https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Аляксандр Лукашэнка: Мы павінны рабіць усё, каб нас не маглі заспець знянацку


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка з рабочай паездкай наведаў Брэсцкую вобласць. У Лунінецкім раёне Галоўнакамандуючы агледзеў ваенныя аб’екты. На аэрадроме ў Лунінцы кіраўніку дзяржавы далажылі пра выкананне задач па арганізацыі супрацьпаветранай абароны. Таксама Галоўнакамандуючы правёў нараду па ўмацаванні ваеннай бяспекі.

«Яшчэ дзесяць гадоў таму ніхто не меркаваў, што надыдзе той дзень, калі нам давядзецца ствараць воінскія часці і цэлае аб’яднанне для абароны нашых паўднёвых межаў. З болем у сэрцы мы назіраем, што робіцца ва Украіне. Яе цяперашняе палітычнае кіраўніцтва, знаходзячыся пад знешнім кіраваннем, вядзе часам сябе непрадказальна і неадэкватна. Таму на гэты выпадак — непрадказальнасці, неадэкватнасці, і на выпадак, крый божа, ваенных дзеянняў нам трэба вызначацца. Амаль паўтары тысячы кіламетраў паўднёвай граніцы Беларусі і Украіны — гэта немалая працягласць. Чаго б нам ні каштавала, нам трэба не проста бачыць, што будзе адбывацца і адбываецца на гэтай мяжы, яе трэба надзейна абараніцца», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Па словах Прэзідэнта, з душы ўкраінскай нацыі з мясам вырываецца памяць аб шматвяковай гісторыі славянскіх народаў, аб адзіных каранях і мове, аб адзінай Перамозе, аб культурным і этнічным кодзе, які звязвае народы.

«Мы не маглі ўявіць, што праз некалькі дзясяткаў гадоў пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны па вуліцах Кіева пройдуць малойчыкі з фашысцкай свастыкай. Гэта для нас непрымальна, таму што мы ніколі не забудзем усё тое, што рабілася на нашай тэрыторыі. У рэшце рэшт, мы памятаем Хатынь, памятаем, што адбылося. І не толькі, што адбылося, а хто рабіў там гэтыя бясчынствы. Гэта таксама адна з прычын, чаму мы вымушаны сёння рэагаваць тут, на поўдні нашай краіны, на тую сітуацыю, якая складваецца», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў Беларусі добра бачаць, што адбываецца на поўдні і ўздоўж краіны. І добра прадстаўляюць, як на гэта сёння адказваць. І разам з тым, па яго словах, трэба спрагназаваць сітуацыю на будучыню: што будзе заўтра і паслязаўтра. «Таму мудрая прымаўка „Хочаш міру — рыхтуйся да вайны“. Жорсткая, але такая мужчынская. Мы павінны рабіць усё для таго, каб нас не маглі заспець знянацку, і каб у патрэбны момант мы маглі адказаць. Абсалютна перакананы, што вы, людзі ў пагонах, ведаеце, што трэба рабіць, каб абараніць нашу зямлю», — заявіў Галоўнакамандуючы. 

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што месца сустрэчы абрана невыпадкова. У лістападзе 2021 году міністр абароны дакладваў аб умацаванні паўднёвых межаў. «Тады мы дамовіліся аб тым, што сустрэнемся ў нейкі дзень тут у Лунінцы, гэтым, з пункту гледжання ваенных, вельмі добрым і зручным месцы, каб абмеркаваць усе прапановы, якія былі тады выкладзены» — расказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Мы не жадаем вайны»

Пасля нарады, на якой Прэзідэнту далажылі пра вынікі дапрацовак аб тым, што неабходна рабіць не толькі ў Лунінцы, але і ў Беларусі ў цэлым па сістэме супрацьпаветранай абароны, і галоўнае — на паўднёвых рубяжах, ён сустрэўся з журналістамі. З прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі кіраўнік дзяржавы абмеркаваў актуальныя на сёння тэмы. Адна з іх — сумесныя аператыўныя вучэнні Узброеных Сіл Беларусі і Расіі «Саюзная рашучасць — 2022».

Як не Прэзідэнт краіны, але і старшыня Вышэйшага дзяржасавета Саюзнай Дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ні Беларусь, ні Расія не жадаюць вайны. «І не толькі таму, што гэта цяжка і дрэнна, гэта не проста дыскамфорт, гэта жах для людзей, і не толькі для вайскоўцаў. Не дай бог, вайна, яна закране ўсіх. І мы не жадаем ваяваць яшчэ і таму, што мы людзі з памяццю, і мы памятаем, якая была вайна, якая скончылася сем дзясяткаў гадоў таму. Але мы выбудоўваем сваю бяспеку, зыходзячы з таго, каб абараняць нашыя межы, каб абараніцца. Хто б мог уявіць, што нам давядзецца выбудоўваць абарону ад родных нам людзей. Не проста выбудоўваць плот, а самую дарагую сістэму бяспекі на паўднёвых межах», — заявіў ён.

Галоўнакамандуючы падкрэсліў, што, нягледзячы на нежаданне вайны, калі супраць Саюзнай Дзяржавы будуць разгортваць войска, запалохваць, ставіць на мяжу выжывання рознымі санкцыямі, ці пагражаць — адказ будзе жорсткім. 

«З намі не трэба звязвацца. Нас немагчыма перамагчы. І па духу мы людзі такія, што немагчыма перамагчы. І па тэрыторыі ад Брэста да Уладзівастока ўжо шмат хто спрабаваў. Мы памятаем, чым гэта скончылася. Мы нікому ў агарод не лезем, у нас дастаткова зямлі. Дай бог, яе ўтрымаць і асвоіць, вось нашы мэты. Я не пагражаю, а папярэджваю», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. 

«Не дай бог, каб у нас такое адбылося»

Журналісты пацікавіліся ў Прэзідэнта, якія ўрокі можа вынесці Беларусь з падзей у Казахстане. «Я хачу сказаць, што адзін урок — не дай бог, каб у нас такое адбылося. Гэта галоўны ўрок», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён заявіў, што не трэба ставіць Беларусь і Казахстан на адну дошку. 

«Мы нікому не аддалі свае прадпрыемствы. Калі б яны былі ў руках амерыканцаў, еўрапейцаў і ў нас было б усё ціха, нас бы не ціснулі, як у жніўні мінулага года. А так усё ў руках беларусаў. Ім гэта не падабаецца. У Казахстане сітуацыя іншая», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што сёння ў людзей назіраецца запыт на справядлівасць. А калі людзі бачаць, што гэтай справядлівасці не існуе, становіцца горш і горш. І ў гэтым першапрычына ўсяго. А марадзёры і хуліганы падцягваюцца, фінансуюць іх спецслужбы. "З беларускага вопыту яны зрабілі высновы. Вы ж нават не заўважылі, хто стаяў за гэтымі бандфарміраваннямі і за гэтым мяцяжом у Алматы. А ў нас гэта было бачна: Літва, Польшча, а потым Украіна. А фінансавалі і накіроўвалі амерыканцы. Мы гэта бачылі. А там працавалі спецслужбы пэўных краін. І да цяперашняга часу гэтага не відаць. І яны свяціцца не хочуць. Але без спецслужбаў такія акцыі імгненна, на працягу сутак, скаардынаваныя не праводзяцца. Почырк мы бачым. І спецслужбы нашы і расійскія, ды і казахі, яны бачаць гэты почырк... Прыйдзе час, захочуць — скажуць«,— падкрэсліў ён. 

Таксама беларускі лідар заявіў, што не прызнае ніякіх транзітаў улады, акрамя выбараў. «Я не буду ўтрымліваць уладу сілай, калі я буду бачыць па выніках выбараў, што народ жадае іншага Прэзідэнта. Будзе іншы Прэзідэнт. Мне навошта перажываць з гэтай нагоды?», — заявіў ён.

«Гэта Канстытуцыя будучага»

Не засталася без увагі самая важная грамадска-палітычная тэма — праект змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю і хуткі рэферэндум. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што рэферэндум не адбудзецца толькі ў адным выпадку. «Рэферэндум і падобныя мерапрыемствы могуць не адбыцца толькі ў адным выпадку: калі, крый божа, вайна пачнецца. Я пра гэта казаў. Думаю, не пачнецца. Таму рэферэндум мы правядзем», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Беларускі лідар падзяліўся сваімі думкамі наконт прадстаўленага праекта. 

«Можна Канстытуцыю напісаць, законы зрабіць, а ў жыцці нічога не зрабіць. Яшчэ вельмі шмат трэба будзе зрабіць і зробім. Але я хвалююся, што раптам нешта не атрымаецца, адказнасць жа на мне будзе. Таму я хвалююся з-за рознага кшталту выпадковасцяў, хоць у глабальнай палітыцы выпадковасцяў не бывае. Але ўсякае можа быць, не па тым шляху пойдзем, не тыя людзі прыйдуць да ўлады», — сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што прапанаваны праект — гэта Канстытуцыя будучага. Самае галоўнае — у бліжэйшыя два-тры гады навучыцца жыць па законе. «Кожны павінен займацца сваёй справай і не залазіць на чужую паляну. Я ўпэўнены, што нам гэта ўдасца і мы зробім неверагодны крок наперад сапраўднай дэмакратыі. Народ на рэферэндуме вызначыцца, як жыць, а мы, як слугі народа, будзем выконваць яго волю. У гэтым сутнасць дэмакратыі. Таму я ацэньваю перспектывы Асноўнага Закона — станоўча. Толькі трэба яго ўкараніць не толькі ў розумы, але і ў наша паўсядзённае жыццё праз законы і падзаконныя акты. І мы гэта зробім», — канстатаваў ён. 

Увесь свет разумее, хто мае рацыю

Падчас размовы з журналістамі Прэзідэнт пракаментаваў справаздачу ІCAO аб расследаванні інцыдэнту, звязанага з экстранай пасадкай самалёта авіякампаніі Ryanair у Мінску ў маі 2021 года. Ён акцэнтаваў увагу, што ІКАА прызнала, што перахопу, прымусу да пасадкі або змянення маршруту самалёта Ryanair з боку Беларусі не было. Супрацоўнікаў ІCAO, якія расследавалі гэты інцыдэнт Аляксандр Лукашэнка назваў гераічнымі людзьмі, якіх трэба станоўча ацаніць. «Пры тым ціску (гэта аанаўская арганізацыя, мы там не проста ў меншасці, мы там адны) яны былі змушаныя прызнаць, што Лукашэнка па самалёце агонь не адкрываў, не абстрэльваў яго, што МіГ ён не паднімаў для таго, каб прымусіць да пасадкі гэты самалёт. Слухайце, гэта героі, што яны хоць гэта сказалі», — заявіў ён. 

Беларускі лідар звярнуў увагу, што такія высновы — ужо важны факт і большага ад расследавання пакуль не чакаюць. А тых, хто гатовы даказаць іншае, ён папрасіў прадставіць факты. «Фактаў няма, мы таксама гэта бачым: зараз гэта разаслана ўсім краінам — членам ІКАА. Вы ведаеце, хто там вяршэнствуе. Лепшае для іх — гэта спусціць усё на тармазах, не лезці ў нетры. Таму што чым далей у лес, тым больш дроваў. Таму не трэба лезці ў нетры там: іх нічога добрага не чакае», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ўвесь свет разумее, хто мае рацыю ў гэтай сітуацыі. Паводле яго слоў, беларускі бок будзе звяртацца ў судовыя органы. Для гэтага ўсё ёсць. «Няхай плацяць за тую шкоду, якую яны нанеслі краіне. Не толькі „Белавія“, краіне ў цэлым», — заявіў ён.

Наша хвароба ў галаве 

Прэзідэнт расказаў журналістам, як другі раз перахварэў на COVID-19. Пры першых сімптомах хваробы тэст на каранавірус кіраўнік дзяржавы не здаваў. Па прапанове малодшага сына Мікалая, зрабіў экспрэс-тэст, які паказаў адмоўны вынік. Але на наступны дзень самаадчуванне пагоршылася.

«Думаю, трэба мазок здаць — на 32-33 цыкле. То-бок, гэта ўжо, лічы, перахварэў і заразы няма, гэта значыць, ужо заразіць ты не можаш. Фактычна на нагах перанёс. Не вельмі добра сябе адчуваў, але на лыжах бегаў, дровы сек, усё рабіў, як раней. Адзінае, не гулялі ў хакей», — расказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падзяліўся, што цяпер хваробу ён перанёс лягчэй, чым у мінулы раз. Акрамя таго, адмяніць важныя мерапрыемствы, было немагчыма. «Я не мог не прыехаць на аэрадром, не сустрэць сваіх „дзяцей“ — 250 чалавек, якіх я паслаў у нязведанае (міратворчы кантынгент, які вярнуўся з Казахстана). Я не мог не ўручыць прэміі „За духоўнае адраджэнне“. Хоць ужо былі варыянты, што я выступлю, пайду, а нехта іншы будзе ўручаць. Падумаў: пакрыўдзяцца людзі — Каляды — я храмы і ў пачатку пандэміі не зачыняў, як цяпер не прыйсці? Прыём на стары Новы год — я заўсёды прымаў журналістаў, артыстаў, нашых культурных дзеячаў, чыноўнікаў. Як іх не ўшанаваць? Быў шэраг мерапрыемстваў, якія без Прэзідэнта быць не маглі», — сказаў ён. 

Аляксандр Лукашэнка мяркуе, што мог заразіцца на хакейнай трэніроўцы. У хакеістаў, якія ў студзені вярнуліся з Аб’яданных Арабскіх Эміратаў быў выяўлены каранавірус. Цяпер беларускі лідар адчувае сябе нармальна, і ўжо нават вярнуўся да хакейных трэніровак. 

Ён расказаў, што сочыць за развіццём каранавіруса ў свеце і меркаваннямі экспертаў на гэты конт. «Адзін ці амерыканскі, ці заходні спецыяліст заявіў: „Калі амікрон такі лёгкі вірус, давайце перахварэем усё і гэта будзе вакцына для нас“. З майго пункту гледжання, ідэальная прапанова», — канстатаваў ён.

Як і раней Аляксандр Лукашэнка параіў людзям, не панікаваць пры выяўленні каранавіруса. «Я ўжо даўно вам казаў, з самага першага разу: наша хвароба ў галаве. Як толькі вы пачынаеце вохкаць, ахаць і бегаць чорт ведае куды — гэта бяда. Маладым людзям і перажываць няма чаго. Я хачу ўсім гэтым жулікам міжнародным сказаць: хопіць ужо. Ужо нам вывернулі гэтыя кішэні настолькі, што там нічога не засталося. Трэба ўжо заканчваць гэтую пандэмію. Хопіць ужо, паздзекаваліся з людзей», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. 
___________________________________________
Каментар у тэму

«Мы будзем даваць сур’ёзны адказ»

Пасля нарады з Прэзідэнтам міністр абароны Віктар Хрэнін сустрэўся з журналістамі. Ён расказаў, што пытанні ваеннай бяспекі аналізуюцца па ўсіх напрамках. Некаторыя пытанні ў апошні час асабліва востра хвалююць беларускі бок: пастаянная мілітарызацыя ў еўрапейскіх краінах, канцэнтрацыя ваеннаслужачых каля дзяржаўных граніц, на сумежных тэрыторыях удасканальваецца інфраструктура ваенных аб’ектаў, павышэнне інтэнсіўнасці баявой падрыхтоўкі ў суседзяў. Па словах міністра, падобная актыўнасць адзначаецца ўжо і на паўднёвым — украінскім напрамку.

«І, вядома, палітычны вектар суседняй Украіны, які змяніўся. Адтуль, на жаль, гучаць і абвінавачванні, і пагрозы ў наш адрас. Яны адкрыта ўжо заяўляюць, што ў міністэрстве абароны на пастаяннай аснове размясціліся і працуюць амерыканскія ваенныя. Мы пастаянна бачым, што іх паветраная прастора выкарыстоўваецца разведвальнай авіяцыяй. Мы бачым, цяпер разгорнуты лагеры, каля 6 тысяч розных катэгорый ваенных там засяроджана. Гэта нас не можа не турбаваць. І на сённяшні дзень пытанне ваеннай бяспекі стаіць вельмі востра. Павінны, абавязаныя прымаць рашэнні па абароне нашай краіны», — заявіў Віктар Хрэнін.

Міністр абароны акцэнтаваў увагу, што Беларусь нікому не пагражае. Але і не пацерпіць пагроз у свой бок. Гэта адзначаў і Прэзідэнт. 

«Мы будзем кіравацца добрым, правераным і мудрым прынцыпам вядзення вайны: не трэба спадзявацца, што сапернік не прыйдзе, трэба думаць, з чым мы яго сустрэнем. Не трэба спадзявацца, што сапернік не нападзе, трэба думаць і рабіць усё тое, каб яго напад быў немагчымым. Вось гэтых прынцыпаў мы будзем прытрымлівацца. З чым сустрэць, і вядома, не дапусціць нападзення. Але, калі гэта здарыцца, мы будзем даваць сур’ёзны адказ, — сказаў Віктар Хрэнін. 

Падчас нарады з Галоўнакамандуючым абмяркоўвалася развіццё сістэмы супрацьпаветранай абароны, у тым ліку на на сярэднетэрміновую і доўгатэрміновую перспектывы да 2040 года. «Мы цудоўна разумеем, што адпаведнае ўзбраенне вельмі дарагое, і мы павінны зыходзіць з магчымасцяў нашай дзяржавы. Усе гэтыя моманты былі паўторна пралічаны і сёння даложаны. У тым ліку мы знаходзімся ў адным з ваенных гарадкоў, які змаглі захаваць. Гэта мястэчка чакае вялікую будучыню, яго інфраструктура будзе развіта, адноўлена, адрамантавана. Тут і цяпер размяшчаюцца воінскія часці, з’явяцца і новыя», — расказаў ён. 

Камандуючы Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Узброеных Сіл Беларусі Ігар Голуб расказаў журналістам, што эфектыўнасць супрацьпаветранай абароны высокая. І яе будуць і далей нарошчваць, у прыватнасці на паўднёвых рубяжах. Будзе павялічаны баявы склад, войскі будуць папаўняцца сучаснымі комплексамі і тэхнікай.

Аўтар: Валерыя Сцяцко
Звязда, 23 студзеня 2022


 

Кoличество переходов на страницу: 363