Паспрабуем акрэсліць тры верагодныя сцэнарыі развіцця падзей у еўразоне і магчымыя наступствы для Беларусі, а таксама высветліць, што на фоне нарастаючага крызісу рабіць беларускаму бізнесу.
У Еўропе хмары згушчаюцца
Сітуацыя ў еўразоне пагаршаецца, пра што гаворыць шэраг фактаў. У прыватнасці, з'явілася інфармацыя пра тое, што кіраўнікі золатавалютных рэзерваў цэнтральных банкаў знізілі прагноз па еўра да 1,15 долара і пачалі масавы распродаж еўра.
У праблемных краінах еўразоны тым часам працягваюць падаць аб'ёмы прамысловай вытворчасці, пайшоў новы віток падзення цэн на нерухомасць, працягвае асядаць банкаўскі сектар. Стабілізаваць сітуацыю не дапамагаюць нават 100 млрд. еўра, якія краіны ЕС даюць на рэкапіталізацыю банкаў.
Дарэчы, рэйтынгавае агенцтва Fitch знізіла рэйтынг Іспаніі практычна на тры ступені з негатыўным прагнозам. Даходнасць іспанскіх аблігацый рэзка скокнула да 7,25%, тым самым, як і ў выпадку з грэчаскімі, пройшоўшы кропку невяртання, заяўляюць эксперты. Услед скокнула і даходнасць італьянскіх аблігацый. Негатыўныя трэнды сталі праглядацца нават у эканоміцы стабільнай Германіі.
Тры сцэнарыі для Беларусі
Паводле меркавання загадчыка кафедры "Арганізацыя і аналіз прадпрымальніцкіх працэсаў" Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Леаніда Жаўтаногі, сітуацыя ў еўразоне можа развівацца па трох сцэнарыях.
Першы — аптымістычны. Ён мае на ўвазе, што сітуацыя поўнасцю стабілізуецца. У гэтым выпадку Беларусі асцерагацца па сутнасці няма чаго.
Другі сцэнарый — умерана аптымістычны. Пры гэтым сцэнарыі эканоміка Еўропы будзе знаходзіцца ў стане доўгай рэцэсіі, але пры захаванні еўра.
У такім разе, адзначае эксперт, вызначальнымі будуць змяненне цаны на нафту і стан эканомікі Расіі. "Пры цане вышэйшай за 100 долараў за барэль расійская эканоміка вытрымае, а значыць, справімся і мы. Горш, калі цана на нафту знізіцца да 80-90 долараў за барэль. Расійскую эканоміку чакае рэцэсія, з аналагічнай праблемай сутыкнецца і беларуская эканоміка", — адзначае Леанід Жаўтаногі.
Што да беларускага рубля, то ён можа ўпасці да 10 тысяч за долар.
Але самы горшы для Беларусі сцэнарый, і ён жа найболей верагодны, як мяркуе Жаўтаногі, — катастрафічны, які азначае, што еўра знікае як валюта. І гэта будзе сур'ёзным стрэсам не толькі для еўрапейскай, але і для беларускай эканомікі.
"У гэтым выпадку наша эканоміка сціснецца найперш з-за праблем у эканоміцы ў Расіі, выкліканых падзеннем цэн на нафту. Расійскі рубель можа ўпасці да 50 рублёў за долар, а беларускі рубель, не выключана, наогул упадзе да 13-15 тысяч рублёў за долар", — прагназуе Жаўтанога.
Паводле яго слоў, наступствы распаду зоны еўра непрадказальныя. Расія трымае ў еўра значную частку сваіх рэзерваў — прыкладна 200 млрд. У Кітаі рэзервы на 30% сфарміраваны ў еўра.
Тым не менш, адзначае Леанід Жаўтанога, можна спрагназаваць, якія праблемы ў гэтым выпадку накрыюць Беларусь. Адна з іх — абслугоўванне знешняга доўгу. На сёння валавы знешні доўг Беларусі складае 33,4 млрд. долараў, на яго абслугоўванне сёлета спатрэбіцца не менш як 19 млрд. долараў. "Але ў цяперашніх умовах мы наўрад ці зможам гэта зрабіць", — лічыць спецыяліст.
Пры гэтым ён прагназуе адначасова шырокамаштабны адток капіталу. І змякчыць наступствы гэтага не дапаможа ні жорсткая грашова-крэдытная палітыка, ні іншыя меры. Не варта ўскладаць і асаблівых надзей на золатавалютныя рэзервы.
"ЗВР маюць значэнне для стрымлівання спекулятыўнай атакі на рубель. Але ў выпадку шырокамаштабнага адтоку капіталу ЗВР не выратуюць. Бо нам спачатку прыйдзецца ратаваць банкаўскую сістэму. Таму нам трэба быць гатовымі да такога развіцця падзей і праводзіць рэформы. А самае галоўнае, трэба пачаць мерапрыемствы па павелічэнні попыту на беларускі рубель", — мяркуе Леанід Жаўтанога.
Іншыя эксперты ў катастрафічны сцэнарый не вераць. Намеснік начальніка аддзела краінавага аналізу Еўразійскага банка развіцця Канстанцін Фёдараў мяркуе: альбо еўразона захаваецца ў цяперашнім выглядзе, альбо яе пакінуць нейкія з перыферыйных краін. Найболей верагодным кандыдатам ён лічыць Грэцыю.
У той жа час захаванне еўразоны, паводле слоў Фёдарава, не азначае хуткага вяртання яе краін да дакрызіснага росту. "Хутчэй за ўсё, еўрапейскую эканоміку чакае даволі працяглая стагнацыя. Праўда, эканамічная дынаміка можа даволі моцна адрознівацца ад краіны да краіны", — адзначыў прадстаўнік ЕАБР.
Аналітык Forex Club у Беларусі Валерый Палхоўскі таксама перакананы, што еўразона захаваецца, але набудзе рысы федэрацыі.
"Крызіс, хутчэй за ўсё, зацягнецца на год-два. За гэты час краіны еўразоны ўніфікуюць сваю фінансавую сістэму, бюджэтную і падатковую палітыку. Можна чакаць з'яўлення наднацыянальнага органа, які будзе мець магчымасць умешвацца ў падаткова-бюджэтную палітыку любой краіны. З'явіцца адзіная банкаўская сістэма, якой будзе кіраваць адзіны цэнтральны банк", — адзначае эксперт.
Рэцэпты ратавання для бізнесу
Але што рабіць падчас усеагульнай еўрапейскай стагнацыі беларускаму бізнесу, якому, відаць, не пазбегнуць перагляду сваіх бізнес-планаў і вытворчай палітыкі?
Паводле меркавання Валерыя Палхоўскага, айчыннаму бізнесу прыйдзецца працаваць ва ўмовах вагання расійскага рубля на нізкім узроўні — 33-36 рублёў за долар. "Не думаю, што рубель асядзе да 40 рублёў за долар. Што да еўра, то еўрапейская валюта спрабуе намацаць узровень, які адпавядае бягучай сітуацыі. Паводле нашых ацэнак, гэты ўзровень знаходзіцца ў дыяпазоне 1,1-1,3 долара за еўра. Але пазбаўляцца ад еўра нават у сувязі з далейшым падзеннем не варта",— лічыць эксперт.
Не бачыць прычын паспешна пазбаўляцца ад еўра, як і ад любой іншай валюты, якую выкарыстоўвае беларускі бізнес, Канстанцін Фёдараў. Паводле яго слоў, "у кароткатэрміновай перспектыве неабходны кантроль за валютнымі і крэдытнымі рызыкамі, хэджаванне, паколькі яно магчыма і даступна, як мінімум выкарыстанне некалькіх валют для захоўвання сродкаў".
Леанід Жаўтанога аптымальным варыянтам лічыць выхад на сусветныя фінансавыя рынкі. Паводле яго слоў, там можна хэджаваць валютныя рызыкі і змяненне цэн на сыравіну (напрыклад, праз ф'ючарсы), памяншаць працэнтныя стаўкі і знаходзіць параўнальна таннае фінансаванне нават ва ўмовах крызісу.
Андрэй Кажамякін, БелаПАН
11 ліпеня 2012
Кoличество переходов на страницу: 1044
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |