https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


ЕўрАзЭС спыняе сваё існаванне


Дагавор аб спыненні дзейнасці Еўразійскай эканамічнай супольнасці (ЕўрАзЭС) падпісалі ў Мінску прэзідэнты Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі і Таджыкістана.

Як адзначыў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін, "ЕўрАзЭС выканала найважнейшую місію — забяспечыла паступальнае развіццё еўразійскай інтэграцыі, заклала аснову для стварэння Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы". 

Дагаворна-прававая база ЕўрАзЭС уключае 215 дагавораў і пагадненняў у розных сферах. Устаноўленыя адзіныя правілы працы на агульным рынку з насельніцтвам больш як 170 млн. чалавек і сукупным эканамічным патэнцыялам, які перавышае 4% глабальнага ВУП. 

Пуцін адзначыў, што "добра зарэкамендаваў сябе Антыкрызісны фонд ЕўрАзЭС" з капіталам у 10 млрд. долараў, па лініі якога ў перыяд сусветнага эканамічнага крызісу краінам — членам супольнасці аказвалася неабходная дапамога ў стабілізацыі дзяржаўных фінансаў.

Паводле слоў Пуціна, рашэнне аб ліквідацыі ЕўрАзЭС 1 студзеня 2015 года было прынятае ў снежні 2012-га і абумоўленае пачаткам функцыянавання "новага, больш прасунутага інтэграцыйнага аб'яднання — Еўразійскага эканамічнага саюза". Пры падрыхтоўцы да скасавання ЕўрАзЭС, адзначыў прэзідэнт РФ, былі ўрэгуляваныя фінансавыя і арганізацыйныя пытанні, узгоднены праект адпаведнага дагавора. 

"Нішто з багатай спадчыны ЕўрАзЭС не павінна быць згубленае. Працягнецца рэалізацыя большай часткі пагадненняў і іншых дакументаў, заключаных у межах супольнасці", — сказаў Пуцін. Ён прапанаваў задзейнічаць у працы Еўразійскай эканамічнай камісіі вопыт Інтэграцыйнага камітэта і Сакратарыята ЕўрАзЭС. "Нельга не адзначыць ролю Міжпарламенцкай асамблеі ў заканадаўчым забеспячэнні інтэграцыйных працэсаў — яна таксама спыняе сваю дзейнасць. Дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе пакуль не прадугледжвае стварэнне аналагічнай структуры, хоць не выключана, што да гэтай тэмы мы яшчэ вернемся", — заявіў Пуцін. 
Паўнамоцтвы Суда ЕўрАзЭС перадаюцца суду Еўразійскага эканамічнага саюза, які будзе размяшчацца ў Мінску і пачне працу 1 студзеня 2015 года, паведаміў ён.  

"Мы пераходзім на новую, больш высокую ступень інтэграцыі, што дапаможа больш эфектыўна вырашыць задачы мадэрнізацыі эканомік нашых краін і павышэння іх канкурэнтаздольнасці", — падкрэсліў Пуцін. 

Паводле яго слоў, у межах новага саюза "будзе праводзіцца ўзгодненая палітыка ў ключавых галінах прамысловасці, энергетыкі і сельскай гаспадаркі, ліквідаваныя бар'еры, якія абмяжоўваюць свабоду перамяшчэння тавараў, паслуг, капіталу, працоўнай сілы". "Агульны еўразійскі рынак пачне функцыянаваць паводле ўніверсальных, празрыстых і зразумелых правіл, што грунтуюцца на нормах і прынцыпах СГА", — заявіў Пуцін. 

"Наш інтэграцыйны праект ужо прыносіць практычную аддачу, — сцвярджае ён. — У межах Мытнага саюза з 1 ліпеня 2011 года тавараабарот вырас на 50%, перавысіўшы 64 млрд. долараў. Палепшылася структура ўзаемнага гандлю: прадукцыя з высокай ступенню перапрацоўкі стала паступова замяшчаць сыравінныя тавары. Доля сыравінных тавараў знізілася з 40 да 28,9%". 

Пуцін заўважыў, што "курс на цесную інтэграцыю" карыстаецца шырокай падтрымкай у насельніцтва Расіі, Беларусі і Казахстана.
***  ***  ***
Даведка БелаПАН
Дагавор аб заснаванні ЕўрАзЭС быў падпісаны ў кастрычніку 2000 года ў Астане. Членамі супольнасці з моманту яго ўтварэння з'яўляюцца пяць дзяржаў — Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан. 25 студзеня 2006 года быў падпісаны пратакол аб далучэнні да арганізацыі Узбекістана, але ў кастрычніку 2008-га ён прыпыніў удзел у працы органаў ЕўрАзЭС. З мая 2002 года статус назіральнікаў пры ЕўрAзЭС маюць Украіна і Малдова, са студзеня 2003-га — Арменія. Такі ж статус маюць Еўразійскі банк развіцця (ЕАБР) і Міждзяржаўны авіяцыйны камітэт (МАК).

Анастасія Салановіч, БелаПАН
Мінск, 10 кастрычніка 2014


 

Кoличество переходов на страницу: 1240


Комментарии