https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Пабітыя ружовыя акуляры


Нядаўна з’явіліся вынікі аднаго з «даследаванняў», якое правялі збеглыя ў сваіх шэрагах. Зразумела, аб навуковым падыходзе і грунтоўнасці тут казаць не выпадае, аднак пэўныя тэндэнцыі ўсё ж прасочваюцца. Адаптацыя беларусаў, якія пяць гадоў таму збеглі са сваёй краіны па прывідную «дэмакратыю», аказалася жорсткай і бязлітаснай.

Вакансіі — у прыбіральні

Уладкавацца па спецыяльнасці проста не ўдалося — як сцвярджаецца ў згаданым апытанні, гэта датычыцца паловы мужчын і двух трацін жанчын. Пры гэтым прыгожай палове ў большасці выпадкаў прыйшлося ўсё пачынаць з нуля. Найбольш праблематычна стала прадоўжыць прафесійную дзейнасць асобам, якія працавалі да пераезду ў гандлі, сферы рэкламы, маркетынгу і дызайну, а таксама архітэктарам, інжынерам і педагогам. Сітуацыя без варыянтаў — некалькі апытаных прызналіся ў спробах суіцыду. Асноўнымі асабістымі праблемамі амаль палова рэспандэнтаў назвалі псіхалагічныя, а таксама моўны бар’ер у новай краіне, адсутнасць медыцынскай страхоўкі і, адпаведна, праблемы са здароўем. Як бачым, «аўтапартрэт» атрымаўся досыць красамоўны.

У сацсетках нярэдка можна сустрэць шмат у чым паказальныя (і павучальныя) жыццёвыя гісторыі збеглых. На адным з відэа — дзве сястры. 

У 2020-м яны праз балоты збеглі ў Літву. Адна ў Беларусі працавала юрыстам, а другая — інжынерам. Цяпер абедзве знаходзяцца ў Польшчы і... мыюць прыбіральні. Прызнаюцца, што маральна ім вельмі цяжка. У першыя дні ішлі на работу і плакалі. Акрамя таго, жанчыны адчуваюць пастаяннае зневажэнне з боку палякаў. Некаторыя ім адкрыта гавораць «валіць з краіны». «Яны адносяцца так, што калі ты не паляк, то ты на прыступку ніжэй», — кажуць жанчыны.

Беларусы нярэдка працуюць у Польшчы на самых нізкааплатных работах з мінімальнымі выгодамі і жахлівымі ўмовамі. Аднаму мужчыну абяцалі добры заробак і прыстойнае жыллё. На справе аказалася, што і заробку яму не відаць, і пасялілі на нейкую кухню, сумешчаную з туалетам. Да ўсяго аказалася, што ў прыбіральні яшчэ і дзверы празрыстыя, праз якія відаць, што там адбываецца.

Як стала вядома, у Польшчы збіраюцца сур’ёзна перагледзець умовы работы для замежнікаў. Сярод навацый — укараняецца поўная электранізацыя працэдуры выдачы адпаведных дазволаў — ад падачы заявы да атрымання рашэнняў па гэтых пытаннях. Іх атрымліваюць замежнікі, якія ўладкаваліся па працоўным дагаворы. Улічваючы шмат нелегалаў, колькасць беспрацоўных і бяздомных павялічыцца.

На прыём у «пекла»

Яшчэ адзін жыццёвы прыклад — дзяўчына-медык, якая з’ехала ў Літву. «Тут вельмі складана аднавіць медыцынскую практыку, — кажа яна. — Патрэбны высокі ўзровень ведання літоўскай мовы. Сярод маіх калег не аказалася нікога, хто змог бы стаць доктарам менавіта ў Літве». Тое ж датычыцца працаўладкавання ў медыцынскіх установах Польшчы. Як, дарэчы, і ўласна медабслугоўвання ў гэтых краінах. Цэны завоблачныя, а ў выніку ўзровень сэрвісу і аказанне рэальнай дапамогі проста прыводзяць людзей у жах. Многія адкрыта кажуць, што польская сістэма аховы здароўя — натуральнае «пекла», якое не скіравана на выратаванне жыццяў. Праблема сістэмная, якая ў тым ліку датычыцца недахвату і адпаведнай кваліфікацыі кадраў. Час чакання спецыяліста — без перабольшвання, гады. Адна са збеглых падзялілася, што запісалася да ўрача на сакавік 2026-га.

Дзяўчына, якая вярнулася ў Беласток пасля лячэння ў Беларусі, выявіла, што яе рэчы выкінулі на лесвічную пляцоўку ў смеццевых пакетах, а замкі ў здымнай кватэры змянілі. У паліцыі дапамагаць адмовіліся, спаслаўшыся на «адсутнасць доказаў».

Пагроза нацыянальнай бяспецы
----------------------------------------
Я вам шчыра кажу: жывіце на сваёй зямлі. Вы нікому там не патрэбныя, збеглыя даказалі. Чаго вы туды паехалі? У вас ёсць свая зямля, вы на ёй павінны жыць. Вы павінны гаспадарыць на сваёй зямлі і шанаваць яе.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас выступлення на цырымоніі ўшаноўвання аграрыяў на фестывалі-кірмашы «Дажынкі-2024» у Мастах  2 лістапада 2024 года.
-----------------------------------------
Раней многія ІT-спецыялісты, якія пераехалі ў Літву, заявілі аб няздзейсненых чаканнях і гатоўнасці вярнуцца на радзіму. Яны сутыкнуліся з эканамічнымі і сацыяльнымі праблемамі. Стрэсы, апатыя, расчараванне сталі пастаяннымі спадарожнікамі жыцця для сотняў эмігрантаў. Раздражняе ўсё: нуда па родных мясцінах, недахоп інфармацыі, складанасці ў зносінах з мясцовымі, паніжэнне ў жыццёвым статусе, касмічныя (на парадак большыя, чым у Беларусі) цэны ў крамах, завоблачная арэндная плата, адсутнасць камфорту, непад’ёмныя камунальныя рахункі, праблемы з адукацыяй дзяцей і медыцынай. Не дадавала перасяленцам аптымізму наяўнасць так званай «сіняй карты». Гэта дазвол на працу, які выдаецца спецыялістам высокай кваліфікацыі на тры гады. Уладальнікі «карты» адчувалі сябе спецыялістамі, якіх Літва імкнецца за некалькі гадоў выпампаваць, а пасля выкінуць за непатрэбнасцю.

Дарэчы, так і здарылася. Як паведамілі ў дэпартаменце міграцыі Літвы, у мінулым годзе 1421 беларуса прызналі пагрозай нацыянальнай бяспецы. Сёлета за восем месяцаў адпаведны статус атрымалі 910 чалавек. Начальнік аддзела міграцыі распавёў, што беларусаў, прызнаных пагрозай нацыянальнай бяспецы, сілком дастаўляюць да дзяржаўнай граніцы. Нярэдка на зборы даецца ўсяго некалькі гадзін. Вось і ўсе ружовы акуляры.

Да страты прытомнасці

Балючая тэма — булінг. У МЗС Беларусі выказалі сур’ёзную занепакоенасць частымі выпадкамі цкавання беларускіх дзяцей у польскіх школах, збіванняў і нападаў на беларусаў па нацыянальнай прыкмеце, адвольных затрыманняў, пагроз і запалохванняў з боку спецыяльных службаў у адносінах да грамадзян Беларусі па надуманых прычынах. Аб гэтым заявіў прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз, каментуючы выпадак збіцця да страты прытомнасці беларускага падлетка ў Беластоку.

Прэс-сакратар падкрэсліў, што ў МЗС уважліва сочаць за развіццём гэтага і ўсіх астатніх такіх здарэнняў: «Сітуацыя нас сур’ёзна непакоіць. Гэта далёка не першы інцыдэнт з грамадзянамі Беларусі ў суседняй краіне. Апошнім часам усё большую агалоску атрымліваюць шматлікія выпадкі цкавання беларускіх дзяцей у польскіх школах, збіванняў і нападаў на беларусаў па нацыянальнай прыкмеце, адвольных затрыманняў, пагроз і запалохванняў з боку спецыяльных службаў адносна грамадзян Беларусі па надуманых прычынах».

Анатоль Глаз нагадаў і пра рэзананснае забойства 25-гадовай грамадзянкі Беларусі ў Варшаве вясной гэтага года, і пра шэраг іншых здарэнняў, якія не трапілі ў СМІ. «Таму мы матывавана заявілі аб назіраным узмацненні ксенафобіі, расавай перавагі і дыскрымінацыі па моўных, рэлігійных, нацыянальных прыкметах у асобных краінах ЕС у дачыненні да грамадзян Беларусі, якія там легальна пражываюць, а таксама Расіі і Украіны», — звярнуў увагу прэс-сакратар МЗС. Паводле яго слоў, беларускі бок заклікае польскія ўлады прыняць вычарпальныя меры для забеспячэння асноўных правоў і свабод грамадзян, якія знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы, у адпаведнасці з міжнароднымі абавязацельствамі і нацыянальным заканадаўствам. Як запэўніў Анатоль Глаз, «МЗС і замежныя ўстановы Беларусі прадоўжаць уважліва адсочваць сітуацыю і весці комплексную работу па абароне правоў і інтарэсаў беларускіх грамадзян за мяжой».

Аўтар: Пётр Дунько
Звязда, 20 снежня 2024


 

Кoличество переходов на страницу: 8