У канферэнцыі, якая праходзіць у беларускай сталіцы, прымае ўдзел каля 600 удзельнікаў з больш як 40 краін свету. Сярод іх — высокапастаўленыя госці з усёй вялікай Еўразіі, прадстаўнікі краін АДКБ, СНД, ШАС, АБСЕ, кіраўнікі шэрагу міжнародных арганізацый, аўтарытэтныя эксперты з усяго еўразійскага рэгіёна. Міжнародны форум стартаваў сесіяй высокага ўзроўню, якая пачалася з выступлення Прэзідэнта Беларусі. Кіраўнік дзяржавы агучыў умовы бяспечнага існавання на планеце, пазіцыю Беларусі па ўстанаўленні мірнага светаўладкавання і іншых пытаннях.
«Калі не аб’яднаемся ў гэтым плане, будзе бяда»
Вітаючы замежных гасцей у Мінску, іншых удзельнікаў канферэнцыі, Аляксандр Лукашэнка з жалем канстатаваў, што сёння на пальцах адной рукі можна пералічыць пляцоўкі, дзе вяліся бы адкрытыя, канструктыўныя экспертныя дыскусіі на тэму міжнароднай бяспекі. «А нам жыццёва неабходна сумленная размова і бесстароннія ацэнкі падзей, якія адбываюцца, — адзначыў ён. — У нашым сучасным свеце гэта амаль неверагодная рэч. Яшчэ больш патрэбны эфектыўныя меры па супрацьдзеянні сучасным выклікам і пагрозам. Калі не аб’яднаемся ў гэтым плане і не выпрацуем, не ажыццявім гэтыя меры, будзе бяда».
Беларускі лідар нагадаў, што першая канферэнцыя па еўразійскай бяспецы, якая праходзіла ў Мінску летась, здзівіла нават самых заўзятых скептыкаў, якія сумняваліся, што ў такі неспакойны час можна сабраць прадстаўнікоў і Захаду, і Усходу. Яе вынікам стаў праект Хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXI стагоддзі, работа над якім будзе працягнута ў рамках цяперашняй канферэнцыі. Гэты дакумент, па меркаванні Прэзідэнта, павінен паскорыць працэсы палітычнай, эканамічнай, іншай кансалідацыі ў мэтах забеспячэння бяспекі, стратэгічнай стабільнасці і прагрэсіўнага развіцця нашых краін і народаў. Беларусь бачыць гэты дакумент усебаковым і ўсёабдымным, без прывязкі да канкрэтнага рэгіёна, каб садзейнічаць фарміраванню кансенсусу ў сферы бяспекі.
Аляксандр Лукашэнка выказаў удзячнасць усім, хто адгукнуўся на запрашэнне прыняць удзел у канферэнцыі. «Гэта нашы інтарэсы — усіх, — падкрэсліў ён. — Удзельнікаў стала значна больш, што не дзіўна, паколькі сітуацыя становіцца ўсё больш крытычнай і напружанай. Я вельмі разлічваю, што такое прадстаўнічае кола аўтарытэтных экспертаў, якія ўдзельнічаюць у цяперашняй канферэнцыі, не толькі будзе абмяркоўваць праблемы (яны добра вядомыя), але і здолее прапанаваць варыянты іх рашэнняў».
«Еўрапейскі Саюз павінен чуць, што скажуць разумныя людзі Еўразіі»
У сваю чаргу, Прэзідэнт тэзісна выказаў бачанне Беларусі па многіх пытаннях. Пачынаць, па яго словах, трэба з вызначэння паняцця. «Як правіла, кажучы аб бяспецы, маюць на ўвазе гарантыі абароны ад замахаў на сваю тэрыторыю, — канстатаваў беларускі лідар. — Аднак усёабдымная бяспека па вызначэнні павінна даваць гарантыі дзяржавам не толькі ў ваеннай сферы, але і ў палітычнай, эканамічнай, інфармацыйнай і іншых. Калі глядзець пад такім вуглом, становіцца відавочным маштаб крызісу, які ахапіў планету».
Прысвоіўшы самім сабе пасля развалу не толькі Саюза, але і ўсяго сацыялістычнага лагера званне «лідара свабоднага свету», Злучаныя Штаты, нягледзячы на ўвесь свой патэнцыял, па словах кіраўніка дзяржавы, аказаліся няздольнымі быць адной глабальнай апорай і гарантам бяспекі ў самым шырокім сэнсе гэтага паняцця. «Паверце, у мяне няма жадання навешваць цэтлікі часоў халоднай вайны, але гэта відавочны факт, хаваць яго не варта, калі хочам разабрацца не толькі ў прычынах, а і прыняць пэўныя меры, — заўважыў ён. — А міжнародныя інстытуты, спытаеце вы? Яны, закліканыя быць універсальным медыятарам ці арбітрам, часта дэманструюць поўны параліч, абмяжоўваючыся толькі пустымі заявамі і прадстаўніцкімі функцыямі».
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што адсутнасць сістэмы стрымлівання і проціваг прывяла да дэградацыі бяспекі ва ўсіх сферах.
«Першае — палітыка: у наяўнасці — крах усіх пастулатаў дэмакратыі, — канкрэтызаваў кіраўнік дзяржавы. — Мы бачым: ёсць дэмакратыя для сябе, а ёсць дэмакратыя на экспарт. Якімі дэмакратычнымі каштоўнасцямі можна растлумачыць тое, што адбываецца на Блізкім Усходзе, і тое, што адбылося ва Украіне? Няўжо верхам дэмакратыі з’яўляецца магчымасць фізічнай ліквідацыі чалавека, якога, да прыкладу, ЗША і яго сатэліты палічаць пагрозай для нацыянальнай бяспекі?! Любога — ад палітычнага і грамадскага дзеяча да бізнэсмэна, навукоўца або журналіста».
Звярнуў увагу Прэзідэнт і на новы «дэмакратычны» трэнд — палохаць Міжнародным крымінальным судом кіраўнікоў суверэнных дзяржаў. «А што агульнага з дэмакратыяй мае аб’яўленне персонай нон-грата Генеральнага сакратара Арганізацыі Аб’яднаных Нацый за яго прынцыповую пазіцыю, якую ён нарэшце з усіх, якія былі генсекі, шчыра выказаў? — пацікавіўся беларускі лідар. — Або як расцаніць няўціхлыя нападкі на Антоніу Гутэрыша за тое, што ён наведаў саміт БРІКС — аб’яднанне краін, якія даюць амаль 40 % сусветнага ВУП?»
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што нападкам падвяргаюцца не толькі асобныя лідары, але і цэлыя народы. Па яго словах, у дзяржавах, якія адважыліся ісці сваім шляхам, інспіруюцца каляровыя рэвалюцыі, прыводзяцца да ўлады лаяльныя лідары і адкрытыя марыянеткі за грошы заходняй «мяккай сілы». І ў саміх краінах Еўрапейскага саюза, як заўважыў кіраўнік дзяржавы, варта толькі нацыянальна арыентаваным палітыкам выступіць за інтарэсы свайго народа — чакайце чаргу крымінальных абвінавачванняў, сфабрыкаваных спраў і нават замахаў.
У гэтай сувязі ён прывёў у прыклад міністра замежных спраў і знешняга гандлю Венгрыі Петэра Сійярта, якога таксама могуць абвінаваціць у тым, што прыехаў у Беларусь.«А за што? — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Старшынствуюць у Еўрапейскім Саюзе. У рэшце рэшт, Еўрапейскі Саюз павінен разумець, ведаць, чуць, што скажуць разумныя людзі Еўразіі — гэта значыць мы. Што ў гэтым дрэннага? Ну, пачакаем — пабачым».
«Паклікалі — забяспечце працаўладкаванне і роўныя ўмовы са сваімі грамадзянамі»
Адной з прычын таго, што цяпер адбываецца ў свеце, кіраўнік дзяржавы назваў міграцыйны крызіс. «Разгул „дэмакратыі“ прывёў да расколу грамадзянскай супольнасці палохаючых, вялікіх памераў, — канкрэтызаваў ён. — Мы назіраем пажаранебяспечную сітуацыю ў Германіі, Францыі, Польшчы, Малдове, Грузіі і іншых. Ды і саму Амерыку ліхаманіць апошняе дзесяцігоддзе. Я баюся, што мы можам стаць сведкамі ўнутранай грамадзянскай вайны ў ЗША. Усё да гэтага ідзе і яны, вар’яты, робяць гэта ўласнымі рукамі і яшчэ прэтэндуюць на тое, каб наводзіць парадак у свеце, у нашым свеце. У сябе трэба разабрацца спачатку і прадэманстраваць гэта ўсёй сусветнай супольнасці. Тады, можа быць, мы і паслухаем нешта з вуснаў палітыкаў Злучаных Штатаў. Але тое, што мы чуем цяпер — гэта жудасна».
Гібель і збіццё бежанцаў і мігрантаў на тэрыторыі краін калектыўнага Захаду, па словах Прэзідэнта, сталі страшнай штодзённай рэальнасцю, аб чым сусветныя СМІ і глабальныя палітыкі маўчаць. «Затое абвінавачанні Беларусі ў стварэнні дадзенага крызісу не сыходзяць з першых палос, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Нібыта мы вінаваты ў гэтым сусветным міграцыйным крызісе. Пры тым, што асноўны маршрут гэтых людзей не мяняецца шмат гадоў — праз Міжземнае мора і Балканскі паўвостраў штогод праходзіць да паўмільёна чалавек. Еўропа няздольная ў сябе навесці парадак, але добра ведае, як адцягнуць ад унутраных праблем, — прызначыць знешняга ворага».
І ў беларускага Прэзідэнта маса прыкладаў. «Я хачу задаць у гэтай разумнай аўдыторыі адно пытанне: навошта выбудавалі жалезны занавес, супраць якога змагаліся на маіх вачах, на вашых вачах, апошнія дзесяцігоддзі?» — удакладніў ён і прапанаваў тых, каму гэта цікава, адвесці на граніцу і паказаць гэты жалезны занавес, які губіць увесь раслінны і жывёльны свет, асабліва ў Белавежскай пушчы.
«Чаму ўсе маўчаць, калі збіваюць бедных гэтых людзей, забіваюць і праз граніцу, праз гэты плот, нам падкідваюць? Чаму маўчым? — пацікавіўся кіраўнік дзяржавы. — Бо гэта пачатак вялікай бяды. Заўсёды з малога нешта пачынаецца».
Кажучы аб міграцыйным крызісе, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь абсалютна ні ў чым не вінавата, і нагадаў прадгісторыю гэтай праблемы. «Да таго, як супраць нас развязалі эканамічную бойню і ў сродках масавай інфармацыі, мы супрацоўнічалі з Еўрапейскім Саюзам, — паведаміў ён. — Еўрапейскі Саюз папрасіў пабудаваць у нас нейкія прытулкі для мігрантаў, якія будуць ісці праз Беларусь. Заключылі дагавор аб рэадмісіі. Дамовіліся з расіянамі, бо ў аднабаковым парадку гэта не працуе. Пачалі працаваць — увялі эканамічныя санкцыі, накінулі нам на шыю пятлю і пачалі душыць. І кажуць: «Вы нас абараняйце ад мігрантаў».
У такім выпадку Прэзідэнт сказаў калі не дыпламатычна, дык затое прама і шчыра: «Хлопцы, мы не будзем вас абараняць. Мы не будзем, як раней, іх лавіць на гэтай граніцы. Па многіх прычынах. Вы разбурылі на Блізкім Усходзе дзяржавы, вы задушылі Афрыку. Замест таго, каб дапамагчы Афрыцы на ногі ўстаць, вы пачынаеце іх неміласэрна эксплуатаваць. Увялі неакаланіалізм. Вы пачалі вайну ў Афганістане, Іраку і гэтак далей, разбурылі гэтыя дзяржавы. А потым цывілізаваны Захад у сувязі з тым, што няма каму працаваць у Германіі, Францыі і іншых дзяржавах, паклікаў гэтых людзей да сябе. Ну яны і пайшлі. Яны менш ішлі праз Беларусь, бо можна было праз Украіну трапіць. Можна было да апошняга часу праз Фінляндыю з Расіі трапіць. Сёння гэта немагчыма: Фінляндыя выбудавала амаль плот, а ва Украіне ідзе вайна. Куды яны пойдуць? Яны рынуліся праз нашу граніцу. Яшчэ раз паўтараю: мы шчыра сказалі — з пятлёй на шыі мы перад вамі стаяць на каленях не будзем і лавіць мігрантаў не будзем. Рабіце з імі самі тое, што вы хацелі. Вы хацелі іх уладкаваць на працу, ну працаўладкоўвайце іх. У чым мы не маем рацыю? Але самае галоўнае, вы развязалі супраць нас эканамічную перш за ўсё вайну. І не толькі эканамічную. Чаму мы вас павінны абараняць? Вось і ўся развязка гэтага міграцыйнага крызісу».
Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў, што Еўрасаюз сам запрасіў гэтых няшчасных людзей да сябе, а сёння аб’явіў іх гібрыднай пагрозай і ламае галаву над планамі высылкі, але пакуль не прыдумаў, хто замест іх будзе працаваць. «Я не хачу даваць ніякіх парад, але скажу адно: паклікалі — забяспечце працаўладкаванне і роўныя ўмовы са сваімі грамадзянамі і разбярыцеся, могуць яны ў вас жыць або не», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
«Далейшае разрастанне ўкраінскага і блізкаўсходняга канфліктаў пагражае непапраўнымі наступствамі глабальнага маштабу»
«Другое — ваенная бяспека. Дзяржавы ўсё часцей вымушаны прымяняць ваенную сілу для абароны свайго суверэнітэту, унутранай стабільнасці або недапушчэння эскалацыі, што вельмі важна сёння, — канстатаваў беларускі лідар. — Далейшае разрастанне ўкраінскага і блізкаўсходняга канфліктаў пагражае непапраўнымі наступствамі глабальнага маштабу. Але, сканцэнтраваўшы ўвагу толькі на гэтых двух ачагах, свет чамусьці ігнаруе той факт, што сёння налічваецца каля 55 узброеных канфліктаў. У іх штодзень тысячамі гінуць людзі».
Да прыкладу кіраўнік дзяржавы прывёў еменскі канфлікт, які, па яго словах, засвечваць калектыўнаму Захаду быццам бы нязручна. «А я вам скажу, калі ўзяць перспектыву, то там Блізкі Усход і Украіна разам узятыя адпачываюць, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Там можа адбыцца такая катастрофа ў Індыйскім акіяне і ў тым заліве, які хусіты кантралююць, што нам і не снілася. Можа, гэтыя гарачыя кропкі ад некага далёка? Можа, не такія цікавыя з пункту гледжання атрымання палітычных і эканамічных выгод? Але іх разбуральны патэнцыял не менш небяспечны».
Беларускі лідар адзначыў, што ўсе прысутныя на канферэнцыі сёння павінны канстатаваць, што фактычна не засталося законных міжнародна-прававых інструментаў, якія фарміруюць гарантыі ў сферы ваеннай бяспекі. «Па вялікім рахунку засталіся толькі два дагаворы: аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі і аб стратэгічных наступальных узбраеннях, — канкрэтызаваў ён. — Ды і тыя не працуюць: першая практычна не выконваецца, а другая маральна састарэла. Што асабліва паказальна, не вядзецца ніякай работы па заключэнні новых пагадненняў у гэтай сферы. Значыць, камусьці яны не патрэбны. І гэта найперш — на сумленні палітыкаў, але не ваеннаслужачых».
«Пры чым тут дыктатура і ўлада ў Беларусі, калі гэта датычыцца звычайных людзей?»
«Трэцяе — эканоміка. Незаконнымі санкцыямі абкладзена паўсвету, нелегітымнымі абмежаваннямі паралізаваны цэлыя галіны эканомікі, — канстатаваў Прэзідэнт. — Права прыватнай уласнасці знішчана. А калектыўны Захад нас дзесяцігоддзямі вучыў, што такое прыватная ўласнасць. І дзе яна? Арыштоўваюцца дзяржаўныя актывы і проста нахабна раскрадаюцца суверэнныя фінансавыя рэсурсы. Узрываюцца газаправоды, перакрываецца доступ да мора. Набыццё тавараў заходніх брэндаў больш не з'яўляецца гарантыяй тэхналагічнай бяспекі, бо ў любы момант нам могуць адмовіць у пастаўках запасных частак ці ў сэрвісным абслугоўванні».
У Беларусі гэта ўжо ўбачылі. «У Расіі, напэўна, — тым больш, — дадаў Аляксандр Лукашэнка. — Па іх прапанове, просьбах, у канкурэнтнай барацьбе яны заваявалі права пастаўляць на наш рынак медыцынскае абсталяванне (усялякіх там Siemens і гэтак далей). Абслугоўвання няма, запчасткі набыць легальна немагчыма. Гэта што? Гэта ж здароўе людзей! Прычым тут Лукашэнка? Пры чым тут дыктатура і ўлада ў Беларусі, калі гэта датычыцца звычайных людзей?»
Прэзідэнт заўважыў, што падарваная сістэма міжнароднага падзелу працы, якую мы з такімі намаганнямі выбудоўвалі. А наступны крок, па меркаванні кіраўніка дзяржавы, — гэта пашырэнне пратэкцыянізму і закрытыя эканомікі. «Мы што, будзем рухацца не наперад, а назад?» — слушна задаў рытарычнае пытанне беларускі лідар.
Пры гэтым, па яго словах, у стагоддзе высокіх тэхналогій на парадку дня па-ранейшаму востра стаіць пытанне недахопу харчавання. «Маштабы голаду на планеце ўжо набліжаюцца да лічбаў пасляваенных гадоў, — праінфармаваў кіраўнік дзяржавы. — Галадае каля 750 мільёнаў чалавек, яшчэ амаль 3 мільярды не маюць паўнацэннага харчавання. Гэта як называць? Пры гэтым краіны — экспарцёры харчавання, угнаенняў, сельгастэхнікі пазбаўляюцца па палітычных матывах права пастаўляць сваю прадукцыю туды, дзе ў ёй маюць вострую патрэбу. А тыя, хто ўводзіць санкцыі, не саромеюцца наведваць найбяднейшыя краіны, каб папіярыцца на раздачы гарачых піражкоў галодным дзецям, і з адказных палітыкаў ператварыліся ў хайпуючых блогераў».
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка расказаў, што нядаўна яму даводзілася перапісвацца з адным з высокапастаўленых чыноўнікаў ЗША. Апошнія, па словах кіраўніка дзяржавы, палохалі нас тым, што калі мы, не дай Бог, дапаможам Расіі або зойдзем ва Украіну праз поўнач, то супраць нас увядуць санкцыі і пачнуць вайну. «Я ім напісаў: „Паспрабуйце“ (наконт вайны). А з нагоды санкцый, гэта важна, мы ж веруючыя людзі (мы ж веруючыя людзі!). Не буду казаць аб адказе», — раскрыў падрабязнасці перапіскі беларускі лідар.
Ëн падкрэсліў, што, накіраваныя на разбурэнне нацыянальных эканомік, насамрэч санкцыі працуюць супраць простых людзей. «У такіх умовах аб якім выкананні абавязацельстваў па Мэтах устойлівага развіцця ААН можа быць гаворка? — пацікавіўся Прэзідэнт. — Цалкам відавочна, што без бандыцкіх забарон і абмежаванняў Захада свет нашмат бліжэй прасунуўся б да рашэння гэтых задач».
«Усё, за што яны бяруцца пад сцягам дэмакратызацыі і паляпшэння міру, прыводзіць да адваротнага»
«Чацвёртае — інфармацыйная бяспека. Сродкі масавай інфармацыі ператварыліся ў рэальную зброю, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Пост-праўда, бясконцыя фэйкі, маніпуляванне грамадскай думкай, завалоданне фінансавымі сродкамі, арганізацыя дзяржаўных пераваротаў маюць транснацыянальны характар — па сваёй магутнасці гэта больш небяспечна за любую ваенную інтэрвенцыю. І толькі паспрабуй пашавяліцца не так, як яны там спланавалі. Ладна, спланавалі загадзя... Як яны падумалі сёння: не з той нагі ўсталі раніцай — і пайшло».
У сувязі з гэтым Прэзідэнт правёў у прыклад Грузію. Ëн звярнуў увагу на тое, што грузіны хочуць празрыстасці ў сваёй краіне ў палітыцы, эканоміцы, іншых сферах. Аб гэтым сведчыць і рашэнне на заканадаўчым узроўні, калі парламент Грузіі прыняў закон аб празрыстасці іншаземнага ўплыву. «Пры тым адзін у адзін паўтарылі тое, што ёсць у Амерыцы, і нават мягчэй зрабілі, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — А не параіліся загадзя. А прачнуўся дзядзька Джо ці яшчэ нехта там у Еўрасаюзе і не так падумаў, не так паглядзеў — знішчаюць краіну».
Пры гэтым абвінавачваюць у гэтым Расію. Беларускі лідар падкрэсліў, што Расія не мае да гэтага ніякага дачынення. «Мы сапраўды перажывалі, — падзяліўся Прэзідэнт. — І на апошнім саміце БРІКС, сустракаючыся з суседнімі дзяржавамі Грузіі, мы за грузінаў перажывалі. Паслухайце, навязаць грузінам ЛГБТ нейкае... Грузінам, якія ў Савецкім Саюзе былі самымі крутымі хлопцамі, мужыкамі. А ім ЛГБТ нейкае навязваюць. Ды не прымуць гэта грузіны, яны ўсё жыццё на жанчын глядзелі, з пялёнак. А яны ім — ЛГБТ. На Каўказе — ЛГБТ...»
Самыя перадавыя распрацоўкі ў галіне штучнага інтэлекту, біятэхналогій, нейрасетак, квантавай фізікі, як звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, усё часцей спрабуюць прымяніць для стварэння тэхналогій знішчэння чалавецтва. У гэтай сувязі Прэзідэнт быў бы рады, калі б усё гэта ўбачыў Бог, прыняў нейкія рашэнні, кожнаму даў тое, што ён заслугоўвае.
«Грамадства яшчэ не раз здрыганецца, калі выявяцца абуральныя факты рэальнай дзейнасці амерыканскіх біялабараторый па ўсім свеце, асабліва па перыметры Беларусі і Расіі, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Я мог бы доўга пералічваць гэтыя „дасягненні“ заходняй цывілізацыі. Ды і заходнюю цывілізацыю таксама можна ўзяць у двукоссі. У свой час Махатма Гандзі на пытанне, што ён думае аб заходняй цывілізацыі, вы ведаеце, мудра адказаў: „Думаю, гэта была б нядрэнная ідэя“. Задоўга да нас. Мудры чалавек. Усё, за што яны бяруцца пад сцягам дэмакратызацыі і паляпшэння міру, прыводзіць да адваротнага. Ірак, Сірыя, Лівія, Афганістан, краіны Афрыкі, а сёння Украіна — бясспрэчныя прыклады. Вось вынік аднапалярнага свету. Не працуе. Ды і не магло спрацаваць».
«Трэба рухацца, трэба дамаўляцца»
Выказаўся беларускі лідар і па ўкраінскім пытанні. «Паколькі мы тут побач і гэта тое, што нас датычыцца, — патлумачыў кіраўнік дзяржавы. — Апошнія мае кантакты (я пра гэта казаў пару разоў) з разумнымі прадстаўнікамі цывілізаванага Захаду сведчаць аб тым, што ў нас намеціўся нейкі крэн. Захад, нарэшце, сыходзячы з таго, што я ведаю, зразумеў, што трэба дамаўляцца па Украіне. Я так па-спартыўнаму кажу: магчыма, быць нічыі, калі сёння».
Хаця, як удакладніў Аляксандр Лукашэнка, кожны дзень сітуацыя мяняецца. І Уладзімір Пуцін, як заўважыў яго беларускі калега, меў рацыю, калі прапаноўваў сесці за стол перагавораў і дамаўляцца. «Потым адбылася Курская вобласць, потым сур’ёзныя прасоўванні расіян на асноўным фронце па ўсім фронце — сітуацыя на зямлі памянялася, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — Я ж пра гэта папярэджваў даўно, і заходнікаў».
І на нядаўніх перагаворах з Аляксандрам Лукашэнкам прадстаўнікі Захаду адкрытым тэкстам сказалі, што гэта не яны сёння не хочуць міру, усё ўпіраецца ў аднаго чалавека. «Можна сказаць, не далі б грошай, зброі, можа, вайна скончылася б, — кажуць, што гэта вельмі проста, — давёў пазіцыю заходнікаў на заканчэнне канфлікт ва Украіне Прэзідэнт. — Зразумела, што Захад хоча захаваць твар. Ён жа не можа, як у Афганістане (вы памятаеце, як паласкалі амерыканцаў), калі, чапляючыся за шасі, іх прыхільнікі падалі на зямлю. Яны так сысці не могуць. Яны паабяцалі Валодзю Зяленскаму пэўныя выдаць „пернікі“ ў выглядзе зброі, боепрыпасаў і дапамагаць Украіне, пакуль не загіне, як я кажу, апошні ўкраінец. Твар хочуць захаваць».
А на іншым баку, канкрэтна ў Уладзіміра Зяленскага, па словах кіраўніка дзяржавы, — амбіцыі. «Там чалавек не разумее, што вайна доўга ўжо ідзе на яго тэрыторыі і што гінуць яго людзі, — акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Нядаўна ён прызнаў: ваяваць няма каму. Так гэта было год таму вядома. І лавіць і пад аўтаматам весці на фронт людзей, якія праз пару тыдняў здаюцца ў палон, расіянам, а потым тэлефануюць нам — „дапамажыце абмяняць“. Мы ведаем гэтыя абмены-размены. Разумею, колькі людзей абменьваецца. Магу вам апошні прыклад прывесці. Расіяне вярнулі ім паўтысячы чалавек, яны — менш за100, 80. Ужо і палонных расіян там няма. Вось так і вайна ідзе — адзін да дзесяці. І ўсё ўпёрлася ў іх. Ну, думаю, у Расіі і Украіне людзі яшчэ засталіся разумныя. Ва Украіне — гэта перш за ўсё людзі ваенныя, якія хочуць скончыць гэтую бойню».
Небяспечнай беларускі лідар лічыць эскалацыю канфлікту. «Чаму сёння ўхапіліся за нейкіх паўночнакарэйцаў і іншых, хаця на лініі фронту ні расіяне, ні ўкраінцы, і мы іх там не бачым, — паведаміў Прэзідэнт. — А як дапамагаюць Паўночная Карэя, Беларусь, аб гэтым ведае толькі Расія і мы. Але гэта пагражае эскалацыяй. І гэты факт раздуваюць. Яны яго раздуваюць для чаго? Каб канчаткова націснуць на Еўрапейскі Саюз і ўвесці войскі НАТА ў гэты канфлікт. У іншым выпадку будзе паражэнне».
Пры гэтым беларускі лідар, што ні Расіі, ні Украіне, ні нам і ўсяму еўразійскаму кантыненту гэта таксама не патрэбна. «Але небяспека вялікая, — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы. — Таму сёння, перш чым высоўваць нейкія з аднаго і другога боку канцэпцыі і „план перамогі“, як гэта называецца ў іх (ва ўкраінцаў.), або яшчэ нешта (усё гэта магчыма, нават глупства), трэба сесці за стол перагавораў. Без папярэдніх умоў. Пуцін правільную ім прапанаваў формулу: для таго, каб сесці за стол перагавораў, патрэбна хаця б нешта ўяўляць, аб чым будзе размова. А што тут уяўляць? Тры раунды ў Беларусі, адзін раунд у Стамбуле — выпрацавалі канкрэтны дакумент. Я паглядзеў: там усё агульнае, там няма ніякіх абавязацельстваў. Чаму б Украіне не сесці за стол перагавораў і не пачаць з гэтага дакумента? Вядома, ён такім не будзе. І не толькі таму, што Украіне не хоча. І Расія не захоча ў сілу таго, што, як я сказаў, на зямлі памянялася сітуацыя. Ну чаму б сёння з гэтага не пачаць?»
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што на полі бою Украіна не пераможа. Гэта, па яго словах, разумеюць ужо і ўкраінцы, і на Захадзе. «Ну дык трэба рухацца, трэба дамаўляцца, — перакананы Прэзідэнт. — Кожны дзень гінуць тысячы ні ў чым не вінаватых людзей з абодвух бакоў».
«Потым разбяромся з прычынамі. Трэба пачаць вырашаць пытанне за сталом перагавораў»
Праінфармаваў кіраўнік дзяржавы і аб іншых дэталях апошніх перагавораў з прадстаўнікамі Захаду, якія да нядаўняга часу лічылі, што ва ўсім вінавата Расія. «Яны нарэшце пачалі разумець маю формулу, калі я ім казаў: не бывае так, што, калі канфлікт з двух бакоў, адзін бок вінаваты, — сказаў беларускі лідар. — Абавязкова ў чымсьці вінаваты і другі — вінаваты абодва бакі. Але сёння пытанне не ў прычынах. Потым разбяромся з прычынамі. Трэба пачаць вырашаць пытанне за сталом перагавораў. Тады магчыма спыненне баявых дзеянняў пры пэўных умовах, а, магчыма, і адвядзенне ад лініі боесутыкнення войскаў. Усё магчыма, але людзі не будуць гінуць. Потым будзем казаць аб прычынах».
Пры гэтым кіраўнік дзяржавы пагадзіўся, што і Еўрапейскаму Саюзу няпроста. «Адзін выгадаатрымальнік — думае, што схаваецца за хвалямі Атлантычнага акіяна, — патлумачыў ён. — Нічога не атрымаецца — свет памяняўся».
Пракаменnаваў Прэзідэнт і абвінавачванне заходнікамі беларусаў у суагрэсарстве: маўляў, з нашай тэрыторыі расіяне зайшлі на тэрыторыю Украіны. «Я так жартам кажу — гэта да Зяленскага пытанне: чаму шлях ва ўсходнюю Расію аказаўся праз Кіеў карацейшым? — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Так, сапраўды ў нас ішлі вучэнні, вельмі маштабныя, на поўдні Беларусі. Вучэнні скончыліся. Расія пачала выводзіць свае войскі па поўдні, уздоўж граніцы Украіны. Палова была выведзена. Займіцеся пытаннем і з часам стане вядома, хто справакаваў астатнюю частку расійскіх войскаў, каб яны павярнулі 20 кіламетраў на поўдзень і пайшлі праз Кіеў?»
Нагадаў Аляксандр Лукашэнка і тое, як у свой час і Папа Рымскі, і ўвесь Захад прасілі Прэзідэнта Расіі спыніцца. «Яны ўжо ў прадмесці Кіева былі, на ўскраіне Кіева былі войскі — ніхто іх не стрымаў, — заўважыў ён. — Мне тэлефанавалі генералы ўкраінскія, прасілі звязацца з Пуціным, каб спыніць вайну і неяк здацца ў палон. Усе падключыліся, пачалі ціснуць на Пуціна: „Усё дамовімся, не будзем і гэтак далей“. Адвялі войскі ад Кіева. Што потым? У Кіеве войскі былі. Захоп сталіцы — гэта крыж. Што, гэтага ваенныя не разумелі ў Расіі? Разумелі. Яшчэ раз паверылі. І які вынік? Вось мы бачым».
Каб канчаткова «дабіць» заходнікаў фактамі, Прэзідэнт прывёў у прыклад Адэсу, калі ў 2014 годзе спалілі рускамоўных жыхароў. «Навошта вы спалілі сваіх людзей, гэта ж грамадзяне Украіны? — паставіў пытанне Аляксандр Лукашэнка. — За тое, што яны размаўляюць на рускай мове? Чаму пачалі прыгнятаць за рускую мову людзей там? А ў Данбасе што рабілася? Гэта нарадзіла ў Расіі, на вашых і маіх вачах, цэлую хвалю, якая накрыла кіраўніцтва Расіі, Прэзідэнта Пуціна — „абараніце рускіх“ усе бегалі і крычалі. А наперадзе ўсіх былі творчыя людзі. Пуцін абараніў. Якія пытанні? Вось вам прычыны. Навошта было трэба ствараць на тэрыторыі Украіны антырасію? Навошта трэба было прыгнятаць людзей за тое, што яны хочуць размаўляць на рускай мове?»
У гэтай сувязі кіраўнік дзяржавы неаднаразова прыводзіў у прыклад кіраўніцтву Украіны наша моўнае пытанне, якое было вырашана падчас рэферэндуму ў 1995 годзе, калі рускай мове нароўні з беларускай быў нададзены статус дзяржаўнай. «Людзі адказалі: не чапайце рускую мову, вялікую рускую мову, як калісьці мы казалі, — нагадаў Аляксандр Лукашэнка. — Пераклад у Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, на іншых пляцоўках — няма рускай мовы там у пераліку? Ёсць. Чаму вы забараняеце? Ну няхай яны размаўляюць на рускай мове. Нам жа не забараняюць на беларускай мове размаўляць. Мы размаўляем на сваёй мове, на рускай мове, англійская вельмі інтэнсіўна цяпер вывучаецца і іншыя мовы. Чаму вы пачалі душыць людзей за гэта? А ўявіце, калі б у вашых дзесьці краінах забаранілі мову, на якой размаўляе 100 % насельніцтва. І ўсё гэта дайшло да бойкі».
Па словах Прэзідэнта, трэба было спыніцца пасля мінскіх пагадненняў. «Аказваецца, калектыўны Захад сюды прыехаў для таго, каб у чарговы раз нас кінуць, падмануць, перш за ўсё Расію, — канстатаваў ён. — Аб гэтым Ангела Меркель і іншыя кажуць адкрыта. Як гэта называецца? Таму перш чым нас папракаць, разбярыцеся». Кіраўнік дзяржавы патлумачыў, што ўсё гэта ён кажа ўдзельнікам канферэнцыі, якія, безумоўна, з’яўляюцца разумнымі людзьмі, якія заўтра будуць рэкамендаваць вышэйшаму кіраўніцтву, як жыць, для таго, каб яны ўсё гэта ведалі і ўяўлялі.
«Калі нейкая новая арганізацыя заменіць ААН, што ў гэтым дрэннага?»
Выснова адна, як звярнуў увагу Прэзідэнт, — патрэбна альтэрнатыва. «У жыцці заўсёды і ўсюды патрэбна альтэрнатыва, — удакладніў ён. — Няма альтэрнатывы, манапалізацыя — бяда. Патрэбна адказнасць абсалютна іншага ўзроўню».
Рэакцыяй на гэты запыт, па словах кіраўніка дзяржавы, стала з’яўленне літаральна на нашых вачах рэгіянальнай ШАС і глабальнай БРІКС як платформ для аб’яднання аднадумцаў. «Гэта значыць людзі ў свеце пачалі шукаць нейкі выхад з аднапалярнага свету, — патлумачыў Аляксандр Лукашэнка. — Самаарганізацыя глабальнай большасці — гэта сёння страшны сон заходніх неалібералаў і псеўдадэмакратаў. Больш за тое, эканамічны ціск, палітычны шантаж прывялі да адваротнай рэакцыі — большасць усвядоміла сваё сапраўднае становішча, рэальную вагу і ўплыў на сусветнай арэне».
Глабальны Поўдзень і Усход, як падкрэсліў беларускі лідар, настойліва патрабуюць прынцыпова іншых механізмаў прадстаўленасці і свайго ўдзелу ў сучасных працэсах. «І зусім справядліва пачынаюць адстойваць свае законныя інтарэсы ў міжнародных арганізацыях, — лічыць Прэзідэнт. — Але не будзем, як на Захадзе кажуць, прапагандыстамі (хаця нічога дрэннага ў гэтым не бачу). Будзем шчырыя і наконт нашых чаканняў і надзей — наконт ШАС і БРІКС. Гэтую ідэю я выказаў на пасяджэнні ШАС у свой час і прытрымліваюся дагэтуль гэтай пазіцыі».
Кажучы пра ШАС і БРІКС, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што мы вельмі шмат надзей сёння ўскладаем на глабальныя і рэгіянальныя арганізацыі, і гэта нягледзячы на паспяховае правядзенне ў Казані саміту БРІКС. «На жаль было бачна, што целяпаемся мы, па-народнаму кажучы, а не робім канкрэтных крокаў для развіцця гэтай глабальнай арганізацыі БРІКС, — перакананы беларускі лідар. — А людзі ж хочуць альтэрнатывы».
Пры гэтым, па словах кіраўніка дзяржавы, некаторыя апраўдваюцца: маўляў, гэта не альтэрнатыва ААН, мы не супраць ААН. «Чаго мы апраўдваемся? — задаў слушнае пытанне Прэзідэнт. — Калі нейкая новая арганізацыя заменіць ААН, рэальна заменіць, што ў гэтым дрэннага? Што мы бачым у апошні час у ААН? Каб туды прыехаць — могуць і візу не даць. Сёй-той ужо праз гэта прайшоў. Хаця гэта міжнародная арганізацыя. А прыехаў туды — у лепшым выпадку ты выступіш на гэтай канферэнцыі і цябе пакажуць па нацыянальных каналах у тэлевізары. Ну мы і так можам выступіць для сябе. Усё астатняе пакажуць тое, што не шкодзіць калектыўнаму Захаду, бо яны дамінуюць у сродках масавай інфармацыі».
Гэта датычыцца і рашэнняў, якія ў апошні час прыняла Арганізацыя Аб’яднаных Нацый. «Якія карысныя рашэнні? Ніякіх, — канстатаваў беларускі лідар. — І рэфармавацца не хочуць, бо для таго, каб рэфармавацца істотна, патрэбен кансэнсус або галасаванне ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый на пленарным пасяджэнні, дзе зноў жа калектыўны Захад душыць усіх запар: санкцыі ўвядзём, грошай не дадзім, долары не дадзім, плацяжоў не будзе і іншае. Каму патрэбна такая арганізацыя? Таму чаго тут апраўдвацца? БРІКС калі і зойме сваё месца (не месца ААН, яшчэ шмат трэба над гэтым працаваць), а пачне ажыццяўляць інтарэсы дзяржаў, якія удзельнічаюць, нічога дрэннага не будзе». Менавіта гэта арганізацыя, па меркаванні кіраўніка дзяржавы, можа стаць свайго роду «міні-ААН».
«Калі будзе і далей так (з БРІКС асабліва, ШАС ужо арганізацыя мацнейшая, рэгіянальная няхай нават), людзі проста адвернуцца, — папярэдзіў Прэзідэнт. — Людзі цяпер шукаюць выхад. Трэба гэты выхад ім паказаць. Каму? Перш тым пяці дзяржавам, якія арганізавалі БРІКС. Або Шанхайскай Арганізацыі Супрацоўніцтва рэгіянальнай — Кітай і Расія, у тым ліку і Індыя. Пакажыце, пайдзіце наперад. Вы ж зрабілі першы крок, каб і да вас павярнулася ўсё чалавецтва. Але пакуль гэтага не бачым. Мякка кажучы, над гэтым яшчэ трэба будзе працаваць, каб задаволіць спадзяванні сусветнай супольнасці».
«Мінск павінен быць за перагаворным сталом, калі гэта будзе датычыцца ўрэгулявання канфлікту ва Украіне»
Найгоршае, што можа цяпер здарыцца, па меркаванні беларускага лідара, — гэта татальная мілітарызацыя планеты. «Тады „ўспыхне“ вельмі хутка і з вялізнымі наступствамі для ўсіх нас, — папярэдзіў ён. — Для гэтага ўжо зараз трэба думаць, як скінуць баласт ваенных супярэчнасцяў і расходаў, знайсці новы ключ да вырашэння бягучых праблем і стварыць працуючыя механізмы забеспячэння глабальнай бяспекі».
Такі ключ, як раней казаў Прэзідэнт, знаходзіцца ў Еўразіі з яе тысячагадовым досведам узаемадзеяння культур і цывілізацый. «Тут перасякаюцца ўсе сусветныя восі, — патлумачыў ён. — Як будзе тут у будучыні, так будзе ва ўсім свеце. Менавіта ў Еўразіі знаходзяцца краіны, якія здольны ўзначаліць рух да ўсеагульнай бяспекі і ўжо вылучылі шэраг ініцыятыў». Аляксандр Лукашэнка мае на ўвазе прапановы Расіі па пабудове інклюзіўнай і справядлівай сістэмы калектыўнай бяспекі, ініцыятывы Кітайскай Народнай Рэспублікі ў галіне глабальнай бяспекі з фарміраваннем «супольнасці адзінага лёсу», Індыі — аб заключэнні ўсёабдымнага Глабальнага дагавора аб развіцці.
«Палова насельніцтва ў гэтых краінах пражывае, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Гэта самая магутныя ў ваенных адносінах ваенна-палітычныя дзяржавы. Чаму не падтрымліваюцца гэтыя ініцыятывы?»
У той жа час Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Еўропе сёння вялікая колькасць праблем. «Вайна ж ідзе, — канкрэтызаваў беларускі лідар. — А ў нас жа ёсць цэлая арганізацыя — Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ). Чым яна займаецца? Чаму дагэтуль не сабраліся людзі, і не селі за стол перагавораў, і не пачалі размаўляць, як будзем жыць далей. А таму што некаторыя нееўрапейскія дзяржавы, якія ўлезлі да нас сюды, гэтага не хочуць».
Геаграфічна знаходзячыся ў сэрцы кантынента, Беларусь таксама паслядоўна выступае за названыя ініцыятывы і праводзіць міратворчую палітыку. «Нас у гэтым не папракнеш, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Але тут ёсць адна праблема, над якой я прапаную падчас канферэнцыі паразважаць. З аднаго боку, запушчаны літаральна марафон мірных ініцыятыў. Мы вітаем любыя намаганні па дээскалацыі абстаноўкі. Напэўна, расіяне толькі атрымалі столькі ініцыятыў, што міністр замежных спраў Сяргей Лаўроў не паспявае іх фіксаваць па канфлікце ва Украіне — іх мора. З другога — у наяўнасці фрагментацыя перагаворнага працэсу, паколькі розныя краіны аб’ектыўна імкнуцца да рэгіянальных цэнтраў сілы. Гэта ўскладняе пошук прымальных кампрамісаў. Чым хутчэй мы аб’яднаем свае намаганні, тым хутчэй яны будуць знойдзены».
І ў гэтай сувязі Прэзідэнт агучыў інтарэс Беларусі — Мінск павінен быць за перагаворным сталом, калі гэта будзе датычыцца ўрэгулявання канфлікту ва Украіне. «Гэта пытанне гарантый нашай бяспекі, — патлумачыў ён. — Больш мы нічога не патрабуем у гэтым плане. Гатовы ў гэтым кірунку працаваць».
«Мы — людзі, якія ўмеюць цаніць дабро і дабром на гэта адказваць»
Прэзідэнт агучыў шэраг першарадных захадаў па дээскалацыі напружанасці ў свеце, як гэта бачыцца нам з цэнтра Еўропы.
Першае. «Для рэальнай разрадкі абстаноўкі, стварэння ўмоў дыялогу неабходна вывесці амерыканскую ядзерную зброю з тэрыторыі краін Еўразіі, — лічыць кіраўнік дзяржавы. — Гэты смяротны арсенал — анахранізм халоднай вайны. Тады і мы ў баку не застанёмся. Гэта я адказваю тым, хто перажывае за тое, што ў нас сёння размешчана ядзерная тактычная зброя на тэрыторыі Беларусі. Толькі не забывайце, што зусім нядаўна стратэгічнае вывелі ўзбраенне. Самае перадавое, якое сёння на ўзбраенні ў Расіі. І гэта перш за ўсё патрабавалі Злучаныя Штаты Амерыкі».
Другое. «Неабходна выключыць практыку прымянення незаконных санкцый без рашэнняў Савета бяспекі ААН і стварыць дзейсны механізм міжнародна-прававых гарантый, якія не дапускаюць выкарыстанне такога спосабу ціску», — перакананы беларускі лідар. Ён нагадаў, што ў Будапешце моцныя свету ўсяго нам, Украіне і Казахстану гарантавалі многае — толькі каб мы аддалі сваю ядзерную зброю. «Прамым тэкстам выключаліся эканамічны ціск і санкцыі, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Дзе яно?»
Трэцяе. «Трэба распрацаваць новы дагаворна-прававы механізм па стварэнні празрыстага, зразумелага ўсім рэжыму кантролю за новымі смяротнымі тэхналогіямі, здольнымі знішчыць усё чалавецтва і без ядзернай зброі: лазеры, гіпергук, квантавыя і электрамагнітныя сістэмы, іншыя перадавыя распрацоўкі з не да канца вывучанымі ўласцівасцямі», — прапанаваў Прэзідэнт. Гэта прапанова адносіцца і да распрацовак у сферы штучнага інтэлекту. Кіраўнік дзяржавы ўзгадаў лекцыю на Блізкім Усходзе, якая калісьці праходзіла на гэтую тэму. «Я задаю пытанне — скажыце, а ці не атрымаецца так, што мы не патрэбны будзем? — пацікавіўся Прэзідэнт у аднаго з лектараў. — І яны мне сказалі: „Спадар Прэзідэнт, на гэтае пытанне мы вам адказаць не можам. Можа быць“. Дык што, мы самі сабе рыхтуем знішчэнне?»
Чацвёртае. «У кіберсферы таксама бескантрольна развіваецца цэлая індустрыя, накіраваная на стварэнне і ўкараненне шкоднасных рашэнняў, якія цягнуць наступствы глабальнага маштабу, — праінфармаваў Аляксандр Лукашэнка. — Ніякая ядзерная зброя не трэба. Неабходна прыняць міжнародны прававы акт аб кіберненападзенні, які прадугледжвае адмову ад прымянення адзін супраць аднаго гэтай зброі, а таксама фарміраванне сістэмы кантролю за яе распрацоўкай і выкарыстаннем. Кіберзброя — і тут ужо хто разумнейшы, той і пераможа».
Рэзюмуючы, кіраўнік дзяржавы адзначыў відавочным тое, што сёння бяспека не можа падтрымлівацца толькі на адным кантыненце. «Мы выступаем за стварэнне агульнай прасторы даверу і супрацоўніцтва паміж Захадам, які застаўся ў меншасці, і глабальнай большасцю, — падкрэсліў ён. — За аб’яднанне краін не супраць каго-небудзь, а ў імя агульнай мэты, каб пазбегнуць фатальнага цывілізацыйнага разлому. За аднаўленне сапраўды раўнапраўнага, узаемапаважлівага і адказнага дыялогу. Лічу, што наша канферэнцыя — найважнейшы крок, накіраваны на фармаванне ўстойлівага міру».
Аляксандр Лукашэнка выказаў удзячнасць замежным гасцям за тое, што прыехалі ў Беларусь. «Я дасведчаны палітык, прабачце за нясціпласць, і ведаю, як збіраюцца на канферэнцыі, — заўважыў ён. — Калі б буйная нейкая дзяржава паклікала на канферэнцыю, я вам скажу, там мора людзей бы было. Але вы прыехалі. Прыехалі — 600 чалавек сёння ўдзельнічае ў гэтай канферэнцыі. Я вам вельмі ўдзячны за гэта. І памятайце, калі ў выніку Беларусь можа ўнесці які-небудзь уклад, нават не ў плане той рэзалюцыі, якую вы выпрацуеце тут або дакумента, мы гэта зробім. Бо мы — людзі, якія ўмеюць цаніць дабро і дабром на гэта адказваць».
Прэзідэнт запрасіў гасцей прыехаць у наступным годзе ў Беларусь для ўдзелу ў сустрэчы, якую плануецца правесці ў фармаце «Еўразія плюс». «Каб голас кожнай краіны, якая хоча ўнесці свой канструктыўны ўклад ва ўстанаўленне глабальнай бяспекі, быў пачуты, — патлумачыў кіраўнік дзяржавы. — Такі крок закліканы стаць пачаткам новага палітычнага працэсу па мерах умацавання даверу, бяспекі і супрацоўніцтва, аналагічнага хельсінкскаму, але які адпавядае рэаліям сённяшняга дня, да чаго я неаднаразова разам з вамі заклікаў усю міжнародную супольнасць».
Пры гэтым беларускі лідар падкрэсліў, што бяспека — толькі адно са звёнаў у сістэме агульначалавечых каштоўнасцяў. Але гэта база, без якой, па яго словах, усё астатняе немагчыма, будзе пустым.
«Трэба адысці ад забабонаў і стэрэатыпаў і пачаць карпатліва выбудоўваць дыялог, крок за крокам шукаць кропкі судакранання і збліжэння, — заклікаў Аляксандр Лукашэнка. — Давайце думаць, як у Беларусі часта кажуць, не пра сябе. Давайце падумаем пра нашых дзяцей, пра нашых унукаў. Ім жыць пасля нас. І вельмі важна — што мы ім пакінем, які свет. Нам усім патрэбен такі свет, у якім хочацца жыць і развівацца. Свет, які не сорамна перадаць будучым пакаленням».
«Трэба адысці ад забабонаў і стэрэатыпаў і пачаць карпатліва выбудоўваць дыялог, крок за крокам шукаць кропкі судакранання і збліжэння, — заклікаў Аляксандр Лукашэнка. — Давайце думаць, як у Беларусі часта кажуць, не пра сябе. Давайце падумаем пра нашых дзяцей, пра нашых унукаў. Ім жыць пасля нас. І вельмі важна — што мы ім пакінем, які свет. Нам усім патрэбен такі свет, у якім хочацца жыць і развівацца. Свет, які не сорамна перадаць будучым пакаленням».
Аўтар: Вераніка Канюта
Звязда, 31 кастрычніка 2024
Звязда, 31 кастрычніка 2024
Кoличество переходов на страницу: 41
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |