https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Еўрастандартны ход


Рэзалюцыя ПАСЕ сведчыць пра тое, што палітыка на беларускім кірунку зайшла ў тупік

Чарговая рэзалюцыя Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, якая крытыкуе палітычную сістэму Беларусі, не стала чымсьці нечаканым для афіцыйнага Мінска, працягваючы нядобрую традыцыю беларуска-еўрапейскіх адносін, якая склалася ў апошнія гады.

Прыняцце чарговага дакумента такога роду сведчыць пра некалькі рэчаў. Па-першае, пра тое, што еўрапейская палітыка на беларускім кірунку зайшла ў відавочны тупік. Па-другое, пра тое, што беларуская тэма для Еўрапейскага саюза з'яўляецца другараднай і ў цяперашні момант ЕС не мае ні сіл, ні часу, ні жадання шукаць выйсце з тупіка, які склаўся, працягваючы па інерцыі штампаваць дзяжурныя і малазначныя дакументы.

Тупік, які склаўся ў беларуска-еўрапейскіх адносінах, узнік далёка не сёння. У многім ён абмеркаваны надзвычай тэндэнцыйнай і ангажыраванай пазіцыяй ЕС, які адмовіўся ад ролі прынцыповага і бесстаронняга знешняга назіральніка ў адносінах з Беларуссю. Выбар гэты быў зроблены еўрапейскімі ўладамі ўжо даўно, у далёкім 1996 годзе, калі ў разгар ўнутрыпалітычнага крызісу ў Беларусі Еўропа кансалідавана выступіла на баку апазіцыі. У далейшым ЕС упарта працягваў гэтую лінію, усяляк падтрымліваючы тых, хто называе сябе беларускай апазіцыяй, і гледзячы на сітуацыю ў краіне іх вачыма.

Бясспрэчна, тыя, хто называе сябе беларускімі апазіцыянерамі, складаюць пэўную частку беларускага сацыяльна-палітычнага ландшафту. Аднак наколькі значная гэтая частка? Адказваючы на гэта пытанне, аб'яднаная Еўропа чамусьці прыйшла да высновы, што гэта найбольш значны сегмент беларускага грамадства, калі не ўсё грамадства цалкам, спісваючы перманентныя палітычныя правалы апазіцыі выключна на аўтарытарызм і недэмакратычнасць беларускіх улад. Даволі дзіўная здагадка, калі ўлічыць, што Беларусь знаходзіцца не дзесьці на сусветнай перыферыі, а ў цэнтры Еўропы, пад бокам у таго ж Еўрасаюза, што ўжо само па сабе робіць утрыманне ўлады выключна шляхам аўтарытарнага гвалту і палітычных махінацый недазвольнай раскошай. У чым жа тады прычына такога прадузятага стаўлення Еўропы да беларускіх рэалій?

Безумоўна, беларуская апазіцыя, якая вызнае ідэалагічны "кактэйль" з празаходняга лібералізму і этнічнага нацыяналізму (розныя групоўкі — у розных прапорцыях), з'яўляецца найбольш блізкім па светапоглядзе і зручным партнёрам для Еўрапейскага саюза, што робіць прыярытэтнае супрацоўніцтва еўрапейскіх структур з гэтым сегментам па-свойму заканамерным і зразумелым. Падзеі 1996 года, у выніку якіх беларуская апазіцыя выглядала прайграўшай, "пакрыўджаным" бокам, таксама відавочна спрыялі росту сімпатый і спачування да яе ў еўрапейскіх калідорах. Такая сітуацыя парадаксальным чынам стала выгаднай апазіцыйным функцыянерам, якія, па сутнасці, у абход афіцыйных каналаў беларускага МЗС манапалізавалі вектар беларуска-еўрапейскіх адносін, стаўшы "вачыма і вушамі" Еўрасаюза ў Беларусі.

Аднак рэальная эфектыўнасць і ўплывовасць беларускай апазіцыі аказаліся далёкімі ад чаканых Еўрасаюзам. Пра ўнутраную згуртаванасць розных апазіцыйных груповак і іх здольнасць дамаўляцца красамоўна сведчыць нядаўні камічны эпізод, калі адзін апазіцыйны лідар даў важкага выспятка другому апазіцыйнаму лідару. Акрамя таго, перманентная еўрапейская дапамога, як высветлілася, вельмі разбэшчвае апазіцыйныя структуры, у выніку чаго быць вечным апазіцыянерам, які жыве на еўрапейскія гранты, для многіх стала камфортным і прывабным mоdus vіvеndі.

Усё гэта ў сукупнасці і прывяло да таго тупіку, у якім апынулася еўрапейская палітыка ў выніку манапалізацыі беларуска-еўрапейскіх адносін беларускай апазіцыяй. Аднак нейкіх перамен у палітыцы ЕС наўрад ці варта чакаць, і звязана гэта з унутраным крызісам як эканамічнага, так і палітыка-ідэалагічна характару, які перажывае гэтая арганізацыя.

Экспансіянісцкая палітыка ЕС, звязаная з эйфарыяй пасля "халоднай вайны" і імкненнем многіх постсацыялістычных краін далучыцца да заходніх структур, засталася ў мінулым; апошнім, і ўжо вельмі нязграбным яе акордам можна лічыць "аранжавую рэвалюцыю" ва Украіне. Пераможнае пашырэнне ЕС на ўсход зрабіла гэтую арганізацыю занадта стракатай і разнароднай, да чаго яе бюракратычныя структуры з невыразнымі і часта недастатковымі паўнамоцтвамі аказаліся папросту не гатовы. Апроч таго, эканамічны крызіс, які распачаўся, выявіў, што ў выніку пашырэння ЕС набыў вельмі шмат праблемных актываў, у ліку якіх апынуліся не толькі новыя краіны постсацыялістычнага блока (Румынія, Балгарыя, Венгрыя), але і, здавалася б, правераныя "старыя" члены — Грэцыя, Італія, Іспанія, Партугалія. З прычыны гэтых абставін чакаць ад Еўрасаюза нейкай знешняй актыўнасці з мэтай інтэграцыі ці якіх-небудзь іншых формаў уцягвання новых краін наўрад ці варта. Уласна, пра гэта красамоўна сведчыць і фактычны правал ініцыятывы "Усходняе партнёрства".

На беларускім кірунку ў найбліжэйшыя гады ад Еўропы не варта чакаць нічога, апроч дзяжурных, інерцыйных і малазначных акцый накшталт нядаўна прынятай рэзалюцыі ПАСЕ.

Усевалад Шымаў,
кандыдат палітычных навук,
дацэнт кафедры паліталогіі БДУ.
Звязда, 7 лютага 2012


 

Кoличество переходов на страницу: 1063


Комментарии