнем і няўменнем брэжнеўскай каманды, асабліва кансерватыўнай часткі Палітбюро ЦК КПСС, эфектыўна кіраваць эканомікай вялікай дзяржавы. Рэформа, як потым высветлілася, праводзілася непаслядоўна, тармазілася мясцовымі ўладамі. Пашырэнне самастойнасці спалучалася з узмацненнем адміністрацыйных і эканамічных паўнамоцтваў міністэрстваў. Кіраўнікі партыі адчулі пагрозу сваёй абсалютнай улады. Рэфармаванне было згорнута, яе канчатковыя мэты рэформы не былі дасягнуты.
Касыгіну прыпісваюцца словы: "Нічога не засталося. Усё павалілася. Усе работы спынены, а рэформы трапілі ў рукі людзей, якія іх наогул не жадаюць... Рэформу тарпедуюць. Людзей, з якімі я распрацоўваў матэрыялы з'езда, ужо адхілілі, а заклікалі зусім іншых. І я ўжо нічога не чакаю".
Акрамя гэтага, рост паступленняў ад экспарту энерганосьбітаў, даваў магчымасць кансерватарам у савецкім кіраўніцтве падтрымліваць эканамічны рост і задавальняць унутраны спажывецкі попыт за кошт хуткага павелічэння імпарту. Паступова назапашваліся і не вырашаліся праблемы, яны замоўчваліся, лакіраваліся. Пачаўся сумна вядомы "застой", узрушэнні ў нацыянальных рэспубліках, узаемныя прэтэнзіі. Усё скончылася так званым "парадам суверэнітэтаў".
Набліжэнне катастрофы адчуваў і Машэраў. Памятаю, на адной сустрэчы ў вузкім коле Пётр Міронавіч сказаў, што мы ідзём ад дрэннага да горшага. Як у ваду глядзеў. Вось і дайшлі ў пачатку 1990-х гадоў. Маё глыбокае перакананне: адмова ад "касыгінскай" рэформы прывяла ў рэшце рэшт да развалу СССР.
— Чым можа быць карысным досвед тагачасных "касыгінскіх" рэфарматараў для цяперашняй Беларусі, якая знаходзіцца ў прынцыпова новых умовах гаспадарання? Скажам, тады фінансавай базай рэфармавання быў моцны і ўстойлівы савецкі рубель, які амаль што на роўных спаборнічаў з амерыканскім доларам. Зараз наш рубель падвяргаецца з усіх бакоў ціску. Як вам з гэтай нагоды здаюцца прапановы ўвесці ў краінах Мытнага саюза адзіную валюту?
— Калі казаць наконт касыгінскага досведу, то я параіў бы звярнуць увагу на яго фондаэканомны механізм гаспадарання. Ён можа стаць асновай павышэння канкурэнтаздольнасці і ўстойлівага інавацыйнага развіцця Беларусі ў сусветнай супольнасці. Ці варта ўводзіць адзіную валюту? Агульная грашовая сістэма надала б дынаміку эканамічным працэсам у межах Мытнага саюза. Я думаю, што Беларусь ад гэтага выйграла б, бо наш навукова-тэхналагічны ўзровень развіцця трохі вышэй, чым у Расіі і Казахстане. Таму адзіная валюта дазволіла б нам хутчэй рухацца наперад. Праўда, нам, як і іншым удзельнікам саюза, прыйдзецца паступіцца часткай суверэнітэту, але інтэграцыя немагчыма без кампрамісаў і ўзаемных уступак. Нельга быць разам і адначасова абсалютна незалежнымі. Трэба нешта выбіраць.
Гутарыў Леанід Лахманенка
Звязда, 30 кастрычніка 2012
Кoличество переходов на страницу: 1454
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |