https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Задача нумар адзін на наступны год — спыненне інфляцыі


Прагнозамі наконт эканамічнага развіцця краіны ў 2012 годзе, а таксама задачамі, якія ставяцца перад эканомікай Беларусі ў бліжэйшы час, з журналістамі падзяліліся спецыялісты Міністэрства эканомікі — намеснікі міністра Аляксандр Ярашэнка і Анатоль Філонаў, а таксама начальнік галоўнага ўпраўлення макраэканамічнага аналізу і прагназавання Антон Даўгавечны.
_________________________________________

— Мы 2012 год для сябе вызначылі як год збалансаванага развіцця эканомікі. Пад словам "збалансаванае" мы маем на ўвазе два аспекты — унутраную і знешнюю збалансаванасць, — сказаў Аляксандр Ярашэнка і дадаў, што пад унутранай збалансаванасцю перш за ўсё разумеецца спыненне інфляцыі: — Узровень інфляцыі, які існуе зараз, непрымальны для краіны. З гэтым трэба змагацца. І ўнутраная збалансаванасць для нас вызначана такім паказчыкам, як індэкс спажывецкіх цэн, — ён у 2012 годзе не павінен перавысіць парог 19%.

Для параўнання — у 2011 годзе, па прагнозах Міністэрства эканомікі, інфляцыя дасягне памеру ў 120%. Як кажа Аляксандр Ярашэнка, гэта вельмі шмат, і таму самай галоўнай задачай з'яўляецца тое, каб "гэтую інфляцыю, якая пачынае набываць характар гіперінфляцыі, перамагчы". Прагнозны паказчык інфляцыі на наступны год закладзены ў праект указа аб зацвярджэнні найважнейшых макраэканамічных паказчыкаў:

— Раней мы такі паказчык у прагноз не ўключалі, хоць недзе ў сярэдзіне 90-х, калі была гіперінфляцыя, у нас была спроба ў прэзідэнцкі ўказ уносіць індэкс спажывецкіх цэн у сярэднямесячным вылічэнні. Зараз мы зноў уключаем паказчык інфляцыі ў праект указа прэзідэнта, прычым лічым, што гэта вельмі правільна. А ў тэкставай частцы і Нацбанку, і ўраду пастаўлена такая задача — забяспечыць менавіта цэнавую стабілізацыю на будучы год, — паведаміў Аляксандр Ярашэнка і дадаў, што, па яго меркаванні, сёлетняя інфляцыя мае прыроду манетарнага характару і звязана перш за ўсё з вялікім узроўнем дэвальвацыі нацыянальнай валюты.

Што тычыцца знешняй збалансаванасці, то тут Міністэрства эканомікі, безумоўна, мае на ўвазе вырашэнне праблемы са значным адмоўным сальда бягучых аперацый плацежнага балансу. Таму на 2012 год ставіцца задача "выйсці на такі ўзровень гандлю са знешнім светам, каб забяспечыць станоўчае сальда".

— У наступным годзе сітуацыі пагаршаецца абслугоўваннем нашага знешняга доўгу. Гэтыя сумы выплат растуць, і яны будуць у сярэднетэрміновай перспектыве расці, таму мы павінны забяспечыць станоўчае сальда тавараў і паслуг. Зараз, калі браць звесткі за ліпень, жнівень і верасень, такое станоўчае сальда існуе, — адзначыў Аляксандр Ярашэнка і дадаў, што ў праекце ўказа станоўчае сальда прагназуецца ў памеры каля 3% ВУП.

Дарэчы, калі казаць пра ВУП, то гэты паказчык у 2012 годзе адыдзе на другі план, хоць невялікі эканамічны рост у наступным годзе ўсё ж прагназуецца:

— Што тычыцца ВУП, то мы сапраўды ў сваіх разліках бачым хоць і невялікі, але рост. Бо магчымасці для гэтага ў эканомікі, у прынцыпе, ёсць. Але эканамічны рост не ставіцца задачай № 1. Як я ўжо казаў, для нас задача нумар адзін — гэта спыненне інфляцыі. У нас сёння, асабліва ў кароткатэрміновым перыядзе, ёсць больш важныя задачы — збалансаваць эканоміку, забяспечыць устойлівы ў сярэдне- і доўгатэрміновай перспектыве эканамічны рост, які павінен мець якасны характар. Ліквідаваць дыспрапорцыі, якія назапасіліся, у 2012 годзе — гэта самае галоўнае, — перакананы Аляксандр Ярашэнка.
Эмісійнае крэдытаванне будзе жорстка абмежавана?

Прадстаўнікі Міністэрства эканомікі таксама патлумачылі журналістам, якім чынам пастаўленыя задачы і вызначаныя прагнозныя паказчыкі будуць выконвацца. І першы, найбольш важны крок — гэта абмежаванне эмісійнага крэдытавання эканомікі:

— У 2012 годзе фінансаванне крэдытавання дзяржпраграм будзе абмежавана на ўзроўні 12 трыльёнаў рублёў, з якіх толькі 7 трыльёнаў — эмісійнае крэдытаванне, — кажа Аляксандр Ярашэнка. — Гэтая лічба нават больш жорсткая за тыя абавязацельствы, якія мы ўзялі перад антыкрызісным фондам ЕўрАзЭС. Мы пайшлі на гэта свядома, бо хочам забяспечыць такі ўзровень інфляцыі, пра які я казаў раней.

Антон Даўгавечны больш падрабязна расказаў, адкуль узяліся гэтыя лічбы ў 12 і 7 трыльёнаў:

— 7 трыльёнаў — гэта тая сума грошай, якая ёсць у Міністэрства фінансаў на рахунках у Нацыянальным банку.

Гэта сродкі, атрыманыя ад продажу дзяржаўнай маёмасці, або паступленні ад валютнага фонду. Таксама мы спадзяёмся, што прадпрыемствы (і ў першую чаргу прадпрыемствы сельскай гаспадаркі), а таксама насельніцтва будуць вяртаць грошы за крэдыты, выдадзеныя раней. Мы ацэньваем зараз гэтае вяртанне ў памеры каля 5 трыльёнаў — вось у рамках гэтай велічыні будзе прадугледжана дадатковае крэдытаванне. Такім чынам, агульная сума грошай можа скласці 12 трыльёнаў, але, падкрэслю, з іх эмісійнае крэдытаванне — не больш за 7 трыльёнаў рублёў.

Таксама ў наступным годзе будзе зроблена некаторая лібералізацыя развіцця рэальнага сектара эканомікі: плануецца знізіць уплыў дзяржавы на кіраванне рэальным сектарам эканомікі праз павелічэнне долі недзяржаўнага сектара ў аб'ёме прамысловай вытворчасці прыкладна да 50% і праз зніжэнне дырэктыўнага ўплыву. У прыватнасці, як патлумачыў Анатоль Філонаў, абавязковых прагнозных паказчыкаў да прадпрыемстваў плануецца даводзіць не 22-23, як гэта было раней, а толькі чатыры.

— Калі ж казаць пра замежныя інвестыцыі, то іх плануецца прыцягнуць у аб'ёме 3,7 мільярда долараў, з іх 2,5 мільярда — за кошт прыватызацыі прадпрыемстваў, якія маюць нездавальняючую структуру балансу. У гэтым спісе сёння знаходзіцца каля 619 прадпрыемстваў, — сказаў Анатоль Філонаў і дадаў, што, акрамя таго, у наступным годзе будзе працягвацца рэалізацыя праграм па імпартазамяшчэнні, стварэнне Беларуска-кітайскага прамысловага парка і тэхнапарка "Белбіяград", стварэнне холдынгавых структур.

Насельніцтва чакаюць нормы на святло і цяпло?

Па словах Анатоля Філонава, зараз вельмі востра стаіць праблема субсідавання насельніцтва ў частцы аплаты за жыллёва-камунальныя паслугі. У прыватнасці, з 2008 года аб'ём гэтага субсідавання вырас з 1 трыльёна рублёў да 7,5 трыльёна ў 2011 годзе.

— З-за росту цэн на энерганосьбіты тарыфы і расходы жыллёва-камунальнай гаспадаркі значна павялічыліся, а тарыфы за жыллёва-камунальныя паслугі для насельніцтва заставаліся адносна нязменнымі. Сёння ўзровень пакрыцця тарыфамі выдаткаў складае каля 17%. І гэта пры тым, што мы ўзялі абавязацельствы перад антыкрызісным фондам ЕўрАзЭС давесці яго да 30% да канца года. Такім чынам, зараз разглядаюцца пытанні павышэння тарыфаў, — сказаў Анатоль Філонаў.

Пры гэтым ён дадаў, што сёння розныя віды паслуг маюць рознае значэнне па пакрыцці, але самае нізкае вяртанне існуе па цеплазабеспячэнні: тарыфы для насельніцтва забяспечваюць толькі каля 13,4% ад рэальных выдаткаў на аказанне гэтага віду паслуг. Калі ж разглядаць усе жыллёва-камунальныя паслугі разам, то ўдзельная вага расходаў на іх аплату ў бюджэце стандартнай сям'і (стандартнай лічыцца сям'я з 3-4 чалавек, якая пражывае ў 2-пакаёвай кватэры) паменшылася: калі ў студзені 2009 года 8,9% расходаў гэтай сям'і ішло на аплату "камуналкі", то ў верасні 2011 года — толькі 4,9% (для работнікаў бюджэтнай сферы гэтыя паказчыкі 11,5% і 6,5% адпаведна).

Такім чынам, зараз чыноўнікі думаюць, як адначасова і тарыфы павысіць, і не моцна ўдарыць па кішэнях грамадзян.

У прыватнасці, ужо прынята рашэнне, і з 1 лістапада цеплазабеспячэнне і электрычнасць падаражэлі на 9% і 7% адпаведна. Гэта, па словах Анатоля Філонава, дае рост жыллёва-камунальных паслуг на 5% у адносінах да кастрычніцкага ўзроўню. Ён жа расказаў і пра далейшыя планы наконт павелічэння тарыфаў:

— Разглядалася таксама пытанне дыферэнцаванай аплаты за электраэнергію, якая спажываецца. Мы вывучылі вопыт краін-суседзяў. Напрыклад, ва Украіне норма для сям'і — 150 кілават за месяц (калі ёсць электрычная пліта — то 250 кілават). У межах спажывання ў гэтым аб'ёме — нізкі тарыф, а пры перавышэнні ўжываецца павышальны каэфіцыент 1,3. Ёсць і іншы шлях — разлік па нарматыве спажывання на аднаго зарэгістраванага ў кватэры. Але тут дастаткова складаны ўлік — нехта пражывае, а нехта прапісаны, але не пражывае. Так што дыферэнцыяваны падыход пры аплаце за электрычнасць уводзіцца будзе, але пакуль пытанне толькі ў тым, які механізм будзе прыняты, — сказаў Анатоль Філонаў.

Пры гэтым ён дадаў, што каля 80% сямей павінна ўкласціся ў нарматыў, а для шматдзетных сямей наогул увядзенне нарматываў не прадугледжваецца.

Што тычыцца цеплазабеспячэння, то, па словах Анатоля Філонава, пакуль урад не гатовы да ўвядзення тут нейкага нармавання, але гэтае пытанне не здымаецца: урад да яго абмеркавання вернецца ў наступным годзе, магчыма, пасля завяршэння ацяпляльнага перыяду.

Дык мы ўжо жывём па сродках?


Вясной, як толькі пачаліся праблемы з валютай, некаторыя эксперты выказвалі меркаванне, што адной з прычын валютнага крызісу было тое, што "мы жылі не па сродках". Карэспандэнт "Звязды" пацікавіўся ў спецыялістаў з Мінэканомікі: а сёння мы ўжо жывём па сродках?

— Здаецца, ужо па выніках за 8 месяцаў 2011 года рост прадукцыйнасці працы амаль наблізіўся да росту зарплаты — разрыў быў трохі меншы за 3%. Зараз, па выніках дзевяці месяцаў, ён яшчэ больш скараціўся. А ў прагнозе на 2012 год мы ўводзім норму апераджаючага росту прадукцыйнасці працы над зарплатай, — патлумачыў Аляксандр Ярашэнка. — Да прыкладу, у той жа Амерыцы ці Германіі ідзе апераджэнне прадукцыйнасці над заработнай платай: яны вырабляюць больш, чым зарабляюць, а дэльта з'яўляецца асновай для інвеставання ў эканоміку. Гэта нармальная практыка, нармальнае эканамічнае развіццё, і мы ў Мінэканомікі хацелі б, каб такія суадносіны вытрымліваліся і ў нашай эканоміцы.

Антон Даўгавечны пры гэтым дадаў, што выраз "жылі не па сродках" не варта адносіць толькі да насельніцтва: так, па яго меркаванні, жыла ўся краіна — і бюджэт, і рэальны сектар, ды і насельніцтва таксама.

Ці будзе знойдзена правільная грань для збалансаванасці?

Тое, што ў 2012 годзе перад беларускай эканомікай ставіцца задача ліквідаваць назапашаныя дыспрапорцыі, — гэта вельмі добра. Але ўзнікае пытанне: што замінала збалансавана развівацца раней? На гэтае пытанне "Звязды" паспрабаваў адказаць Антон Даўгавечны:

— Калі мы нарошчвалі рост ВУП, гэта заўсёды ўсімі віталася, бо высокі рост ВУП азначае, акрамя ўсяго іншага, і высокія даходы насельніцтва. Летась сярэдняя зарплата дасягнула 430-500 долараў — гэта высокі ўзровень адносна пачатку мінулай пяцігодкі. Безумоўна, усім хочацца, каб і далей так было. Але прайшоў сусветны крызіс, і мы проста ў нейкі момант перасталі ацэньваць рызыкі: попыт на нашу прадукцыю зніжаецца, а мы ўсё працягваем яе выпускаць. Для таго, каб павялічваць вытворчасць, калі няма знешняга попыту, трэба стымуляваць унутраны рынак, што мы, у прынцыпе, шмат у чым і рабілі. Але нельга сказаць, што мы раней не ішлі да збалансаванасці: летась, пасля прыняцця Дырэктывы № 4, ужо было зразумела, што патрэбна трансфармацыя эканомікі. Яшчэ да крызісу мы пачалі праводзіць і лібералізацыю, і структурныя рэформы. Але, напэўна, з аднаго боку было пазнавата, з іншага боку — наклаліся знешнія фактары. Я не буду казаць, што гэты наш валютны крызіс — віна толькі знешніх фактараў. Не, шмат у чым вінаватая і наша экспансіянісцкая грашова-крэдытная і падаткова-бюджэтная палітыка. Мы пачалі ад яе адыходзіць, але нявызначанасць з пастаўкай энергарэсурсаў, дэвальвацыйныя чаканні, попыт на легкавыя аўтамабілі стварылі ціск на валютны рынак. А з улікам таго, што ўзровень золатавалютных рэзерваў маленькі, Нацбанк спрабаваў выправіць сітуацыю і пачаў уводзіць валютныя абмежаванні. Напэўна, гэта было не зусім правільна і не ў той форме, бо бяда з валютнымі абмежаваннямі заключаецца ў тым, што палічыць эфект ад гэтага вельмі складана. Таму што рацыянальныя чаканні, на якіх будуецца любы прагноз эканомікі, перастаюць дзейнічаць: людзі пачынаюць паступаць нелагічна...

Антон Даўгавечны пры гэтым дадаў, што аднамомантавае збалансаванне эканомікі можа быць сацыяльна жорсткім, а гэта не з'яўляецца добрым:

— Разумееце, прыняцце любых мер, якія радыкальна змяняюць эканоміку і прыводзяць умомант да збалансаванасці, будзе сацыяльна жорсткім. Таму ўрад зараз спрабуе знайсці тую грань, каб, з аднаго боку, не было залішняга сацыяльнага напружання (бо сацыяльныя хваляванні для эканомікі таксама дрэнныя), а з другога боку, усё ж такі сітуацыю збалансаваць.

Павел Бераснеў
Звязда, 3 кастрычніка 2011

 

Кoличество переходов на страницу: 1104


Комментарии