Першую палову апошняга дня 2020-га кіраўнік дзяржавы правёў у РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі. Тут Аляксандр Лукашэнка пазнаёміўся з работай Цэнтра, наведаў яго аддзяленні, пагутарыў з калектывам і адказаў на некалькі пытанняў журналістаў.
Дзяржаўная ўстанова «Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі» была адкрыта ў кастрычніку 1997 года. Цэнтр аказвае спецыялізаваную медыцынскую дапамогу пацыентам з усіх рэгіёнаў Беларусі ва ўзросце да 18 гадоў з анкалагічнымі, гематалагічныя захворванні, першаснымі імунадэфіцытамі, а таксама маладым дарослым да 30 гадоў з некаторымі злаякаснымі новаўтварэннямі.
Пасля таго, як узнікае падазрэнне на анкалагічнае, гематалагічнае або імуннае захворванне ў маленькага або юнага жыхара Беларусі, такі пацыент накіроўваецца ў РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі ў Бараўлянах, дзе яго абследуюць, выстаўляюць дыягназ і ў залежнасці ад апошняга прызначаюць лячэнне, расказала кіраўніку дзяржавы дырэктар Цэнтра Анжаліка Сонцава.
«Лячэнне альбо медыкаментознае (размова пра хіміятэрапію) альбо хірургічнае, калі трэба, праводзіцца адзін з метадаў — трансплантацыю (коснага мозгу), — дадала яна. — У Цэнтры праводзіцца штогод каля 65–70 трансплантацый, з іх больш за 50 працэнтаў — ад донара, які спалучаецца па генетыцы».
Сёлета перасадак коснага мозгу дзецям зроблена было менш з-за эпідэміялагічнай сітуацыі: з-за захворвання на ковід донара альбо рэцыпіента частка аперацый перанесеныя на пачатак 2021 года.
Зараз з 8 ложкаў аддзялення трансплантацыі занятыя чатыры, двое пацыентаў — жыхары Беларусі, і двое — іншаземцы (з Украіны і Пакістана).
«Сярод беларускіх дзяцей няма чаргі на трансплантацыю, — заўважыла дырэктар Цэнтра. — Калі трэба, мы гэта робім, яны не чакаюць».
У РНПЦ праводзяць больш за тысячу аперацый у год, з іх каля 30 працэнтаў — высокатэхналагічныя.
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся дынамікай дзіцячай захваральнасці на анкалогію.
«Усяго на дыспансерным уліку ў нашым Цэнтры знаходзіцца прыкладна 7,5 тысяч дзяцей з гематалагічнымі, анкалагічнымі захворваннямі і захворваннямі імуннай сістэмы, — адказала Анжаліка Сонцава. — З іх 2,5 тысячы — гэта дзеці са злаякаснымі хваробамі. Калі казаць пра дынаміку, на шчасце, сярэднегадавы прырост у нас гэтакі ж, як у еўрапейскіх краінах — менш за адзін працэнт (0,76 % штогадовы прырост). Гэта 340—350 дзяцей, у якіх цягам году ўпершыню знаходзяць хваробу».
На жаль, прыкладна палове такіх дзяцей менш за 4 гады.
На пытанне Прэзідэнта, якая таму прычына, дырэктар адказала, што гэта можа быць і генетычная паломка, але так рана хвароба заяўляе пра сябе з-за ўплыву знешняга асяроддзя.
«На сёння нельга казаць, што ёсць нейкая адна прычына, якую б мы знайшлі, ліквідавалі, і ўсё было б цудоўна. На жаль. Пакуль над гэтым мы працуем, не толькі мы, але і ўсе анколагі, гематолагі ў свеце, і наш Цэнтр таксама займае вельмі актыўныя пазіцыі ў гэтым пытанні», — дадала кіраўнік РНПЦ.
Што да навуковага складніку, то Цэнтр можа ганарыцца стварэннем спецыяльнай вакцыны для лячэння пацыентаў з некаторымі анкалагічнымі захворваннямі, працягнула даклад Прэзідэнту Анжаліка Сонцава.
«Гэта так званая трэцяя лінія лячэння. Калі не дапамагае стандартнае лячэнне (першая лінія), выкарыстоўваецца больш складанае і больш таксічнае (другая лінія). Метады трэцяй лініі, якія распрацаваныя ў нашым Цэнтры — для тых пацыентаў, якія рэзістэнтныя для звычайнай тэрапіі, гэта значыць, тое самае новае, што мы можам даць, і працягнуць ім жыццё», — патлумачыла дырэктар.
Поспехі, па яе словах, дасягнутыя вельмі добрыя. Калі казаць пра самую распаўсюджаную паталогію — востры лімфабластны лейкоз — так званая беспадзейная выжывальнасць (калі рэцыдыў хваробы не наступае пяць гадоў) паднялася да 90 працэнтаў. Гэта 18-я пазіцыя ў рэйтынгу з 66 краін.
«Што трэба, каб з 18-га месца вы падняліся ў тройку лідараў?» — пацікавіўся Прэзідэнт.
Дырэктар цэнтра адказала, што зараз, на жаль, умовы, у якіх знаходзяцца пацыенты, не цалкам адпавядаюць патрабаванням метадаў лячэння, якія яны праходзяць. «Размова не толькі пра вялікую скучанасць гэтых дзяцей, размова пра тое, што маральна састарэла абсталяванне, састарэлі інжынерныя камунікацыі, з-за гэтага ў нас ёсць нават невялікі працэнт ускладненняў, якія мы маглі б не мець», — адказала дырэктар.
«Ёсць яшчэ вельмі цікавы паказчык за 20 гадоў. Ён разлічвальны, выкарыстоўваецца ва ўсіх навуковых часопісах, артыкулах. За гэты час мы захавалі каля 50 тысяч гадоў жыцця нашым дзеткам і ўжо дарослым людзям. Гэта таксама вельмі важна», — падзялілася Анжаліка Сонцава.
«Мы за гэтую пяцігодку цалкам закончым мадэрнізацыю ўстаноў аховы здароўя»
Традыцыйна Аляксандр Лукашэнка назваў прычыны свайго прыезду ў РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі. Іх некалькі.
Першая — павіншаваць у асобе супрацоўнікаў Цэнтра ўсіх тых, хто лечыць людзей. Другая — павіншаваць дзяцей.
«Я, вядома, вельмі хваляваўся — больш, чым за нейкія свае наведванні папярэднія, бо калі дзіця хварэе, для мяне гэта невыносна. Тым не менш, дзеці — нашы дзеці. Таму я вырашыў паглядзець, як вы іх лечыце, і на тыя ўмовы, у якіх вы працуеце», — расказаў Прэзідэнт.
Ён адзначыў, што не аднойчы бываў у гэтым Цэнтры, адкрываў яго, даваў калісьці наказ, і думаў, што Цэнтр заўсёды будзе прасунутым. Для Прэзідэнта стала ў пэўнай ступені нечаканасцю, што з гадамі РНПЦ дзіцячай анкалогіі састарэў — размова ў першую чаргу ідзе пра ўмовы для пацыентаў.
Кіраўнік дзяржавы прапанаваў медыкам задаць яму любое пытанне. Урач аддзялення трансплантацыі звярнуў увагу, што дзеці ў бальнічных палатах клінічнага аддзялення РНПЦ знаходзяцца досыць доўга і наспела пытанне мадэрнізацыі існуючага альбо будаўніцтва новага корпусу транспланталогіі, і апошняе ён лічыць самым аптымальным.
«Вы знаходзіцеся яшчэ не ў самых складаных умовах, хоць сістэму аховы здароўя мы перавярнулі парадкам і перабудавалі, нам няшмат засталося. Мы за гэтую пяцігодку цалкам закончым мадэрнізацыю ўстаноў аховы здароўя. Не толькі памяшканні, бо ты як урач разумееш, што памяшканне памяшканнем, патрэбны тэхніка, абсталяванне, лекі, тэхналогіі. Вось гэта — галоўнае ў любой бальніцы. Ну і ўмовы павінны быць нармальныя. Мы закончым і з тэхналогіямі самымі сучаснымі, і з мадэрнізацыяй усіх гэтых бальніц і памяшканняў», — адказаў Аляксандр Лукашэнка і дадаў, што кіраўніцтва краіны аднясецца да праблем РНПЦ дзіцячай анкалогіі самым уважлівым чынам.
«Вы лечыце дзяцей — будучыню нашай нацыі, — сказаў ён. — І, вядома, для іх трэба стварыць добрыя ўмовы. Збяром усіх, хто жадае дапамагчы, самі падключымся і падумаем, як гэта зрабіць на самым высокім узроўні».
«Самая вялікая праблема ў краіне — дэмаграфічная»
Наўрад ці водпуск па доглядзе за дзіцем у бліжэйшы час будзе скарочаны. Пра гэта кіраўнік дзяржавы заявіў падчас гутаркі з калектывам РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі.
Другое пытанне ад медыкаў датычылася размоў вакол магчымага скарачэння водпуску па доглядзе за дзіцем.
Прэзідэнт прызнаўся, што гэта пытанне на яго ўзроўні паўгода таму было толькі абазначана. Чаму? Бо ў краіне зашмат льгот. Першае навядзенне парадку ў гэтай сферы адбылося гадоў 15 таму, нагадаў ён.
«Мы зараз ужо дакладна разумеем, якія ў нас льготы, і ўрад унёс прапанову па некаторым упарадкаванні льгот. Я сказаў: “Не”. Мы зараз не кранаем льготы. Трэба проста бачыць, што гэта за льготы. І адсюль пайшло пытанне: “Вой, льгот некага пазбаўляюць”. Пра гэта размова не ідзе», — запэўніў Аляксандр Лукашэнка.
Наўрад ці кіраўніцтва краіны пойдзе на скарачэнне дэкрэтнага водпуску, выказаў ён сваё меркаванне.
«Бо самая вялікая праблема ў краіне — дэмаграфічная. Таму ўсё для дзяцей. Вось і мацярынскі капітал быў працягнуты, і кватэры: у нас практычна цягам года-двух чэргаў не будзе для шматдзетных, — паабяцаў Прэзідэнт. — Таму дваіх нарадзілі, трэці — мой. Тры дзіцяці — кватэра. І мацярынскі капітал. І ўсё астатняе. Бо гэта будзе катастрофа, калі мы не будзем прыбаўляць з насельніцтвам. Кажуць, Беларусь маленькая — у нас насельніцтва няма. Што такое 9,5 або 10 мільёнаў? Гэта нішто. На першым этапе трэба мільёнаў 15 і да 20 дацягваць. Тады мы будзем як Еўропа па шчыльнасці насельніцтва, будзе добры догляд тэрыторыі. Таму я не думаю, што мы будзем кранаць льготы, якія звязаныя з дзецьмі».
Наша даведка
Цэнтр мае навуковы і клінічны аддзелы. У складзе навуковага аддзела функцыянуюць пяць лабараторый: лабараторыя клінічных даследаванняў, лабараторыя малекулярна-генетычных даследаванняў, лабараторыя імуналагічных даследаванняў, лабараторыя генетычных біятэхналогій, лабараторыя клетачных біятэхналогій і цытатэрапіі. Клінічны аддзел Цэнтра ўключае стацыянар на 198 ложкаў, з іх 180 ложкаў анкалагічнага профілю і 18 ложкаў рэанімацыйнага профілю, а таксама кансультатыўна-паліклінічнае аддзяленне.
У Цэнтры арганізавана работа аперацыйнага блока, дыягнастычных аддзяленняў, аддзялення інфекцыйнага кантролю, аддзялення эпідэміялогіі злаякасных новаўтварэнняў у дзяцей.
З 2011 года на базе Цэнтра функцыянуе Банк ствалавых клетак пупавіннай крыві. На тэрыторыі Цэнтра створаны пансіянат «Бараўляны» (20 домікаў) для часовага пражывання бацькоў з дзецьмі на перыяд іх лячэння ў аддзяленні дзённага знаходжання.
Па стане на 1 лістапада бягучага года ў Цэнтры працуюць 126 лекараў, 229 спецыялістаў з сярэдняй медыцынскай адукацыяй, 41 навуковы супрацоўнік, у тым ліку 4 дактары навук і 31 кандыдат навук.
У ліпені 2018 года ўведзены ў эксплуатацыю магнітна-рэзанансны тамограф. У ліпені 2019 года на спонсарскія сродкі ўведзеная ў эксплуатацыю лабараторыя генетычных біятэхналогій.
Штогод у Цэнтры атрымліваюць медыцынскую дапамогу каля 6 000 пацыентаў, з іх 6 % замежныя грамадзяне. Кансультатыўная дапамога аказваецца пацыентам з усіх рэгіёнаў рэспублікі і замежным грамадзянам: каля 40 000 наведванняў у год. Больш за 25 % хірургічных умяшанняў адносяцца да ліку складаных і высокатэхналагічных. Штогод у Цэнтры выконваюцца 65–70 трансплантацый гемапаэтычных і мезенхімальных ствалавых клетак. Дзякуючы паспяховаму спалучэнню навукі і практыкі значна палепшаны вынікі лячэння пацыентаў са злаякаснымі новаўтварэннямі, у тым ліку з прымяненнем трансплантацыі гемапаэтычных ствалавых клетак.
Адкрыццё ў Цэнтры сучаснай лабараторыі генетычных біятэхналогій дазволіла ўкараніць новы высокатэхналагічны метад лячэння пацыентаў з лейкозамі — САR-Т тэрапію. У выніку працы новага для Беларусі аддзялення інфекцыйнага кантролю дасягнута зніжэнне колькасці пацыентаў-носьбітаў шпітальных штамаў, пацыентаў з інфекцыяй крывацёку.
У 2020 годзе пачата правядзенне імунапрафілактыкі пацыентам з нейрабластомай анты-G2 антыцеламі. Мэтай дадзенай тэрапіі з’яўляецца прафілактыка рэцыдываў у пацыентаў высокай групы рызыкі і павышэнне іх выжывальнасці.
У планах Цэнтра будаўніцтва і аснашчэнне новага 5-павярховага корпуса для кансультатыўна-паліклінічнага аддзялення на 200 наведванняў у дзень, аддзялення дзённага знаходжання на 80 ложкаў і вучэбна-метадычнага сектара; будаўніцтва і аснашчэнне 5-павярховага хірургічнага корпуса з чыстымі памяшканнямі (аддзяленне трансплантацыі касцявога мозгу на 10 ложкаў, аддзяленне трансфузіялогіі і экстракарпаральных метадаў лячэння, аперацыйны блок, лабараторыя клетачных біятэхналогій і цытатэрапіі з крыабанкам); будаўніцтва пансіяната для часовага пражывання пацыентаў, супрацоўнікаў Цэнтра, слухачоў адукацыйнага цэнтра; правядзенне капітальнага рамонту клініка-дыягнастычнай лабараторыі.
Штогод захворванне злаякаснымі новаўтварэннямі ў дзяцей у Беларусі павялічваецца з сярэднегадавым тэмпам прыросту 0,76 %, што адпавядае сусветным тэндэнцыям і складае 340–350 новых выпадкаў захворванняў на злаякасныя новаўтварэнні ў дзяцей. Адзначаецца зніжэнне смяротнасці дзяцей ад злаякасных новаўтварэнняў з сярэднегадавым тэмпам зніжэння 2,74 %.
Арганізацыя медыцынскай дапамогі дзецям і падлеткам з анкалагічнымі, гематалагічнымі захворванні, першаснымі імунадэфіцытамі ў Беларусі ўяўляе сабой шматузроўневую сістэму, рэспубліканскім узроўнем якой з’яўляецца Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі, дзе атрымліваюць спецыялізаваную медыцынскую дапамогу пацыенты дадзенага профілю.
Ложкавы фонд онка-гематалагічнай службы на пачатак 2020 года складаў 85 ложкаў. З іх у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека — 30 ложкаў; Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы — 25 ложкаў; Віцебскім абласным дзіцячым клінічным цэнтры — 10 ложкаў; Брэсцкай дзіцячай абласной бальніцы — 10 ложкаў, Гродзенскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы — 10 ложкаў.
Усе арганізацыі аховы здароўя, якія аказваюць медыцынскую дапамогу пацыентам з онка-гематалагічнай паталогіяй аснашчаны неабходным абсталяваннем, паведамляе Міністэрства аховы здароўя Беларусі.
У Цэнтры акрамя дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў са злаякаснымі новаўтварэннямі, гематалагічныя захворванні, першаснымі імунадэфіцытамі, аказваецца спецыялізаваная медыцынская дапамога маладым дарослым ва ўзросце да 30 гадоў з вострым лімфабластным лейкозам і пацыентам ва ўзросце 18–21 год з астэагеннай саркомай, саркомай Юінга, гермінаклетачнымі пухлінамі, вострым міелібластным лейкозам, лімфомамі, гэта абумоўлена тым, што лячэнне гэтых захворванняў у пацыентаў дадзенай узроставай групы праводзіцца па клінічных пратаколах, якія выкарыстоўваюцца для дзяцей, такая практыка значна павялічыла выжывальнасць пацыентаў, паведамляецца ў інфармацыі, якую падрыхтаваў Цэнтр.
Дзякуючы цэнтралізацыі аказання спецыялізаванай медыцынскай дапамогі дзецям са злаякаснымі новаўтварэннямі, прымяненню сучасных клінічных пратаколаў лячэння ўдалося дасягнуць высокіх вынікаў, дадаецца ў даведцы. Агульная выжывальнасць пацыентаў са злаякаснымі новаўтварэннямі павялічылася з 76 % (2010–2014 гады) да 82 % (2015–2019 гады), а па некаторых захворваннях дадзены паказчык перавысіў 90 %.
Да ведама: першая трансплантацыя ў Беларусі выканана ў 1998 годзе. Штогод у Цэнтры ў сярэднім выконваецца 65–70 трансплантацый гемапаэтычных і мезенхімальных ствалавых клетак.
Вольга Мядзведзева
Звязда, 31 снежня 2020
Звязда, 31 снежня 2020
Кoличество переходов на страницу: 351
Версия для печати | Сообщить администратору | Сообщить об ошибке | Вставить в блог |