У той час, як узаемныя падазрэньні нікуды не зьнікаюць, тым ня менш геапалітыка і эканоміка ўсё часьцей збліжаюць Кітай і Расею.
На думку аналітыкаў, расейска-кітайскае збліжэньне адбываецца на фоне жаданьня стварыць процівагу ўплыву ЗША ў сьвеце.
Сёлета ў сакавіку, праз восем дзён пасьля свайго абраньня прэзыдэнтам Кітаю, Сі Цзіньпін наведаў Маскву. Было падпісана мноства пагадненьняў. Але яшчэ больш значныя дамоўленасьці былі дасягнутыя на саміце ў чэрвені. Тады было вырашана, што дзяржаўны нафтавы гігант Расеі паставіць у Кітай нафты на 270 мільярдаў даляраў. Гэта ў два разы больш, чым пастаўлялася дагэтуль. Гэтая зьдзелка стала адной з найбуйнейшых у гісторыі сусьветнай нафтавай індустрыі.
Аляксей Маслаў, кіраўнік Школы азіяцкіх дасьледаваньняў у Вышэйшай школе эканомікі ў Маскве асабліва зьвяртае ўвагу на той факт, што цана нафты, якую Расея будзе прадаваць Кітаю, значна ніжэйшая за сярэднюю сусьветную. Гэта, на думку аналітыка, сьведчыць пра тое, што Расея спрабуе захаваць Кітай сваім партнэрам. Маслаў кажа, што Расея гатовая адмовіцца ад некаторых эканамічных інтарэсаў, каб набыць новага сябра.
Праведзеныя ў ліпені сумесныя вайсковыя манэўры ў Японскім моры многія ўспрынялі як сыгнал для Злучаных Штатаў. Аналітык з Шанхаю Чжао Хуашэн мяркуе, што у гэтыя вучэньні паказалі на новы ўзровень даверу, які існуе паміж дзьвюма краінамі.
Тым часам аналітыкі зьвярнулі ўвагу і на той факт, што Кітай і Расея заключылі пагадненьне аб пастаўцы ў Кітай 24 расейскіх зьнішчальнікаў СУ-35, што зьяўляецца ключавой прыкметай таго, што дзьве краіны гатовыя паглыбляць і пашыраць вайсковае супрацоўніцтва.
Аднак іншыя назіральнікі мяркуюць, што нягледзячы на эканамічныя і вайсковыя зьдзелкі, Масква асьцерагаецца моцы Кітаю. Расея не падтрымлівае кітайскіх прэтэнзіяў на тэрыторыі ў Паўднёва-Кітайскім моры. Кітай, у сваю чаргу, адмовіўся прызнаць прамаскоўскія сэпаратысцкія рэжымы ў Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.
Амэрыканскі аналітык Джэфры Манкоф лічыць расейска-кітайскае супрацоўніцтва як тактычнае партнэрства, якое ў ніякім выпадку не зьяўляецца стратэгічным.
Радыё Свабода, 9 жніўня 2013
Кoличество переходов на страницу: 1126
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |