https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Ці стане Малі другім Самалі?


Гарачыя кропкі планеты

Ужо больш як год афрыканская дзяржава Малі дэстабілізавана. У студзені 2012 года туарэгі пачалі чарговае паўстанне супраць цэнтральнага ўрада. Неэфектыўнасць яго задушэння з боку ўрадавых войскаў прывяла да дзяржаўнага перавароту.

Скарыстаўшыся пераваротам і стратай кіравальнасці, па-сепаратысцку настроеныя туарэгі стварылі новую непрызнаную дзяржаву Азавад. У далейшым паўсталыя пачалі вайну паміж сабой, у якой перамаглі сілы, якія выступалі за стварэнне халіфата на тэрыторыі Азавада. А затым яны пачалі наступленне, каб захапіць астатнюю частку тэрыторыі Малі.

Падзеі ў Малі з'яўляюцца нядрэннай падставай для таго, каб задумацца аб недасканаласці існуючай сістэмы забеспячэння бяспекі ў свеце. ААН, якая заклікана быць вярхоўным гарантам непахіснасці палітычнай карты свету, функцыянуе, толькі калі з'яўляецца інструментам у руках групы моцных дзяржаў, якія імкнуцца дамагчыся рэалізацыі сваіх уласных мэт. Пры гэтым у іх павінен быць істотны інтарэс да праяўлення такой актыўнасці.

Успомнім хоць бы Лівію — імкненне перадзяліць велізарныя запасы нафты і газу і звесці старыя рахункі з Муамарам Кадафі з'ядналі групу заходніх і арабскіх дзяржаў, у сілу чаго яны змаглі дабіцца як рэзалюцыі ААН па Лівіі, так і правесці сілавую аперацыю ў сваіх інтарэсах, празмерна вольна інтэрпрэтаваўшы гэтую рэзалюцыю.

Усё значна больш сумна ў выпадку з дзяржавамі, якія не выклікаюць інтарэсу практычна ні ў кога. У іх мала карысных рэсурсаў, яны занадта аддаленыя ад багатых краін, каб сур'ёзна паўплываць на іх інтарэсы (з пункту гледжання апошніх).

Так адбылося з Самалі. Адсутнасць прыродных рэсурсаў, важных стымулаў улагоджваць сітуацыю ў краіне, прывяла да расколу краіны фактычна на некалькі частак на два дзесяцігоддзі, што спарадзіла феадальных баронаў і жудасную галечу. З багатых краін толькі ЗША паспрабавалі наскокам вырашыць праблему, але як толькі іх дэсантнікі пацярпелі першае сур'ёзнае паражэнне, тут жа з краіны ўцяклі.

А самалійцы, каб выжыць ва ўмовах фактычнага распаду краіны, адрадзілі старадаўні бізнэс — пірацтва. Толькі калі ў суседніх афрыканскіх краін лопнула цярпенне ў сувязі з тым, што тэрыторыя Самалі стала для іх крыніцай пастаянных праблем, і яны пачалі ўводзіць свае кантынгенты для аднаўлення кіравальнасці краіны, з'явіліся надзеі на стабілізацыю сітуацыі.

Сітуацыя з Малі падобная. У наяўнасці праблемы самалійскага тыпу. І адзінымі краінамі, якія адрэагавалі на рэзалюцыю ААН аб захаванні ранейшага канстытуцыйнага ладу заявай аб гатоўнасці ўводу войскаў для дапамогі ўраду, сталі афрыканскія суседзі. Але з-за беднаты рабіць гэта яны не спяшаліся. Давялося Францыі замест раней запланаванай ролі па каардынацыі дзеянняў афрыканскіх войскаў уводзіць свае ўласныя войскі, каб спыніць паспяховае наступленне мяцежнікаў.

У наяўнасці прабуксоўка і іншага механізму — агульнай палітыкі бяспекі і абароны ЕС. Створаная калісьці пад фанфары, яна фактычна засталася "папяровым тыграм". Усім відавочна, што ад беспарадкаў у Малі найбольшыя страты панясе акрамя афрыканскіх суседзяў менавіта ЕС. Малі можа надоўга стаць яшчэ адной шырокай зонай для лагераў тэрарыстаў і крыніцай нелегальнай эміграцыі ў Еўрасаюз, але дзе ж агульныя інтарэсы 27 дзяржаў, што ўваходзяць у ЕС?

Тыя з іх, што больш бедныя, упэўнены, што гэта не іх праблема, паколькі тэрарысты атакуюць больш багатыя краіны ЕС і туды ж імкнуцца нелегальныя эмігранты. Але і багатыя краіны ЕС не могуць дамовіцца паміж сабой, як абараніць агульныя інтарэсы. Калі б гэта адбылося, то, як паказвае практыка, прымусіць бедных членаў ЕС пайсці іх шляхам — справа дробязная. Відавочна, што ЕС ёсць, а эфектыўнай агульнай палітыкі бяспекі і абароны ўсё яшчэ няма.

У сувязі з гэтым малійцам проста пашанцавала, што цэнтральны ўрад не на словах, а на справе пагадзілася падтрымаць хоць адна багатая краіна — Францыя. Калі стала відавочна, што афрыканскія краіны не спяшаюцца ўводзіць свае войскі для аказання дапамогі Малі і, хутчэй за ўсё, астатняя тэрыторыя краіны неўзабаве стане часткай новага халіфата, французы адважыліся ўвесці войскі для вядзення непасрэдных баявых дзеянняў на тэрыторыі сваёй былой ваеннай калоніі.

Першыя дзеянні супраць мяцежнікаў былі ўдалыя. Больш за тое, натхнёныя ўводам войскаў з Францыі, яе прыклад перанялі і афрыканскія краіны, якія перш пасіўна чакалі. Галоўным пытаннем для стабілізацыі сітуацыі ў Малі стане здольнасць хутка задушыць паўстанне. Калі гэтага не атрымаецца зрабіць, узнікнуць праблемы. Па-першае, пра падтрымку паўсталых ужо заявілі радыкальныя ісламісты ў іншых краінах. І тое, што гэтая заява не была пустымі словамі, прадэманстраваў захоп закладнікаў у Алжыры з гібеллю дзясяткаў чалавек, у тым ліку грамадзян заходніх краін.

Калі падобныя дзеянні будуць ажыццяўляцца і далей, і ў тым ліку на тэрыторыі Францыі, то з-за абурэння грамадзян, якія падвергнуліся тэрору, яна можа ўзяць прыклад з ЗША ў 1990-х гадах, што ўцяклі з Самалі. Па-другое, для доўгіх баявых дзеянняў у Францыі папросту можа не хапіць сродкаў. Працяглае выкарыстанне тысяч вайскоўцаў за мяжой з непазбежнай стратай дарагой баявой тэхнікі і выплатамі параненым і загінулым салдатам нанясе моцны ўдар па бюджэце краіны, якая перажывае не лепшыя эканамічныя часы, і можа прывесці да згортвання аперацыі.

Сяргей Кізіма
загадчык кафедры міжнародных адносін Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, доктар палітычных навук

Звязда, 22 студзеня 2013


 

Кoличество переходов на страницу: 1587


Комментарии